БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » Беларуская мова » Пісьмовы выклад навуковага матэрыялу, яго афармленне

Пісьмовы выклад навуковага матэрыялу, яго афармленне

Пісьмовы выклад навуковага матэрыялу, яго афармленне

1. Патрабаванні да мовы пісьмовага выкладу матэрыялу.
2. Рубрыкацыя навуковага тэксту.
3. Абзац як структурная адзінка тэксту.
4. Цытаты і спасылкі, іх афармленне.
5. Пераклад на беларускую мову навуковых тэкстаў.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Патрабаванні да мовы пісьмовага выкладу матэрыялу
1) навуковы тэкст павінен быць бездакорным з пункту гледжання арфаграфічнага, пунктуацыйнага, стылістычнага афармлення.
2) у мове і стылі навуковай работы знаходзіць адлюстраванне акадэмічны этыкет, сутнасць якога заключаецца ў інтэрпрэтацыі (вытлумачэнні, раскрыцці) ўласнага і пераважных пунктаў погляду з мэтай абгрунтавання навуковай ісціны.
3) найважнымі сродкамі выражэння лагічных сувязяў з’яўляюцца спецыяльныя функцыянальна-сінтаксічныя сродкі сувязі, якія ўказваюць:
− на паслядоўнасць развіцця думкі (у пачатку, першым чынам, затым, па-першае, па-другое, значыць, такім чынам і інш.);
− на супярэчлівыя адносіны (аднак; паміж тым; у той час, як; тым не менш, між іншым);
− на прычынна-выніковыя адносіны (такім чынам, таму, дзякуючы гэтаму, адпаведна з гэтым, з прычыны гэтага, акрамя таго, да таго ж);
− на пераход ад адной думкі да другой (перш чым перайсці да …, звернемся да …, разгледзім, спынімся на…, разгледзеўшы, пяройдзем да …, неабходна спыніцца на…, неабходна разгледзець…);
− на вынік, выснову (такім чынам, значыць, напрыканцы адзначым, усё сказанае дазваляе зрабіць выснову, падводзячы вынікі, варта сказаць…).
4) навуковы тэкст характарызуецца тым, што ў яго ўключаюцца толькі дакладныя, атрыманыя ў выніку працяглых назіранняў і навуковых эксперыментаў звесткі і факты.
Гэта абумоўлівае і дакладнасць іх слоўнага выражэння, выкарыстанне спецыяльнай тэрміналогіі. Спецыяльныя тэрміны даюць магчымасць у кароткай і лаканічнай форме даваць разгорнутыя азначэнні і характарыстыкі навуковых фактаў, паняццяў, працэсаў, з’яў.
Але варта ўлічыць, што нельга адвольна змешваць у адным тэксце розную тэрміналогію, памятаючы, што кожная навука мае сваю, уласцівую толькі ёй, тэрміналагічную сістэму.
5) пры стварэнні тэкстаў навуковага стылю варта ўлічваць наступныя асаблівасці, якія характарызуюць навуковую прозу:
− наяўнасць спецыяльнай фразеалогіі — устойлівых спалучэнняўі для выражэння лагічных сувязяў паміж часткамі выказвання (як паказаў аналіз; на падставе атрыманых дадзеных; рэзюмуючы сказанае; адгэтуль вынікае, што);
− наяўнасць вялікай колькасці назоўнікаў з абстрактным значэннем, аддзеяслоўных назоўнікаў (даследаванне, разгляд, вывучэнне);
− наяўнасць адносных прыметнікаў;д ля ўтварэння найвышэйшай ступені часцей за ўсё выкарыстоўваюцца словы найбольш, найменш (найменшае значэнне паказчыка); большасць прыметнікаў з’яўляюцца часткай тэрміналагічных выразаў;
− адсутнасць экспрэсіі;
− адметная інфармацыйная нагрузка дзеясловаў і дзеяслоўных форм, якія служаць для выразу сталых уласцівасцей прадмета, пры апісанні ходу даследавання (разглядаецца праблема, а не разгледжаная праблема);
− асноўнае месца займаюць формы незак. трыв. дзеясловаў, і формы ц.ч. дз., зваротныя дз., (у дадзеным артыкуле разглядаюцца…);
− вельмі распаўсюджаны ўказальныя займеннікі гэты, той, такі, якія канкрэтызуюць прадмет і выяўляюць лагічныя сувязі паміж часткамі выказвання (гэтыя дадзеныя служаць дастатковай падставай для высновы…); займеннікі нешта, сёе-тое, што-небудзь у сілу неканкрэтнасці іх значэння не ўжываюцца;
− пераважаюць складаныя сказы, звязаныя састаўнымі падпарадкавальнымі злучнікамі (дзякуючы таму што, між тым як, замест таго каб, з прычыны таго што, таму што, з прычыны таго што, пасля таго як, у той час як і інш.); часта ўжываюцца вытворныя адыменныя прыназоўнікі (у плыні, у адпаведнасці з …, у выніку, у адрозненне ад …, нароўні з …, у сувязі з … і інш.);
− тэкст часцей за ўсё выкладаецца складаназалежнымі сказамі, а не складаназлучанымі;
− пры апісанні фактаў, з’яў і працэсаў выкарыстоўваюцца безасабовыя, няпэўна-асабовыя сказы; намінатыўныя сказы ўжываюцца ў назвах глаў, раздзелаў і падраздзелаў, у подпісах да малюнкаў, дыяграм, ілюстрацый;
− наяўнасць мноства ўступных слоў і словазлучэнняў (вядома, зразумела, сапраўды, мабыць, трэба меркаваць, магчыма, верагодна);
− выкарыстанне кароткіх дзеепрыметнікаў для апісання эксперыментаў (Было вылучана 15 структурных частак…);
− стыль выкладу – безасабовы маналог, таму выклад звычайна вядзецца ад 3-й асобы; аўтар выступае ў множным ліку і замест я ужывае мы. Але нельга злоўжываць займеннікам мы, а варта звяртацца да канструкцый, якія выключаюць ужыванне гэтага займенніка (Спачатку апрацоўваюць адбор зыходных дадзеных і ўсталёўваюць іх адпаведнасць накірункам даследавання…);
− выразнасць (уменне пісаць даступна і даходліва);
− поўнае выключэнне з тэксту работы слоў і словазлучэнняў, якія не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі.

Бібліяграфічны спіс і патрабаванні да яго афармлення

Бібліяграфічны спіс – гэта апісанне выкарыстаных крыніц, пабудаванае ў алфавітным парадку.
Бібліяграфічны апарат працы прадстаўлены бібліяграфічным спісам і бібліяграфічнымі спасылкамі, якія афармляюцца ў адпаведнасці з ДАСТ.
Бібліяграфічны спіс звычайна будуецца ў алфавітным парадку (замежныя крыніцы размяшчаюцца па алфавіце пасля крыніц на мове навуковай працы).
Схема бібліяграфічнага апісання:
1) загаловак (прозвішча, ініцыялы аўтараў; звесткі, якія раскрываюць тэматыку загалоўка, від, жанр, прызначэнне…).
2) звесткі аб адказнасці (інфармацыя аб складальніках, рэдактарах, перакладчыках і інш.).
3) звесткі аб выданні (паўторнасць выдання, яго перапрацоўка і інш.).
4) месца і час выдання (горад, выдавецтва, год выдання).
5) аб’ём (звесткі аб колькасці старонак).
Складаючы бібліяграфічнае апісанне, неабходна ведаць умоўныя раздзяляльныя знакі, паслядоўнасць іх размяшчэння.
Прыклад бібліяграфічнага апісання некаторых крыніц падаецца ў табліцы 1.
Табліца 1 – Прыклады бібліяграфічнага апісання некаторых крыніц

Характарыстыка крыніцы Прыклад афармлення
Адзін, два або тры аўтары
Котаў, А. Л. Гісторыя Беларусі і сусветная цывілізацыя / А. Л. Котаў. — 2-е выд. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — 168 с.
Чикатуева, Л. А. Маркетинг : учеб. пособие / Л. А.Чикатуева, Н. В. Третьякова ; под ред. В. П. Федько. — Ростов н/Д : Феникс, 2004. — 413 с.
Дайнеко, А. Е. Экономика Беларуси в системе всемирной торговой организации / А. Е. Дайнеко, Г. В. Забавский, М. В. Василевская ; под ред. А. Е. Дайнеко. — Минск : Ин-т аграр. экономики, 2004. — 323 с.
Чатыры і больш аўтараў Культурология : учеб. пособие для вузов / С. В. Лапина [и др.] ; под общ. ред. С. В. Лапиной. — 2-е изд. — Минск : ТетраСистемс, 2004. — 495 с.
Комментарий к Трудовому кодексу Республики Беларусь / И. С. Андреев [и др.] ; под общ. ред. Г. А. Василевича. — Минск : Амалфея, 2000. — 1071 с.
Калектыў аўтараў Сборник нормативно-технических материалов по энергосбережению / Ком. по энергоэффективности при Совете Министров Респ. Беларусь; сост. А. В. Филиппович. — Минск : Лоранж-2, 2004. — 393 с.
Шматтомнае выданне Гісторыя Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Экаперспектыва, 2000—2005. — 6 т.
Багдановіч, М. Поўны збор твораў : у 3 т. / М. Багдановіч. — 2-е выд. — Мінск : Бел. навука, 2001. — 3 т.
Асобны том ў шматтомным выданні Гісторыя Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск : Экаперспектыва, 2000—2005. — Т. 3 : Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII—XVIIIстcт.) / Ю. Бохан [і інш.]. — 2004. — 343 с.
Матэрыялы канферэнцый Правовая система Республики Беларусь: состояние, проблемы, перспективы развития : материалы V Межвуз. крнф. студентов, магистрантов и аспирантов, Гродно, 21 апр. 2005 г. / Гродн. гос. ун-т ; редкол.: О. Н. Толочко (отв. ред.) [и др.]. — Гродно : [б.н.], 2005. — 239 с.
Вучэбна-метадычныя матэрыялы Философия и методология науки : учеб.-метод. комплекс для магистратуры / А. И. Зеленков [и др.] ; под ред. А. И. Зеленкова. — Мінск : Изд-во БГУ, 2004. — 108 с.
Электронныя рэсурсы Регистр СНГ-2005 : промышленность, полиграфия, торговля, ремонт, тарнспорт, строительство, сельское хозяйство [Электронный ресурс]. — Электрон. текстовые дан. и прогр. (14 Мб). — Минск : Из-во И. Н.Комлева, 2005. — 1 электрон. опт. диск (CD-ROM).
Ресурсы удаленного доступа Национальный интернет-портал Республики Беларусь [Электронный ресурс] / Нац. центр правовой информ. Респ. Беларусь. — Минск, 2005. — Режим доступа : http://www.pravo.by. — Дата доступа : 25.01.2006.
Частка кнігі Михнюк, Т. Ф. Правовые и организационные вопросы охраны труда / Т. Ф. Михнюк // Безопасность жизнедеятельности : учеб. пособие / Т. Ф. Михнюк. — 2-е изд., испр. и доп. — Минск, 2004. — С. 90—101.
Артыкул з часопіса Болбас, В. С. Этыка-педагагічныя погляды Андрэя Волана / В. С. Болбас, С. Сычова // Адукацыя і выхаванне. — 2005. — № 12. — С. 66—69.
Артыкул з газеты Дубовик, В. Молодые леса зелены / В. Дубовик // Рэсп. — 2005. — 19 крас. — С. 8.
Артыкулы з энцыклапедыі, слоўніка Дарашэвіч, Э. К., Храптовіч І. І. / Э. К.. Дарашэвіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі (Х—ХІХ стагоддзі) : энцыкл. давед. / склад. Г. А. Маслыка ; гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мінск : [б. в.], 1995. — С. 326—328.

2. Рубрыкацыя навуковага тэксту
Асноўнае патрабаванне да навуковага тэксту – тэкст дакумента пры яго значным аб’ёме павінен падзяляцца на больш дробныя лагічна звязаныя структурныя элементы.
Для навуковых і тэхнічных тэкстаў, тэкстаў дакументаў гэтымі элементамі могуць быць: раздзелы, падраздзелы, пункты, падпункты, часткі, главы, параграфы і інш.
У Вялікай Савецкай Энцыклапедыі:
РУБРЫКАЦЫЯ (ад лац. rubrica — загаловак закону, напісаны чырвонай фарбай) — гэта падзел якога-небудзь тэкста на састаўныя часткі (т. зв. рубрыкі) (раздзелы, падраздзелы, пункты, падпункты, часткі, главы, параграфы), графічнае аддзяленне адной часткі ад другой, а таксама сістэма загалоўкаў дакумента.
Пры наборы загалоўкі выдзяляюцца шрыфтамі адпаведных памераў і абрысаў.
Такім чынам, рубрыкацыя адлюстроўвае лагічную сувязь і сузалежнасць частак тэксту. Правільная разбіўка тэкста істотна палягчае яго чытанне, ўспрыманне і асэнсаванне.
Рубрыкацыя — распаўсюджаная тэхналогія ўпарадкавання інфармацыі.
Магчымыя сістэмы нумарацыі:
1) выкарыстанне рымскіх і арабскіх лічбаў, вялікіх і малых літар, якія спалучаюцца з абзацнымі водступамі (сістэма такога лічбавага і літарнага абазначэння будуецца па сыходнай):
1… 2…. 3…… 4…..
1) 2) 3) 4)
I….. II….. III…… IV…
А Б В Г
а) б) в) г)

2) у цяперашні час у навуковых і тэхнічных работах укараняецца лічбавая сістэма нумарацыі, суадносна з якой нумары самых крупных частак складаюцца з адной лічбы; нумары складаемых частак (другая ступень дзялення) – з дзвюх лічбаў; трэцяя ступень дзялення – з трох лічбаў і г. д.
1 Метады даследавання (першы раздзел)
1.1 Апараты, матэрыялы і рэактывы (першы падраздзел першага раздзела)
1.1.1 (першы пункт першага падраздзела першага раздзела дакумента)
1.1.2 … (другі пункт)
1.1.2.1 …. (першы падпункт другога пункта першага падраздзела першага раздзела дакумента)
1.1.2.2 …. (другі падпункт)
1.2 Падрыхтоўка да даследавання (другі падраздзел першага раздзела)
1.2.1 (першы пункт другога падраздзела першага раздзела дакумента)
1.2.2 ... (другі пункт)
1.2.2.1 (першы падпункт другога пункта другога падраздзела першага раздзела дакумента)
Раздзелы і падраздзелы павінны мець загалоўкі.
Загаловак раздзела (падраздзела, пункта, падпункта) складаецца з лічбы і тэматычнай часткі, якая слоўна вызначае, акрэслівае змест ці тэму рубрыкі. У канцы нумару раздзела, падраздзела, пункта, падпункта кропка не ставіцца
Кропку не ставяць і ў канцы загалоўка, які вынесены ў асобны радок.
Астатнія знакі прыпынку (шматкроп’е, клічны, пытальны знакі) захоўваюцца.
У загалоўку, які складаецца з двух самастойных, сінтаксічна не звязаных сказаў паміж імі ставяць кропку, а ў канцы, па агульнаму правілу, кропку не ставяць.
Нумар падраздзела складаецца з нумару раздзела і нумару падраздзела, якія раздзяляюцца кропкай. У канцы нумару падраздзела кропка не ставіцца
Падраздзелы могуць складацца з аднаго ці некалькіх пунктаў.
Нумар пункта павінен складацца з нумару раздзела, нумару падраздзела і нумару пункта, якія раздзяляюцца кропкамі.
Пункты пры неабходнасці могуць быць разбіты на падпункты, якія павінны мець парадкавую нумарацыю ў межах кожнага пункта.

3. Абзац як структурная адзінка тэксту
Тэкст (лац. textus — тканіна, сувязь, пабудова) — гэта вусна аформленая думка, пэўная інфармацыя або раздзел твора, якія характарызуюцца сэнсавай і структурнай завершанасцю і могуць быць запісаны з мэтай іх узнаўлення, паўтарэння, захавання.
У тэксце вылучаюцца кампаненты, даволі строга арганізаваныя ў выглядзе ланцужка: літара — слова — сказ — абзац — тэкст.
Важным структурным элементам навуковага тэксту з’яўляецца абзац – галоўныя кампазіцыйна-структурныя адзінкі тэксту.
Абзац (ням. absatz – уступ) — 1. Адступленне ўправа ў пачатковым радка друкаванага ці пісьмовага тэксту; чырвоны радок. 2. Частка друкаванага або рукапіснага тэксту ад аднаго чырвонага радка да другога.
Падзел тэксту на абзацы называецца сегментацыяй. Падзел навуковага тэксту на абзацы не мае строгіх правіл, таму асноўнае ўменне вылучаць абзацы фарміруецца праз чытанне навуковай літаратуры.
Абзац складаецца з аднаго або некалькіх сказаў і характарызуецца адзінствам і адноснай закончанасцю зместу.
Памер абзаца звычайна залежыць ад задумы аўтара, стылю яго апавядання, манеры выкладання думак, жанравых асаблівасцей твора.
Класічнай формай абзаца лічыцца абзац, які ў першым сказе змяшчае фармулёўку тэмы, у наступных сказах – яе развіццё, а ў апошнім сказе падводзіцца вынік. Але часта можна сустрэць абзацы без апошніх сказаў-вынікаў. Абзац таксама можа ўключаць адзін сказ-тэму або некалькі мікратэм.

4. Цытаты і спасылкі, іх афармленне
Неабходнай умовай любой навуковай працы з'яўляецца цытаванне (наяўнасць у ім, акрамя аўтарскай, іншых думак). Вельмі часта цытата дапамагае пацвердзіць правільнасць уласнага пункту гледжання спасылкай на аўтарытэтныя крыніцы, робіць рэферат, даклад, курсавое даследаванне больш значным і важкім. Цытата павінна адлюстроўваць закончаную думку аўтара, і ў ёй не дапускаюцца ніякія скажэнні ў словах і сказах, прынятых у тэксце.
Цытата (ад ням. zitat, ад лац. cito – выклікаю, прыводжу).
Цытата, -ы, ж. Даслоўная вытрымка з якога-небудзь тэксту ці прамовы (ТСБЛМ, с. 735).
Цытата — гэта даслоўная вытрымка з якой-небудзь кнігі ці дакумента, якая выкарыстоўваецца ў вусных і пісьмовых паведамленнях для пацвярджэння ці тлумачэння аўтарскай думкі.
Звычайна ўжываюцца цытаты ў навуковых працах, дакладах, лекцыях, рэфератах, сачыненнях, як эпіграф да розных твораў і прац.
Правілы афармлення цытат:
Цытата — гэта разнавіднасць чужой мовы, якая афармляецца наступным чынам:
1. У цытатах захоўваюцца тыя ж знакі прыпынку, што і ў крыніцы, якая цытуецца.
2. Пры цытаванні не дапускаюцца ніякія скажэнні ў словах і сказах.
3. Невершаваная цытата заўсёды бярэцца ў двукоссе.
4. Калі сказ цытуецца часткова, то замест прапушчанага тэксту перад пачаткам цытуемага сказа ці ў сярэдзіне яго, ці ў канцы ставіцца шматкроп’е.
Напрыклад:
В. Бялінскі падкрэсліваў цесную ўзаемасувязь, якая існуе паміж думкамі і словам: «...слова, – пісаў ён, – покрыва, адзенне, форма, адлюстравання думкі, а думка ёсць сэнс, розум, значэнне слова».
5. Цытата, уключаная ў тэкст як частка сказа, бярэцца ў двукоссе і пачынаецца з малой літары (у адным сказе можа быць некалькі цытат).
Напрыклад:
Якуб Колас падкрэсліваў, што «добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш...».
Барыс Сачанка справядліва зазначыў, што «мова – не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова яго культуры».
6. Калі цытата суправаджаецца словамі аўтара, яна афармляецца, як простая мова. Напрыклад:
Ф. Скарына пісаў: «Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў». «Трэба, каб са слоў і дзеянняў чалавека было відаць, які ён», – гаварыў М. Горкі.
7. Цытаты, прыведзеныя у вершаванай форме, у двукоссе не бяруцца, а страфа запісваецца так, як у аўтара:
Мелодыя даляцела з таго берага, з вёскі Строчыца, якая рассы¬пала свае хаты на пакатым узгорку над ціхаплыннай рэчкай Пціч:
Цячэ вада ў ярок,
Цячэ вада ў ярок –
Кладачку заліло.
Кладачка тоненька,
Вада халодненька,
А я малодзенька...
8. Звычайна не бяруцца ў двукоссі цытаты-эпіграфы. На наступным радку пад эпіграфам з правага боку даецца спасылка на крыніцу без дужак. Напрыклад, А. Куляшоў да паэмы «Хамуціус» узяў наступны эпіграф:
Ствараючы аблічча свету новага,
Ствараем мы і новае аблічча
Тым, хто загінуў.
М. Бануш.
Ад кропкі маленькай
гнязда чмяля
Да маладзіковай коскі —
Падорана ўсё мне бацькамі,
Зямля
Таму і завецца бацькоўскай.
Р. Барадулін.
9. Калі цытата ўводзіцца ў тэкст без слоў аўтара, то яна бярэцца ў двукоссе і падаецца спасылка на крыніцу. У навуковай літаратуры ўказваецца (у дужках пасля цытаты ці ў зносцы ўнізе на старонцы або пад лічбай у канцы выдання) аўтар, назва працы, месца і год выдання, старонка: “Страшная гэта з'ява – ісці супраць свайго, кроўнага, роднага – на жаль, да сённяшняга дня не знікла” [4, с. 234].
10. Без спецыяльных спасылак у аўтарскі тэкст уключаюцца і бяруцца ў двукоссе пэўныя словазлучэнні і словы: Мо ад непрымання ягоных «дзівацтваў», ад таго, што ён «не такі адвакат, як астатнія», сям'я не прымала Багушэвіча як паэта беларускага (Я. Янушкевіч).
Цытата абавязкова суправаджаецца спасылкай на аўтара, якога цытуюць.
Спасылкі афармляюцца паводле ўстаноўленага ДАСТ, напрыклад: [4, с. 234] – 4 – нумар крыніцы, з якой узята цытата; с. 234 – дакладная старонка, на якой знаходзіцца цытата.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии