БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » Беларуская мова » Афіцыйна-справавы стыль

Афіцыйна-справавы стыль

Афіцыйна-справавы стыль

1. Асноўныя рысы афіцыйна-справавога стылю.
2. Моўныя сродкі афіцыйна-справавога стылю.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Асноўныя рысы афіцыйна-справавога стылю
Грамадская дзейнасць чалавека ў афіцыйна-справавой, канцылярскай, юрыдычнай і дыпламатычнай сферах выклікала ўзнікненне і станаўленне афіцыйна-справавога стылю.
Гэты стыль называюць яшчэ адміністрацыйным таму, што ён абслугоўвае сферу афіцыйных, справавых адносін, галіну́ права і дзяржаўнай палітыкі.

З гісторыі!
Афіцыйна-справавы стыль беларускай мовы мае даўнюю гісторыю і багатыя традыцыі. Як вядома, на працягу некаторых стагоддзяў беларуская мова была дзяржаўнай у ВКЛ.
У XIV ст. падчас валадарання князя Альгерда (1296–1377) мова продкаў сучасных беларусаў стала афіцыйнай мовай канцылярыі і справаводства ў ВКЛ, мовай дзяржаўных устаноў і дыпламатычных зносін. На ёй пісалі акты і граматы, сеймавыя пастановы і іншыя юрыдычныя дакументы. Менавіта ў той час адбываўся працэс выпрацоўкі спецыфічных канцылярскіх зваротаў, юрыдычных формул і своеасаблівых сінтаксічных канструкцый. Мова хутка папаўнялася грамадска-палітычнай і юрыдычнай тэрміналогіяй.
Да нашага часу дайшоў вялікі гістарычны архіў дакументаў, выдадзеных вялікімі князямі, каралямі, сеймамі, рознымі ўрадавымі асобамі, які вядомы пад назвай “Літоўская метрыка” (“Метрыка Вялікага Княства Літоўскага”) і складае каля 600 кніг. Яна дае багатае ўяўленне пра палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё ў ВКЛ і разам з тым з’яўляецца крыніцай вывучэння беларускай мовы.
Лепшыя ўзоры юрыдычна-справавога пісьменства пададзеныя перш за ўсё ў Стату́це Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (рэдакцыі 1529, 1566, 1588 гг.), “Трыбунале” (1581), а таксама ў “Судзебніку караля Казіміра Ягайлавіча” (1468) і перакладзеным з лацінскай мовы ў пач. XV ст. Вісліцкім стату́це.
Статут ВКЛ быў адзіным зборам законаў у Еўропе XVI ст. Ім карысталіся ў Прусіі, Польшчы, Расіі, Латвіі, Эстоніі і іншых краінах.
Сучаснае беларускае справаводства знаходзіцца ў стадыі станаўлення. Яно патрабуе паступовага аднаўлення грунтоўна забытых традыцый нацыянальнай законатворчасці, вяртання да вытокаў юрыдычнай думкі ў Беларусі, адраджэння самабытнай прававой тэрміналогіі, удасканальвання логікі прававой мовы, яе стылявых асаблівасцей.

Функцыі стылю:
1) паведамленне інфармацыі і ўздзеянне праз канстатацыю бясспрэчных фактаў;
2) рэгуляванне ці рэгламентаванне афіцыйных зносін.

Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме, у наступных жанрах: дзяржаўных дакументах, указах, дагаворах, распараджэннях, законах і кодэксах, рэзалюцыях, актах, інструкцыях, даверанасцях, пратаколах, аб’явах, заявах, справаздачах і інш.
Вусная форма рэалізацыі афіцыйна-справавога стылю — выступленні дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, выступленні на ўрачыстых сходах, пасяджэннях, прыёмах, на судовым працэсе, даклады, інструктажы.
Такая жанравая разнастайнасць абумоўлена існаваннем 3 падстыляў:
1) дыпламатычны (у дыпламатыі, мова міжнародных дакументаў): камюніке, ноты, канвенцыі, мемарандум, міжнароднага пагаднення;
2) уласна заканадаўчы, юрыдычны (у галіне права і правазнаўства, мова законаў): законы, канстытуцыя, указ, стату́т, пастанова, грамадзянскія і крымінальныя акты;
3) адміністрацыйна-канцылярскі (у справаводстве, мова дзелавых папер): канцылярская перапіска, адміністрацыйныя акты, дагаворы, розная дакументацыя (заява, аўтабіяграфія, даведка, распіска, даверанасць, справаздача, пратакол, акт, характарыстыка).

Вызначальныя рысы:
Афіцыйна-справавы стыль грунтуецца перш за ўсё на лагічнай, інтэлектуальнай аснове. З прычыны таго, што моўныя сродкі афіцыйна-справавога стылю выкарыстоўваюцца ў строга афіцыйных, надзвычай важных сферах грамадскіх зносін, тут свая, асаблівая спецыфіка:
• афіцыйнасць;
• строгая дакладнасць і лагічнасць выкладання фактаў — забяспечваюцца перш за ўсё ўжываннем спецыяльных тэрмінаў, а таксама адназначных і нявобразных слоў;
• паслядоўнасць у перадачы фактаў, фармулёвак і рашэнняў;
• доказнасць — праяўляецца перш за ўсё ў наяўнасці дакладных, бясспрэчных фактаў, лічбавых паказчыкаў, у выкарыстанні стандартных фармуліровак, пазбаўленых двухсэнсоўнасці, паралельных сінтаксічных канструкцый, якія аблягчаюць успрыняцце тэксту;
• аб'ектыўнасць ацэнак;
• высокая ступень стандартызацыі, трафарэтнасці — адметная рыса юрыдычна-справавых дакументаў (адзінка афіцыйна-справавога стылю — дакумент. Дакумент — дзелавая папера, якая мае прававую значнасць. Кожны дакумент складаецца па пэўнай стандартнай форме, што абумоўлена аднатыпнасцю і паўтаральнасць афіцыйна-справавых папер (прыняцце законаў, указаў, пастаноў; афармленне рознага кшталту грамадзянскіх актаў у юрыдычных кансультацыях; залічэнне на працу; афіцыйнае звяртанне да кіраўніка; аб'яўленне вымовы, падзякі і інш).
У нашай краіне ў свой час была ўзаконена адзіная дзяржаўная сістэма справаводства, адпаведна якой разнастайныя дакументы маюць свае стандартныя формы афармлення і напісання.
• адназначнасць фармулёвак;
• выклад адбываецца ў форме прадпісання, канстатацыі, сцвярджэння;
• неасабовы характар выказвання.

2. Моўныя сродкі афіцыйна-справавога стылю
У афіцыйных дакументах выклад ідзе ў стылі прадпісання, канстатацыі, сцвярджэння. Гэта выяўляецца ў адметнасці выкарыстання моўных сродкаў.
Лексічныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю:
1) словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні;
2) пашырана выкарыстанне абстрактнай, тэрміналагічнай і спецыяльнай лексікі:
– прававой, юрыдычнай, грамадска-палітычнай тэрміналогіі (апеляцыя, вымова, тарыф, сабекошт);
3) пашырана ўжыванне назваў асоб па іх функцыі (спецыяльнасці, пасадзе) ў афіцыйна-справавых дачыненнях: сведка, ісцец, спажывец, падсудны, арандатар, наймальнік, прадпрымальнік, пакупнік, заказчык, доктар эканамічных навук, прафесар, лаўрэат прэміі…, дэпутат Вярхоўнага Савета, член-карэспандэнт НАН Беларусі (т.ч., ужываюцца агульнавядомыя лексемы ў якасці тэрмінаў);
4) ужыванне "ўзаконеных" назваў дакументаў: загад, пратакол, даведка, даверанасць, даручэнне, заява, указ, службовае пісьмо.
5) шырокае ўжыванне афіцыйна прынятых складана-скарочаных словў і абрэвіятур, якія часцей за ўсё абазначаюць назвы ўстаноў: Дзяржінспекцыя, гарвыканкам, ЗАГС, ЖЭК, ЖЭС, Белдзяржуніверсітэт, МУС.
6) ужыванне лексем з семантычным адценнем прымусовасці (забараняць, мера, рашэнне, не церпіць адкладу);
7) ужыванне нейтральных агульнаўжывальных сродкаў (назвы з’яў прыроды, прадуктаў чалавечай дзейнасці і г.д.);
8) пашырана выкарыстанне слоў-канцылярызмаў (канцылярскіх штампаў) – устойлівых зваротаў, якія паўтараюцца пры апісанні аднолькавых сітуацый (вышэйадзначаны, вышэйназваны, ніжэйпамянёны, прыцягнуць да адказнасці, узяць пад кантроль, аказаць дапамогу, тарыфная стаўка, грашовае ўзнагароджанне, давесці да ведама, прыняць да ведама, уступіць у дзеянне, подпіс сведчу, прашу дазволіць, за справаздачны перыяд, з мэтай забеспячэння і інш.).
Але калі штампы, канцылярызмы без патрэбы ўводзяцца ў гутарку ці ў мову газет, то гэта зніжае культуру вуснай і пісьмовай мовы.
9) адсутнасць экспрэсіўна-эмацыянальнай лексікі (функцыя любога дакумента патрабуе таго, каб ён быў выкладзены лагічнай зразумелай мовай, таму ў іх адсутнічаюць дыялектызмы, жарганізмы, аргатызмы, стылістычна-афарбаваныя словы);
10) пры складанні дакументаў рэкамендуецца пазбягаць без неабходнасці слоў іншамоўнага паходжання, не дапускаць плеаназмаў (свая аўтабіяграфія) і таўталогіі (з’ява з’яўляецца);
11) у сучасным беларускім справаводстве назіраецца актыўнае перайманне моўных сродкаў з рускай мовы, адсюль назіраецца ўжыванне варыянтаў, сінонімаў: дагавор – дамова, тыраж – наклад, спонсар – фундатар.

Марфалагічныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю
• пераважаюць безасабовыя канструкцыі, таму адсутнічаюць формы 1-й і 2-й асобы займеннікаў і дзеясловаў;
• вельмі пашыраны аддзеяслоўныя назоўнікі (знаходжанне, выкарыстанне, пашырэнне, бяздзеянне, узгадненне, пакаранне, выкананне, апраўданне, памілаванне, прымяненне, асуджэнне, узбуджэнне, рэгуляванне, прыцягненне, абвінавачванне);
• пашыраны складаныя адыменныя прыназоўнікі (у адносінах, у мэтах, у сувязі, на працягу, у выніку, за выключэннем, шляхам, за кошт, з мэтай, на чале);
• састаўныя злучнікі тыпу у выніку чаго, у выніку таго што, для таго каб, з прычыны таго што;
• ужыванне дзеясловаў з загадным значэннем;
• асаблівае месца ў дакументах займае дзеяслоў у форме інфінітыва ў сувязі з мэтавай устаноўкай дакументаў (Грамадзяне Рэспублікі Беларусь і іншыя асобы, якія пражываюць на яе тэрыторыі, абавязаны: берагчы і ахоўваць прыроду, рацыянальна выкарыстоўваць яе багацці, выконваць патрабаванні прыродаахоўнага заканадаўства, павышаць экалагічную культуру, садзейнічаць экалагічнаму выхаванню падрастаючага пакалення, выконваць іншыя абавязкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь “Закон РБ аб ахове навакольнага асяроддзя”; аказаць, аб’явіць, сведчыць, хадатайнічаць);
• ужыванне пры інфінітыве слоў трэба, неабходна, абавязаны, забараняецца;
• выкарыстанне дзеепрыметнікаў незалежнага стану на -уч- (-юч-), -ач- (-яч-) і залежнага на -ем-, -ім- (бягучы, апякаемы).

Сінтаксічныя асаблівасці афіцыйна-справавога стылю
СІНТАКСІС юрыдычна-справавых дакументаў адметны падкрэсленай кніжнасцю, "халоднасцю".
• выкарыстанне апавядальных простых сказаў з прамым парадкам слоў;
• амаль поўная адсутнасць пытальных і клічных сказаў;
• простыя сказы часцей за ўсё развітыя, могуць быць яшчэ ўскладнены аднароднымі членамі, дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі, напрыклад: "На праве землекарыстання зямельныя ўчасткі выдзяляюцца ў асноўным для несельскагаспадарчых мэт — прамысловым, транспартным і іншым несельскагаспадарчым прадпрыемствам і арганізацыям, для патрэбаў абароны, рэлігійным арганізацыям, сумесным прадпрыемствам, арганізацыям з удзелам замежных юрыдычных асоб і ў некоторых іншых выпадках".
• звычайна ў юрыдычна-справавых дакументах выкарыстоўваюцца безасабовыя і інфінітыўныя канструкцыі (аднасастаўныя выказнікавыя сказы, галоўны член якіх выражаны незалежным інфінітывам) са значэннем загаду, прадпісання, неабходнасці: неабходна звярнуць увагу на дысцыпліну; дазволіць выкарыстаць дні адпачынку; перадаць на часовае карыстанне; прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.
• аднасастаўныя сказы загадваю, дазваляю, прашу.
• шырока выкарыстоўваюцца складаныя сказы, сярод якіх складаназлучаныя і складаназалежныя сказы для адлюстравання паслядоўнасці, прычынна-выніковых адносін (Сціслы аналіз гэтага закона паказвае, што ён практычны не ўплывае на пераўтварэнне існуючых зямельных адносін, таму што права прыватнай уласнасці на зямлю носіць вельмі абмежаваны характар);
Як бачым, складаназалежны сказ з дзвюма даданымі часткамі ў найбольш поўным аб'ёме перадае неабходную інфармацыю.
Такім чынам, як бачым, дакладнасць справавога маўлення накіравана на тое, каб змест фармулёўкі прачытваўся строга адназначна.
Недапушчальна тут двухсэнсоўнасць, пэўная “размытасць” выкладання, недакладнасць. Усё павінна быць строга, сцісла, па-дзелавому!
Мова адміністрацыйна-канцылярскага падстылю заслугоўвае асалівай увагі, таму што такія справавыя паперы, як заява, распіска, тлумачальная запіска і многія іншыя ўвесь час суправаджаюць нас на працы і нават у адпачынку.
Пры гэтым важна адзначыць, што прызначэнне афіцыйна-канцылярскага падстылю больш шырокае, чым стварэнне абыходкава-справавой дакументацыі.
Сфера функцыянавання канцылярскага падстылю — гэта адміністрацыйна-ведамасныя адносіны, з якімі звязаны рознага роду канцылярыі, якія вядуць службовую перапіску, афармляюць розныя дакументы. У адміністрацыйна-канцылярскага падстылю дзве функцыі: інфармацыйна-змястоўная (абвестка, павестка, аб’ява), арганізацыйна-рэгулюючая (распараджэнне, загад, справавая перапіска).
Адміністрацыйна-канцылярскі падстыль уключае ў сябе шмат жанраў. Да іх належаць так званыя падзаконныя (г.зн.выдаваемыя на падставе законаў і іх выканання) дакументы, якія выпускаюцца выканаўча-распараджальнымі органамі (адміністрацыйныя акты, цыркуляры, загады, распараджэнні) і дагаворныя дакументы, а таксама розная канцылярская дакументацыя: заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска.
Характэрны ўзор афіцыйна-справавога маўлення:
У Кракаве завяршыўся Міжнародны сімпозіум па культурнай спадчыне дзяржаў — членаў Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). У якасці назіральнікаў былі прадстаўлены ЮНЕСКА, Савет Еўропы. У сімпозіуме прынялі ўдзел таксама прадстаўнікі Расіі, Украіны,Узбекістана і Беларусі. Прыняты дакумент аб недатыкальнасці культурнай спадчыны, якая належыць адной краіне, яле знаходзіцца на тэрыторыі іншай (з газеты).
Або:
За апошнія гады ў рэспубліцы праведзена пэўная работа па спецыялізацыі і канцэнтрацыі мэблевай вытворчасці, аснашчэнню мэблевых прадпрыемстваў сучаснымі дрэваапрацоўчымі станкамі і абсталяваннем і ўкараненню прагрэсіўных тэхналагічных працэсаў выпуску мэблі.
Для стылю заканадаўчых дакументаў характэрны ўскладненыя кампазіцыйныя канструкцыі; яны часам складаюцца з шматлікіх раздзелаў, парграфаў, пунктаў і падпунктаў.
Абарона моў.
Усякія прывілеі ці абмежаванне прамоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя.
Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўнай і іншай мовы, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць (з Закону аб мовах у Беларусі).



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии