БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » Беларуская мова » Функцыянаванне беларускай мовы ва ўмовах білінгвізму

Функцыянаванне беларускай мовы ва ўмовах білінгвізму

Функцыянаванне беларускай мовы ва ўмовах білінгвізму

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Білінгвізм як аб’ектыўная рэальнасць у краінах свету. Псіхалагічны, педагагічны, сацыялінгвістычны аспекты білінгвізму
Праблема моўнага жыцця ў нашай рэспубліцы сёння адносіцца да адной з найбольш актуальных і складаных. Разам з тым гэта праблема існуе не толькі ў нашай краіне, але і ў гісторыі суіснавання іншых народаў, іх культур і моў у шматнацыянальных краінах наогул.
Паводле даных Акадэміі навук Францыі, насельніцтва зямнога шара гаворыць не менш чым на 2796 мовах. Нямецкія ж вучоныя сцвярджаюць, што сучасныя народы свету гавораць на мовах, колькасць якіх перавышае 4000, а ўсяго навуцы вядома каля 6000 жывых і мёртвых моў.
Стварэнне моўнай карты свету з кожным днём становіцца справай усё больш цяжкай, бо практычна на Зямлі няма аднамоўных краін і нават буйных гарадоў. Напрыклад, Лондан англійскія вучоныя называюць “лінгвістычным Вавілонам”, бо, паводле звестак Міністэрства адукацыі Вялікабрытаніі, у ім гавораць на 147 мовах, хоць, зразумела, найбольш на англійскай. Тлумачыцца гэта тым, што выхадцы з былых брытанскіх калоній прывезлі з сабой і свае мовы.
Іншым прыкладам можа быць Швейцарыя: краіна такая ёсць, а мовы швейцарскай няма. На захадзе гэтай рэспублікі гавораць па-французску, на поўдні – па-італьянску, а ў большасці кантонаў (адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых краінах) – па-нямецку, прычым у кожным “нямецкім” кантоне свой дыялект.
Няма, як вядома, і амерыканскай мовы. Дзяржаўнай мовай 16 краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі з’яўляецца іспанская мова. Дзве буйнейшыя дзяржавы Новага Свету (ЗША і Бразілія) – англа- і партугаламоўныя. Ні адна з краін Амерыкі не карыстаецца сваёй спрадвечнай мовай. Індыя з яе надзвычай багатай культурай і вялікімі традыцыямі назвала англійскую мову адной з дзяржаўных.
Рад краін нават не мае сваёй спрадвечнай мовы. Няма мовы бельгійскай: у Фландрыі гавораць на фламандскай, а ў Валоніі – на французскай мове. У Аўстрыі карыстаюцца нямецкай мовай, у Люксембургу – нямецкай і французскай.
Цікавае становішча склалася ў былой шматнацыянальнай Югаславіі, дзе Сербія, Харвація, Боснія, Герцагавіна і Чарнагорыя карыстаюцца адной мовай – сербахарвацкай.

Зразумела, што зберажэнне сваёй спрадвечнай мовы і спрадвечнай культуры – факт пазітыўны, але ў рэальнай гісторыі чалавецтва ён хутчэй выключэнне, чым правіла.

Прычыны і матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі:
Народы свету знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва этнасы суседнія, якія часта маюць адну тэрыторыю пражывання або знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі (атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і г.д.).

Не з’яўляецца выключэннем і Рэспубліка Беларусь, таму што яна таксама ўяўляе сабой шматнацыянальную дзяржаву з шырока распаўсюджаным двухмоўем (білінгвізмам).
Значная частка насельніцтва тэрыторыі Беларусі карыстаецца дзвюма мовамі. Двухмоўе ў нашай краіне з’яўляецца дзяржаўным, паколькі статус афіцыйнай ці дзяржаўнай выконваюць дзве мовы: руская і беларуская.

Білінгвізм на тэрыторыі Беларусі
Білінгвізм на тэрыторыі Беларусі ўзнік даўно. Ужо ў перыяд ВКЛ існавала беларуска-царкоўнаславянскае двухмоўе. З пашырэннем польскай мовы ў краіне пачало складвацца беларуска-польскае двухмоўе. Калі ж беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, шырока развіваецца беларуска-рускае двухмоўе. Такім чынам, моўная сітуацыя на Беларусі ў пэўныя гістарычныя перыяды характарызавалася як шматмоўная.
Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе.

Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Нацыянальнае беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена:
 індывідуальным беларуска-рускім двухмоўем, калі побач з роднай беларускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае і рускую мову;
 руска-беларускім двухмоўем, калі побач з рускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае беларускую мову;
 індывідуальным беларускім аднамоўем ці індывідуальным рускім аднамоўем.

Побач з беларуска-рускім двухмоўем на тэрыторыі Беларусі ў месцах сумеснага пражывання беларусаў з палякамі, літоўцамі, латышамі, украінцамі існуе беларуска-польскае, беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае, беларуска-ўкраінскае двухмоўе. Для небеларускага насельніцтва яно мае характар польска-беларускага, літоўска-беларускага, латышска-беларускага і г. д. Паколькі ў гэтых раёнах функцыянуе і руская мова, можна гаварыць, напрыклад, пра мясцовае беларуска-польска-рускае і г.д. шматмоўе.
Сёння і беларуская, і руская мовы выкарыстоўваюцца ў большасці важнейшых сфер, аднак у колькасных адносінах пераважае ўсё ж руская. Такое становішча ахарактарызаваў у свой час В. фон Гумбальт, які зазначыў, што “мова народа ёсць яго дух, а дух народа ёсць яго мова, і цяжка ўявіць сабе што-небудзь больш тоеснае”. Мова з’яўляецца галоўнай адзнакаю і сімвалам нацыі. Яна – генетычны код нацыі, яна яднае мінулае з сучасным, праграмуе будучыню і забяспечвае быццё нацыі ў вечнасці.

2. Паняцце моўнай інтэрферэнцыі. Віды інтэрферэнцыі (фанетычная, акцэнтная, лексічная, марфалагічная, сінтаксічная, словаўтваральная)
Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя – з’ява даволі распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы: фанетыку, акцэнтуацыю, лексіку, марфалогію, сінтаксіс. Вылучаюць наступныя віды інтэрферэнцыі:
- фанетычная інтэрферэнцыя – звязана з пранікненнем спецыфічных фанетычных рыс з адной мовы ў другую вядзе, калі, напрыклад, у рускай мове білінгва сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, зацвярдзелыя [р] і [ч] на месцы этымалагічна мяккіх [р'] і [ч'], фрыкатыўны [г] на месцы выбухнога [г] у рускай мове, [дз'] і [ц'] на месцы этымалагічных [д'] і [т'], ярка выражанае аканне і інш.: эксперыментальный, таму шта, нацюрморт і інш.;
- акцэнтная інтэрферэнцыя – звязана з разыходжаннямі ў націску ў рускіх і беларускіх лексемах, калі двухмоўны індывід размаўляе, напрыклад, на беларускай мове, а выкарыстоўвае націск рускай мовы: за борт (рус.) (замест за борт (бел.)), гліняны (рус.) (замест гліняны (бел.)), адзінаццаць (рус.) (замест адзінаццаць (бел.)), спіна (рус.) (замест спіна (бел.)), пасла́нец (рус.) (замест паслане́ц (бел.)), крапі́ва (рус.) (замест крапіва́ (бел.));
- лексічная інтэрферэнцыя – выклікана наяўнасцю разыходжанняў або частковага падабенства ва ўласналексемным і семантычным аспектах беларускай і рускай моў, калі білінгв, напрыклад, у беларускай мове ўжывае выразы тыпу васкрасенне (бел. нядзеля), нядзеля (бел. тыдзень), благадару (бел. дзякуй), перабароў жах (бел. пераадолеў), т.е., скора будзе, балеў (бел. хварэў), слушала ў навасцях, у кавычках (бел. у двукоссі), напрымер, у том, вумны, пагэтаму (бел. таму), ссора (бел. сварка), дажэ, тожа, таргоўля (бел. гандаль), праізводства (бел. вытворчасць), панімаць — руска-беларуская лексічная інтэрферэнцыі; ці калі білінгв у рускай мове ўжывае выразы тыпу Сегодня сильная завея (рус. метель) – беларуска-руская інтэрферэнцыя.
- словаўтваральная інтэрферэнцыя – прычынай існавання якой з’яўляецца несупадзенне словаўтваральных фармантаў аднакаранёвых беларускіх і рускіх слоў (напрыклад, ужыванне ў беларускім маўленні дзеясловаў з суфіксамі -ір- (-ава-), утварэнне назоўнікаў па рускіх мадэлях пры дапамозе суфіксаў -цель-, -ш-(а), -асць- і інш.: вымакшы (бел. вымаклы), ахрыпшы (ахрыплы), кантраліраваць (кантраляваць)); ці ў рускім маўленні такімі інтэрферэмамі з’яўляюцца безлюдность (рус. безлюдие), атлетичный (атлетический), вишняк (вишенник), по-человечьи (по-человечески).
- марфалагічная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў граматычным афармленні рускіх і беларускіх лексем. Гэта разыходжанні ў родзе, ліку, склоне назоўнікаў, ва ўтварэнні формаў вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, у родавых і склонавых формах лічэбнікаў, адметнасці ўтварэння дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў.
Напрыклад, білінгв, гаворачы па-руску, можа няправільна ўжываць родавыя формы назоўнікаў (золотой медаль замест золотая медаль (у рус. м. – ж.р.), порванный шинель замест порванная шинель), канчаткі назоўнікаў мн. ліку (озёры замест озёра, окны замест окна) і г.д.
у бел. мове медаль, боль, сабака — м. р., а гусь, зала — ж.р.

- сінтаксічная інтэрферэнцыя — гэта адхіленні ў будове словазлучэнняў, простых і складаных сказаў. Напрыклад, калі пры карыстанні рускай мовай білінгв уводзіць у яе сінтаксічныя канструкцыі беларускай мовы, напрыклад, дочкина сумка замест сумка дочери, сынов костюм замест костюм сына, смеяться с него замест смеяться над ним і г. д.

Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць памылак пры маўленні ў той ці іншай мове. Аднак яны, як правіла, не ўплываюць на працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць, пераважна, як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах двухмоўя.

3. Разыходжанні ў граматычным афармленні назоўнікаў у беларускай і рускай мовах
Ва ўмовах масавага беларуска-рускага білінгвізму вельмі важна вызначыць тыя рысы, якімі характарызуецца беларуская мова ў параўнанні з рускай.
Пад марфалагічнай інтэрферэнцыяй разумеюцца факты адхілення ад граматычных норм роднай мовы.
1. Асноўнай прычынай адхіленняў ад нормы пры вызначэнні роду назоўнікаў з’яўляецца ўплыў рускай мовы, чаму спрыяе аднолькавая ці блізкая аформленасць слоў у роднасных мовах: бел. дроб, запіс, медаль, мазоль, накіп, насып, палын, перапіс, подпіс, сабака, стэп, шынель – м.р.; рус. дробь, запись, медаль, мозоль, накипь, насыпь, перепись, собака, степь, шинель – ж.р.; бел. настрой, яблык – м.р.; настроение, яблоко – н.р. і г.д.
2. Адзначаюцца памылкі, абумоўленыя разыходжаннем у лікавай прыналежнасці асобных назоўнікаў у беларускай і рускай мовах, напрыклад: назоўнікі дзверы, каноплі, крупы ў беларускай мове не маюць формы адз. л., а ў рускай мове адны (конопля, крупа) маюць форму толькі адз.л., другія (дверь) – і адз.л., і мн.л.; у беларускай мове чарніла, бяліла – адз.л., у рускай мове чернила, белила – мн.л.
– да 1-га скланення належаць назоўнікі ж.р. на -а і некаторыя назоўнікі м.р. на -а;
– да 2-га — назоўнікі м.р. з нулявым канчаткам [Ø] і назоўнікі н.р. на -о (а), е;
– да 3-га ― назоўнікі ж.р. з нулявым канчаткам [Ø].
3. Назоўнікі 2-га скл. ў Д. скл. і М. скл. адз. л. і назоўнікі 1-га скл. ў М. скл. адз. л. маюць пасля мяккіх асноў маюць канчатак -і: зямлі, пожні, у зямлі, на трамваі (рус. земле, в земле, на трамвае). У адзначаных склонах гэтай жа групы назоўнікаў з асновай на заднеязычныя, калі націск падае не на канчатак, гукі [г],[к],[х] чаргуюцца са свісцячымі [з], [ц], [с]: кні́га – кнізе, экано́міка – эканоміцы, эпо́ха – эпосе (рус. книге, экономике, эпохе).
4. Назоўнікі м.р. на –а (-я) (з націскам на аснове) у Т. скл. адз.л. маюць канчатак -ам(-ем): са старастам, з дзядзькам, з Колем, з Сярожам, а ў Д. і М. скл. адз.л. канчатак
-у(-ю): аб Васілю, дзядзьку, дацэнту (рус. со старостой, с дядей, с Колей, с Серёжей, о Василие, о дяде).
5. У Н. скл. мн.л. назоўнікі 2-га скл. маюць канчаткі -ы, -і: палі, лясы, гарады, азёры, вокны (рус. поля, леса, города, озёра, окна).
6. Адсутнасць чаргаванняў на канцы асноў назоўнікаў 2-га скл. ў адз.л. і мн.л.: брат – браты, сын – сыны. Параўн. рус.: брат – братья, сын – сыновья.
7. Наяўнасць у назоўніках ж.р. і н.р. ў Р. скл. мн.л. канчаткаў –аў (-яў): брытваў, кафедраў, сенажацяў, постацяў, палёў (рус.: бритв, кафедр, сенокосов, фигур, полей).

4. Разыходжанні ў граматычным афармленні прыметнікаў, лічэбнікаў, дзеясловаў у беларускай і рускай мовах
1. Адсутнасць й у формах Н. скл. адз.л. прыметнікаў і слоў, якія скланяюцца, як прыметнікі: сіні, вялікі, напісаны, некаторы, самы, шосты (рус.: синий, большой, написанный, некоторый, самый, шестой).
2. Утварэнне формы вышэйшай ступені параўнання якасных прыметнікаў з дапамогай суфіксаў -эйш(-ейш), -ш: вышэйшы, важнейшы, слабейшы, большы (рус.: выше, важнее, слабее, больше).
3. Непрадуктыўнасць кароткіх формаў прыметнікаў і абмежаванае ўжыванне кароткіх дзеепрыметнікаў, адсутнасць зваротных дзеепрыметнікаў. Параўн.: план выполнен – план выкананы; весел — вясёлы, тонок — тонкі. Рус. “занимающийся”, “изменившийся” ў беларускай мове адпавядае “які займаецца”, “які змяніўся”.
4. Чаргаванне заднеязычных г, к з шыпячымі ж, ч пры спражэнні дзеясловаў загаднага ладу: лягу – ляж – ляжце, пяку – пячы – пячыце (рус.: лягу – ляг – лягте, пеку – пеки – пеките).
5. Сярод розных формаў дзеясловаў таксама існуюць некаторыя несупадзенні ў канчатках, якія могуць прывесці да марфалагічнай інтэрферэнцыі: бел. чытае, рашаюць, з’яўляецца; рус. читает, решают, является.
6. Беларускія зваротныя дзеясловы заканчваюцца толькі на -ся: бел. сабраліся,памыліся; рус. собрались, умылись.
7. Сярод лічэбнікаў назіраецца несупадзенне ў родавых формах: два, две (рус.) – два, дзве (бел.), оба, обе (рус.) – абодва, абедзве (бел.).
8. Існуюць адрозненні сярод склонавых формаў лічэбнікаў: Н.скл. дзевяноста (бел.) – девяносто (рус.); Н.скл., В.скл. дзвесце (бел.) – двести (рус.); Т.скл. трыма, двума (дзвюма) (бел.) – тремя, двумя (рус.)
9. Парадкавыя лічэбнікі ў бел. мове ў форме Н.скл. адз.л. м.р. маюць канчаткі -ы, -і, а ў рускай мове ў адпаведнай форме – -ый, -ий, -ой: першы, шосты (бел.) – первый, шестой (рус.).
10. Ёсць несупадзенне і ў канчатках склонавых форм некаторых дробавых лічэбнікаў: Н.скл. дзве сёмыя (бел.) – две седьмых (рус.). Разыходжанні такога тыпу назіраюцца сярод дробавых лічэбнікаў, якія ў лічніку маюць лічэбнікі два, тры, чатыры.

5. Асаблівасці ўтварэння займеннікаў, дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў
1. У формах м.р. і н.р. займеннікаў мой, твой, свой, чый у Р. і Д. склонах адзіночнага ліку адсутнічае літара е ў канчатках: майму, твайму, свайму, майго, твайго, свайго.
2. Дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў -учы(-ючы), -ачы(-ячы) ад асноў любога дзеяслова цяперашняга часу: лятаючы, аплочваючы, забягаючы, просячы (рус.: летая, оплачивая, забегая, прося).
3. Дзеепрыметнікі ў бел. мове ў форме Н.скл. адз.л. м.р. маюць канчатак –ы, у рускай мове ў той жа форме — -ый: бел. напісаны, створаны; рус. написанный, созданный.
4. У сістэме беларускіх дзеепрыметнікаў адсутнічаюць зваротныя формы: бел. якія развіваюцца, якія імкнуцца; рус. развивающиеся, стремящиеся.
5. Форма дзеепрыметнікаў Н.скл. мн.л. у рус. мове ўтвараецца з дапамогай канчаткаў -ые, -ие, у бел. мове — -ыя, -ія: бел. прыведзеныя, загнутыя; рус. приведенные, загнутые.
6. Пры перакладзе на беларускую мову дзеепрыметнікаў з нехарактэрнымі суфіксамі мэтазгодна замяняць іх: дзеепрыметнікамі з іншымі суфіксамі, аднакаранёвымі дзеясловамі, назоўнікамі, даданымі азначальнымі сказамі.

Сярод астатніх часцін мовы разыходжанні ў напісанні і ўтварэнні іх формаў нязначныя або выразна бачныя. Такія разыходжанні ,як правіла, не ўплываюць на напісанне і вымаўленне пры выкарыстанні іншай (рускай/беларускай) мовы.

ГЛАСАРЫЙ
Двухмоўе – практыка папераменнага карыстання дзвюма мовамі.
“Білінгвізм (ад лац. bi – «двойчы» і lingua – «мова») — 1) гэта суіснаванне ў чалавека ці ва ўсяго народа дзвюх моў, звычайна першай – роднай, і другой – набытай”; 2) функцыянаванне дзвюх моў на адной тэрыторыі, у адным этнічным асяродку.
Інтэрферэнцыя – гэта адхіленне ад нормаў у мовах, якія кантактуюць. Парушэнне нормаў звязана з тым, што пры маўленні на адной мове ўжываюцца элементы другой.
Фанетычная інтэрферэнцыя – пранікненне спецыфічных фанетычных рыс з адной мовы ў другую.
Акцэнтная інтэрферэнцыя – інтэрферэнцыя, якая звязана з разыходжаннямі ў націску ў рускіх і беларускіх лексемах.
Лексічная інтэрферэнцыя – інтэрферэнцыя, якая выклікана наяўнасцю разыходжанняў або частковага падабенства ва ўласналексемным і семантычным аспектах беларускай і рускай моў.
Словаўтваральная інтэрферэнцыя – несупадзенне словаўтваральных фармантаў аднакаранёвых беларускіх і рускіх слоў.
Марфалагічная інтэрферэнцыя – від інтэрферэнцыі, які звязаны з разыходжаннямі ў граматычным афармленні рускіх і беларускіх лексем.
Сінтаксічная інтэрферэнцыя – гэта адхіленні ў будове словазлучэнняў, простых і складаных сказаў. 



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии