БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » Беларуская мова » Жанры навуковай літаратуры

Жанры навуковай літаратуры

Жанры навуковай літаратуры

1. Жанры навуковай літаратуры.
2. Кампазіцыйна-змястоўная і лінгвістычная арганізацыя анатацыі. Віды анатацый.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Жанры навуковай літаратуры
Жанр — форма арганізацыі моўнага матэрыялу ў межах таго або іншага стылю.
У жанравых адносінах навуковая мова з’яўляецца адной з найбольш багатых. Жанравая разнастайнасць навуковага стылю абумоўлена, перш за ўсё, наяўнасцю 3 падстыляў (уласна навуковага, навукова-папулярнага, навукова-вучэбнага) і вялікага мноства тыпаў навуковых тэкстаў.

СІСТЭМА ЖАНРАЎ НАВУКОВАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Асноўнымі жанрамі навуковай літаратуры, з якімі часта сустракаюцца студэнты, з’яўляюцца даклад, рэферат, канспект, тэзісы, анатацыя.
Гэтыя жанры навуковых тэкстаў аб’яднаны агульнымі ўласцівасцямі: з’яўляюцца другаснымі жанрамі (складаюцца на аснове ўжо існуючых апорных тэкстаў, часцей за ўсё арыгінальных, першасных).

Асноўным працэсам перапрацоўкі тэкстаў-арыгіналаў з’яўляецца:
КАМПРЭСІЯ (лац. – сцісканне, скарачэнне, згортванне) — змяншэнне аб’ёму інфармацыі за кошт пропуску падрабязнасцей і абагульнення інфармацыйнага матэрыялу.

Кожны з жанраў побач з агульнымі стылёвымі рысамі мае і свае індывідуальныя асаблівасці.
Манаграфія — навуковы твор, што даследуе адно якое-н. пытанне, асвятляе адну тэму; аўтар ставіць сваёй мэтай глыбока даследаваць пэўнае пытанне, тэму.
Дысертацыя — навуковая работа, якая публічна абараняецца яе аўтарам на пасяджэнні спецыяльнага вучонага савета для атрымання вучонай ступені. Доктарская д.
Даклад — разгорнутае публічнае паведамленне на якую-небудзь тэму.
Водгук — навуковая праца, у якой аўтар дзеліцца сваімі ўражаннямі аб навуковай працы іншага аўтара, пры гэтым не ставіць перад сабой мэты ўсебакова ахарактарызаваць змест і навуковую структуру.
Рэцэнзія — артыкул, у якім даюцца ўсебаковы аналіз і ацэнка навуковага твора.
Навуковы артыкул — сачыненне невялікага памеру ў газеце, часопісе, зборніку, у якім аўтар выкладае вынікі асабістага даследавання. Звычайна кожны артыкул суправаджаецца кароткім рэзюмэ.

Рэзюмэ — кароткія вывады, ці сціснутыя вывады са сказанага; кароткі выклад зместу, сутнасці артыкула, прамовы. Чытач заўсёды спачатку чытае рэзюмэ, пасля чаго вырашае, ці ёсць неабходнасць чытаць увесь тэкст артыкула.
Як складаецца рэзюмэ: даследчык звычайна пасля прачытання артыкула па сваёй спецыяльнасці прыходзіць да якой-небудзь высновы адносна змешчаных у ім звестак. Гэтая выснова можа быць скарочана запісана за некалькі хвілін.
Выбар моўных сродкаў для пабудовы рэзюмэ падпарадкаваны асноўнай задачы кампрэсіі інфармацыі: мінімум моўных сродкаў — максімум інфармацыі. Таму гэта звычайна 1–3 выразныя, сціслыя, дакладныя сказы, якія раскрываюць, на думку аўтара, самую сутнасць аб'екта, які апісваецца.
Напрыклад:
На аснове вылічэння тыпізаваных адносінаў будуецца вылічэнне функцыянальных структур, прызначаных для апісання гэтых структур і працэсаў, што ў іх адбываюцца. Разглядаюцца магчымасці яго выкарыстання.

Вырашаецца задача сінтэзу мульціМП сістэм з нарастальнай структурай матрычнага камутатара. Прапануемы падыход дазваляе павысіць прапускную здольнасць камутацыйных структур і надзейнасць сістэмы ўвогуле.

Тэзісы (грэч.) - 1) каротка сфармуляваныя асноўныя палажэнні абзаца, даклада і пад.; сцісла сфармуляваныя вывады і абагульненні, якія слухач (чытач) запісвае ў форме цытат або ўласных фармулёвак, што маюць характар сцвярджэння.
У тэзісах раскрываюцца асноўныя палажэнні, ідэі артыкула, кнігі, твора. Яны складаюцца пры паўторным чытанні. Тэкст разбіваецца на часткі, у кожнай з іх вылучаецца галоўнае. Падрыхтаваць тэзісы — значыць запісаць асноўныя думкі тэксту. Звычайна яны нумаруюцца — так лягчэй захаваць логіку аўтарскіх разважанняў.

ПАВОДЛЕ ЗМЕШЧАНАГА Ў ІХ МАТЭРЫЯЛУ І ПАВОДЛЕ ЗМЕСТУ тэзісы могуць быць:
1) першаснымі (арыгінальнымі) — з’яўляюцца сціслым выкладам уласнага даклада, артыкула аўтара;
2) другаснымі — складаюцца на базе першасных тэкстаў, якія належаць іншаму аўтару (падобныя да анатацыі, рэферата ці канспекта).

Кожны тэзіс звычайна падаецца асобным абзацам, асвятляе асобную мікратэму.
Тэзісы маюць дакладна нарматыўную змястоўна-кампазіцыйную структуру, у якой можна вылучыць:
1) прэамбулу — уступная растлумачальная частка міжнарод. пагаднення, закона, інш. прававога акта;
2) асноўнае тэзіснае палажэнне;
3) заключны тэзіс.
Лагічны падзел зместу тэзісаў падкрэсліваецца фармальна ці графічна:
1) фармальнае выражэнне лагічных узаемасувязей паміж тэзісамі можа дасягацца:
 выкарыстаннем слоў па-першае, па-другое і іншых на пачатку кожнага тэзіса;
 выкарыстанне апазіцыйных выразаў тыпу знешнія фактары – унутраныя прычыны.
2) графічна логіка выкладу матэрыялу здзяйсняецца праз нумарацыю тэзісаў.

Уменне правільна фармуляваць тэзісы з’яўляецца паказчыкам узроўню падрыхтаванасці чытача, разумення ім тэмы, ступені авалодання матэрыялам і метадамі самастойнай працы з кнігай.

Рэферат — (ням. referat, лац. referre - дакладваць, паведамляць) – 1) кароткі выклад зместу дакумента або яго часткі, які ўключае асноўныя фактычныя звесткі, вывады, неабходныя для першапачатковага азнаямлення з дакументам і вызначэння мэтазгоднасці звароту да яго; 2) даклад, заснаваны на крытычным аглядзе кніг [Булыка].

Рэферыраванне — гэта інтэлектуальны творчы працэс, які ўключае асэнсаванне тэксту, пераўтварэнне інфармацыі аналітычна-сінтэтычным спосабам і стварэнне новага (другаснага) тэксту.

Гэта адзін з найбольш складаных відаў самастойнай работы. Рэферыраванне вучыць чалавека ўдумліва працаваць з літаратурай, арыентавацца ў ёй, выбіраючы патрэбную інфармацыю.

Класіфікацыя рэфератаў
Крытэрыі класіфікацыі
рэфератаў Віды
рэфератаў Характарыстыка
ПА ПАЎНАЦЕ ВЫКЛАДУ
ЗМЕСТУ
інфарматыўныя (рэфераты-канспекты) Змяшчаюць у абагульненым выглядзе ўсе палажэнні першаснага дакумента + аргументацыю, ілюстрацыйны матэрыял, звесткі аб методыцы даследавання, выкарыстаным абсталяванні, сферы прымянення

індыкатыўныя (указальныя,
рэфераты-рэзюмэ, “рэфератыўная анатацыя”) Змяшчаюць толькі асноўныя палажэнні, якія цесна звязаны з тэмай рэферуемага дакумента; адсутнічае падрабязны выклад вынікаў даследавання; тэкст рэферата складаецца з набору ключавых слоў і словазлучэнняў (займаюць прамежкавае становішча паміж рэфератам і анатацыяй, “падказваюць” чытачу, патрэбна яму звяртацца да першаснага дакумента ці не)
ПА КОЛЬКАСЦІ РЭФЕРАВАНЫХ ПЕРШАКРЫНІЦ
манаграфічныя
Пішуца па адной працы

аглядавыя
Складаюцца на аснове некалькіх прац па адной тэме, што дае магчымасць супастаўлення розных пунктаў гледжання па канкрэтным пытанні
ПА ЧЫТАЦКІМ ПРЫЗНАЧЭННІ агульныя Выкладаюць змест дакумента агульна, у цэлым; разлічаны на шырокае кола чытачоў
спецыялізаваныя Выкладаюць змест, арыентаваны на спецыялістаў пэўнай галіны ведаў
ПА СКЛАДАННІ (КІМ) аўтарскія Аўтарэферат дысертацыі
складзеныя спецыялістамі (прафесіяналамі-рэферэнтамі) Складзеныя спецыялістамі той галіны навукі, да якой адносіцца рэферат

Схема інфарматыўнага рэферата:

1) уступ або загалоўкавая частка (бібліяграфічнае апісанне крыніцы; вызначэнне характару, раскрыццё сэнсу артыкула).
Артыкул называецца (мае назву, носіць назву); тэма артыкула ўяўляе сабой... (абагульненне, пераказ, адбор, аналіз, апісанне і да т. п.); у артыкуле разглядаецца (што?)..., даецца ацэнка, аналіз (чаму?)...; у артыкуле (навуковай працы, даследаванні, нарысе, урыўку, главе) аўтар ставіць (закранае, асвятляе, падымае) пытанні (праблемы)...
2) апісанне або ўласна-рэфератыўная частка (змест асноўных пытанняў і праблем, закранутых у крыніцы, вынікі даследаванняў, указваецца колькасць табліц, ілюстрацый і інш.; выклад пазіцыі аўтара крыніцы ідзе аб'ектыўна, без суб'ектыўнай ацэнкі рэферэнтам выкладаемага).
У дапаможніку разглядаецца; у 1-й тэме аўтар адзначае, што; затым даследуецца; перш за ўсё адзначаецца, што; аўтарам разглядаецца; тэма 2 прысвечана; аўтар вылучае; аўтарам звяртаецца ўвага на тое, што (у прыватнасці, звяртаецца ўвага на тое, што); гэтаму прысвечана 3-я тэма дапаможніка; аўтар рэкамендуе; далей аўтар зазначае, што; тэма 4-я прысвечана … і г. д.
3) заключная частка (вывады аўтара, заўвагі рэферэнта аб значэнні, своечасовасці артыкула).
Аўтар прыходзіць да вываду (заключэння); у заключэнне можна сказаць, што...; сутнасць ранейшага выкладу зводзіцца да наступнага...; абагульняючы сказанае; у выніку можна прыйсці да вываду...; падзяляем пункт гледжання, прытрымліваемся падобнай думкі (меркавання), прызнаем заслугі (добрыя якасці, вартасці); адзначаем недахопы, папракаем у недакладнасці, разыходзіцца ў поглядах, крытыкуе, пярэчыць; аўтар не раскрывае зместу, супярэчыць, ставіць невыканальную задачу, крытычна ставіцца (адносіцца), незразумела, што... .

Схема індыкатыўнага рэферата:

1) загалоўкавая частка, якая складаецца з дакладнага бібліяграфічнага апісання крыніцы;
2) рэфератыўная частка, якая змяшчае асноўную інфармацыю;
3) даведачны апарат (колькасць ілюстрацый, табліц, бібліяграфія).

Прыклад індыкатыўнага рэферата:

Кукін Д.П., Шылін Л.Ю. Даследаванне лічбавых сістэм фазавай сінхранізацыі // Даклады Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі: Электроніка, матэрыялы, тэхналогіі, інфарматыка, эканоміка і кіраванне. - 2005. - № 4. - С. 41 - 46.
Разгледжаны асаблівасці лічбавых сістэм фазавай сінхранізацыі. Прапанавана методыка аналізу як статычных, так і дынамічных характарыстык. Прыведзены метад аналізу ўстойлівасці лічбавых сістэм фазавай сінхранізацыі ў выпадку невялікіх разузгадненняў, на аснове якога ўтворана галіна ўстойлівасці даследуемай сістэмы.
Ключавыя словы: лічбавыя сістэмы фазавай сінхранізацыі, імітацыйная мадэль, галіна ўстойлівасці.

Кампаненты любога рэферата:
• бібліяграфічнае апісанне крыніцы;
• уласна рэфератыўны тэкст (асноўная інфармацыя);
• даведачны апарат (колькасць ілюстрацый, табліц, схем і інш.).

Кампазіцыя рэферата
Як і іншыя навуковыя тэксты, рэферат мае пэўную кампазіцыю:
1. Уступ. Задачы ўступу наступныя:
 даць зыходныя дадзеныя тэксту (назва, дзе выдадзены і калі);
 звесткі пра аўтара (прозвішча, імя, імя па бацьку, спецыяльнасць, навуковая ступень, навуковае званне);
 раскрыць сэнс назвы працы, чаму яна прысвечана, у сувязі з чым напісана.
2. Пералік асноўных пытанняў і праблем, пра якія гаворыцца ў першакрыніцы.
3. Аналіз самых важных, на думку рэферэнта, пытанняў, якія ўздымаюцца ў тэксце-крыніцы. Робячы такі аналіз, неабходна абгрунтаваць важнасць выбраных пытанняў, коратка перадаць думку аўтара, выказаць свае погляды наконт меркаванняў аўтара першакрыніцы.
4. Агульны вывад аб значнасці ўсёй тэмы ці праблемы рэферыруемага тэксту.

Моўныя клішэ
Пры складанні тэксту рэферата часта ўжываюцца наступныя стандартныя выразы (моўныя клішэ):
Кніга (манаграфія, зборнік …) складаецца з уводзінаў … (двух, …) главаў (раздзелаў …)
Артыкул называецца (носіць назву, мае назву)
У першым (другім …, дадзеным) раздзеле (кнігі, дакумента …)
Аналізуецца (даследуецца, асвятляецца …) (што ?), праблема (якая?), даецца аналіз (чаму?)
У даследаванні (навуковай працы, урыўку …) аўтар ставіць (асвятляе, падымае, закранае) пытанні (праблемы) …
Гаворка ідзе (пра што ?) пра тое, што …
У артыкуле (…) пададзены пункт гледжання на …
Падрабязна даследуюцца формы і метады (чаго?)
Звяртаецца ўвага (на што?), даказваецца (што?)
Падкрэсліваецца выключна важнае значэнне …
Асобна разглядаюцца пытанні (чаго?) (якія?)
Далей адзначаецца (што?)
У заключэнні аўтар гаворыць (што?) (пра што?)
У выніку робяцца высновы: "…"
Завяршаючы работу, аўтар піша: "…"
Аўтар прыходзіць да вываду (заключэння …), пераканаўча даказвае …, прытрымліваецца пункту гледжання …, крытыкуе … і іншыя.

2. Кампазіцыйна-змястоўная і лінгвістычная арганізацыя анатацыі. Віды анатацый. Бібліяграфія і тэкст анатацыі

Студэнтам веданне правіл напісання анатацыі неабходна для таго, каб умець характарызаваць кнігу або прачытаны артыкул.
Анатацыя (лац. annotation – заўвага) — 1) кароткі выклад зместу, прызначэння кнігі, артыкула, зборніка; 2) сціслая, кароткая характарыстыка арыгінала, якая перадае змест у выглядзе пераліку асноўных пытанняў, а часам дае і крытычную ацэнку.
Сутнасць анатавання і рэферавання заключаецца ў максімальным змяншэнні, скарачэнні аб'ёму крыніцы інфармацыі пры захаванні яго асноўнага зместу. Здзяйсняючы кампрэсію першакрыніц, анатацыя і рэферат робяць гэта прынцыпова рознымі спосабамі.
У адрозненні ад рэферата, анатацыя з’яўляецца максімальна кароткім паведамленнем аб змесце кнігі, артыкула. Як правіла, анатацыя складаецца з простых сказаў.
Схема анатацыі:
1) прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара;
2) назва кнігі (зборніка, артыкула);
3) месца выдання, выдавецтва, год;
4) аб'ём (колькасць старонак, малюнкаў, табліц);
5) кароткі змест (пералік асноўных палажэнняў тэксту-крыніцы);
6) пытанні, разгледжаныя ў заключэнні і вывадах;
7) выкарыстанне ў тэксце літаратуры;
8) чытацкае прызначэнне.
Прыклад анатацыі:
Ляшчынская В.А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка: Вучэб. дапаможнік. - Мн.: РІВШ БДУ. 2001. - 256 с.

Дапаможнік змяшчае тэарэтычныя звесткі па такіх пытаннях, як гісторыя развіцця і сучасны стан беларускай мовы, яе структура, функцыянальныя стылі, спецыфіка навуковых тэкстаў і іх важнейшых адзінак - тэрмінаў. Да кожнай тэмы падаюцца пытанні для кантролю і практыкаванні.
Прызначаны студэнтам нефілалагічных спецыяльнасцей ВНУ, можа быць выкарыстаны выкладчыкамі спецыяльных кафедраў і ўсімі, хто цікавіцца пытаннямі беларускай мовы, тэрміналогіі.

Паміж рэфератам і анатацыяй існуюць пэўныя адрозненні:
1) у рэфераце інфармацыя выкладаецца з пазіцый аўтара арыгінала без ацэнкі рэферэнтам выкладаемага, у анатацыі — фармулёўкамі рэферэнта;
2) рэферат знаёміць чытача з асноўнымі пытаннямі, праблемамі і пад., дае адказ на пытанне, менавіта якая інфармацыя змяш¬чаецца ў тэксце, анатацыя ж толькі павярхоўна дае ўяўленне аб чым гаворыцца ў арыгінале, аблягчае пошук неабходнай інфармацыі;
3) рэферат будуецца на аснове ключавых фрагментаў тэксту, анатацыя ж пішацца сваімі словамі.

Пры складанні анатацыі звычайна выкарыстоўваюць наступныя стандартныя звароты мовы (моўныя клішэ).

Лексічныя сродкі для напісання анатацыі:
 Артыкул (работа) апублікаваны (змешчаны, надрукаваны …) у часопісе (газеце …)
 Манаграфія выйшла ў свет у выдавецтве …
 Артыкул прысвечаны пытанню (тэме, праблеме …)
 Артыкул уяўляе сабой абагульненне (агляд, выклад, аналіз, апісанне …) (чаго?)
 Аўтар ставіць (асвятляе) наступныя праблемы …
закранае наступныя пытанні …
засяроджвае ўвагу на праблемах…
 У артыкуле (кнізе, раздзеле …) разглядаецца (абагульняецца …) (што?)
гаворыцца (пра што?)
даецца ацэнка (аналіз, абагульненне) (чаго?)
прадстаўлены пункт гледжання (на што?)
 Артыкул (…) адрасаваны (каму?)
можа быць выкарыстаны (кім?)
уяўляе цікавасць (для каго?)

Класіфікацыя анатацый
Крытэрыі класіфікацыі
анатацый Віды
анатацый Характарыстыка

ПА ЗМЕСЦЕ І МЭТАВЫМ ПРЫЗНАЧЭННІ даведачныя (апісальныя, інфармацыйныя) Характарызуюць тэматыку дакумента, паведамляюць якія-н. звесткі аб ім, але не даюць яго крытычнай характарыстыкі
рэкамендацыйныя Характарызуюць дакумент і даюць ацэнку яго прыдатнасці для пэўнай катэгорыі спажыўцоў, з улікам узроўню падрыхтоўкі, узросту і іншых асаблівасцей спажыўцоў

ПА ПАЎНАЦЕ АХОПУ ЗМЕСТУ АНАТУЕМАГА ДАКУМЕНТА І ЧЫТАЦКІМ ПРЫЗНАЧЭННІ агульныя Характарызуюць дакумент у агульным аспекце і разлічаны на шырокае кола спажыўцоў
спецыялізаваныя (аналітычныя) Характарызуюць дакумент толькі ў пэўных аспектах, яго вызначаную частку ці толькі тыя раздзелы, параграфы і старонкі дакумента, якія прысвечаны пэўнай тэме; разлічаны на вузкае кола спецыялістаў
аглядавая Змяшчае абагульненую характарыстыку двух і больш дакументаў, блізкіх па тэматыцы

У ЗАЛЕЖНАСЦІ АД АБ’ЁМУ інфарматыўная Больш поўная — 5-10 сказаў
індыкатыўная Больш скарочаная — 4-5 сказаў
бібліятэчная картка 1 сказ
Ананчанка К.А. Агульная методыка выкладання матэматыкі ў школе: Вучэб. дап. — Мн.: Універсітэцкае, 1997. — 94 с.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии