БарГУ.by » Учебные материалы » КСРы » История государства и права Беларуси » Утварэнне СССР. Палітыка беларусізацыі

Утварэнне СССР. Палітыка беларусізацыі

Утварэнне СССР. Палітыка беларусізацыі

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера


Утварэнне СССР з’явілася вынікам палітычнай, ваеннай, эканамічнай і культурнай інтэграцыі савецкіх рэспублік. Яны ўзніклі на тэрыторыі Расійскай імперыі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. — гэта РСФСР (кастрычнік 1917 г.), Украінская ССР (снежань 1917 г.), Беларуская ССР (1 студзеня 1919 г.), Азербайджанская ССР (красавік 1920 г.), Армянская ССР (лістапад 1920 г.) і Грузінская ССР (люты 1921 г.). Тры апошнія ў сакавіку 1922 г. увайшлі ў Закаўказскую Федэрацыю (ЗСФСР).

Неабходнасць умацавання ўласнай абароназдольнасці, задачы хуткага аднаўлення і сацыялістычнай рэканструкцыі эканомікі патрабавалі аб’яднання намаганняў савецкіх рэспублік. Перадумовай інтэграцыі выступалі: 1) адзіная палітычная аснова — Савецкая ўлада; 2) адзіная эканамічная аснова, калі асноўныя сродкі вытворчасці (зямля, прамысловасць, банкі, сродкі сувязі, знешні гандаль) знаходзіліся ў руках дзяржавы; 3) гістарычна працяглы тэрмін агульнага суіснавання ў межах Расійскай імперыі.
Цэнтралізацыя ўлады у савецкіх рэспубліках праз адзіную партыю дапамагла бальшавікам перамагчы ў грамадзянскай вайне 1918—1920 гг. Але задачы мірнага часу не маглі быць вырашаны ў рамках так званага ваенна-палітычнага аб’яднання савецкіх рэспублік. Фармальна рэспублікі былі незалежныя і роўныя, на самой жа справе паўнамоцтвы РСФСР перавышалі паўнамоцтвы іншых савецкіх рэспублік. Іншы раз гэта прыводзіла да непаразуменняў. Паўстала пытанне ўдасканалення дагаворных адносін.

У ходзе спрэчак пра тое, якім быць новаму саюзу, выявіліся два асноўныя пункты гледжання на тое, якім быць новаму Саюзу:
1. Сталін прапанаваў ажыццявіць «аўтанамізацыю» савецкіх рэспублік, г. зн. уключыць іх у склад РСФСР. Павінна была ўзнікнуць моцная, цэнтралізаваная дзяржава з адзінымі органамі кіравання, а рэспублікі надзяляюцца няпоўным суверэнітэтам.
2. Ленін выдвінуў ідэю ўтварэння федэрацыі — аб’яднання суверэнных дзяржаў, кожная з якіх мае свае органы ўлады, але ёсць і агульнасаюзныя ўпраўленні.
Трэба адзначыць, што ў любым варыянце дзяржаўная ўлада павінна была належаць камуністычнай партыі, якая кантралявала ўсе сферы грамадскага жыцця. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, пераважная большасць партыйных і савецкіх дзеячаў выказалася за ленінскі план.

На Беларусі ідэя стварэння СССР была падтрымана на партыйных канферэнцыях, павятовых і валасных з’ездах Саветаў. IV Усебеларускі з’езд Саветаў (1—18 снежня 1922 г.) аднагалосна выказаўся за своечасовасць аб’яднання. Для ўдзелу ў Х Усерасійскім з’езде Саветаў, дзе меркавалася разгледзець пытанне ўтварэння СССР, Усебеларускі з’езд абраў прадстаўнічую дэлегацыю з 33 чалавек на чале з А. Чарвяковым. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Саветаў УССР і ЗСФСР.
30 снежня 1922 г. І з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР, у якой былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і дабраахвотнасць уваходжання іх у СССР, права свабоднага выхаду з Саюзу і доступ у яго новым савецкім сацыялістычным рэспублікам. Дагавор аб утварэнні СССР прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў і Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўленне (служба бяспекі).
Быў абраны вярхоўны орган улады Саюза ССР — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК). Старшынямі ЦВК былі выбраны старшыні ЦВК рэспублік, а кіраўніком урада (СНК) — У. Ленін. У снежні 1922 г. у СССР увайшлі РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР. Беларусь заняла месца самай невялікай шасціпавятовай рэспублікі з насельніцтвам 1,5 млн чалавек. Тэарытычна стварэнне Савецкага Саюза давала магчымасць хуткага эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця народаў саюзных рэспублік. Аднак з канца 20-х гг. у СССР перавага ўсё боьш стала надавацца цэнтралізму, скараціліся правы і магчымасці рэспублік. Фактычна пачала здзяйсняцца сталінская ідэя «аўтанамізацыі». БССР у складзе СССР фактычна карысталася толькі правамі нацыянальна-культурнай аўтаноміі тэрытарыяльнага самакіравання. Тым не менш, фармальна-прававы статус рэспублікі ўмацаваўся. Узрос шанец на вяртанне ўсходніх раёнаў.
У сакавіку 1923 г. VII з’езд КП(б)Б і Другая сесія ЦВК БССР чацвёртага склікання паставілі перад саюзнымі ўладамі праблему далучэння до БССР аднародных у гаспадарчым развіцці і этнічных адносінах раёнаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў.
У сакавіку 1924 г. па прапановах і хадайніцтвах беларускага кіраўніцтва Прэзідыум ЦВК СССР прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. вернуты яшчэ два паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. Усяго ў выніку «узбуйненняў» насельніцтва савецкай Беларусі павялічылася з 1,5 да амаль 5 млн чалавек, а тэрыторыя з 52 да 125 тыс. кв. кіламетраў.
Тэрытарыяльныя ўзбуйненні 1924 і 1926 гг. садзейнічалі кансалідацыі беларускай нацыі, стваралі новыя магчымасці для далейшага гаспадарчага і сацыяльна-культурнага рзвіцця БССР. Вялікую ролю ў гэтых працэсах адыграла палітыка беларусізацыі.

Правядзенне палітыкі беларусізацыі прыпадае на 20-я гады ХХст. Згодна з партыйнымі дакументамі мэтай беларусізацыі было «дзяржаўнае, эканамічнае і культурнае адраджэнне Беларусі на савецкай аснове». Акцэнт рабіўся на двух момантах: неабходнасці «адказных адносін» да нацыянальнай інтэлігенцыі і «выключнай важнасці» авалодання беларускай мовай «усёй партыяй». Гэта палітыка была цесна ўвязана з правядзеннем у жыццё каранізацыі — палітыкі вылучэння і ўцягвання ў кіруючую працу работнікаў усіх мясцовых, карэнных нацыянальнасцей (беларусаў, яўрэяў, палякаў, рускіх) пры умове, што «каранізацыя ёсць вылучэнне беларускіх работнікаў у першую чаргу».
У ліпені 1923 г. на пашыраным паседжанні ЦБ КП(б)Б была прынята «Платформа па нацыянальным пытанні». Прапанавалася вырашыць шэраг задач. У першую чаргу — правядзенне чысткі дзяржаўнага і партыйнага апарату ад «нацыяналістычных» элементаў. Другая задача — перавод дзяржаўных і партыйных устаноў на мясцовыя мовы з абавязковым вывучэннем гэтых моў усімі супрацоўнікамі. Мясцовымі мовамі прызнаваліся беларуская, яўрэйская, руская і польская. Дзяржаўныя мовы, у першую чаргу беларуская, падлягалі ўвядзенню ў справаводства перш за ўсё ў Наркамасветы, Наркамземе, міліцыі, судовых інстанцыях, на пошце і тэлеграфе. Ва ўсіх школах беларуская мова ўводзілася як абавязковая. Планавалася таксама арганізацыя нацыянальных вайсковых злучэнняў, перавод на беларускую мову партыйнай работы.
Нацыянальны прынцып улічваўся пры правядзенні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублікі ў 1922—1929 гг. З мэтай уліку нацыянальных інтарэсаў і патрэб нацыянальных меншасцей у месцах іх кампактнага пражывання былі утвораны нацыянальныя Саветы. У 1928 г. ў БССР налічвалася 28 яўрэйскіх, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 татарскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія сельскія саветы. У 1932 г. быў утвораны польскі раён з цэнтрам у Дзяржынску.
Да пачатку 1928 г. на беларускую мову выкладання перайшло да 80% школ. Беларуская мова стала асноўнай мовай у сельскагаспадарчых, педагагічных тэхнікумах, у школах рабочай і сялянскай моладзі.
У 1921 г. адкрыўся Беларускі дзяржаўны універсітэт. Яго першым рэктарам стаў гісторык У. І. Пічэта. У 1922 г. пачала працаваць сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках, а ў Віцебску — ветэрэнарны інстытут.
У межах палітыкі беларусізацыі арганізоўвалася навукова-даследчая дзейнасць па ўсебаковым вывучэнні Беларусі. У 1922 г. адкрываецца Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), ператвораны ў 1929 г. у Беларускую акадэмію навук. Узначаіў Інбелкульт гісторык У. М. Ігнатоўскі. Першымі акадэмікамі сталі Якуб Колас, Янка Купала і Цішка Гартны.
У 1928 г. у цэнтральных партыйных, дзяржаўных, прафсаюзных органах, грамадскіх арганізацыях беларускай мовай валодала 80% служачых, на акруговым і раённым узроўнях — 70%. Сярод работнікаў кіруючых структур павялічылася колькасць беларусаў. У часцях Чырвонай Арміі была сфарміравана 2-я тэрытарыяльная дывізія, створана Аб’яднаная беларуская школа камандзіраў. З 11 газет, якія выдаваліся ў рэспубліцы ў 1927 г., 3 выходзілі на беларускай мове, 4 — на рускай, па 2 — на яўрэйскай і польскай мовах. У акруговых газетах частка матэрыялу друкавалася на рускай, частка на беларускай мовах.
Аднак у восень 1929 г. пачаліся карэнныя перамены ў кірунках нацыянальнай дзейнасці КП(б)Б. Прычыны гэтых перамен у першую чаргу звязаны з агульным становішчам у краіне — з адмовай ад палітыкі нэпа, з пабудаванай на сілавых метадах палітыкай калектывізацыі, фарміраваннем адміністрацыйна-камандных метадаў кіравання і складваннем культу асобы, рэжыму асабістай улады І. Сталіна.
Беларусізацыя была згорнута. Пачалася кампанія супраць «нацыянал-дэмакратызму», яго прыраўнялі да нацыяналістычнай плыні і пачалі граміць. Гэта падмацоўвалася жорсткай рэпрэсіўнай палітыкай, накіраванай супраць арганізатараў і праваднікоў палітыкі беларусізацыі, прадстаўнікоў беларускай культуры, навукі, літаратуры. Менавіта тады па нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі быў нанесены ўдар такой сілы, што вынікі яго адчуваюцца і сёння.

Гістарычныя асобы

Баліцкі Антон Васільевіч (1891—1937) — дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Удзельнік 1 Сусветнай вайны і Лютаўскай рэвалюцыі. У 1919 г. вёў падпольную работу ў Адэссе, стварыў і ўзначаліў партызанскі атрад, які дзейнічаў у Прыднястроўі. У лістападзе 1919 г. уступіў у Украінскую партыю камуністаў-барацьбітоў, якая ў далейшым увайшла ў склад РКП(б). З кастрычніка 1921 г. намеснік наркома, з 1926 г. нарком асветы БССР. Удзельнічаў у стварэнні сістэмы сярэдняй і вышэйшай адукацыі рэспублікі. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў палітыкі беларусізацыі. Правадзейны член Інбелкульта. Кандыдат у члены ЦК КП(б)Б у 1929—1930 гг.; член ЦВК БССР. З 1929 г. падвяргаўся абвінавачванням у нацыянал-дэмакратызме. У 1930 г. арыштаваны па справе СВБ, выключаны з партыі. У сакавіку 1931 г. асудчаны на 10 гадоў лагероў. Пры паўторным разглядзе справы ў верасні 1937 г. прыгавораны да смяротнага пакарання. У 1988 г. пасмертна рэабілітаваны.
Берман Барыс Давыдавіч (1901—1939) — адзін з кіраўнікоў сталінскіх рэрэсій на Беларусі. Нарадзіўся ў Забайкаллі. З 1918 г. у Чырвонай Арміі. З 1920 г. у органах дзяржаўнай бяспекі. Змагаўся с басмачамі ў Сярэдняй Азіі. У 1923 г. уступіў у РКП(б). У 1934—1937 гг. намеснік начальніка замежнага аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі НКУС СССР. У сакавіку 1937 — маі 1938 гг. нарком унутранных спраў БССР, камісар дзяржбяспекі 3-га рангу. Пры ім на Беларусі было знішчана не менш як 100 тысяч чалавек. Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, членам ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ, у снежні 1937 г. узнагароджаны ордэнам Леніна. Пасля змяншэння ўплыву наркома ўнутранных спраў СССР М. І. Яжова быў зняты з пасады. У лютым 1939 г. прыгавораны да растрэлу.
Галадзед Мікалай Мацвеевіч (1894—1937) — партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў рабфак Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. У 1918 г. уступіў у камуністычную партыю. З 1918 г. на савецкай рабоце. Член Часовага Беларускага Бюро ЦК РКП(б) у лютым — маі 1924 г.; другі сакратар ЦК КП(б)Б са снежня 1925 г.; Старшыня СНК БССР з мая 1927 г. па май 1937 г. Кандыдат у члены ЦК ВКП(б) з 1930 г. Член ЦК КП(б)Б з 1924 г., член ЦВК СССР і ЦВК БССР з 1924 г. 14 чэрвеня 1937 г. арыштаваны органамі НКУС у Маскве. Накіраваны ў Мінск, дзе ў час чарговага допыту 21 чэрвеня 1937 г. выкінуўся з акна 5-га паверха будынка НКУС. Рэабілітаваны ў 1956 г.
Ігнатоўскі Усевалад Макаравіч (1881—1931) — беларускі гісторык, дзяржаўны і палітычны дзеяч. Скончыў Юр’еўскі універсітэт (г. Тарту, 1911 г.). У 1914—1919 гг. выкладаў у Мінскім настаўніцкім інстытуце. Член ЦК БСГ (чэрвень 1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польскай акупацыі ў студзені 1920 г. стварыў Беларускую Камуністычную Арганізацыю (БКА) — удзельнік антыпольскага руху. Удзельнічаў у другім абвяшчэнні БССР (31 ліпеня 1920 г.). У 1920 г. прыняты ў РКП(б). У 1920-я гг. займаў шэраг высокіх пасад у партыйных і дзяржаўных органах. Актыўна праводзіў беларусізацыю. У студзені 1926 — снежні 1928 гг. старшыня, прэзідэнт Інбелкульта; у снежні 1928— студзені 1931 гг. — прэзідэнт Бел АН. Член ЦВК БССР (1922—1930), член Бюро ЦК КП(б)Б (1924—1930). Адыграў значную ролю ў узбуйненнях тэрыторыі БССР, ствараў сістэму нацыянальнай адукацыі. У 1920-я гг. напісаў больш за 30 навуковых прац па гісторыі Беларусі. У час барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам падвяргаўся ганенням, зняты з пасад, выключаны з партыі. Пасля допыта ў АДПУ скончыў жыццё самагубствам.
Пічэта Уладзімір Іванавіч (1878—1947) — вучоны-гісторык. Акадэмік АН БССР (1928), АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі універсытэт (1901). Адзін са стваральнікаў і старшыня праўлення Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве (1918—1919). У 1920—1921 гг. эксперт на савецка-польскай мірнай канферэнцыі ў Рызе. Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маскоўскую камісію па арганізацыі БДУ, з ліпеня 1921 г. рэктар БДУ. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, архелогіі і крыніцазнаўству Беларусі. Вялікае значэнне надаваў прапагандзе і папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры, падтрымліваў сяброўскія і творчыя сувязі з Я. Купалай, Я. Коласам, М. Гарэцкім і іншымі дзеячамі беларускай культуры. Адзін з арганізатараў Інбелкульта і аўтар яго статута. Быў арыштаваны ў верасні 1930 г. і абвінавачаны ў вялікадзяржаўным шавінізме, беларускім буржуазным нацыяналізме і празаходняй арыентацыі. У жніўні 1931 г. сасланы на пяць гадоў у г. Вятка. У 1935 г. справа Пічэты была перагледжана, ён пераехаў у Маскву. З 1937 г. працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР. У 1946 г. стаў намеснікам дырэктара Інстытута славяназнаўства АН СССР. Аўтар больш як 500 прац па гісторыі славянскіх народаў СССР і замежных краін. Член ЦВК БССР ў 1921—1930 гг.
Прышчэпаў Дзмітрый Філімонавіч (1896—1940) — дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. Удзельнік 1 сусветнай і грамадзянскай войнаў. У 1919—1920 гг. у Чырвонай Арміі, потым на савецкай рабоце. У 1924—1929 гг. намеснік наркома, нарком земляробства БССР, старшыня сельскагаспадарчай секцыі Інбелкульта. Член ЦК КП(б)Б (1926—1929), ЦВК СССР (1922—1929). У канцы 20-х гг. быў абвінавачаны ў правым ухіле, у верасні 1929 г. выключаны з партыі і зняты з пасады наркома. Яго пазіцыя ў аграрным пытанні атрымала назву «прышчэпаўшчына». Паводле ацэнкі Бюро ЦК КП(б)Б асноўныя яе ідэі заключаліся ў стаўцы на хутарскую сістэму і абароне інтарэсаў кулацкіх гаспадарак, падпарадкаванні кааперацыі патрэбам заможных пластоў вёскі, згортванні калгаснага і саўгаснага будаўніцтва, вырашэнні аграрнага перанасялення шляхам дэпартацыі беднаты на Урал, Далёкі Усход і ў Сібыр. 19 ліпеня 1930 г. арыштаваны па справе СВБ. У 1931 г. асуджаны на 10 гадоў лагероў. Вызвалены ў чэрвені 1937 г. 13 жніўня 1937 г. зноў арыштаваны ў Магадане, у студзені 1939 г. этапіраваны ў Мінск. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Памёр у турэмнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1988 г.
Рапапорт Рыгор Якаўлевіч (1890—1938) — савецкі дзяржаўны дзеяч. Нарадзіўся ў Мінскай губерні ў сям’і гандляра. З 1918 г. камісар-следчы, намеснік начальніка крымінальнага аддзела Маскоўскай надзвычайнай камісіі (ЧК). У 1921—1927 гг. намеснік начальніка Ленінградзскага акруговага транспартнага аддзела АДПУ, у 1928 г. паўнамоцны прадстаўнік АДПУ ў Крыме. З 1929 г. старшыня ДПУ БССР, адзін з аргангізатараў справы СВБ. З 1931 г. паўнамоцны прадстаўнік АДПУ на Урале, з 1934 г. прадстаўнік НКУС па Сталінградзскім краі. У 1936 г. у адстаўцы. Арыштаваны ў ліпені 1937 г., абвінавачаны ў здрадзе радзіме і шпіянажы. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.
Сталін (Джугашвілі) Іосіф Вісарыёнавіч (1878—1953) — савецкі палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў сям’і сапожніка. Скончыў духоўнае вучылішча, вучыўся ў Тыфліскай духоўнай семінарыі, адкуль быў выключаны ў 1899 г. У 1898 г. уступіў у грузінскую сацыял-дэмакратычную арганізацыю «Месаме-дасі». У 1902—1913 гг. шэсць разоў падвяргаўся арыштам, чатыры разы збягаў з месца ссылкі. Пасля 1903 г. далучыўся да бальшавікоў. У 1906—1907 гг. кіраваў правядзеннем экспрапрыяцый у Закаўказзі. У 1907 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бакінскага камітэта РСДРП. Прыхільнік У. І. Леніна. У 1917 г. член рэдкалегіі газеты «Праўда», Палітбюро ЦК бальшавікоў, Ваенна-рэвалюцыйнага цэнтра. У 1917—1922 нарком па справах нацыянальнасцей, меў непасрэднае дачыненне да стварэння БССР. У 1922—1953 гг. генеральны сакратар ЦК партыі. У 20-я гады ў ходзе барацьбы за лідэрства ў партыі і дзяржаве, выкарыстоўваючы партыйны апарат і палітычныя інтрыгі, узначаліў партыю і ўсталяваў у краіне таталітарны рэжым. Праводзіў фарсіраваную індустрыялізацыю і гвалтоўную калектывізацыю. У канцы 20—30-х гг. Сталін знішчыў рэальных і магчымых супернікаў, стаў ініцыятарам масавага тэрору. З 1941 г. старшыня СНК СССР, у гады вайны старшыня Дзяржаўнага камітэта абароны, нарком абароны, Вярхоўны галоўнакамандуючы. У час вайны пайшоў на стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі, пасля заканчэння вайны садзейнічаў узнікненню «халоднай вайны». На ХХ з’езде КПСС (1956) М. С. Хрушчоў падверг рэзкай крытыцы, так званы, культ асобы і дзейнасць Сталіна.
Троцкі (Бранштэйн) Леў Давыдавіч (1879—1940) — савецкі палітычны дзеяч. У сацыял-дэмакратычным руху з 1896 г. З 1904 г. выступаў за аб’яднанне фракцый бальшавікоў і меньшавікоў. У 1905 г. у асноўным распрацаваў сваю тэорыю «перманентнай» (пастаяннай) рэвалюцыі. У час рэвалюцыі 1905—1907 гг. праявіў сябе як выдатны арганізатар, аратар, публіцыст. Належыў да найбольш радыкальнага крыла РСДРП. У 1917 г. старшыня Петраградскага савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, адзін з кіраўнікой Кастрычніцкага ўзброеннага паўстання. У 1917—1918 гг. нарком па замежных справах; у 1918—1925 гг. нарком па ваенных справах, старшыня Рэвваенсавета Рэспублікі, адзін са стваральнікаў Чырвонай Арміі, асабіста кіраваў яе дзеяннямі на многіх франтах Грамадзянскай вайны, шырока выкарыстоўваў рэпрэсіі. Член ЦК у 1917—1927 гг., член Палітбюро ЦК у кастрычніку 1917 г. і 1919—1926 гг. Вострая бараьба Троцкага са Сталіным за лідэрства скончылася паражэннем Троцкага. У 1924 г. погляды Троцкага (т.з. трацкізм) аб’яўлены «мелкабуржуазным ухілам» у РКП(б). У 1927 г. включаны з партыі, сасланы у Алма-Ату, у 1929 г. — за мяжу. Крытыкаваў сталінскі рэжым як бюракратычнае перараджэнне пралетарскай улады. Ініцыятар стварэння 4-га Інтэрнацыянала (1938). Забіты ў Мексіцы агентам НКУС іспанцам Р. Меркадерам.
Чарвякоў Аляксандр Рыгоравіч (1892—1937) — савецкі дзяржаўны дзеяч. Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. З пачатку 1917 г. член РСДРП(б). Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. у Петраградзе. У лютым — маі 1918 г. камісар Белнацкама. З ліпеня 1918 г. у Чырвонай Арміі. Быў членам Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, падпісаў у Смаленску маніфест аб абвяшчэнні БССР (1 студзеня 1919 г.). Удзельнік польска-савецкай вайны. 31 ліпеня 1920 г. ад імя ЦК КП(б)ЛіБ падпісаў дэкларацыю аб абвяшчэнні ССРБ. 1920—1924 гг. Старшыня ЦВК БССР і адзін са старшынь ЦВК СССР. Вялікую ўвагу надаваў развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы. Член ЦБ КП(б)Б у 1920—1924 гг., ЦК і Бюро ЦК(б)Б у 1924—1937 гг. З канца 20-х гг. яго абвінавачвалі ў падтрымцы М. Бухарына, правым апартунізме. Асабліва жорстка Чарвякова крытыкавалі на ХVI з’езде КП(б)Б (10—19 чэрвеня 1937 г.). Не вытрымаўшы абвінавачванняў, застрэліўся ў час перарыву паміж паседжаннямі з’езда ў сваім служэбным кабінеце.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии