БарГУ.by » Учебные материалы » КСРы » Беларуская мова » Сістэма функцыянальных стыляў беларускай мовы

Сістэма функцыянальных стыляў беларускай мовы

Сістэма функцыянальных стыляў беларускай мовы

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера


1.1 Паняцце функцыянальнага стылю. Класіфікацыя функцыянальных стыляў
Мова чалавека з’яўляецца асноўным сродкам зносін, які можа здзяйсняцца ў дзвюх формах – вуснай і пісьмовай. Акрамя таго, калі разглядаць мову таго ці іншага народа (напрыклад, беларускага), то важна адзначыць, што любая нацыянальная мова ўяўляе сабою складаную структуру, паколькі ўключае некалькі падсістэм. У прыватнасці, у любой развітай мове можна вылучыць літаратурную і дыялектную формы яе існавання. Літаратурная мова – гістарычна складзеная, узорная форма нацыянальнай мовы. Літаратурная мова валодае багатым лексічным фондам, упарадкаванай граматычнай структурай і разгалінаванай сістэмай функцыянальных стыляў.
Адной з рысаў літаратурнай мовы з’яўляецца разгалінаваная сістэма функцыянальных стыляў.
Моўны стыль – гэта гістарычна складзеная разнавіднасць літаратурнай мовы, якая абслугоўвае пэўную сферу грамадскай дзейнасці: навуку, адміністрацыйна-справавыя адносіны, грамадска-палітычную дзейнасць, бытавыя зносіны, мастацкую творчасць. Адпаведна вылучаюцца пяць функцыянальных стыляў: навуковы, афіцыйна-справавы, публіцыстычны, размоўны (гутарковы), мастацкі.
Стылі называюцца функцыянальнымі таму, што іх асаблівасці вызначаюцца асаблівасцямі функцый мовы ў дадзенай сферы зносін. Напрыклад, функцыя афіцыйна-справавога стылю – дакладна, аб’ектыўна і адназначна паведаміць інфармацыю, а функцыя публіцыстычнага – уздзейнічаць на волю і пачуцці слухача або чытача. Функцыя навуковага стылю заключаецца ў тым, каб перадаваць інтэлектуальную інфармацыю. Навуковы, афіцыйна-справавы, публіцыстычны і мастацкі стылі маўлення рэалізуюцца пераважна ў пісьмовай форме, а размоўны – у вуснай.
Кожны стыль рэалізуе спецыфічную мэту зносін, мае свае моўныя асаблівасці (лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя), стылявыя рысы, сістэму падстыляў [1, с.27]:

Стылі Сфера выкарыс-тання Мэты зносін Стылявыя рысы Моўныя сродкі Падстылі
Размоўны Быт, сямейныя і сяброўскія зносіны Абмен думкамі, інфармацыяй з блізкімі, знаёмымі людзьмі Натуральнасць маўлення, эмацыяналь-насць, ацэначны характар, адсутнасць строгай лагічнасці Бытавая лексіка, фразеалагізмы, экспрэсіўна-эмацыянальная лексіка; няпоўныя, пытальныя, пытальна-пабуджальныя і клічныя сказы Размоўна-бытавы, размоўна-афіцыйны
Навуковы Навука і тэхніка, вучэбны працэс Паведаміць агульныя ці прыватныя істотныя прыкметы прадметаў, растлумачыць сутнасць з’явы, яе прычыны і інш. Абстрактнасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць і аргументава-насць Агульнанавуко-выя і вузкаспе-цыяльныя тэрміны; аддзеяслоўныя і адпрыметнікавыя назоўнікі, наніз-ванне форм роднага склону, развітыя апавя-дальныя сказы, злучнікавая падпарадкаваль-ная сувязь Уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны
Афіцыйна-справавы Афіцыйныя дакументы, канцылярская, юрыдычная і дыпламатыч-ная сферы Інфармацый-ная, пабуджальная, рэгуляцыя афіцыйных зносін Паслядоў-насць і дакладнасць выкладу, аб’ектыўнасць ацэнак, стандартыза-цыя, адсутнасць эмацыяналь-насці Абстрактная, тэрміналагічная, спецыяльная лексіка, канцылярскія штампы, складаныя сказы Уласна заканадаўчы, дыпламатыч-ны, адміністрацый-на-канцылярскі
Публіцыстычны Палітыка-ідэалагічныя, грамадска-эканамічныя, культурныя, спартыўныя ды іншыя грамадскія зносіны Інфармаваць, уздзейнічаць, фарміраваць грамадскую думку Даходлівасць, эмацыяналь-насць, ацэначнасць і агульназразу-меласць Ацэначная лексіка, грамадска-палітычная лексіка, метафарычнасць тэрмінаў, загадны лад дзеяслова Газетна-пуб-ліцыстычны, радыё-журналісцкі, прамоўніцкі (агітацыйны)
Мастацкі Духоўная сфера жыцця Паведаміць і ўздзейнічаць на думкі і пачуцці чытача, эстэтычныя ўяўленні Эмацыяналь-насць, экспрэсіў-насць, вобразнасць, стылістычная незамкнё-насць, індывідуаль-насць аўтара Разнастайныя вобразна-выяўленчыя сродкі Проза, паэзія, драматургія

1.2 Навуковы стыль і яго асноўныя падстылі
Навуковы стыль мае тры падстылі: уласна навуковы, навукова-папулярны і навукова-вучэбны.
Пры дапамозе ўласна навуковага падстылю спецыяліст звяртаецца да спецыяліста, г. зн да адрасата, які валодае не толькі навуковымі ведамі, але і мовай той або іншай навукі. Пры дапамозе навукова-папулярнага падстылю спецыяліст звяртаецца да неспецыяліста – асобе, які зусім не знаёмы з дадзенай навукай і яе мовай або знаёмаму ў недастатковай ступені. Мэта навукова-папулярнага падстылю заключаецца не толькі ў тым, каб паведаміць нейкія навуковыя звесткі, аднак і ў тым, каб зацікавіць чытача.
Ступень папулярызацыі залежыць ад узроўню навуковай дасведчанасці адрасата. Калі ён не мае элементарных ведаў у дадзенай галіне навукі, то ні строга сістэмны выклад, ні дакладныя доказы яму не толькі не дасяжныя, але і не патрэбныя. У такім выпадку фактар папулярызацыі будзе пераважаць, а ўласна навуковая інфармацыя адыдзе на другі план.
Навукова-папулярныя кнігі, артыкулы, лекцыі не толькі імкнуцца даступна выкласці матэрыял, але і зрабіць выклад жывым, займальным. З гэтай мэтай вузкаспецыяльная тэрміналогія выкарыстоўваецца ў мінімальнай колькасці і абавязкова тлумачыцца. Замест абстрактных формул даецца канкрэтны ілюстрацыйны матэрыял, выкарыстоўваюцца сродкі мастацкага і публіцыстычнага стылю, якія надаюць выкладу вобразнасць і эмацыянальнасць (параўнанні, эпітэты, метафары, словы з эмацыянальнай афарбоўкай).
Навукова-папулярны тэкст звычайна змяшчае адкрытыя аўтарскія ўключэнні, часта звернутыя непасрэдна да чытача і адзначаныя выкарыстаннем розных экспрэсіўных сродкаў мовы. Тут праяўляецца аўтарскае я, а мы носіць не абстрактны, а канкрэтны характар. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца розныя пытальныя канструкцыі, клічныя сказы, звароты. Сінтаксічны лад арыентаваны на «агучванне» (дыялагізацыю) паведамлення.
Такім чынам, навукова-папулярны падстыль у адрозненне ад уласна навуковага шырока выкарыстоўвае сродкі другіх функцыянальных стыляў. Суадносіны строга навуковых сродкаў перадачы інфармацыі і сродкаў папулярызацыі ў кожным канкрэтным тэксце вызначаюцца ўзроўнем навуковай дасведчанасці адрасата і жанрам.
Па сваіх адметных асаблівасцях навукова-вучэбны падстыль знаходзіцца паміж уласна навуковым і навукова-папулярным падстылямі: ён не такі «строгі», як першы, але і не такі «займальны», як другі. Да агульнай і асноўнай функцыі навуковага стылю дадаецца спецыфічная менавіта для гэтай яго разнавіднасці функцыя – актывізацыя лагічнага мыслення чытача (слухача).
У дадзеным выпадку спецыяліст таксама мае зносіны з неспецыялістам. Аднак гэта той неспецыяліст, які ўжо валодае (калі не ўлічваць самых пачатковых ступеняў адукацыі) пэўнымі навуковымі ведамі, дастатковымі для засваення новай навуковай інфармацыі, якая яму паведамляецца. Важным тут з’ўляецца тое, што інфармацыя для яго не займальнасць, якая выбіраецца па сваім гусце, а абавязковы кампанент той сумы ведаў, якая неабходна для атрымання адукацыі і набыцця спецыяльнасці. Калі ж гаварыць пра студэнтаў спецыяльных вучэбных устаноў, асабліва вышэйшых, то хоць яны і не з’яўляюцца спецыялістамі ў дадзенай галіне, аднак рыхтуюцца імі стаць. Вось чаму навукова-вучэбны стыль больш срогі, чым навукова-папулярны.
У той жа час аб’ём інфармацыі строга абмяжоўваецца вучэбнай праграмай, а сістэма доказаў павінна быць спрошчанай. Таму ў межах дадзенага падстылю разам са сродкамі ўласна навуковага выкладу выкарыстоўваюцца і такія, якія павінны зрабіць інфармацыю больш даступнай і палегчыць яе засваенне.
Ступень даступнасці залежыць ад узроўню падрыхтаванасці навучэнца, на якога разлічаны навуковы дапаможнік. Падручнікі для ВНУ па стылі выкладу набліжаюцца да ўласна навуковай літаратуры. Аднак у цэлым навукова-вучэбны падстыль намнога бліжэй да ўласна навуковага, чым навукова-папулярны.
Такім чынам, навуковы стыль, маючы тры падстылі, абслугоўвае адну з важных сфер чалавечай дзейнасці і грамадскай свядомасці – сферу навукі, а таксама звязаную з ёй сферу адукацыі і асветы.

1.3 Публіцыстычны стыль і яго асноўныя асаблівасці
Публіцыстычны стыль маўлення ўяўляе сабой функцыянальную разнавіднасць літаратурнай мовы і шырока выкарыстоўваецца ў разнастайных сферах грамадскага жыцця: у газетах і часопісах, на тэлебачанні і радыё, у публічных палітычных выступленнях і г. д.
Характэрнымі асаблівасцямі публіцыстычных твораў з’яўляецца актуальнасць праблематыкі, вобразнасць, вастрыня і яркасць выкладу.
Жанры публіцыстычнага стылю:
1. Газетныя: артыкул, фельетон, рэпартаж.
2. Тэлевезійныя: аналітычная праграма, інфармацыйнае паведамленне, дыялог у прамым эфіры.
3. Аратарскія: выступленне на мітынгу, дэбаты.
4. Камунікатыўныя: прэс-канферэнцыя, тэлемасты.
5. Рэкламныя: аб’ява, плакат, лозунг.
Функцыі стылю:
1. Інфармацыйная функцыя. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што аўтары маюць на мэце інфармаваць шырокае кола чытачоў, гледачоў, слухачоў пра значымыя для грамадства праблемы і пра погляды аўтара на іх.
Спецыфіка інфармацыйнай функцыі ў публіцыстычным стылі заключаецца ў характары інфармацыі, яе крыніцах і адрасатах. Інфармацыя ў публіцыстычных тэкстах не толькі апісвае факты, але і адлюстроўвае меркаванне настроі, змяшчае каментарыі і разважанні аўтараў. Гэта адрознівае яе ад навуковай інфармацыі.
Перад публіцыстычнымі творамі не ставіцца задача поўнага ўсебаковага апісання той ці іншай з’явы, публіцыст імкнецца пісаць пра тое, што выклікае цікавасць у пэўных грамадскіх груп.
2. Функцыя ўздзеяння: мэта публіцыста заключаецца не толькі ў тым, каб расказаць пра стан спраў у грамадстве, але і ў тым, каб пераканаць аўдыторыю ў неабходнасці пэўных адносін да выкладаемых фактаў і ў неабходнасці пэўных паводзін.
Публіцыстычнаму стылю характэрна адкрытая тэндэнцыйнасць, палемічнасць, эмацыянальнасць, што якраз і выклікана імкненнем публіцыста даказаць правільнасць сваёй пазіцыі.
Функцыя ўздзеяння з’яўляецца для публіцыстычнага стылю сістэмаўтвараючай, менавіта яна выдзяляе гэты стыль сярод другіх разнавіднасцей літаратурнай мовы.
3. Камунікатыўная функцыя: камунікатыўнасць публіцыстычнага стылю заключаецца ў тым, што яго тэксты ствараюцца не для ўнутранага выкрастання, не для адзінага адрасата, а для максімальна шырокай аўдыторыі. Камунікацыя мае на мэце і адваротную сувязь – адказ адрасата.
4. Экспрэсіўная функцыя дазваляе выразіць свае пачуцці. Публіцыстычны тэкст звычайна ярка адлюстроўвае асобу аўтара, адрозніваецца ярка выражанымі і эмацыянальна афарбаванымі адносінамі аўтара да выкладаемых фактаў.
5. Эстэтычная функцыя публіцыстычнага тэксту – гэта ўстаноўка аўтара на тое, каб паведамленне сваёй формай у адзінстве са зместам задавальняла эстэтычным пачуццям адрасата.
Лексічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю:
1. Выкарыстанне гатовых стандартных формаў (моўныя клішэ), якія носяць не індывідуальна-аўтарскі, а сацыяльны характар: гарачая падтрымка, рэзкая крытыка, жывы водгук, радыкальныя рэформы і інш.
2. Эмацыянальна-ацэначная лексіка. Гэта ацэнка носіць не індывідуальны, а сацыяльны характар: актыў, міласэрнасць, сабатаж, расізм, абывацельскі і інш.
3. Лексіка ўрачыстая, грамадзянска-патэтычная, з рытарычнай афарбоўкай: самаахвяраванне, айчына, дзяржава, страж, здзяйсненне і інш.
4. Ваенная тэрміналогія, якая выкарыстоўваецца не ў прамым, а ў пераносным значэнні: стратэгія, мабілізацыя рэзерваў, гвардыя, пярэдні край.
5. Выкарыстанне слоў пасіўнага слоўнікавага запасу (архаізмаў і гістарызмаў): Долар і яго лекары.
Да марфалагічных асаблівасцей публіцыстычнага стылю адносяць частотнае выкарыстанне тых ці іншых граматычных форм часцін мовы:
1. Адзіночны лік назоўнікаў у значэнні множнага: Выкладчык заўсёды ведае студэнта.
2. Родны склон назоўнікаў: час перамен, рэформа цэн, выхад з крызіса і інш.
3. Цяперашні час дзеясловаў: у Мінску адкрываецца, 3 красавіка пачынаецца.
4. Вытворныя прыназоўнікі: у галіне, на шляху, з улікам, у імя і інш.
Сінтаксічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю:
1. Рытарычныя пытанні: Хто не любіць нашу Беларусь?
2. Клічныя сказы: Усе на выбары!
3. Сказы з адваротным парадкам слоў: Выключэнне складалі прадпрыемствы лёгкай прамысловасці (параўн.: Прадпрыемствы лёгкай прамысловасці складалі выключэнне).
4. Загалоўкі артыкулаў, якія выконваюць рэкламную функцыю: Вясна – пара гарачая.
Такім чынам, публіцыстычны стыль – гэта маўленчая дзейнасць у галіне палітыкі ва ўсёй разнастайнасці яе значэння. Асноўныя сродкі публіцыстычнага стылю разлічаны не толькі на паведамленне, інфармацыю, лагічную доказнасць, але і на эмацыянальнае ўздзеянне на слухача (аўдыторыю).

Гласарый

Моўны стыль – гэта гістарычна складзеная разнавіднасць літаратурнай мовы, якая абслугоўвае пэўную сферу грамадскай дзейнасці: навуку, адміністрацыйна-справавыя адносіны, грамадска-палітычную дзейнасць, бытавыя зносіны, мастацкую творчасць.
Навуковы стыль – стыль, які абслугоўвае сферу навукі, тэхнікі і навучання; гэта стыль навуковых прац, манаграфій, дысертацый, слоўнікаў, энцыклапедый, дапаможнікаў, дакладаў, рэфератаў, лекцый, рэцэнзій, падручнікаў і інш.
Публіцыстычны стыль – стыль, які ўяўляе сабой функцыянальную разнавіднасць літаратурнай мовы і шырока выкарыстоўваецца ў разнастайных сферах грамадскага жыцця: у газетах і часопісах, на тэлебачанні і радыё, у публічных палітычных выступленнях і інш.
Стылістыка – раздзел мовазнаўства, які даследуе ўжыванне слоў, словазлучэнняў, сказаў паводле іх адпаведнасці зместу, мэце выказвання, а таксама сітуацыі (у вусным маўленні).

Пытанні для самаправеркі

1. Дайце азначэнне функцыянальнага стылю.
2. Што такое падстыль? Дайце характарыстыку падстыляў навуковага стылю.
3. Якія функцыі публіцыстычнага стылю ведаеце?
4. Пералічыце характэрныя асаблівасці публіцыстычнага стылю.


ТРЭНІНГ УМЕННЯЎ

Заданне 1. Запішыце словы. Стылістычна нейтральныя падкрэсліце адной рыскай, стылістычна афарбаваныя (кніжн., спец., разм. і інш.) – дзвюма. Пры выкананні задання карыстайцеся «Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы» (1999).

Пражэкцёр, таўталогія, празаізм, румзаць, пракуда, фанабэрыя, прарадзіма, сан, прататып, пратэкцыялізм, улегцы, ракурс, уладкаваць, фантасмагорыя, ратай, саета, таталітарны, таўсманы, улажэнне, фаліянт, цёзка.

Заданне 2. Прачытайце тэкст. Знайдзіце сказы, якія прыкметна вылучаюцца сваёй іншастылёвасцю.

На ўроку літаратуры, калі я вучыўся ў пятым класе, настаўнік гаварыў пра вусную народную паэзію; спаслаўшыся на аднаго вучонага (памяць не зберагла яго імя), прадыктаваў, каб запісалі прыкладна такую фразу: «Фальклор – гэта адгалоскі праклятай мінуўшчыны». Потым запісвалі мы радкі: калі нараджалася ў сям’і дзіця, гэта было няшчасцем у сям’і, горам у бацькоў.
У мяне было пяцёра братоў. I я поўнасцю аддаўся вырашэнню задачы: ці ўсе мы, браты і дзве сястры, ці толькі хто-небудзь з нас, можа – я, сталі горам, бядото матцы, бацьку, сям’і? Кормяць, абуваюць, апранаюць, у нядзелю сітніцаю частуюць, каго на дзве, каго на больш зім аддавалі ў школу.
I раптам на занятках у школе...
Карцела, рупіла, непакоіла, трывожыла і мучыла.
А неяк той самай зімою, увечары, да нас сышліся на вячоркі суседкі (хто прадзе кужаль, хто воўну, хто тросціць ніткі, хто з маткоў робіць клубкі). Спявалі песні. У адной – сям’я дзякуе богу, што маці «яшчэ сынка прывяла». I – як у нас кажуць – завяла гэту песню мая мама.
Далікатная рэч – народнае слова, народная песня. Каб гаварыць пра яе, трэба ведаць яе, разумець яе. Трэба, каб і гаварылі пра яе далікатна (Ф.М. Янкоўскі).

Заданне 3. Суаднясіце характэрныя прыметы з тым ці іншым стылем тэксту: а) публіцыстычны; б) навуковы; в) афіцыйна-справавы; г) гутарковы; д) мастацкі.

Ацэначнасць, строгая дакладнасць, лагічнасць, афіцыйнасць, натуральнасць маўлення, сцісласць, абстрактрасць, непасрэднасць, вобразнасць, эмацыянальнасць, строгая аб’ектыўнасць, канкрэтнасць, экспрэсіўнасць, адсутнасць строгай лагічнасці, аргументаванасць, даходлівасць, індывідуальнасць аўтара, агульназразумеласць, стандартызацыя, адсутнасць эмацыянальнасці.

Заданне 4. Размяркуйце жанры па стылях.

Рэзюмэ, рэпартаж, лірычны верш, дысертацыя, справаздача, фельетон, камюніке, дыпломная работа, нота, манаграфія, паэма, нарыс, іск, інтэрв’ю, памфлет, рэцэнзія, сачыненне, курсавая работа, пасведчанне аб нараджэнні, эсэ, заява, раман, акт, апавяданне, загад, даверанасць, дагавор, артыкул закона, казка, верш у прозе, тэлефонная размова, дарожныя нататкі, аб’ява, пагадненне, тэлерэпартаж, рэферат, драма, аповесць, пратакол, даверанасць, анатацыя, артыкул у газеце, прамова на мітынгу, пісьмо, даведка.

Стыль
мастацкай
літаратуры публіцыстычны размоўны
 афіцыйна-справавы навуковы

Заданне 5. Прачытайце тэксты, зрабіце іх лексіка-стылістычны аналіз паводле прапанаванага плана: 1) стыль тэксту, тып маўлення; 2) мэта, задача зносін; 3) сфера прымянення, моўная сітуацыя; 4) якія з пералічаных асаблівасцей характэрныя для гэтага ўрыўка: нязмушанасць, афіцыйнасць, дакладнасць, яснасць, невыразнасць, вобразнасць, адсутнасць вобразнасці, эма-цыянальнасць, аб’ектыўнасць, суб’ектыўнасць; 5) стылістычная афарбоўка моўных адзінак (нейтральная лексіка, кніжная, спецыяльная, тэрміны, мнагазначныя словы, фразеалагізмы, неалагізмы, словы экспрэсіўна-эмацыянальныя); 6) вобразныя сродкі (метафары, параўнанні, эпітэты і г. д.); 7) асаблівасці сінтаксічных канструкцый.

1. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай. Ім гарантуецца таксама права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове.
Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай або рускай мове (Закон РБ «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон РБ «Аб мовах у РБ»).
2. – А што, дзядзька, ты хутка вернешся?
 Хто яго ведае. Мне на далёкі луг трэба.
 А мне хоць ты вяртайся зараз. На гародзе ў мяне асталося трохі буракоў, а я, пустэча такая, здаецца, забыла пасунуць жардзіну на пералазе. Крый божа, залезуць свінні, наробяць бяды. Дык можа б ты паглядзеў там майго пералазу?
 Перакажу каму з суседзеў. А можа і сваёй бабе скажу.
 Дык ты ўжо хоць не забудзь, скажы, неяк аддзячу пасля. Ай-яй-яй, як гэта я апраставалосілася!
 Добра. Пагляджу на твой пералаз. Але ты мне таксама там, у горадзе, зрабі што. Хачу ўсё ліхтарык сабе электрычны, каб раз – і гатова, а то як гэта хадзіць па цемнаце. Вось каб узяла і прывезла мне ліхтарык... (І. Чыгрынаў «У горад»).
3. Акцыянернае таварыства – форма арганізацыі вытворчасці на аснове цэнтралізацыі капіталу шляхам продажу акцый. Купляючы каштоўныя паперы – акцыі, іх уладальнікі тым самым аб’ядноўваюць свае капіталы для сумеснай прадпрымальніцкай дзейнасці, а самі атрымліваюць права на дывідэнды – пэўную частку прыбытку. Акцыянернае таварыства з’яўляецца юрыдычнай асобай, мае свой статут. Яго вышэйшы орган – сход акцыянераў, бягучымі справамі кіруе праўленне (савет дырэктараў). Акцыянернае таварыства мае абмежаваную адказнасць па абавязацельствах: адказвае толькі маёмасцю таварыства, а акцыянеры – толькі коштам сваіх акцый. Маёмасць акцыянернага таварыства фармуецца з укладаў акцыянераў (уласны капітал) і назапашанага прыбытку, а таксама за кошт крэдытаў банка (пазыковыя сродкі) і выпуску сваіх аблігацый.
4. Кніга – гэта вечны незгасальны агонь людскога сэрца і розуму. На працягу вякоў яна была адзіным з самых пэўных сродкаў перадачы вопыту ад пакалення ў пакаленне. Яна адзіны жывы сведка чалавечага прагрэсу. Не зважаючы на новыя тэхнічныя сродкі фіксацыі і перадачы гэтага вопыту ў нашу эпоху, кніга і цяпер служыць і надалей будзе нязменна служыць чалавеку. Асабліва вялікая яе роля ў нашым грамадстве, калі ўсеагульная пісьменнасць і адукаванасць людзей, калі шырокі размах выдавецкай і бібліятэчнай спрвы зрабілі яе даступнай усім і кожнаму. Вось чаму народ так глыбока шануе пачынальнікаў кнігадрукавання, якім у нашай краіне з’яўляецца выдатны сын полацкай зямлі Францыск Скарына (паводле П. Глебкі).
5. То мы ехалі сенажацямі, усыпанымі кветкамі, якія напярэсцігі кланяліся і закліналі спыніцца і палюбавацца на іх. То траплялі ў малады бярэзнік, і ён, паварочваючыся перад намі, выхваляўся і паказваў усе свае ўборы – і белыя ў карунках сукенкі, і параспусканыя каснікі тонкага вецця; то ён хаваў ад нас дарогу, падступаючы зусім блізка і блытаючы яе ў сваіх нагах, то раптам выпростваў і рассцілаў яе перад намі, гасцінна запрашаючы ў мяккія цені. То мы плылі, як па моры, у бяскрайніх палях збажыны, у хвалях якой млела і паласкалася сонца (Я. Скрыган).

Заданне 6. Звярніце ўвагу на тыповыя словы і словазлучэнні ў кожным з тэкстаў, характэрныя для дадзенага стылю. Карыстаючыся слоўнікам, перакладзіце іх на беларускую мову.

1. Является объектом, большинство исследователей, политические и социологические науки, по ряду причин, объект анализа, ограничивать анализ, определенный аспект, феномен власти, иметь глубокие традиции, истоиря экономической мысли, выдающийся экономист, рассматривать влияние, распределение доходов, современная отечественная литература, можно выделить попытку, исследования проблемы, контекст отношений собственности.
2. Историческая судьба, переплетаться многими нитями, овладение языком, одинаково звучащий, патетическая окраска, иронический смысл, игра оттенков, тончайшие черточки, эмоционально-эстетическая окраска, источник духовного богатсва.
3. Дождаться своего часа, ради Бога, рад за тебя, неприличный, солидная награда, намекнуть, какое там …, крепкое хозяйство, урожайный год, кати домой, сносный костюм.
4. Именуемый в дальнейшем, в лице директора, действующий на основании устава, с одной стороны, с другой стороны, проживающий по адресу, заключить договор о следущем, стороны обязуются, предпринимать необходимые меры, обеспечение охраны и защиты авторских прав, имевший место, предполагаемые нарушения, указанный параграф, судебное разбирательство, каждая из сторон, обеспечить по просьбе, поддержка друг друга, с целью выяснения нарушений, указанные авторские права.
5. Прекрасный – прекраснее, девственная пустыня, неизмеримая волна, дикое растение, скрывшиеся кони, вытаптывать степь, не может быть лучшего, поверхность земли, представляться зелено-золотым океаном, брызнули миллионы разных цветом, черт вас возьми.

Заданне 7. Прачытайце тэкст, вызначце стыль, да якога ён належыць. Выявіце яго характэрныя стылёва-моўныя асаблівасці, пры дапамозе якіх моўных сродкаў актывізуецца ўвага чытача.

Такое ўжо наша нацыянальнае шчасце, наша людская доля, што на канцы ХХ стагоддзя мы змушаны займацца праблемамі, якія даўно адышлі ў цывілізаваных грамадствах. Там на чарзе – павышэнне і без таго высокага дабрабыту, звышновыя тэхналогіі, эканамічная інтэграцыя, палітычная дыферэнцыяцыя, пазнанне макра- ды мікрасвету. Мы ж, як і раней, усе дагадваем загадку ўласнай сутнасці, сілімся зразумець, што мы ёсць у людской супольнасці, чым адметныя ад іншых. Значныя высілкі нашага інтэлекту, здаецца, ідуць на тое, каб даказаць сябрам і ворагам, а найперш сабе, што ўсё ж адрозніваемся і яшчэ маем права на тую рознасць. Бо мы – народ, вялікі ці малы, цывілізаваны ці не надта, але выразны і цэльны, створаны Богам для нейкіх таямнічых мэтаў на гэтай боскай зямлі. Мабыць, мы спахапіліся ў самы час, каб утрымаць рэшткі сваёй магчымасці, бо ўбачылі ўперадзе бездань, пагібель – цяпер ужо не ад ядзернага вар’яцтва, а найперш ад уласнай няздольнасці жыць...
Цяпер відаць ужо выразна, што перамога беларускай справы магчыма толькі высілкамі ўсяго народа. Вопыту аднае інтэлігенцыі тут мала. Высілкаў паасобных апосталаў – тым болей. Патрэбна з’яднаная, мэтанакіраваная, дзейсная палітычная воля нацыі. Але ці ўсведамляе ў належнай меры нацыя сябе нацыяй? Вось у чым праблема. Самая, можа, драматычная з праблемаў у дадзены момант нашай няшчаснай гісторыі. Аб тым, спадзяёмся, мы і пагаворым на нашай шаноўнай грамадзе (В. Быкаў).

Заданне 8. Прачытайце тэкст, вызначце стыль, да якога ён належыць. Назавіце тыповыя асаблівасці, моўныя срокі, характэрныя для дадзенага стылю мовы.

Чароўная, запаветная пара лета – чэрвень, які ўплятае ў Яго вянок самыя яркія, прыгожыя і духмяныя кветкі. Зямля дыхае на поўныя грудзі. У жоўтых накідках зачаравана застылі ліпы. Ад іх чуецца роўны прыглушаны гул: працаўніцы-пчолы збіраюць сваю багатую даніну. Адцвіла акацыя. Ужо і жыта адкрасавала, з кожным днём наліваюцца, цяжэюць каласы: у гушчыні збажыны ўвесь дзень не высыхае раса. Жытнёвае поле быццам бяскрайняе мора, па якім пераліваюцца бясконцыя хвалі. І няма ім ні канца ні краю. Куды яны бягуць?
Ціха плывуюц у небе воблакі, мяняючы колер і адценне. Вецер, што шуміць у лесе свавольна і ўпэўнена, у полі патаемна шэчаецца з калоссем, хвалюе, пяшчотна калыша яго.
Лета аднойчы раскалолася на дробныя рознакаляровыя асколкі, і з кожным днём яны танеюць, растаюць, як ледзяшы пад сакавіцкім сонцам, і іх становіцца ўсё менш. Пахне мёдам, спелым хлебам...
З кожным днём усё гусцей настойваецца на росных лугах цішыня. Лета ўсё шпарчэй коціцца ў туманныя, вільготныя абдымкі восені (Паводле В. Феранца).

Заданне 9. Падбярыце некалькі ўрыўкаў з навукова-папулярных тэкстаў. Адкажыце, ці адпавядаюць яны патрабаванням гэтага падстылю: жывасць і даступнасць выкладу, абмежаванае выкарыстанне вузкаспецыяльнай тэрміналогіі, ужыванне вобразных сродкаў, гутарковых слоў і выразаў. Дакажыце правамернасць сваіх меркаванняў.

Заданне 10. Ахарактарызуйце маўленчую сітуацыю, у якой можа быць выкарыстаны тэкст. Назавіце асноўныя стылёвыя рысы тэксту. Вызначце моўныя сродкі, з дапамогай якіх раскрываюцца названыя вамі стылёвыя рысы.

Прынцып якасці уліковай інфармацыі – міжнародны прынцып бухгалтарскага ўліку, на аснове якога да ўліковай інфармацыі прад’яўляюцца такія патрабаванні, як зразумеласць, слушнасць і надзейнасць. Патрабаванне зразумеласці азначае, што бухгалтарская справаздачнасць павінна быць зразумелай для карыстальнікаў, якія маюць пэўны узровень ведаў. Інфармацыя бухгалтарскай справаздачнасці з’яўляецца слушнай, г. зн. такой, якая мае дачыненне да справы, у тым выпадку, калі яна аказвае ўплыў на эканамічныя рашэнні карыстальнікаў і дапамагае ім ацэньваць мінулыя, цяперашнія і будучыя падзеі, пацвярджаць або выпраўляць мінулыя ацэнкі. Інфармацыя бухгалтарскай справаздачнасці лічыцца надзейнай, калі яна праўдзіва адлюстроўвае гаспадарчую дзейнасць, не мае істотных памылак і неаб’ектыўных ацэнак (А. П. Шаляўцоў).

Заданне 11. Вызначце стыль тэксту.

Шмат якія прыказкі, прымаўкі вучаць паводзінам у гутарцы: як слухаць чалавека і рэагаваць на яго словы, чаму трэба быць стрыманым у час размовы, навошта трэба ўлічваць абставіны маўлення.
Каб належным чынам весці гутарку, трэба перш за ўсё ўмець слухаць таго, з кім гаворыш: сам не ўмееш слухаць, другога не прымусіш. Будзь спярша выслухваючым, а потым апавядаючым.
Народ перасцерагае: да мовы трэба ставіцца ўважліва, з адказнасцю. Перш чым нешта сказаць, трэба добра падумаць, узважыць кожнае слова, узяць пад увагу інтарэсы абодвух бакоў у маўленні – і таго, хто гаворыць, і таго, хто слухае, адказвае. Настойліва гучыць папярэджанне: Кайся, не кайся, выпусціў слоўца – не зловіш. Выказанага слова да губы не вернеш.

Заданне 12. Вызначце стыль тэкстаў, у якіх сустракаецца адно і тое ж слова.

1. Забыццё, -я, н. 1. Страта памяці аб кім-небудзь, чым-небудзь. Усё прыйшло ў забыццё. 2. Стан дрымоты, непрытомнасці. Упасці ў забыццё. (ТСБМ)
2. Пакуль жывеш, развітвайся з жыцём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найболышым адкрыццём,
Ты – з дрэва часу
Кволая галіна.
Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой –
3 ракі ўсёзабыцця – намерам хвалі.
(Рыгор Барадулін)
3. Жыццяпіс усяго жывога ў гэтым свеце рухаецца па крузе. Спачатку нараджэнне, потым – сталасць, напрыканцы – забыццё. Каб прыпыніць бег часу, «злавіць» імгненне жыцця, чалавекам была прыдумана фатаграфія, потым – кінематограф. Дзякуючы адбітку на стужцы пасталеўшыя людзі могуць успомніць сябе малымі дзецьмі ці юнакамі. А з дапамогай калажу ў фатаграфіі ці мантажу ў кіно ўвогуле «пражыць» тое, чаго не было ў сапраўднасці (Настаўніцкая газета).

Літаратура

1. Азарка, В. У. Беларуская мова: спецыяльная лексіка : вучэб.-метад. дапам. / В. У. Азарка, А. С. Васілеўская, М. М. Круталевіч. – 3-е выд., перапрац. – Мн. : БДПУ, 2007. – 207 с.
2. Антанюк, Л. А. Беларуская мова (прафесiйная лексіка) : курс лекцый / Л. А. Антанюк , Б. А. Плотнiкаў. – 3-е выданне. – Мн. : Акад. кiравання пры Прэзiдэнце Рэсп. Беларусь, 2005. –240 с.
3. Беларуская мова (прафесійная лексіка) : [у 3 ч.] / Л. А. Гіруцкая [і інш.]; Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт; кафедра бел. і руск. моў. – Мінск, 2006. –Ч. 2 : Навуковы тэкст: структура, жанры, моўнае афармленне.
4. Беларуская мова. Прафесійная лексіка : дапам. / склад. В. В. Маршэўская, І. В. Піваварчык, А. С. Садоўская. – Гродна : ГрДУ, 2006. – 84 с.
5. Беларуская мова : спецыяльная лексіка : вучэб.-метад. дапаможнік для студэнтаў усіх форм навучання ўсіх спецыяльнасцей БДУІР / аўтары: Л. А. Бондар [і інш.]; пад рэд. Ю. А. Сцепанчука. – Мн. : БДУІР, 2006. – 69 с.
6. Бухгалтарская справаздачнасць: вучэб.-практ. дапаможнік / А. П. Шаўлюкоў. – Мн. : Соврем. шк., 2008. – 608с.
7. Каўрус, А. А. Дакумент па-беларуску / А. А. Каўрус. – Мінск, 1994.
8. Каўрус, А. А. Стылістыка беларускай мовы / А. А. Каўрус. – 3-е выд., дапрац. і дап. – Мн. : Нар. асвета, 1992. – 207 с.
9. Маршэўская, В. В. Беларуская мова (прафесійная лексіка) у сінтаксічным і стылістычным аспектах : вучэбны дапаможнік / В. В. Маршэўска. – Гродно : ГрДУ, 2002. – 115 с.
10. Маршэўская, В. В. Беларуская мова (прафесійная лексіка). Практыкум : вучэб. дапаможнік / В. В. Маршэўская. – Гродна : ГрДУ, 2000. – 113 с.
11. Метадычныя рэкамендацыі па курсе «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» / склад. А. М. Лапкоўская. – Гродна : ГрДУ, 2001. – 85 с.
12. Навуковы стыль мовы. Водгук, рэцэнзія, анатацыя, рэферат, дыпломная рабо-
та / склад. Н.Я. Савіцкая [і інш.]. – Бел. дзярж. тэхналаг. ун-т, каф. бел. мовы. – Мн. : БДТУ, 1999. – 66 с.
13. Национальная экономика Беларуси : учебник / В. Н. Шимов [и др.]; под ред. д-ра эконом. наук, проф. В. Н. Шимова. – 2-е изд., перераб. и доп. – Минск : БГЭУ,
2006. – 751с.с
14. Цікоцкі, М. Я. Стылістыка беларускай мовы: вучэб. дапам. для фак. журналістыкі / М.Я. Цікоцкі. – 2-е выд., перапрац. і дап. – Мн. : Універсітэцкае,
1995. – 294 с.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии