Навуковы стыль

Навуковы стыль

1. Кампазіцыйна-структурная арганізацыя навуковых тэкстаў.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

Марфалагічныя асаблівасці

Галоўная марфалагічная асаблівасцю навуковага стылю — іменны характар выкладу. Назоўнікі і прыметнікі складаюць ½ усіх словаўжыванняў у навуковым тэксце.
Высокі працэнт назоўнікаў абумоўлены тым, што навука перш за ўсё разглядае і тлумачыць сутнасць рэчаў, прадметаў і з’яў, якія абазначаюцца назоўнікамі.
Параўнальна вялікая колькасць прыметнікаў тлумачыцца задачамі апісання характарыстык разглядаемых аб’ектаў.
У навуковай літаратуры можна сустрэць амаль усе часціны мовы са сваімі характэрнымі асаблівасцямі ўжывання. Самымі частотнымі ў навуковых тэкстах з’яўляюцца назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы і дзеепрыметнікі, ужыванне якіх мае пэўную абумоўленасць і носіць своеасаблівы характар.

Назоўнікі:
• аддзеяслоўныя назоўнікі з суфіксамі -нн-, -енн- (-энн-), -анн-, -к: адлюстраванне, вылучэнне, абавязанне, абскарджанне, адкліканне (суддзяў), злоўжыванне, рэгуляванне, галасаванне, узбуджэнне (крымінальнай справы), асуджэнне, стаўка (вочная), наладка;
• назоўнікі, утвораныя ад уласных імёнаў: ампер, джоўль, ом, нобелій, кюрый і інш.;
• назоўнікі ў форме Р.скл., звязаныя шляхам “нанізвання”: метады атрымання выніку; працэсы абстрагавання розных ступеняў; у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі знаходзілася ўдакладненне стратэгіі рэалізацыі якасці адукацыі і інш.;
• рэчыўныя назоўнікі ў форме мн.л.: газы, солі, смолы, окіслы, пары, металы і інш.

Прыметнікі:
• прыметнікі ў складзе ўстойлівых тэрміналагічных спалучэнняў: праекцыйны апарат, амплітуднае размеркаванне, бінарнае поле, машынныя аперацыі, адказнасць дысцыплінарная (крымінальная, матэрыяльная, юрыдычная, долевая), бэджэтнае права, валютнае заканадаўства, гаспадарчае права і інш.;
• якасныя прыметнікі (як правіла, без ступеняў параўнання): вялікая калорыя, малая, але – найпрасцейшы закон, найбольшы агульны дзельнік;
• прыметнікі, утвораныя ад уласных імёнаў, якія ўваходзяць у склад тэрміналагічных словазлучэнняў-паняццяў: дыяфантавы ўраўненні, алгебра булева, алгебра булахава і інш.;
• складаныя прыметнікі (часцей тэрміны): вектарна-матрычны, квазілінейны, клінаграфічны;
• субстантываваныя прыметнікі ў форме адз.л. і мн.л.: прамая, крывая, датыкальная, аднаклетачныя і інш.

Дзеясловы:
• дзеясловы ў форме 3-й асобы ц.ч.: адрозніваюць выразы, захоўваецца інфармацыя, абазначаюць пераменныя і інш.;
• дзеясловы ў форме б.ч. абвес.ладу (абазначаюць дзеянне як рэальны факт, сцвярджаючы ці адмаўляючы яго наяўнасць у цяпер., прошл., будуч. часе) (са значэннем пазачасавасці і для надання рыс дыялагічнасці): выпішам ураўненне, дакажам тэарэму, зробім разлік і інш.;
• дзеясловы-інфінітывы ў спалучэнні з мадальнымі і іншымі словамі (са значэннем неабходнасці, як сродак вырашэння рэкамендацыі): трэба адзначыць, неабходна размяжоўваць, варта звярнуць увагу і інш.;
• зваротныя дзеясловы, характэрныя для ўласна навукова падстылю (тэхнічныя навукі), дзе яны падкрэсліваюць значэнне пастаянства: думаецца, лічыцца, уяўляецца.
запісваецца
інфармацыя счытваецца
перадаецца
• пры перакладзе на беларускую мову дзеяслоўныя суфіксы -ірава-, -ырава-, характэрныя для іншамоўных дзеясловаў (лідзіраваць, суміраваць, эмігрыраваць), у большасці выпадкаў замяняюцца суфіксамі -ава-, -ява-: дэфармаваць, дыстыляваць, фатаграфаваць.


Дзеепрыметнікі:
• дзеепрыметнікі п.ч. з суфіксамі -ўш-, -ш-, -л-, -н-, -ен-, -т-, -ан-: напісаныя, вылітыя, прарослыя, пасінеўшыя і інш., а таксама ў складзе тэрміналагічных словазлучэнняў: лінія разамкнутая, вышыня апушчаная і інш.;
• дзеепрыметнікі ц.ч. з неўласцівымі беларускай мове суфіксамі -уч-, -юч-, -ач-, -яч-, -ем-, -ім-, якія ўваходзяць у склад тэрмінаў ці ўстойлівых спалучэнняў: азаціруючая атмасфера, цякучы стан, разглядаемы вопыт, кантралюемы тавар і інш.
• субстантываваныя дзеепрыметнікі ў форме адз.л. ці мн.л.: нахіленая, ламаная, пераменныя і інш.
• дзеепрыметнікі залежнага стану п.ч.: выяўлена, даказана, знойдзена;
• пры перакладзе з рускай мовы на беларускую дзеепрыметнікі з неўласцівымі для беларускай мовы суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-) лепш замяняць:
- даданым сказам: делящийся – які дзеліцца; представляющий – які выяўляе;
- назоўнікам: считывающее устройство – прыстасаванне для счытвання, управляющий – кіраўнік;
- прыметнікам: предшествующий – папярэдні.
Займеннікі:
• замест займенніка я выкарыстоўваецца пашыранае ўжыванне займенніка мы, так званае «аўтарскае мы», «мы – сукупнасці»:
Як мы разгледзілі вышэй, розніца ў электраправоднасці дзвюх груп матэрыялаў будзе залежаць ад іх унутранай структуры.

Прыслоўі, злучнікі, прыназоўнікі:
• ужыванне прыслоўяў тыпу спачатку, затым, пасля, потым, якія вызначаюць паслядоўнасць і лагічнасць выказвання.
• вытворных састаўных злучнікаў у СЗС (паходзяць з іншых часцін мовы) (таму што, у сувязі з тым, што, нягледзячы на тое, што, для таго каб, з тым каб, з прычыны таго);
• паясняльных злучнікаў (значыць, гэта значыць, а менавіта);
• ужыванне адыменных (утвораных ад назоўнікаў ва ўскос. склонах з невытворнымі прыназоўнікамі або без іх) прыназоўнікаў у выніку (прычынныя адносіны), з мэтай (адносіны мэты).

Сінтаксічныя асаблівасці

Спецыфіка навуковага выкладу шырока прадстаўлена разнастайнасцю сінтаксічных канструкцый, якія падзяляюцца:
Па мэце выказвання:
• пераважнае ўжыванне апавядальных сказаў (з мэтай перадачы інфармацыі ў сцвярджальным ці адмоўным сэнсе);
• абмежаванае ўжыванне клічных сказаў (са значэннем «звярні ўвагу!»);
• шырокае ўжыванне пабуджальных сказаў (з мэтай запрашэння да сумесных дзеянняў або разважанняў): Дакажам гэту тэарэму. Выведзем гэту формулу, карыстаючыся атрыманымі раней разлікамі.
• абмежаванае ўжыванне пытальных сказаў, часцей у канструкцыі – “пытанне – адказ” ці рытарычных пытанняў (з мэтай канцэнтрацыі ўвагі і папулярызацыі тэксту): Ці змаглі б тады малекулы розных рэчываў перамешвацца? Зразумела, не.

Па складзе:
• найбольш характэрнымі з’яўляюцца аднасастаўныя, асабліва няпэўна-асабовыя (Кісларод атрымліваюць, вапарваючы вадкае паветра) і безасабовыя сказы (Было б зусім няправільна лічыць, што...).
• двухсастаўныя, развітыя сказы, ускладненыя аднароднымі і адасобленымі членамі (з мэтай класіфікацыі ці сістэматызацыі з’яў, прадметаў і інш.):
 аднародныя члены могуць звязвацца: бяззлучнікавай сувяззю, пры дапамозе злучнікаў і, а, але, ды, не толькі – але і, а таксама з выкарыстаннем абагульняльнага слова:
Камп’ютары бываюць не толькі настольныя (дэсктоп), мініяцюрныя (ноўтбук), кішэнныя, але і вельмі вялікія, звышхуткасныя і звышмоцныя (рабочыя станцыі).
Састаўныя выказванні атрымліваюцца з элементарных з дапамогай лагічных аперацый: адмоўя, кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі.
 адасобленыя члены сказа могуць быць выражаны:
1) азначэннем – дзеепрыметнікавым зваротам:
Такія часціцы павінны валодаць значнай энергіяй пераадольвання энергетычнага бар’ера, утворанага паміж іх электроннымі абалонкамі.
2) акалічнасцямі – дзеепрыслоўнымі зваротамі ці дзеепрыслоўямі:
Выкарыстоўваючы аўтаматычныя сістэмы назапашвання і пошуку інфармацыі, можна адшукваць, аналізаваць і распаўсюджваць патрэбную інфармацыю амаль імгненна.
3) дапаўненнем – назоўнікам з прыназоўнікамі (са значэннем уключальнасці, выключальнасці або замяшчальнасці): акрамя, уключаючы, за выключэннем, замест:
Акрамя прыбораў, вырабленых на крышталічных паўправаднiках, iснуюць прыборы на аморфных, так званых некрышталiчных паўправаднiках.
4) далучальнымі словамі і выразамі, якія перадаюць дадатковыя заўвагі, звесткі, тлумачэнні і пачынаюцца словамі: напрыклад, у прыватнасцi, прычым, асаблiва, у тым лiку i iнш.:
Акрамя рашэння задачы, камп’ютар выконвае разнастайныя функцыі, у прыватнасці: кiраванне iнтэрпрэтацыяй каманд, апрацоўку i захоўванне iнфармацыi.
5) пабочнымi i ўстаўнымi канструкцыямi, якiя ўказваюць крынiцу паведамлення, упэўненасць, парадак афармлення думак, тлумачэнне i iнш. i служаць для сувязi частак сказа цi сказаў (паводле меркаванняў; як лічыць даследчык; агульнапрынята, што; як сведчыць; па-першае; па-другое; як указвае; на думку; аўтар лічыць):
На думку экспертаў, сёння лiк камп’ютарных вiрусаў дасягнуў ужо 20 тысяч, але рэальна цыркулююць толькi 260.
Такiм чынам, iнфармацыя, запiсаная на дыску, размяшчаецца канцэнтрычнымi кругамi на яго паверхнi.
Навуковым тэкстам не ўласцівы сказы з пабочнымі словамі, якія выражаюць эмацыянальную ацэнку выказвання ці яго экспрэсіўны характар тыпу на жаль, здаецца, прынамсі, кажуць і пад.
6) параўнальна-раўназалежнымi зваротамi (якія падкрэсліваюць адпаведнасць, тоеснасць паміж прадметамі, з'явамі на аснове іх прымет або абставін, пры якіх адбываецца дзеянне):
Над лiкавымi роўнасцямi, як i над любымi iншымi выказваннямi, можна выконваць вядомыя лагiчныя аперацыi.
Не ўжываюцца вобразныя параўнальныя звароты: Аднекулъ апусціўся кляновы ліст, чырвоны, як гусіная лапка. Наперадзе пачулася песня, ціхая, нясмелая, як ласкавы подых ветру ў спякотны летні дзень.

3. Кампазіцыйна-структурная арганізацыя навуковых тэкстаў

Структурнай адзінкай навуковай літаратуры, дзе адлюстроўваюцца яе характэрныя асаблівасці і адметныя рысы, з’яўляецца навуковы тэкст.
Тэкст ( лац. textus – тканіна, сувязь, будова) – гэта напісанае, надрукаванае або вуснае паведамленне з сэнсавай і структурнай завершанасцю, яго можна ўзнавіць, паўтарыць у тым самым выглядзе.
Аснову будовы тэкстаў складае мінімальная сэнсава закончаная адзінка – сказ. Паколькі навуковы тэкст звязаны з адлюстраваннем разумовай дзейнасці чалавека, то часцей за ўсё аўтарамі выкарыстоўваюцца складаныя сказы з разнастайнымі мэтавымі, прычынна-выніковымі, умоўна-выніковымі і іншымі адносінамі.
Выкарыстанне ж простых сказаў апраўдваецца пэўнымі камунікатыўнымі задачамі: на фоне складаных сінтаксічных канструкцый просты сказ уражвае сваёй нечаканасцю і гэтым самым патрабуе дадатковай увагі да пэўных частак тэксту. Звычайна гэта бывае фармуліроўка выніку пэўнага доследу, эксперыменту і інш., якой падкрэсліваецца бясспрэчнасць.

Дзеянне аднаго цела на другое можа адбывацца двума рознымі спосабамі: або пры дапамозе пераносу рэчыва ад крыніцы да прыёмніка, або пры дапамозе змянення стану асяроддзя паміж целамі (без пераносу рэчыва). Можна, напрыклад, прымусіць зазвінець званочак, які знаходзіцца на некаторай адлегласці, удала трапіўшы ў яго шарыкам. Тут мы маем справу з пераносам рэчыва. Але можна зрабіць інакш: прывязаць шнур да языка званочка і прымусіць званочак гучаць, пасылаючы па шнуры хвалі, што разгойдваюць яго язык. У гэтым выпадку пераносу рэчыва не будзе. Па шнуры́ распаўсюджваецца хваля, г. зн. адбываецца змяненне стану (формы) шнура́. Такім чынам, перадача дзеяння аднаго цела да другога можа адбывацца з дапамогай хваль.

Кампазіцыйна-структурная арганізацыя па тэматычным прынцыпе

Тэкст падзяляецца на наступныя кампаненты: тэма – падтэма – мікратэма.
Тэма – гэта сутнасць выказвання, яго сэнсавае ядро, асноўная думка тэксту, якая падказваецца сітуацыяй і кантэкстам. Тэкст заўсёды мае адну тэму, якая ў сваю чаргу складаецца з некалькіх асобных падтэм (асноўныя пытанні тэмы), якія, у сваю чаргу, могуць дзяліцца на больш дробныя — мікратэмы.
Сказы, аб’яднаныя падтэмай, утвараюць частку тэксту, якая ўключае адзін ці некалькі абзацаў – галоўных кампазіцыйна-структурных адзінак тэксту. Класічнай формай абзаца лічыцца абзац, які ў першым сказе змяшчае фармулёўку тэмы, у наступных сказах – яе развіццё, а ў апошніх – вынік. Але часта можна сустрэць абзацы без апошніх сказаў-вынікаў.
У простым сказе заўсёды можна выдзеліць дзве часткі: тэму і рэму. Тэма — адпраўны пункт выказвання. нешта ўжо вядомае чытачу або тое, што падказваецца сітуацыяй ці кантэкстам. Рэма — новае, невядомае ў выказванні. Падзел выказвання на тэму і рэму называецца актуальным чляненнем сказа.
Тэмы выказвання змацоўваюць, злучаюць часткі тэксту, а рэмы нясуць асноўную камунікатыўную мэту выказвання — перадаюць новую інфармацыю. Тэма звычайна бывае аднаслоўнай, а рэма можа выражацца словазлучэннем ці ўсёй групай выказніка. Выказванне не можа быць без рэмы, тады як тэма ў ім неабавязковая. Напрыклад: Малекулы (Т) рухаюцца не толькі паступальна, але могуць вярцецца (Р). Хаатычны рух малекул (атамаў, іонаў) (Т) называецца цеплавым (Р).
Кампазіцыйна-структурная арганізацыя
з пункту гледжання спосабаў выкладання інфармацыі
(апісанне, апавяданне, разважанне, доказ)

У залежнасці ад спосабаў выкладу інфармацыі адрозніваюць тры тыпы тэкстаў: апавяданне, апісанне і разважанне. Для мовы матэматыкі характэрны спецыфічны тып тэксту – доказ.
Тэкст-апавяданне не характэрны для навуковай літаратуры. У большай ступені ён характэрны для мастацкай літаратуры, асабліва пры перадачы падзей, дзеянняў, якія адбываюцца паслядоўна, маюць пачатак, развіццё і заканчэнне.
Зрэдку элементы апавядання можна сустрэць у навукова-папулярных і навукова-вучэбных тэкстах. Тэксты такога тыпу прэзентаваны ў выглядзе гісторыі развіцця пэўнай навуковай з’явы, бібліяграфічных дадзеных, тэкстаў аб гісторыі навуковых адкрыццяў ці вывучэння якой-небудзь праблемы або ў выглядзе тэкстаў з паслядоўнай зменай этапаў, стадый якой-небудзь з’явы, паслядоўнасці работы механізмаў і інш.

Для навуковай літаратуры больш характэрны тэксты тыпу апісання, разважання.
Апісанне перадае прыкметы прадметаў, дзеянняў, стану ў пэўнай паслядоўнасці і часта выкарыстоўваецца пры характарыстыцы працэсаў, доследаў, эксперыментаў. Апісанне можа быць аб’ектыўным (звязаным са знешнімі ўмовамі, незалежна ад чыёй-н. волі) ( у тэкстах навуковага і афіцыйна-справавога стыляў) і суб’ектыўным (уласцівы толькі гэтаму суб’екту, асобе ,светапогляд асобнага суб’екта) ( у тэкстах мастацкай літаратуры).
У залежнасці ад характару аб’екта апісання адрозніваюць апісанне прадмета і апісанне дзеяння (працэс, дослед, эксперымент).
Пры апісанні прадмета даецца яго агульная характарыстыка (напрыклад, велічыня, колер, форма), пасля апісваюцца яго структурныя элементы (ад больш важнага да менш важнага).
Пры апісанні дзеяння (працэс, дослед, эксперымент) фіксуюцца ў часавай паслядоўнасці ўсе асноўныя іх фазы, г. зн. паслядоўнасць сказаў адпавядае паслядоўнасці дзеянняў. Адсюль вынікае, што навуковае апісанне ў адрозненне ад мастацкага павінна быць аб’ектыўным.

Разважанне – гэта тып тэксту, у якім аналіз пэўных пытанняў, праблем грунтуецца на лагічнасці і аргументаванасці, г. зн. палажэнні, што вынікаюць пры разглядзе пэўных праблем, параўноўваюцца адно з адным, затым групуюцца ў лагічную паслядоўнасць, на аснове якой робяцца пэўныя заключэнні, вывады. Таму тэксты ў форме разважання ў сваёй структуры маюць тры часткі: гіпотэзы, доказы-аргументы, вывады.

У матэматычнай літаратуры (алгебры, геаметрыі) разважанне часта будуецца па схеме: аксіёма (тое, што не патрабуе доказу) – доказ аўтара – фармуліроўка вывадаў, агульнага закону для чытача (аксіёма → доказ → вывады). Такія тыпы тэкстаў часта называюць доказам (выкарыстоўваецца пры разглядзе тэарэм і ўраўненняў).

Часта ў тэкстах дакладных навук можна сустрэць або толькі разважанне (матэматыка), або толькі апісанне (фізіка, хімія), аднак больш пашыранымі формамі перадачы інфармацыі з’яўляюцца тэксты тыпу “апісанне-разважанне”.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии