БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » Беларуская мова » Беларуская навуковая тэрміналогія

Беларуская навуковая тэрміналогія

Беларуская навуковая тэрміналогія

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1.Тыпы слоўнікаў
Усе слоўнікі падзяляюцца на энцыклапедычныя і лінгвістычныя.
У энцыклапедычных (грэч. encyclopedia – кола ведаў) слоўніках (энцыклапедыях) даюцца навуковыя звесткі пра гісторыю, прыроду, насельніцтва, выдатных дзеячаў, эканоміку, навуку, асвету, культуру, мастацтва, літаратуру, змяшчаюцца каляровыя і чорна-белыя фотаздымкі, малюнкі, рэпрадукцыі, карты, схемы. У энцыклапедыях апісваюцца прадметы, з'явы, якія абазначаюцца словамі; гэта звычайна назоўнікі (агульныя і ўласныя, часткова тэрміны). Энцыклапедыі як слоўнікі даведачнага характару бываюць аднатомныя і шматтомныя, словы ў іх размяшчаюцца ў алфавітным ці тэматычным парадку, напрыклад «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» ў 12-ці тамах (скарочана БелСЭ, 1969—1975), «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (1978—1981) у 5-ці тамах (КЭ БССР), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (1983—1986) у 5-ці тамах, «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984—1987) у 5-ці тамах, «Этнаграфія Беларусі» (1989); выдадзены персанальныя энцыклапедычныя даведнікі «Янка Купала» (1986) і «Францыск Скарына і яго час» (1988) і інш.
Л і н г в і ст ы ч н ы я (лац. lingua – мова) слоўнікі апісваюць значэнні слоў, іх ужыванне, напісанне, вымаўленне, утварэнне, паходжанне. Тут усе словы падаюцца ў алфавітным парадку, пры іх ёсць граматычныя і стылістычныя паметы. Каб паказаць адрозненне лінгвістычных слоўнікаў ад энцыклапедычных, параўнаем слоўнікавыя артыкулы на тое самае слова з БелСЭ (т. 2) і школьнага «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы».
Лінгвістычныя слоўнікі бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя.
Двухмоўныя і шматмоўныя лічацца перакладнымі слоўнікамі, бо ў іх словы адной мовы тлумачацца, перакладваюцца словамі іншай мовы ці іншых моў. Цяпер для перакладу выкарыстоўваюцца акадэмічныя “Руска-беларускі слоўнік” у 2-х тамах, скарочана РБС (2-е выд., 1982) , “Беларуска-рускі слоўнік” у 2-х тамах, скарочана БРС (2-е выд.,1988-1989) , “Падручны польска-беларускі слоўнік”, скарочана ППБС (Варшава, 1962), “Украінска-беларускі слоўнік” В.П. Лемцюговай, скарочана УБС (1980), “Англа-беларуска-рускі слоўнік” , скарочана АБРС (1989) , “Нямецка-беларуска-рускі слоўнік”, скарочана НБРС (1988), а таксама школьныя “Белорусско-русский словарь” для сярэдняй школы (3-е выд., 1991) і “Русско-белорусский словарь” для сярэдняй школы (1990) С.М. Грабчыкава і інш.
У аднамоўных слоўніках падаюцца або растлумачваюцца словы адной мовы словамі той самай мовы. Сярод аднамоўных слоўнікаў вылучаюцца тлумачальныя, дыялектныя, гістарычныя, этымалагічныя, тэрміналагічныя, фразелагічныя, арфаграфічныя, марфемныя, анамастычныя, слоўнікі сінонімаў, слоўнікі мовы пісьменнікаў і інш.
У тлумачальных слоўніках раскрываюцца значэнні слоў шляхам кароткага апісання або з дапамогай сінонімаў, прыводзяцца ілюстрацыйныя прыклады (словазлучэнні або сказы ) у кантэксце. Акрамя гэтага, у тлумачальных слоўніках адначасова ўказваюцца месца націску ў слове, яго граматычныя ўласцівасці, асаблівасці правапісу, стылістычная прыналежнасць, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, а часам і паходжанне запазычанага слова, як, напрыклад, у акадэмічным пяцітомным “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” пад рэдакцыяй К.Крапівы (1977-1983) і “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” для сярэдняй школы А.Я.Баханькова, І.М.Гайдукевіча, П.П.Шубы (4-е выд., 1990).
Як разнавіднасць тлумачальных слоўнікаў дыялектныя (абласныя) слоўнікі змяшчаюць і растлумачваюць дыялектную лексіку, запісаную ў пэўнай гаворцы, у якой-небудзь мясцовасці Беларусі ці яе паграніччы. Ужо надрукавана каля дваццаці беларускіх дыялектных слоўнікаў.
Гістарычныя слоўнікі тлумачаць лексіку мінулых эпох, напрыклад, “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” (вып. 1-11, А-3, 1982-1990…). Этымалагічныя слоўнікі вызначаюць паходжанне слоў, іх пачатковае значэнне і наступныя змены, напрыклад, “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (т. 1-7.... А-М, 1978-1991...). У тэрміналагічных слоўніках тлумачацца тэрміны з пэўных галін навукі і тэхнікі (“Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” А. Юрэвіча (1962), “Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік” А. А. Макарэвіча (2-е выд., 1969), “Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы” М. П. Пазнякова (1988), “Тэрміны, імёны, даты. Школьны гістарычны слоўнік “ Ю. М. Суворава (1971).
У фразеалагічных слоўніках тлумачыцца сэнс фразеалагізмаў і іх варыянтаў, прыводзяцца ілюстрацыйныя прыклады (цытаты), часам даецца стылістычная афарбоўка і паходжанне (“Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы”Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешава, Ф. М. Янкоўскага (1973) і “Этымалагічны слоўнік для фразеалагізмаў” І. Я. Лепешава (1981).
У арфаграфічных і арфаэпічных слоўніках даецца правільнае напісанне і вымаўленне слоў (“Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне” (1987), “Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы” (6-е выд., 1990) М. П. Лобана і М. Р. Судніка.
Марфемныя слоўнікі дапамагаюць правільна дзяліць словы на часткі (марфемы) (гл. “Марфемны слоўнік беларускай мовы” А. Бардовіча і Л. Шакуна (2-е выд., 1989).
У слоўніках сінонімаў сабраны сінонімы і блізказначныя словы ў сінанімічныя рады, якія размяшчаюцца ў алфавітным парадку паводле пачатковых літар дамінантаў (асноўных, загалоўных слоў). У 1976 г. выйшаў з друку “Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў” М. К. Клышкі. Некаторыя сінонімы маюць стылістычныя паметы. Ужыванне кожнага сіноніма з сінанімічнага рада суправаджаецца ілюстрацыйным прыкладам у сказе з мастацкай літаратуры, фальклору. У канцы слоўнік мае індэкс (алфавітны пералік) усіх слоў сінанімічных радоў, які дапамагае лягчэй і хутчэй знайсці і падабраць патрэбны сінонім.
Слоўнікі паронімаў і амонімаў дапамагаюць правільна ўжываць і не блытаць словы з блізкім або аднолькавым гучаннем і розным значэннем як беларускай, так і рускай мовах (“Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанню слоў” (1977) і “Межъязыковые омонимы и паронимы” (1980) С. М. Грабчыкава, “Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы” (1987) Г. У. Арашонкавай і В. П. Лемцюговай).
Анамастычныя слоўнікі фіксіруюць уласныя імёны, геаграфічныя назвы (“Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа”(1990) Г. У. Арашонкавай, В. А. Бабковай, М. В. Бірылай і інш.). Яны бываюць антрапанімічныя і тапанімічныя. У антрапанімічных слоўніках рэгіструюцца або тлумачацца ўласныя імёны асоб, напрыклад “Слоўнік асабовых імён” М. Судніка (1965), “Беларуская антрапанімія” М. В. Бірылы (ч. 1-3, 1906-1981). У тапанімічных рэгіструюцца ўласныя геаграфічныя назвы або тлумачыцца іх паходжанне (“Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці” (1977) і “Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці”(1980), “Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці”(1981), “Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці” (1983), “Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці”(1986) Я. Н. Рапановіча, ”Чаму так названа” (1969) і “Краткий топонимический словарь Белоруссии” (1974) В. А. Жучкевіча і інш.).
Асноўныя тыпы слоўнікаў беларускай мовы можна паказаць у выглядзе схемы (гл.: Мал.):

Беларуская навуковая тэрміналогія


2. Тэрміналагічныя слоўнікі і даведнікі, іх роля і месца ў лексікаграфічнай сістэме беларускай мовы
Тэрміналагічныя слоўнікі адносяцца да слоўнікаў змешанаг, лінгвістычнага і энцыклапедычнага тыпу. У тэрміналагічных слоўніках сістэматызуюцца і тлумачацца спецыяльныя тэрміны розных галін навукі і тэхнікі. У сучаснай беларускай мове многія тэрміналагічныя слоўнікі з’яўляюцца перакладнымі:
– “Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў” М. А. Лазарука, А. Я. Ленсу (Мінск, 1983);
– “Русско-белорусский словарь лингвистических терминов” пад рэдакцыяй М. В. Бірылы і П. У. Сцяцко (Мінск, 1988);
– “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” П. У. Сцяцко, М. Ф. Гуліцкага, Л. А. Антанюк (1990);
– “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” А. Л. Юрэвіча (Мінск, 1990);
– “Русско-белорусский математический словарь” пад рэдакцыяй Я. В. Радыны (Мінск, 1993); – “Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ” Т. Сухой, Р. Еўдакіменкі, В. Траццякевіча і Н. Гудзень (Мінск, 1993);
– “Руска-беларускі фізіка-геаграфічны слоўнік” З. Андрыеўскай і І. Галай (Мінск, 1994);
– “Руска-беларускі фізічны слоўнік”, У. Самайлюковіча, У. Пазняка, А. Сабалеўскага (Мінск, 1994);
– “Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі”, М. В. Бірылы, Г. У. Арашонкавай, В. А. Бабковай і інш. (Мінск, 1994);
– “Руска-беларускі слоўнік па машынабудаванні” В. Р. Лупачова і В. І. Рагаўцова (Мінск, 1998);
– шматтомны “Слоўнік славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі” (Прага, 1977—1999), “Тэорыя літаратуры ў тэрмінах” В. П. Рагойшы (2001) і іншыя.

3. Сістэма падачы тэрмінаў у тлумачальных і перакладных слоўніках, у слоўніках іншамоўных слоў
Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы мовы, тлумачаць іх значэнне, паходжанне, даюць іх характарыстыку і інш. Яны бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя.
Двухмоўнымі і шматмоўнымі з'яўляюцца перакладныя слоўнікі, у якіх словы адной мовы тлумачацца словамі іншай або некалькіх іншых моў. Да сучасных перакладных слоўнікаў ў беларускай лексікаграіі адносяцца «Беларуска-рускі слоўнік» у 2 тамах (2-е выд., 1988-1989), «Руска-беларускі слоўнік» у 3 тамах (3-е выд., 2002), першыя выданні якіх выйшлі адпаведна ў 1962 1 1953 гг. Час ад часу перавыдаюцца школьныя «Беларуска-рускі слоўнік» 1 «Руска-беларускі слоўнік» С.М. Грабчыкава. Важнымі даведнікамі пры перакладзе на беларускую мову з іншых моў з'яўляюцца «Падручны польска-беларускі слоўнік» над рэд. А. Абрэмбскай-Яблонскай і М. Бірылы (Варшава, 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.П. Лемцюговай (1980), «Нямецка-беларускі слоўнік» (1988), «Французска-беларуска-рускі слоўнмк» (1992)і інш.
У аднамоўных слоўніках словы характарызуюцца сродкамі той мовы, да якой яны налёжаць. Аднамоўныя слоўнікі адрозніваюцца сваім зместам, прызначэннем і спосабамі апісання слоў, а таму падзяляюцца на тлумачальныя, дыялектныя, гістарычныя, этымалагічныя, тэрміналагічныя, фразеалагічныя, арфаграфічныя, арфаэтчныя, слоўнікі амонімаў, сінонімаў, паронімаў, іншамоўных слоў, марфемныя, словаўтваральныя, анамастычныя і інш.
Найважнейшае значэнне для вывучэння слоўнікавага складу мовы маюць тлумачальныя слоўнікі, у якіх найбольш поўна адлюстроўваецца лексіка мовы канкрэтнага гістарычнага перыяду. У іх тлумачыцца значэнне слова, даецца яго напісанне, указваецца месца націску, адлюстроўваюцца граматычныя і стылістычныя асаблівасці, у многіх слоўнікавых артыкулах пасля знака прыводзяцца тэрміналагічныя, а пасля знака -фразеалагічныя словазлучэнні, у некаторых - даведкі пра паходжанне слова.
«Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» у 5 тамах (1977-1984) з'яўляецца найбольш поўным сучасным даведнікам такога тыпу, у якім фіксуецца агульнаужывальная лексіка і фразеалогія беларускай мовы XX ст., замацоўваюцца нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У Слоўнік уключаны таксама навуковыя тэрміны, якія ўжываюцца ў школьных падручніках, навукова-папулярных выданнях і ў перыядычным друку, найбольш пашыраныя неалагізмы, гістарызмы, архаізмы, лексічныя дыялектызмы, словы рэлігійнага культу і г. д. У Слоўніку больш за 105 тысяч слоўнікавых артыкулаў. Яго матэрыяльнай асновай з'яўляецца фундаментальная картатэка Сектара лексікалогіі і лексікаграфіі інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, якая стваралася амаль 25 гадоў і налічвае каля 3 мільёнаў картак-цытат. Выхад гэтага слоўніка - вынік працяглай працы вялікага калектыву навуковых супрацоўнікаў.

 

Прыклад слоўнікавага артыкула з «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 3):
МÁСЛА, -а, н. 1. Харчовы тлушч, які атрымліваюць збіваннем смятанкі або смятаны. Топленае масла. Гасцей частуе гаспадыня, I на ўсіх чыста вока кіне, То сыр, то масла ім падносіць. Колас. – Дайце, я буду масла біць, - кажу я бабе Іванісе і забіраю ў яе бойку. Васілевіч.
2. Тлустае рэчыва, якое здабываюць з мінеральных рэчываў. Змазачнае масла. Парафінавае масла.
Купарваснае масла – устарэлая назва канцэнтраванай сернай кіслаты.
 Качацца як сыр у масле гл. качацца. Кукіш з маслам гл. кукіш. Масла масленае – пра таўталогію, паўтарэнні ў азначэнні чаго-н.; адно і тое, тое самае. Падліць масла ў агонь гл. падліць. Як маслам па сэрцы – вельмі прыемна. Як па масле – лёгка, добра, без ніякіх цяжкасцей (ідзе, атрымліваецца і пад.).

«Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» А.Я. Баханькова, І.М. Гайдукевіча, П.П. Шубы (7-е выд., 2002) прызначаны для сярэдняй школы. У ім тлумачацца словы і выразы, якія сустракаюцца ў вучэбнай літаратуры, у дапаможніках і мастацкіх творах для пазакласнага чытання.

У беларускую мову ў розны час запазычана значная колькасць слоў з іншых моў. Такія словы фіксуюцца ў тлумачальных слоўніках і ў слоўніках іншамоўных слоў.
Слоўнікі іншамоўных слоў адзначаюць паходжанне іншамоўнага слова, указваючы на мову-крыніцу і напісанне ў ёй слова, а таксама раскрываюць сэнс запазычанага слова. Да такога тыпу слоўнікаў адносяцца слоўнікі А.А. Булыкі: “Даўнія запазычанні беларускай мовы” (1972), “Слоўнік іншамоўных слоў” (1993), “Слоўнік іншамоўных слоў” у 2 тамах (1999). У некаторых слоўнікавых артыкулах за знакам змяшчаюцца аднакарэнныя словы, утвораныя ў беларускай мове непасрэдна ад слова, якое тлумачыцца.


Прыклад будовы слоўнікавых артыкулаў іншамоўных слоўнікаў:
АПÁТЫЯ, -і, ж. (гр. apatheia). Поўная абыякавасць да ўсяго, раўнадушнасць, вяласць.
Апатычны.
ЛÉКТАР, -а, м. (лац. lector). Асоба, якая чытае лекцыі. Лéктарскі.

Будова слоўнікавага артыкула тлумачальнага слоўніка
- рэестравае слова;
- граматычную (род, часціна мовы, трыванне, лік, асоба), стылістычную (разм., абласное, кніжнае, устарэлае, ласкальнае; сфера выкарыстання - спец., астраномія, бат., філас.) і сэнсавую характарыстыку слова (тлумачэнне значэння);
- ілюстрацыйны матэрыял (цытаты, узятыя з літаратурных крыніц, са стараж. помнікаў, дыялектныя запісы, прыказкі);
- тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні;
- этымалагічную даведку (для запазычаных слоў), напрыклад:

ГÓНАР, -у, м. 1. Грамадская або маральная годнасць, тое, што выклікае ўсеагульную павагу. Выдатная праца - справа гонару кожнага грамадзяніна. Пераступіць граніцу са сцягам вызвалення ў руках,ці ж гэта не радасць, не гонар? Пальчэўскі. Але нідзе, Нідзе мой дружа верны, Не спляміў я Наш гонар баявы. Кірэенка.
2. Павага, слава. Гонар пераможцам. Як відаць, вы [Максім] багаты чалавек, - адказала гаспадыня, - такая акуратнасць робіць вам гонар. Машара.
3. Перавялічанае ўяўленне пра сваю годнасць; фанабэрыстасць, пыха. “О, чортаў шляхціц! – падумаў Якаў. – Столькі ў цябе гонару, што невядома, з якога боку прыступіцца…”. Чарнышэвіч.
Дошка гонару гл. дошка.
Збіць гонар гл. збіць. Мець гонар гл. мець. Рабіць гонар гл. рабіць. У гонар каго (высок.) – у знак павагі да каго-н., ушанавання памяці аб кім-н.
| Ад лац. honor|

Прыклад слоўнікавага артыкула з «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 3):
МÁСЛА, -а, н. 1. Харчовы тлушч, які атрымліваюць збіваннем смятанкі або смятаны. Топленае масла. Гасцей частуе гаспадыня, I на ўсіх чыста вока кіне, То сыр, то масла ім падносіць. Колас. – Дайце, я буду масла біць, - кажу я бабе Іванісе і забіраю ў яе бойку. Васілевіч.
2. Тлустае рэчыва, якое здабываюць з мінеральных рэчываў. Змазачнае масла. Парафінавае масла.
Купарваснае масла – устарэлая назва канцэнтраванай сернай кіслаты.
Качацца як сыр у масле гл. качацца. Кукіш з маслам гл. кукіш. Масла масленае – пра таўталогію, паўтарэнні ў азначэнні чаго-н.; адно і тое, тое самае. Падліць масла ў агонь гл. падліць. Як маслам па сэрцы – вельмі прыемна. Як па масле – лёгка, добра, без ніякіх цяжкасцей (ідзе, атрымліваецца і пад.).

Прыклад будовы слоўнікавых артыкулаў іншамоўных слоўнікаў:
АПÁТЫЯ, -і, ж. (гр. apatheia). Поўная абыякавасць да ўсяго, раўнадушнасць, вяласць.
Апатычны.
ЛÉКТАР, -а, м. (лац. lector). Асоба, якая чытае лекцыі. Лéктарскі.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии