БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » История Беларуси » БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ Ў ІХ — ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХІІІ СТ.

БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ Ў ІХ — ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХІІІ СТ.

Автор: Maxvel 7-05-2013, 19:48

БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ Ў ІХ — ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХІІІ СТ.

1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё. Зараджэнне феадалізму.
2. Утварэнне Кіеўскай Русі. Уключэнне беларускіх зямель у склад старажытнарускай дзяржавы.
3. Першыя дзяржавы – княствы на тэрыторыі Беларусі.
4. Барацьба заходнерускіх зямель з іншаземнымі захопнікамі ў канцы XII — пачатку XIIIстст.
5. Рэлігія і культура беларускіх зямель у IX — першай палове XIIIстст.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё. Зараджэнне феадалізму

Гаспадарка Старажытнай Русі мела земляробчы (аграрны) характар і была заснавана на комплексным развіцці земляробства, жывёлагадоўлі, промыслаў (палявання, рыбнай лоўлі, бортніцтва).
У IX—XIIIстст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі жылі розныя плямёны: ўсходнеславянскія (дрыгавічы, крывічы, радзімічы), балцкія (літва, дайнова, яцвягі). Істотнай рысай развіцця ўсходніх славян і балтаў на тэрыторыі Беларусі быў зацяжны характар шматукладнасці іх грамадскай гаспадаркі. Тут у IX—XIIIстст. ужываліся і перапляталіся тры асноўныя сацыяльна-эканамічныя ўклады: родаплемянны, рабаўладальніцкі і феадальны, які пас-тупова станавіўся пануючым.
Эпоха феадалізму характарызуецца пастаянным імкненнем феадалаў да максімальнай канцэнтрацыі ў сваіх руках зямельнага фонду. Феадалы — пануючы ў грамадстве клас, становішча якога залежала ад радавітасці і колькасці зямлі, якой ён валодаў. Вярхоўным уласнікам зямлі лічыўся князь. Ён меў уладанні, раскіданыя па ўсяму княству. За карыстанне імі насельніцтва абавязана было плаціць князю даніну грашыма або натурай (прадуктамі). У X—XIIIстст. існавалі наступныя віды феадальнага землеўладання: княжацкае, баярскае і царкоўнае.
Працэс росту буйнога феадальнага землеўладання ішоў шляхам усталявання ўлады над абшчыннымі землямі і ў выніку падараванняў князя за ваенную службу, а таксама падараванняў царкве. Буйнымі феадальнымі ўласнікамі сталі цэрквы і манастыры. Яны багацелі за кошт паступленняў у іх распараджэнне царкоўнага падатку, які складаў 1/10 частку ўсіх сялянскіх гаспадарак (царкоўная дзесяціна), а таксама за кошт княжацкіх і баярскіх ахвяраванняў як у форме матэрыяльных каштоўнасцей, так
і ў выглядзе ворных зямель з весямі, жыхары якіх вымушаны былі апрацоўваць манастырскія землі, плаціць феадальную рэнту.
Асноўны пласт старабеларускага грамадства складалі сяляне.
Як вядома, земляробчае насельніцтва было арганізавана ў абшчыну («верв», «грамада»). Важна зразумець, што ў абшчыннай арганізацыі былі зацікаўлены не толькі сяляне, але і феадалы, якія імкнуліся ўстанавіць сваю «апеку» над сялянамі.
Непазбежным вынікам з’яўлення буйнога землеўладання стала ўзмацненне феадальнай залежнасці сялян. Закабаленне свабоднага сялянства было абумоўлена ўсімі гістарычнымі абставінамі першых стагоддзяў феадальнай эпохі. Сялян даводзіла да галечы плата княжацкіх данін, частыя спусташальныя войны, галодныя
і неўраджайныя гады, смерць кармільца, падзёж жывёлы. У перыяд войнаў сяляне абавязаны былі ісці ў апалчэнне, а гэта падрывала іх гаспадарку. Збяднелыя сяляне траплялі ў феадальную залежнасць. Абшчынныя землі пераходзілі да феадалаў ці станавіліся ўласнасцю дзяржавы.
Ва ўмовах развіцця феадальных адносін склад сялян па маёмаснаму і прававому становішчу быў далёка не аднолькавы.
У першыя стагоддзі феадальнай эпохі ўсё вясковае насельніцтва часцей за ўсё называлася смердамі. Першапачаткова смерды залежалі ад дзяржавы. З развіццём феадальных адносін яны трапляюць у залежнасць ад феадалаў і царкоўных арганізацый. З’яўляюцца новыя катэгорыі феадальна-залежных сялян: закупы, радовічы, ізгоі, халопы, чэлядзь.
З цягам часу асноўную масу земляробчага насельніцтва склалі эканамічна залежныя ад багатых землеўладальнікаў сяляне. Залежнае насельніцтва займала самае прыніжанае становішча на сацыяльнай лесвіцы. Іх жыццё цанілася ў 16 разоў танней за жыццё кіраўнікоў княжацкіх маёнткаў — «агнішчан» і «цівуноў».
Сяляне, што жылі на княжацкіх і царкоўных землях, абавязаны былі выконваць розныя павіннасці і плаціць падаткі. Яны адпрацоўвалі паншчыну на зямлі феадала, плацілі падатак натурай (мёдам, ільном, хлебам, жытам, аўсом і г. д.) ці грашыма. Грашовая рэнта была рэдкай з’явай, што тлумачыцца натуральным характарам гаспадаркі.
Насельніцтва павінна было несці і розныя павіннасці на карысць дзяржавы: плаціла даніну, «палюддзе» (дадатковы пабор, які браўся пры зборы даніны), выконвала «павоз» — працоўную павіннасць, звязаную з дастаўкай даніны ў пэўныя месцы. Сяляне абавязаны былі таксама выконваць ваенную павіннасць — выстаўляць «вояў». Яны прыцягваліся да будаўніцтва гарадоў, абарончых ліній, мастоў, да пракладкі дарог.
Адметнай рысай эканамічнага развіцця Беларусі IX—XIIIстст. з’яўляецца ўзнікненне гарадоў. Гэты працэс быў звязаны з грамадскім падзелам працы. Горад, як тып паселішча, гістарычна склаўся пры пераходзе ад першабытнага грамадства да класавага ў выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі і з’яўлення дзяржавы.
Для з’яўлення горада неабходны дзве ўмовы:гандлёва-транзітны шлях, што забяспечвае рамесніку магчымасць збываць тавары і наяўнасць умацаванага пункта, які гарантаваў яму бяспеку. Апошнім мог быць і замак феадала, і манастыр, і крэпасць.
Аднак калі эканамічныя прычыны ўзнікнення старажытных беларускіх гарадоў былі аднолькавымі, то канкрэтныя шляхі іх фарміравання былі рознымі. Звесткі пра ўзнікненне беларускіх гарадоў утрымліваюцца ў летапісах, дзе яны ўпамінаюцца ў сувязі з рознымі падзеямі. Першым беларускім горадам, які ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» (862 г.), з’яўляецца Полацк. Летапісныя крыніцы сведчаць аб існаванні ў XIIIст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі больш чатырох дзесяткаў гарадоў.
Важна засвоіць пытанне аб сацыяльным складзе гарадскога насельніцтва і занятках гараджан. Найбольш багатую частку гараджан складалі князі, баяры, купцы, заможныя рамеснікі. Асноўны слой насельніцтва сярэдневяковага горада складалі рамеснікі: ганчары, кавалі, гарбары, ювеліры, сталяры і г. д.
Аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, горада ад сяла стала прадумовай развіцця гандлю. Цэнтрамі ўнутранага і знешняга гандлю сталі гарады. У гарадах знаходзіліся кірмашы, на якіх абменьваліся прадукты харчавання, рамесныя вырабы, замежныя тавары.
Такім чынам, у ІХ — першай палове ХІІІст. (на некалькі стагоддзяў пазней, чым у Заходняй Еўропе) на беларускіх землях адбывалася ўсталяванне раннефеадальных адносін: узнікалі першыя дзяржавы, пачыналі фарміравацца асноўныя пласты феадальнага грамадства. Гэты перыяд характарызуецца станаўленнем асноўных форм зямельнай уласнасці, развіццём сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, узнікненнем і развіццём гарадоў.


2. Утварэнне Кіеўскай Русі. Уключэнне беларускіх зямель у склад старажытнарускай дзяржавы

Дзяржава — гэта разгалінаваная сістэма палітычнай улады, якая ажыццяўляецца ў краіне. Яна аб’ядноўвае ўсё насельніцтва ў адно тэрытарыяльнае цэлае. Узнікненне першых старажытных дзяржаў звязана з пераходам першабытных плямёнаў ад прысвойваючай да вытворчай гаспадаркі. З’яўленне матыжнага, а потым ворыўнага земляробства садзейнічала росту ўраджаяў і спрыяла развіццю жывёлагадоўлі. Узнік прыбавачны прадукт. Цяпер абшчына магла пракарміць не толькі працаўнікоў, але і непрацаздольных, вызваліць частку людзей ад сельскагаспадарчай працы, што садзейнічала росту рамяства. Адбываўся працэс аддзялення рамяства ад земляробства. З цягам часу месца пле-мяннога аб’яднання заняла тэрытарыяльная суседская абшчына. У грамадстве зараджаецца маёмасная і сацыяльная няроўнасць. Прыбавачны прадукт мог прысвоіць прывілеяваны слой грамадства: ваенныя правадыры, жрацы, старэйшыны. Аднак без такой няроўнасці, прагрэс увогуле немагчымы. Для замацавання існуючага сацыяльна-эканамічнага ладу быў неабходны апарат прымусу, якім і стала дзяржава з яе адміністрацыяй, тэрытарыяльным прынцыпам кіравання, падаткамі, узброенымі сіламі, законамі. Перыяд узнікнення дзяржаў супадае з перыядам утварэння гарадоў. Разам з дзяржавамі ўзнікаюць першыя цывілізацыі. Першыя дзяржавы ўзніклі ў IV—III тыс. да н. э. на Блізкім Усходзе (у Месапатаміі і Егіпце). У VI—Xстст. у Заходняй Еўропе складваюцца феадальныя дзяржавы ў франкаў, бургундаў, вестготаў; вылучаюцца буйныя палітычныя цэнтры ў Даніі, Швецыі, Нарвегіі; ідзе дзяржаваўтварэнне ў Брытаніі, Скандынавіі. Устанаўліваюцца дзяржавы ў славян: чэхаў, мараваў, харватаў і славенцаў, палякаў. На землях Усходняй Еўропы працэс утварэння дзяржаў адбываецца ў VIII—Xстст. Дзяржаўнай арганізацыяй усяго ўсходняга славянства з’яўляецца Кіеўская Русь.
Старажытнаруская дзяржава ўсходніх славян са сталіцай Кіеў (адсюль назва Кіеўская Русь) склалася ў другой палове IXст. і праіснавала як адносна адзінае ўтварэнне да пачатку XIIст.
Аналізуючы генезіс Старажытнай (або Кіеўскай) Русі, адзначым, што яшчэ ў VIII—IXстст. склаліся блізкія супольнасці ўсходнеславянскага насельніцтва — племянныя саюзы дулебаў, палян, драўлян, дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў, вяцічаў і інш.
Гэтыя племянныя саюзы былі блізкімі па мове, культуры, звычаях. Пераход да вытворчай гаспадаркі (земляробству і жывёлагадоўлі), будаўніцтву гарадоў, развіццё рамёстваў і гандлю,
а таксама неабходнасць аб’яднання сіл для абароны сваіх земляў ад набегаў хазараў, полаўцаў і інш. ваяўнічых качэўнікаў — усё гэта стварала ўмовы для палітычнага аб’яднання ўсходніх плямён і ўтварэння вялікай і магутнай дзяржавы.
Важнай крыніцай , якая апавядае аб рассяленні ўсходніх славян і ўтварэнні старажытнаславянскай дзяржавы, з’яўляецца летапіс «Аповесць мінулых гадоў». Складальнік летапісу, манах Нестар, на падставе вядомых яму гістарычных звестак і паданняў расказвае аб існаванні ва ўсходніх славян шэрагу самастойных племянных княжанняў яшчэ да ўтварэння старажытнаславянскай дзяржавы. Паляне мелі сваё княжанне на чале з Кіевам, «а в древлях (у драўлян) свае, в дреговичи свое, а словене свое в Новгороде, а другое на Полоте иже полочане». Племянныя княжанні былі папярэднікамі Кіеўскай Русі і ўяўлялі сабой пачатковую форму дзяржаўнасці на яе тэрыторыі.
У «Аповесці мінулых гадоў» утварэнне ўсходнеславянскай дзяржавы звязана з варагамі (так называлі скандынаваў, якія ў IX—XIстст. ажыццяўлялі паходы амаль па ўсёй Еўропе). Нестар сцвярждаў, што варожыя плямёны ільменскіх славян, крывічоў і чудзь запрасілі варажскага конунга (князя) для навядзення парадку. Князь Рурык (?—879) прыйшоў са сваёй дружынай і паклаў пачатак вялікакняжацкай дынастыі Рурыкавічаў.
Апавяданне летапісца Нестара аб запрашэнні варагаў на зямлю ўсходніх славян знайшло ў далейшым дастаткова супярэчлівую інтэрпрэтацыю гісторыкаў. Існуюць дзве асноўныя тэорыі паходжання Кіеўскай Русі: нарманская і антынарманская.
Важна адзначыць, што ў гістарыяграфіі пытанне аб сутнасці Кіеўскай Русі як дзяржавы перыяду сярэднявечча адносіцца да складаных і супярэчлівых. Разгледзім два падыходы. Адны вучоныя сцвярджаюць, што Кіеўская Русь — гэта цэнтралізаваная моцная дзяржава, якая ўключала ў свой склад усе ўсходне-славянскія землі. Другія — разглядаюць Кіеўскую дзяржаву як ваенны саюз усходнеславянскіх зямель у пераходны перыяд да феадалізму. Гэты саюз начале з вялікім князем кіеўскім выступае як адзінае ваеннапалітычнае цэлае ў барацьбе са стэпавымі народамі (хазарамі, печанегамі, полаўцамі), з Візантыйскай імперыяй і некаторымі дзяржавамі Заходняй Еўропы.
Працэс аб’яднання ўсходнеславянскіх плямёнаў і ўтварэнне дзяржавы Кіеўская Русь адбываецца праз дзейнасць пераемнікаў Рурыка. Князь Алег (882—912) захапіў Кіеў, аб’яднаў Ноўгарадскае і Кіеўскае княствы, распаўсюдзіў уладу на многія ўсходнеславянскія і неславянскія плямёны. Дзейнасць наступных кіеўскіх князёў Ігара (912—945), удавы Ігара Вольгі (945—964), іх сына Святаслава (964—972) — была накіравана на пашырэнне тэрыторыі і ўмацаванне старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі.
Найвышэйшага росквіту Кіеўская Русь дасягнула ў канцы X —першай палове XIстст. у час княжання Уладзіміра Святаслававіча (980—1015) і яго сына Яраслава Мудрага (1019—1054).
Першая буйнейшая на тэрыторыі Беларусі дзяржава — Полацкае княства — было ўключана ў склад Кіеўскай Русі каля 980 г. Уладзімірам Святаслававічам. Зазначым, што характар узаемаадносін Полацка з Кіевам у IX—XIIстст. з’яўляецца складаным, што пацвярджаецца тагачаснымі крыніцамі: («Аповесцю мінулых гадоў», «Словам аб палку Ігаравым»).
Пры Уладзіміры Святаслававічу было амаль завершана аб’яднанне ўсіх усходнеславянскіх зямель, узмоцнена дзяржаўнае кіраванне, уведзена хрысціянства як дзяржаўная рэлігія. Пры Яраславе Мудрым (сыне Уладзіміра Святаслававіча і Рагнеды Рагвалодаўны) былі ўзмоцнены палітычныя, гандлёвыя і культур-ныя сувязі з Паўночным Прычарнамор’ем, Візантыяй, Блізкім Усходам, Польшчай, Венгрыяй і інш. У складзе Кіеўскай Русі адбываўся працэс сцірання племянных рыс і адметнасці, ішло фарміраванне раннефеадальных этнасаў. Тым не менш, гэтая дзяржава была этнічна стракатай, з неаднародным культурным жыццём. Палітычнае аб’яднанне не падмацоўвалася рэальнымі эканамічнымі сувязямі і было нетрывалым. Таму адначасова з аб’яднаўчымі тэндэнцыямі набіралі сілу цэнтрабежныя, уласцівыя ўсім раннефеадальным дзяржавам.
Кіеўская Русь, праіснаваўшы тры стагоддзі (другая палова IX — першая палова XIIстст.), распалася на ўдзелы. Зазначым, што яе распад адбываўся ў той час, калі не толькі існавала цэнтральная вярхоўная ўлада з вялікакняжацкім сталом у Кіеве, але і з’явілася агульная рэлігія — хрысціянства, якая была ў той час магутным сродкам кансалідацыі грамадства. Галоўнае — гэта рост прадук-цыйных сіл, узнікненне новых эканамічных цэнтраў, узмацненне ўлады князёў на месцах, пастаянныя міжусобіцы, а ў выніку — феадальная раздробленасць, якая і прывяла да распаду Кіеўскай Русі на самастойныя дзяржавы. Найбольшымі з іх былі Кіеўскае, Полацкае, Чарнігаўскае княствы, а таксама Ноўгарадская рэспубліка.
Такім чынам, дзяржава як сацыяльны інстытут узнікае на этапе пераходу да вытворчай гаспадаркі і фарміравання класавага грамадства. Першыя дзяржавы з’яўляюцца ў старажытнасці. Дзяржаваўтваральны працэс у Еўропе бярэ пачатак з канца Vст. Старажытнаславянская дзяржава, якая склалася ў другой палове IXст., была адной з буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў. Кіеўская Русь падтрымлівала палітычныя, гандлёвыя і культурныя сувязі з Чэ-хіяй, Польшчай, Венгрыяй і Балгарыяй, мела дыпламатычныя адносіны з Візантыяй, Германіяй, Нарвегіяй, Швецыяй, наладжвала кантакты з Францыяй і Англіяй.
Кіеўская Русь была палітычна-тэрытарыяльным саюзам усходнеславянскіх супольнасцей і стала калыскай, з якой пачаўся працэс фарміравання блізкіх народаў: беларускага, рускага, ўкраінскага.

3. Першыя дзяржавы-княствы на тэрыторыі Беларусі

Важна мець на ўвазе, што гэтае пытанне не мае адзінага падыходу сярод гісторыкаў.
У савецкія часы ў асноўным гісторыю Беларусі як гісторыю дзяржавы пачыналі з 1919 г. (з утварэннем БССР).
У 1990-х гадах у працах беларускіх вучоных М. Ермаловіча, Г. Штыхава, Я. Юхо, С. Тарасава і іншых. Старажытная Беларусь разглядаецца як самастойная палітычная адзінка ва ўсходне-славянскім рэгіёне са сваімі эканамічнымі і культурнымі асаблі-васцямі, якія заклалі падмурак беларускай дзяржаўнасці.
З дакладных гістарычных крыніц вядома, што асновы дзяржаўнасці ў нашых продкаў з’явіліся яшчэ да ўтварэння Кіеўскай Русі. Адпаведна прынятай ў гістарыяграфіі канцэпцыі, узнікненне інстытута дзяржавы непасрэдна звязана з распадам першабытнаабшчыннага ладу, пераходам да суседскай абшчыны, паступовым выдзяленнем сярод агульнай масы людзей прадстаўнікоў адміністрацыйна-класавай сістэмы, са спецыялізацыяй і канцэнтрацыяй вытворчасці. У VI—Хстст. у Заходняй Еўропе, як ужо адзначалася раней, складваюцца феадальныя дзяржавы. Сярэдневяковая беларуская дзяржава стваралася ў кантэксце аналагічных працэсаў, што разгортваліся ў Еўропе.
На землях Усходняй Еўропы працэс утварэння дзяржаў адбы-ваецца ў VIII—Xстст. Крывіцкі Полацк, палянскі Кіеў і славенскі Ноўгарад выступілі першымі цэнтрамі кансалідацыі ўсходне-славянскіх племянных саюзаў. У пісьмовых крыніцах самая магутная на тэрыторыі Беларусі дзяржаўнае ўтварэнне — Полацкае княства — вядомае пад назвай «зямля». Недзе на мяжы VIIІ—IXстст. вакол Полацка пачало складвацца аб’яднанне крывічоў, якое ў далейшым сфарміравалася ў самастойную тэрытарыяльную, палі-тычную і эканамічную адзінку. Сваім раннім узнікненнем і інтэн-сіўным развіццём Полацкае зямля ў многім абавязана водным ганд-лёвым шляхам, якія звязвалі Паўднёвую Русь, Візантыю і арабскі Усход з Паўночнай Руссю, Прыбалтыкай і Скандынавіяй. Галоўнай жыццёвай артэрыяй Полацкага княства стала Заходняя Дзвіна.
У Х—ХІстст. Полацкае княства з’яўлялася адным з буйнейшых магутных княстваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і сапернічала з Кіевам і Ноўгарадам у аб’яднанні зямель.
З 882 г. Полацк і землі, якія яму падпарадкоўваліся, знаходзіліся ў пастаянных эканамічных і палітычных сувязях з Кіеўскім княствам. Аб гэтым сведчаць летапісы, у якіх гаворыцца аб удзеле крывічоў у сумесным паходзе ў 882 г. кіеўскага князя Алега на Смаленск, а ў 907 г. — аб здзяйсненні сумеснага пахода на Канстанцінопаль.
Аналізуючы сведчанне летапісаў, многія даследчыкі прыйшлі да высновы, што Полацкае княства ўваходзіла ў склад Кіеўскай дзяржавы, але адносіны з ёй былі намінальнымі і абмяжоўваліся толькі ўдзелам ва ўзаемавыгадных ваенных мерапрыемствах.
Рагнеда і Рагвалод стаялі ля вытокаў старажытнай гісторыі Беларусі. Сын Рагнеды — Ізяслаў (988—1001) — фактычна паклаў пачатак палітычнаму адраджэнню Полацкага княства на мяжы Х—ХІстст., спрыяў распаўсюджванню тут хрысціянства. Ніканаўскі летапіс даў высокую ацэнку Ізяславу Уладзіміравічу як чалавеку і хрысціяніну, назваў яго першым усходнеславянскім князем-кніжнікам: «Бысць же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священницкий чин иноческий, и писаний, и отваращаясь от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Пражыў Ізяслаў не больш як 25—26 гадоў. Меў двух сыноў: Усяслава і Брачыслава. У першай палове ХІст. пры Брачыславе (1003—1044) Полацкае княства зноў заявіла сябе як самастойная дзяржава. У барацьбе з кіеўскім князем Яраславам Мудрым за Ноўгарад Брачыслаў дабіўся перадачы яму гарадоў Віцебска і Усвят, якія стаялі на важным шляху са Скандынавіі ў Візантыю; значна пашырыў межы Полацкай зямлі на поўдзень і на поўнач, дзе быў заснаваны горад Брачыслаў, цяпер Браслаў. Імя Брачыслава Ізяслававіча было вядома ў скандынаўскім свеце, пра што сведчыць «Эймундава сага».
Адзін з самых важных і яркіх перыядаў нашай старажытнай гісторыі — дзейнасць Усяслава Чарадзея (1044—1101). Усяслаў займае ганаровае месца ў гісторыі нашай краіны. У час яго кіравання Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці і найвышэйшай ступені незалежнасці. У той час, калі ў астатніх усходнеславянскіх княствах з другой паловы ХІст. пачынаецца актыўнае дзяленне на ўдзелы, Полацкая зямля застаецца цэласнай дзяржавай з адным цэнтрам у Полацку. У гэты перыяд адбываліся такія значныя падзеі для Полацкага княства, як замацаванне за Полацкам Ніжняга Падзвіння, будаўніцтва Сафійскага сабора, аднаўленне Менска, барацьба за пашырэнне ўсходняй мяжы княства.
Важна зразумець, што Полацкае княства з’яўлялася першай беларускай дзяржавай і мела не ўяўны, а сапраўдны суверэнітэт і само распараджалася сваім лёсам. На працягу стагоддзяў яно захоўвала ўсе важнейшыя атрыбуты дзяржаўнасці: заканадаўчую ўладу ў выглядзе веча, выканаўчую ўладу ў асобе князя, уласную княжацкую дынастыю Рагвалодавічаў-Ізяслававічаў (полацкія князі называлі сябе Рагвалодавічамі, а не рурыкавічамі, як астатнія рускія князі), стабільную тэрыторыю, магутнае войска. Полацкая зямля праводзіла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, вызначалася знешнепалітычнай і вайсковай актыўнасцю.
Пасля смерці Усяслава паміж яго сынамі вялася міжусобная барацьба, у якую ўмешваліся і іншыя князі. Найбольш моцным стаў Менскі ўдзел. Тут княжыў Глеб Усяслававіч (1101—1119), які праводзіў палітыку ўзвышэння Менска і пашырэння межаў княства. Гэта выклікала незадаволенасць Кіева, якая перарасла ў вайну Кіева і Менска, што скончылася палонам Глеба і яго смерцю ў Кіеве ў 1119 г.
У першай трэці XIIст. адносіны Полацка з паўднёварускімі князямі заставаліся вельмі вострымі. Гэта прывяло да таго, што ў 1129 г. кіеўскі князь Мсціслаў захапіў полацкіх князёў з сем’ямі ў палон і выслаў у Візантыю. Толькі праз дзесяць гадоў некаторыя з іх вярнуліся на Радзіму.
У XIIст. Полацкая зямля складалася з удзельных княстваў: Менскага, Віцебскага, Лагойскага і іншых, у якіх была ўлада, абмежавана вечам і належала прадстаўнікам полацка-крывіцкай кіруючай дынастыі. Феадальная раздробленасць і бясконцая варожасць князёў аслаблялі Полацкую зямлю.
У пачатку XIIIст. над Полацкай зямлёй пачала навісаць новая небяспека: на поўначы і на захадзе з’явіліся нямецкія рыцары-крыжакі. Полацкае княства паступова губляла сваю магутнасць і былую веліч. У такіх абставінах палачане пайшлі на саюз з землямі Верхняга Панямоння (сталіцай — г. Навагрудак) і запрашэнне на сваё княжанне літоўскіх князёў. Пачынаецца перыяд існавання Полаччыны ў саюзе з Літвой у новай дзяржаве — Вялікім княстве Літоўскім.
На тэрыторыі Беларусі ў другой палове Xст. існавалі адначасова дзве незалежныя дзяржавы: з цэнтрам у Полацку і Тураве. Тураўскае княства ўтварылася ў межах рассялення дрыгавічоў — у Паўднёвай Беларусі (басейн р. Прыпяць). Сталіца княства — горад Тураў — згадваецца ўпершыню ў 980 г. у лета-пісе, дзе паведамляецца, што ў гэты час Тур княжыў у Тураве.
Такім чынам, першыя раннефеадальныя дзяржавы-княствы ў Беларусі з’яўляюцца вытокам яе дзяржаўнасці, увасабленнем ідэі незалежнасці беларускага народа. Найбольш яркае адлюстраванне гэта ідэя атрымала ў Полацкім княстве — першым з вядомых нам дзяржаўных утварэнняў беларусаў, якое ўзнікла ў канцы 1-га тысячагоддзя н. э., яшчэ да ўзнікнення Кіеўскай Русі, і ў выніку ваенна-палітычных намаганняў захавала незалежнасць на працягу шэрагу стагоддзяў. Існаванне Полацкай зямлі на чале з Полацкам — буйнейшым эканамічным, палітычным і культурным цэнтрам заходніх зямель усходняга славянства — спрыяла зараджэнню гаспадарчай і культурнай супольнасці гэтых зямель і ўзнікненню ўмоў для складвання беларускага этнасу.


4. Барацьба заходнерускіх зямель з іншаземнымі захопнікамі ў канцы XII — пачатку XIIIст.

Адной з вядучых тэндэнцый у развіцці заходнееўрапейскіх краін з XIIIст. з’яўляецца правядзенне місіянерска-каланізатарскай палітыкі. Імкненне свецкіх і духоўных феадалаў да экспансіі знайшло сваё адлюстраванне ў так званых крыжовых паходах.
Першы крыжовы паход адбыўся яшчэ ў XIст. (1096) у адказ на напад туркаў-сельджукаў на Візантыю. У XIIст. адбыліся два наступныя крыжовыя паходы, у XIIIст. — яшчэ пяць. Неабходна адзначыць, што «крыжовымі паходамі» гісторыкі часта называюць паходы нямецкіх феадалаў у XII—XIIIстст. супраць славян,
а таксама народаў Прыбалтыкі. Сапраўды, крыжакі не абмяжоў-валіся паходамі на Святую зямлю. У XIIст. яны з санкцыі папы рымскага арганізавалі першы крыжовы паход супраць славян. Гэта адпавядала інтарэсам нямецкіх феадалаў, таму імператары Свяшчэннай Рымскай імперыі абвясцілі лозунг «Drang nach Osten» (націск на ўсход). Пад гэтым лозунгам разгарнулася заваяванне зямель, што знаходзіліся на ўсход ад Эльбы. Сюды былі накіраваны рыцары Тэўтонскага (Нямецкага) ордэна, заснаванага яшчэ ў час паходу ў Палесціну. Рухаючыся на ўсход, яны дайшлі да сучаснай Эстоніі. У пачатку ХІІІст. імі былі заснаваны Берлін, Кёнігсберг, Рыга і іншыя гарады. На захопленых у прусаў, літоўцаў, палякаў землях. была ўтворана ў ХІІІст дзяржава — Тэўтонскі ордэн.
Прасоўванне крыжакоў на ўсход складаў сур’ёзную пагрозу для народаў Прыбалтыкі і беларускіх зямель.
Гістарычны лёс народаў Усходняй Прыбалтыкі і Беларусі быў цесна звязаны, паміж імі здаўна існавалі палітычныя, эканамічныя і этнічныя сувязі. Літва і латгалы былі падуладны Полацкаму княству і плацілі яму даніну.
Захоп крыжакамі Кукенойса ў 1207 г. і Герцыке ў 1209 г. дазволіў ім усталяваць кантроль над ніжнім Падзвіннем. У 1210 г. паміж Ордэнам і Полацкам быў падпісаны мірны дагавор, які тычыўся ў асноўным гандлёва-эканамічных пытанняў і з’явіўся ўзаемным кампрамісам. Па новаму дагавору 1212 г. полацкі князь Уладзімір поўнасцю страціў Ніжняе Падзвінне, але шлях па Заходняй Дзвіне для купцоў Полацка і некаторых іншых гарадоў заставаўся свабодным. Аднак, нягледзячы на падпісаныя дагаворы, супрацьстаянне паміж Полацкам і Ордэнам прадаўжалася.
Барацьба з нямецкімі захопнікамі працягвалася многія гады. Поўны разгром крыжацкіх сіл адбудзецца ў 1410 г. у знакамітай Грунвальдскай бітве.
У пачатку ХІІІст. узнікла небяспека з усходу з боку мангола-татарскіх захопнікаў. Мангольскія плямёны, якія з ХІІст. займалі тэрыторыю сучаснай Манголіі і Бураціі, былі аб’яднаны (1206 г.) Цемучжынам, які стаў правіцелем гэтых плямён пад імем Чынгісхан (г. зн. Вялікі хан). У 1223 г. полчышча Чынгісхана разграмілі войскі рускіх князёў на р. Калка. Затым захапілі Казань, Уладзімір, Суздаль, Кіеў і іншыя гарады. На шляху была Еўропа. У 1242 г. мангола-татары выйшлі да Адрыятычнага мора. У 1243 г. у прычарнаморскіх і прыкаспійскіх стэпах утварылася Залатая арда — адна з самых вялікіх дзяржаў Сярэднявечча. У другой палове ХІІІст. пад уладай чынгізідаў (нашчадкаў Чынгісхана) аказалася тэрыторыя ад Ціхага акіяна да Дуная.
Упершыню старажытнарускія ваяры сустрэліся з манголамі ў 1223 г. на рацэ Калка. У гэтай бітве, на думку некаторых гісторыкаў, прымалі ўдзел і воіны паўднёвабеларускіх князёў, у прыватнасці, нясвіжскі князь Юрый. Русы пацярпелі паражэнне, але і манголы не адважыліся тады пайсці на Русь.
Нашэсце на ўсходнеславянскія землі яны пачалі ў 1237 г., калі полчышчы хана Батыя ўварваліся ў межы Разанскага княства. На працягу трох гадоў ішла барацьба з мангола-татарамі, але раздробленыя княствы не змаглі спыніць нашэсце хана Батыя, і амаль уся Русь была заваявана і разбурана, трапіўшы затым пад прыгнёт Залатой Арды.
Небяспека з боку манголаў навісла ў той перыяд і над беларускімі землямі. Аднак манголы прайшлі толькі на поўдні Беларусі, разрабавалі і спалілі Гомель, Мазыр, Тураў, Пінск і іншыя гарады. У цэлым землі Беларусі засталіся ў баку ад галоўнага напрамку манголаў і не зведалі такога спусташэння, як Паўночна-Усходняя і Паўднёвая Русь. Беларусь пазбегла прыгнёту Залатой арды.
Барацьба з іншаземнымі захопнікамі была працяглай, аднак пакарыць беларускія землі не ўдалося ні крыжакам, ні мангола-татарам.


5. Рэлігія і культура беларускіх зямель у IX — першай палове XIIIст.

Культура Беларусі ў ІХ — першай палове ХІІІстст. Характары-зуецца высокім ўзроўнем развіцця.
Унутраныя фактары былі звязаны з развіццём феадальнай фармацыі, якая ўключала феадальныя адносіны і дзяржаву, якая дамінавала ў сферы палітыкі. Знешнім фактарам было распаўсюджванне хрысціянства, якое надало магутны імпульс культурнаму развіццю Беларусі. Важна зразумець аб’ектыўныя прычыны замены язычніцтва, якое стала тормазам у развіцці грамадства, на новы светапогляд і ідэалогію хрысціянства. Патрабуе тлумачэння факт прыняцця хрысціянства ў візантыйскай традыцыі (праваслаўе).
Арыгінальнасць беларускай культуры можна зразумець, усвя-доміўшы адрозненні ў змесце паняццяў «хрышчэнне» і «хрысція-нізацыя», «дваяверства».
Хрысціянства злівалася з народнай культурай, традыцыямі, міфалогіяй, гістарычнай памяццю, ствараючы тую глебу, на якой узыходзілі парасткі не толькі беларускай, але і блізкіх ёй украі-нскай і рускай культур.
Ацэньваць вынікі і значэнне «хрышчэння» у культуры Русі неабходна з пазіцый гістарызму і аб’ектыўнасці.
З аднаго боку, барацьба з язычніцкімі вераваннямі нанесла непаўторны ўрон развіццю традыцыйнай («дахрысціянскай») культуры, а іменна:
– абаронцы новай рэлігіі заўзята знішчалі ўсе праявы і свед-чанні «язычніцкага невуцтва»;
– епіскапы збіралі старажытныя летапісы, спальвалі іх або вывозілі ў Візантыю;
– забаранялі масавыя народныя гулянні, ігрышчы і г. д.
Несумненнымі заслугамі новай рэлігіі ў параўнанні з папя-рэдняй політэістычнай можна назваць наступныя:
– хрысціянства больш адпавядала ўмовам новага, класавага грамадства, садзейнічала ўмацаванню адзінства грамадства;
– садзейнічала нівеліроўцы мясцовых культурна-бытавых асаблівасцей і ўстанаўленню агульных асноў жыцця грамадства;
– спрыяла распаўсюджванню граматнасці, пісьменнасці, разві-ццю асветы;
– станавілася магутным фактарам, які забяспечваў пашырэнне міжнародных сувязей Русі і садзейнічаў яе уваходжанню ў суполь-насць іншых хрысціянскіх краін.
Якасны скачок у развіцці культуры быў абумоўлены з’яўленнем і развіццём пісьменнасці. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што пісь-мом усходнія славяне карысталіся задоўга да прыняцця хрысціянства.
Разам з хрысціянствам на Русі пачалі з’яўляцца творы старажытнарымскай і старажытнагрэчаскай літаратуры.
Важна ўсвядоміць вытокі славянскай пісьменнасці, звязанай з імёнамі братоў Кірылы і Мяфодзія. Яны распрацавалі азбуку, якая з вялікай дакладнасцю перадавала фанетыку старажытна-славянскай мовы. Гэта азбука і стала першай азбукай славян. Яе стварэнне стала вялікім дасягненнем, якое садзейнічала далучэнню балгарскага і ўсіх народаў да вышынь сярэдневяковай культуры.
У Рэспубліцы Беларусь, з мэтай павышэння прэстыжу пісьменства і друку як асновы шматвяковай нацыянальнай культуры, устаноўлена свята — Дзень беларускага пісьменства і друку, якое адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Упершыню новае свята адзначалася на Беларусі 4. 09. 1994 г. Цэнтрам урачыстасцей з’яўляўся Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці і культуры.
Хрысціянства адкрыла эпоху сапраўднага асветніцтва ў нашай гісторыі.
У перыяд Кіеўскай Русі з’явілася шмат розных твораў культуры, якія амаль у аднолькавай ступені належаць да духоўнай спадчыны як беларускага, так і ўкраінскага і рускага народаў.
У першай палове XIст. пачалося летапісанне. У пачатку XIIст. створана «Аповесць мінулых гадоў», аўтарам якой быў манах Кіева-Пячэрскага манастыра Нестар. У творы захавалася шмат звестак аб гісторыі старажытнабеларускіх зямель, асабліва Полацкага княства. Летапісец апавядае аб Рагвалодзе, Рагнедзе, Усяславе Брачыславічы, прыгадвае Полацк, Менск, Тураў, Бярэсце, Гарадзень і іншыя старажытныя беларускія гарады. Часткі гэтага летапісу трапілі ў пазнейшыя летапісныя зводы, у тым ліку Радзівілаўскі. «Аповесць мінулых гадоў» дайшла да нас у некаль-кіх спісах — Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім, якія адрозніваюцца паўнатой і варыянтамі некаторых сюжэтаў.
Вядома, што летапісанне вялося ў Полацку пры саборы Святой Сафіі, але сам полацкі летапіс не захаваўся, да нас дайшлі толькі яго часткі, уключаныя ў больш позні Кіеўскі летапіс. Некаторыя гісторыкі лічаць, што летапісанне вялося таксама ў Тураве і Навагародку.
Аб адзінстве культур продкаў беларусаў, украінцаў і рускіх сведчаць творы старажытнарускай літаратуры. Вучоныя адзначаюць, што ў геніяльным паэтычным творы, якім з’яўляецца «Слова аб палку Ігаравым», прысутнічаюць словы і выразы, якія выкарыстоўваюцца не толькі ў дыялектных гаворках Беларусі, але і ў сучаснай літаратурнай мове: «аксаміты», «вежа», «годіна», «кожухы», «полон», «брешут» і іншыя. У гэтым славутым помніку ўсходнеславянскай літаратуры знаходзім і некаторыя ўласцівыя склонавым формам беларускай мовы адметнасці, такія як чаргаванне г, х, к, з, с, ц: нага — назе, страха — на страсе, рука — на руцэ.
Рукапісных кніг XI—XIIIстст. да нас дайшло няшмат. Вядомы Тураўскае і Полацкае евангеллі таго часу. Самае раняе з тых, што захаваліся, — Тураўскае евангелле, створанае на беларускіх землях у XIст. Гэты твор напісаны царкоўнаславянскай мовай, упрыгожаны вялікімі літарамі-ініцыяламі, якія былі размаляваны чырвонай і сіняй фарбамі.
Лепшым сусветным дасягненням адпавядала будаўніцтва храмаў, іх архітэктура, роспіс і ўбранства.
Помнікам абарончага дойлідства Беларусі з’яўляецца Белая вежа, узведзеная ў Камянцы (каля Брэста) ў канцы ХІІІст. знакамітым майстрам Алексай.
Высокага ўзроўню на беларускіх землях дасягнула ў той час выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Галоўнымі жанрамі першага з іх былі ў ІХ—ХІІІстст. манументальны жывапіс (мазаіка, фрэска), іканапіс і кніжная мініяцюра. На беларускіх землях мастацтва мазаікі з’явілася, як мяркуюць вучоныя, у ХІІст. і прыйшло з Візантыі. У якасці матэрыялу выкарыстоўвалі смальту — каляровае непразрыстае шкло ў выглядзе кубікаў або пласцін. Мазаікай упрыгожвалі тагачасныя будынкі і храмы (Верхні замак і храм Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку). Уяўленне аб традыцыях і тэхніцы фрэскавага жывапісу даюць роспісы Спаса-Праабражэнскай царквы, дзе раскрыта больш за 20 фрагментаў роспісу з выявамі святых. Магчыма, што ў вобразе адной са святых намалявана заснавальніца храма — Ефрасіння Полацкая.
Уяўленне аб музычнай культуры Беларусі ІХ—ХІІІстст. даюць выявы музыкантаў, якія часта сустракаюцца ў творах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Наогул насельніцтву Беларусі было ўласціва вялікае захапленне музыкай, песнямі.
Такім чынам, культура старажытнай Беларусі вылучалася высокім ўзроўнем развіцця і складанай структурай. Яна арганічна спалучала ў сабе культурныя традыцыі ўсходне-славянскіх плямёнаў, элементы антычнай і хрысціянскай культур. Фармі-раванне феадальных адносін абумовіла пачатак падзелу культуры па саслоўнаму прынцыпу: узнікае культура пануючага класа (княжацкага двара) і традыцыйная культура, захавальнікамі і спа-жыўцамі якой былі сяляне і гараджане.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии