БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » История Беларуси » ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ І РОЛЯ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ЯГО ПАЛІТЫЧНЫМ, САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫМ І КУЛЬТУРНЫМ РАЗВІЦЦІ: АД СЯРЭДНЯВЕЧЧА ДА НОВАГА ЧАСУ (другая палова XIII — першая палова XVIст.)

ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ І РОЛЯ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ЯГО ПАЛІТЫЧНЫМ, САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫМ І КУЛЬТУРНЫМ РАЗВІЦЦІ: АД СЯРЭДНЯВЕЧЧА ДА НОВАГА ЧАСУ (другая палова XIII — першая палова XVIст.)

Автор: Maxvel 8-05-2013, 15:06

ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ І РОЛЯ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ЯГО ПАЛІТЫЧНЫМ, САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНЫМ І КУЛЬТУРНЫМ РАЗВІЦЦІ:
АД СЯРЭДНЯВЕЧЧА ДА НОВАГА ЧАСУ
(другая палова XIII — першая палова XVIст.)

1. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага і ўключэнне ў яго склад беларускіх зямель.
2. Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у канцы XIV — першай палове XVIст.
3. Дзяржаўны лад, органы ўлады і кіравання ў ВКЛ.
4. Эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ.
5. Фарміраванне беларускай народнасці.
6. Культура Беларусі другой паловы XIII — першай паловы XVIст.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага і ўключэнне ў яго склад беларускіх зямель

Паўночна-заходнімі суседзямі беларускіх зямель былі балцкія плямёны: аўкшайты (Літва), якія пражывалі на ўсходняй частцы сучаснай Літвы; жэмайты (Жмудзь) на заходняй. У пачатку XIIIст. яны знаходзіліся ў праддзяржаўнай стадыі развіцця. На чале саюзаў плямён стаялі дынастыі князёў (кунігасаў), існавала дзяленне на знаць і просты люд, на бедных і багатых. Узмацненне ўлады племянной знаці, неабходнасць аховы ад нападзення рускіх і польскіх князёў, а потым і нямецкіх рыцараў, патрабавалі аб’яднання літоўскіх зямель пад уладай аднаго князя. У сярэдзіне 30-х гг. XIIIст. пачынае стварацца адносна адзіная раннефеадаль-ная манархія, якая з цягам часу пераўтварылася ў Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых зямель.
У заходніх княствах Русі феадальная раздробленасць у XIIIст станавілася перашкодай для развіцця прадукцыйных сіл. З фарміра-ваннем феадальных адносін узмацняліся класавыя супярэчнасці паміж феадаламі, удзельнымі князямі і залежным ад іх насельніцтвам. Для ўзмацнення свайго панавання ўдзельныя князі мелі патрэбу ў вярхоўнай уладзе. Гэту патрэбу адчувалі і гарады, якія пакутавалі ад феадальных усобіц.
Стварэнне ВКЛ і ўключэнне ў яго склад заходнерускіх зямель было паскорана неабходнасцю сумеснай барацьбы з агрэсіяй нямецкіх феадалаў і нашэсцем мангола-татараў. Шляхі ўключэння заходніх зямель Русі ў склад ВКЛ былі рознымі: ваенная сіла літоўскіх князёў, добраахвотныя пагадненні, дынастычныя шлюбы.
У цяперашні час разглядаюцца тры розныя канцэпцыі па пытанню стварэння ВКЛ. Першая канцэпцыя адлюстравана ў савецкай навуковай і вучэбнай літаратуры. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што стварэнне ВКЛ падавалася як вынік захопу літоўцамі заходніх зямель і насільнага далучэння іх да Літоўскай дзяржавы. Літва выступала ў якасці варожай дзяржавы, якая сілай захапіла рускія землі, паслабленыя барацьбой з мангола-татарамі.
Другая канцэпцыя — новая, ці беларуская — вылучана ў пра-цах М. Ермаловіча. Асноўная яе ідэя ў тым, што не літоўскія феадалы захапілі рускія землі, а,наадварот, заходнерускія княствы далучылі да сябе Літву і заснавалі ВКЛ. Гэта тэорыя была асабліва папулярнай у асяроддзі літаратурнай інтэлігенцыі, некаторых палітыкаў у перыяд абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Але большасць вучоных-гісторыкаў яе не падтрымліваюць.
Традыцыйная (літоўская) і новая (беларуская) канцэпцыі стварэння ВКЛ — дзве крайнія канцэпцыі, якія выключаюць адна другую. Трэцяя канцэпцыя — цэнтрысцкая — зводзіцца да нас-тупнага. ВКЛ узнікла на працягу цэлага гістарычнага перыяда: XIIIст. — 70-я гады XIVст., а не ў сярэдзіне XIIIст., як пішуць гісторыкі-рамантыкі. Толькі ў дзейнасці Гедыміна ў пачатку XIVст. магчыма разглядзець працэс стварэння ВКЛ.
Вядучай сілай у стварэнні ВКЛ былі беларускія і літоўскія князі. Але літоўскія феадалы да сярэдзіны XVст. ігралі рашаючую ролю ў жыцці краіны. Усе князі ВКЛ былі літоўскага паходжання называлі сябе русінамі. Да Крэўскай уніі 1385 г. яны былі паганцамі, а славяне — праваслаўнымі. Да Люблінскай уніі 1569 г. літоўскія феадалы мелі перавагу над беларускімі: з 13 магнацкіх родаў дзве трэці былі літоўскімі. Дзяржаўнай рэлігіяй быў каталіцызм, праваслаўных епіскапаў ніколі не пускалі ў раду. Усё гэта абвяргае думкі гісторыкаў-рамантыкаў аб тым, што ВКЛ было беларускай дзяржавай. Трэба адзначыць, што ў гэтых канцэпцыях не хапіла месца рускім і ўкраінцам. А ВКЛ было палітычнай дзяржавай чатырох народаў: літоўскага, беларускага, рускага
і ўкраінскага. Усе яны маюць роўныя правы на гістарычную спадчыннасць ВКЛ. Пагэтаму і называць яго трэба так, як яно называлася ў гісторыі — Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых зямель.
Працэс стварэння ВКЛ быў доўгім. Пачынаўся ён з Нава-гародскай (Навагрудскай) зямлі, куды на княжанне мясцовымі феа-даламі быў запрошаны літоўскі князь Міндоўг (сярэдзіна 30-х гг. XIIIст. — 1263 г.).
З дапамогай беларускіх феадалаў ён падпарадкаваў сваёй уладзе князёў Аўкштайціі і часткова Жамойціі. Адначасова Міндоўг уключыў у склад ВКЛ «Чорную Русь» (басейн верхняга цячэння Нёмана з га-радамі Гродна, Слонім, Ваўкавыск). Акрамя «Чорнай Русі» была далучана паўночна-заходняя частка полацкай зямлі.
Пасля Міндоўга літоўскія князі (Войшалк (1263—1268), Трайдэн (1279—1282), Віцень (1293—1316), Гедымін (1316—1341), Альгерд (1345—1377) працягвалі актыўную дзейнасць па делейшаму завяршэнню аб’яднання літоўскіх зямель і ўключэнню ў склад ВКЛ іншых беларускіх зямель.
Адной з першых у склад ВКЛ была ўключана Полацкая зямля, якая непасрэдна прымыкала да Літвы, была моцна злучана з ёй гістарычна і геаграфічна. Полацк быў буйным, эканамічна развітым горадам, важным апорным пунктам у гандлёвых сувязях з Рыгай. Яму заўсёды пагражалі нямецкія рыцары. Княжацкая ўлада ў Полацку была слабая: абмяжоўвалася вечам. У гэтых умовах полацкія феадалы пайшлі на пагадненне з літоўскімі князямі. Запрошаны ў 1307 г палачанамі вялікі князь літоўскі Віцень выгнаў з горада нямецкіх рыцараў і далучыў полацкую зямлю да ВКЛ.
Гісторыя Віцебскай зямлі цесна звязана з Полацкім княствам. У 1318 г. віцебскі князь Яраслаў выдаў сваю дачку Марыю за літоўскага князя Альгерда Гедымінавіча, які пасля смерці Яраслава стаў віцебскім князем. З гэтага часу Віцебская зямля ўвайшла ў склад ВКЛ.
У пачатку XIVст. да ВКЛ далучана Турава-Пінскае княства, якое да нашэсця мангола-татараў яны знаходзілася пад уплывам ваюючых паміж сабой галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў.
У сярэдзіне XIIIст. мангола-татары захапілі Галіцка-Валынскае княства і турава-пінскія князі, не жадаючы трапіць у залежнасць ад Залатой арды, перайшлі на бок ВКЛ.
Берасцейская зямля ўвайшла ў склад ВКЛ у канцы ХІІІ — першай палове XIVст. пасля доўгай барацьбы за яе літоўскіх князёў і польскіх каралёў. Барацьба закончылася дагаворам 1366 г. паміж вялікім князем літоўскім Кейстутам Гедымінавічам (1345—1382) і польскім каралём Казімірам. Паводле гэтага дагавора Бера-сцейская зямля была канчаткова падпарадкавана ВКЛ.
Беларускія землі на ўсход ад Дняпра, а таксама Мозырская і Брагінская вобласці былі ўключаны ў склад ВКЛ у час сумеснага княжання сыноў Гедыміна — Альгерда і Кейстута. Пры Альгердзе і Кейстуце працэс уключэння заходніх зямель Русі ў склад ВКЛ быў завершаны. На гэтых землях усталявалася ўлада літоўскіх князёў. Сталіцай ВКЛ з 1323 г. стаў горад Вільня.
Пашырэнне тэрыторыі ВКЛ за кошт беларускіх зямель не абмя-жоўвалася. Акрамя іх, у другой палове XIV — пачатку XVст. у сла-дзе ВКЛ апынуліся паўднёварускія, Чарнігава-Северская і Сма-ленская землі.
Аб’яднанне славянскіх зямель вакол Літвы праходзіла ў асноўным мірным шляхам праз заключэнне дагавораў, шлюбных саюзаў і не ўспрымалася слявянскім насельніцтвам як агрэсія. Але ваенная сіла літоўскіх князёў у гэтым працэсе мела важнае значэнне.
Літоўскія князі ў адносінах да далучаных зямель праводзілі асцярожную, умераную палітыку. Яны спачатку стараліся «не рушыць старыны», «не ўводзіць навізны», паважальна адносіцца да хрысціянскай рэлігіі і насельніцтва. Мясцовыя феадалы захоўвалі манапольныя правы на свае землі, не адбывалася перараз-меркавання формаў уласнасці на карысць літоўскім князям, заставалася былым становішча сялян.
Уключэнне ў склад ВКЛ значнай часткі беларускіх, украінскіх і рускіх зямель з’яўлялася, па сутнасці, аднаўленнем страчанага адзінства ўсходніх славян на гэтых землях, садзейнічала іх эканамічнаму і культурнаму развіццю.
Вялікую ролю іграла ВКЛ у адбіванні знешняй агрэсіі: народы ВКЛ выстаялі ў барацьбе з нямецкімі феадаламі і мангола-татарамі.
Аб’яднанне заходніх зямель Русі ў межах ВКЛ, агульнасць іх гаспадарчага і культурнага развіцця былі перадумовай стварэння беларускай народнасці.
Славянскія землі складалі 9/10 тэрыторыі ВКЛ і знаходзіліся ў эканамічных і культурных адносінах на больш высокім узроўні, чым Літва, і гэта адбілася на ўсёй гісторыі ВКЛ. Беларускія і ўкраінскія землі з’яўляліся асновай эканамічнага развіцця і ваеннай сілы ВКЛ. Літоўскія вялікія князі выкарыстоўвалі найбольш развітыя формы дзяржаўнага праўлення і юрыдычныя нормы старажытнай Русі, усходнеславянскую пісьменасць.
Такім чынам, на працягу ХІІІ—XIVстст. ва Усходняй Еўропе была створана буйнейшая дзяржава Сярэднявечча — Вялікае Княства Літоўскае.


2. Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ у канцы XIV першай палове XVIст.

У другой палове XIVст. міжнароднае становішча ВКЛ было цяжкім. Маскоўскае вялікае княства стала прэтэндаваць на ролю аб’яднальніка старажытнарускіх зямель і арганізатара барацьбы супраць мангола-татараў. Гэта імкненне Масквы асабліва ўзрасло пасля Кулікоўскай бітвы 1380 г. Да Масквы сталі схіляцца беларускія і ўкраінскія феадалы, незадаволеныя палітыкай літоўскіх князёў.
Паходы Альгерда на Маскву (1368, 1370, 1372) і яго палітыка заключэння антымаскоўскага саюзу з ханам Джанібекам пацярпелі няўдачу. У другой палове XIVст. Тэўтонскі ордэн дабіўся найбольшай магутнасці і ўяўляў сур’ёзную пагрозу ВКЛ. З 1345 г. па 1392 г. нямецкія рыцары 96 разоў нападалі на Літву і Беларусь. Адносіны ВКЛ з Польшчай былі напружанымі з-за барацьбы за Галіцка-Валынскае княства і Падляшша.
Цяжкае міжнароднае становішча ВКЛ пагоршылася пасля смерці Альгерда барацьбой паміж літоўскімі князямі за вялікакняжацкі трон. Вялікім князем літоўскім насуперак традыцыі стаў малодшы сын Альгерда Ягайла (1377—1392). Кааліцыю праціўнікаў Ягайлы ўзначаліў яго старэйшы брат полацкі князь Андрэй Альгердавіч, які ўдзейнічаў у Кулікоўскай бітве на баку Дзмітрыя Іванавіча і карыстаўся падтрымкай Масквы.
У гэтых умовах вялікі князь літоўскі Ягайла і яго прыхільнікі пайшлі на саюз з Польшчай і 14 жніўня 1385г. паміж ВКЛ і Польшчай у Крэве (зараз Смаргоньскі раён) была заключана унія. Ягайла і яго браты паабяцалі на ўсе часы далучыць свае землі, літоўскія і рускія, да кароны польскай. Яны абавязаліся прыняць каталіцтва і пераўтварыць у каталіцкую веру ўсіх падданых, не толькі літоўцаў, якія заставаліся яшчэ паганцамі, але і праваслаўнае насельніцтва.
У 1385 г. акт уніі быў замацаваны ў Крэве выбраннем вялікага князя літоўскага адначасова польскім каралём (1386—1434). Ягайла прыняў каталіцтва пад іменем Уладзіслава і ўступіў у шлюб з польскай каралевай Ядвігай.
Умовы Крэўскай уніі азначалі практычна далучэнне ВКЛ да Польшчы, ліквідацыю дзяржаўнай самастойнасці. Таму сярод беларускіх і некаторых літоўскіх феадалаў супраць уніі склалася апазіцыя. Першым супраць Ягайлы выступіў полацкі князь Андрэй у саюзе са смаленскім князем Святаславам Іванавічам. У 1386 г. яны пачалі ваенныя дзеянні. Найбольшага напружання барацьба дасягнула ў 1389—1392 гг., калі апазіцыю ўзначаліў дваюрадны брат Ягайлы, гродненскі князь Вітаўт.
Барацьба ваюючых бакоў скончылася заключэннем у 1392 г.
у маёнтку Востраў (каля Ліды) пагаднення. Па Востраўскаму пагадненню польскія феадалы павінны былі адмовіцца ад уключэння ВКЛ у склад Польшчы. За ім захоўвалася аўтаномія пад эгідай польскага караля. Вялікім князем літоўскім пажыццёва стаў Вітаўт (1392—1430).
Крэўская унія станоўча сказалася на выніку сумеснай барацьбы Польшчы і ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам у Грунвальдскай бітве.
Разам з тым Крэўская унія адчыніла шлях каталіцкай агрэсіі ў Беларусь. Ужо пры Ягайле сталі будавацца касцёлы, манастыры, насаджацца каталіцкае землеўладанне.
У 1387 г. Ягайла выдаў прывілей, па якому літоўскія феадалы-католікі атрымлівалі вялікія маёмасныя і асабовыя правы. На пра-васлаўных феадалаў гэтыя правы не распаўсюджваліся.
Згодна гэтым прывілеям шлюб паміж католікамі і праваслаўнымі мог быць заключаны толькі пры ўмове пераходу апошніх у каталіцтва. Уладанні каталіцкай царквы вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцяў. Усё гэта садзейнічала ўзмацненню становішча літоўскіх феадалаў-католікаў у палітычным жыцці ВКЛ.
Беларускія феадалы, аказваючы падтрымку Вітаўту ў яго ба-рацьбе супраць Ягайлы, спадзяваліся захаваць свае правы ўдзельных уладальнікаў. Але Вітаўт стаў узмацняць сваю ўладу пры дапамозе цэнтралізацыі дзяржавы, абапіраючыся на літоўскіх феадалаў. Ён ліквідаваў абласныя княжанні і замяніў іх інстытутам намесніцтва. Намеснікамі ў заходнерускія княствы назначаліся прадстаўнікі цэнтральнай улады літоўскага паходжання. Далей яны сталі буйнейшымі землеўладальнікамі, магнатамі ў ВКЛ.
Пасля Грунвальдскай бітвы (1410) у якой воіны ВКЛ адыгралі вызначальную ролю, Вітаўт спрабаваў змяніць васальныя адносіны з Каронай Польскай і дабіцца поўнай самастойнасці ВКЛ амаль да стварэння асобнага каралеўства. У выніку перагавораў Ягайлы і Вітаўта была падпісана ў 1413 г. Гарадзельская унія. Яна юрыдычна замацавала самастойнасць ВКЛ, але пад уладай польскага караля. Гарадзельскі прывілей, выданы Ягайлам і Вітаўтам, параўняў у правах з польскімі магнатамі тых феадалаў ВКЛ, якія прынялі каталіцтва і польскія гербы. Літоўскія феадалы-каталікі атрымалі таксама выключнае права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады і знаходзіцца ў вялікакняжацкай радзе.
Праваслаўныя феадалы беларускіх зямель апынуліся ў яшчэ больш нераўнапраўным становішчы.
У канцы свайго жыцця Вітаўт была зробіў спробу ажыцявіць ідэю стварэння літоўскага каралеўства, але гэтаму перашкодзілі польскія феадалы і смерць Вітаўта ў 1430 г.
Працягваючы знешнюю палітыку Вітаўта, яго прыемнік Свідрыгайла (1430—1432) стаў далучаць да дзяржаўнага кіравання буйных феадалаў рускіх і ўкраінскіх зямель. Гэта выклікала рэзкае незадавальненне літоўскай арыстакратыі, якая з дапамогай Польшчы арганізавала змову супраць вялікага князя. Свідрыгайла збег у Полацк, дзе знайшоў падтрымку мясцовых князёў і баяр. Вялікім князем літоўскім быў абвешчаны брат Вітаўта — Жыгімонт (1432—1440).
Процістаянне бакоў прывяло да грамадзянскай вайны (1432—1436), якая вялася на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы. Ягайла і Жыгімонт былі вымушаны ў 1432 і 1434 гг. выдаць прывілеі, якія распаўсюджвалі асабістыя і маёмасныя правы феадалаў-каталікоў на праваслаўных феадалаў. Але ў палітычных адносінах правы апошніх па-ранейшаму абмяжоўваліся.
На баку Свідрыгайлы выступалі праваслаўныя феадалы, якія дабіваліся роўных правоў з феадаламі-каталікамі. Літоўскія князі, незадаволеныя палітыкай Жыгімонта ў адносінах з Польшчай, пачалі вайну. У той жа час у гэтай феадальнай вайне прымалі ўдзел шырокія слаі насельніцтва беларускіх зямель, што надавала ёй рэлігійную афарбоўку і некаторыя рысы нацыянальнага руху. Грамадзянская вайна не вырашыла палітычных супярэчнасцей ў ВКЛ, а толькі часткова паслабіла іх.
Свідрыгайла і яго прыхільнікі пацярпелі паражэнне ў гэтай барацьбе. Жыгімонт з мэтай узмацнення сваіх пазіцый і адносін з Польшчай імкнуўся ўвесці каталіцтва ва ўсім княстве. Баючыся абвастрэння ўнутрыпалітычнага становішча, літоўскія князі склалі змову і ў 1440 г. у Вільна забілі Жыгімонта.
Палітычная барацьба ў ВКЛ прымусіла вялікага князя Казіміра выдаць у 1447 г. агульназемскі прывілей, які гарантаваў праваслаўным феадалам эканамічныя і палітычныя правы нараўне з феадаламі-каталікамі. На практыцы доступ праваслаўным феадалам да вышэйшых дзяржаўных пасад па сутнасці быў закрыты.
Ва ўмовах пастаянных войнаў, барацьбы з набегамі крымскіх татараў ваенна-служылае саслоўе, шляхта набывала ўсё большую значнасць у дзяржаве. Яна паступова дабілася права ўласнасці на зямлю. Зямельная ўласнасць шляхты стала перадавацца па спадчыне і пераўтварацца ў вотчыны. Шляхта дабілася прывіляў і ў гандлі. Ёй было дадзена права бязмытнага ўвозу замежных тавараў.
З цягам часу шляхта стала далучацца да палітычнай дзейнасці. У пачатку XVIст. была ўстаноўлена выбарнасць дэпутатаў вальнага сейма на павятовых сейміках, якія складаліся ў асноўным са шляхты. Павятовыя шляхцічы сталі прымаць удзел у рабоце сейма. У 1547 г. прывілеем Жыгімонта II праваслаўная шляхта была ўроўнена ў правах з каталіцкай. З 1563 г. шляхта атрымала права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады.
У першай палове XVIст. шляхта была ўроўнена ў правах з феадальнай знаццю, ёй гарантавалася асабістая і маёмасная недатыкальнасць. У статуце 1529 г. тэрмін «шляхта» распаў-сюджваўся на ўсіх феадалаў Вялікага княства Літоўскага. Быў закончаны працэс кансалідацыі розных слаёў феадалаў у адно прывеліяванае саслоўе. Гэта знайшло адлюстраванне ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588 гг. Але найбольш буйныя феадалы, магнаты ігралі кіруючую ролю ў дзяржаве. Яны падлягалі асабістай юрысдыкцыі, іх не маглі судзіць правінцыяльныя суды.
Такім чынам, унутрыпалітычнае развіццё ВКЛ характарызуецца барацьбой за ўзмацненне цэнтралізаванай улады, павышэнне ролі літоўскіх феадалаў у палітычным жыцці дзяржавы, дыскры-мінацыяй праваслаўных феадалаў, якія імкнуліся атрымаць роўныя правы з феадаламі-каталікамі. Але яны дабіліся толькі некаторых уступак з боку вялікакняжацкай улады. Афіцыйнае прызнанне раўнапраўя ўсіх слаёў класа феадалаў незалежна ад рэлігійных вераванняў адбылося толькі ў сярэдзіне XVIст.
Знешняя палітыка ВКЛ была цесна звязана з унутры-палітычнымі працэсамі, была накіравана на ахову граніц дзяржавы, пашырэнне яго тэрыторыі на поўдні і ўсходзе. У 1362 г. у барацьбе на р. Сінія Воды Альгерд разбіў татара-мангольскае войска, у выніку чаго Кіеўшчына і Падолія былі вызвалены ад татара-манголаў і далучаны да ВКЛ.
У канцы XIVст. Залатая Арда знаходзілася ў стане ўнутрыпалітычнага крызісу, у ёй ішла барацьба за ўладу. У 1395 г. хан Тахтамыш пацярпеў паражэнне ад хана Цімура і збег у ВКЛ. Вітаўт прыняў Тактамыша і паабяцаў аднавіць яго ўладу ў Залатой Ардзе. У сваю чаргу Тахтамыш паабяцаў пасадзіць Вітаўта на Маскоўскі трон. Для ажыццяўлення такіх амбіцыёзных планаў трэба было разбіць войска Цімура. 12 жніўня 1399 г. адбылася бітва на р. Ворскле (Палтаўшчына) паміж войскамі Вітаўта і Тахтамыша з аднаго боку і Цімура з другога. Вітаўт і Тахтамыш пацярпелі паражэнне. Паражэнне на Ворскле прымусіла Вітаўта ўсталяваць больш цесны саюз з Польшчай. У 1401 г. паміж гэтымі дзяржавамі быў падпісаны дагавор, які падцвердзіў Крэўскую унію 1385 г.
і даў магчымасць аб’яднаць сілы дзвюх дзяржаў для барацьбы са знешнімі ворагамі. У XIV — пачатку XVст. галоўным ворагам ВКЛ былі рыцары Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1409 г. пачалася вайна ВКЛ і Польшчы з Тэўтонскім ордэнам. 15 жніўня 1410 г. у бітве пад Грунвальдам крыжакі былі разбіты, пасля чаго ўжо не маглі аднавіць былую моц. Нямецкая агрэсія на славянскія землі была прыпынена на некалькі стагоддзяў.
У другой палове XVст. у знешняй палітыцы ВКЛ значнае месца займала пытанне аб адносінах з Крымскім ханствам. Амаль штогод крымскія татары ўрываліся ў межы Украіны і Беларусі. З 1500 па 1569 гг. татары зрабілі 45 набегаў на беларускія землі, разбураючы сёлы і гарады. У 1505 г. татары дайшлі да Мінска і Навагрудка, узялі ў палон каля 100 тысяч мірных жыхароў. У 1527 г. аб’яднаныя сілы ВКЛ нанеслі паражэнне крымскім татарам пад Каневым на Украіне. Пасля гэтага татары страцілі магчымасць рухацца далёка на поўнач.
З канца XVст. сталі абвастрацца адносіны ВКЛ з Рускай дзяржавай. Да гэтага часу яна канчаткова скінула мангола-татарскае іга. Аб’яднанне рускіх зямель у адзіную дзяржаву выйшла за межы паўночна-ўсходняй Русі. Вялікі князь маскоўскі лічыў сябе князем усіх рускіх зямель і ўзяў на сябе місію іх аб’яднання вакол Масквы. Такім чынам, гістарычна склаліся два цэнтры, якія імкнуліся аб’яднаць землі старажытнарускай дзяржавы — Вільна і Масква. Такое становішча прыводзіла да абвастрэння адносін і войнаў. Таму на працягу XIV—XVIстст. адносіны паміж ВКЛ і Рускай дзяржавай нярэдка насілі варожы характар.
Была і яшчэ адна прычына, якая раз’ядноўвала гэтыя дзяржавы — гэта праблема канфесійнага (рэлігійнага) становішча ў ВКЛ. Вялікі князь маскоўскі прэтэндаваў на ролю адзінага праваслаўнага князя-ахоўніка інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва. З другога боку насельніцтва ВКЛ у нацыянальна-рэлігійных адносінах не аддзяла сябе ад насельніцтва Рускай дзяржавы. У ВКЛ праваслаўная вера прыніжалася, што вяло да абвастрэння рэлігійнай барацьбы ў княстве. Наступ каталіцызму, які ўсталяваўся пасля Крэўскай уніі 1385 г., пашырэнне польскага ўплыву яшчэ больш узмацнілі незадавальненне беларускіх праваслаўных феадалаў, якія бачылі выхад з такога становішча ў далучэнні да Масквы.
У 1481 г. беларускія феадалы Міхаіл Алелькавіч, Іван Гальшанскі, Фёдар Бельскі і іншыя склалі змову з мэтай захопу ўлады ў ВКЛ і далучэння беларускіх зямель да Маскоўскай дзяржавы. Змова была падаўлена, а некаторыя яе ўдзельнікі пакараны смерцю.
У 1508 г. князі Глінскія, уладальнік зямель ў Беларусі і на Украіне, таксама выступілі супраць панавання літоўскіх феадалаў. Яны хацелі стварыць асобныя дзяржавы з рускіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель, што ўваходзілі ў склад ВКЛ. Аднак гэта спроба, нягледзячы на дапамогу рускіх войск, не скончылася поспехам. Некаторыя беларускія феадалы добраахвотна разам з памесцямі пераходзілі пад уладу Масквы. З 1487 па 1493 гг. у Маскву выехалі са сваімі вотчынамі князі Варатынскія, Бялеўскія, Мярецкія, Вяземскія.
Супярэчнасці паміж дзяржавамі вырашаліся ў асноўным ваенным шляхам. У выніку войн Масквы з Літвой у канцы XV — пачатку XVIст. Чарнігава-Северская і Смаленская землі апынуліся ў складзе Рускай дзяржавы. У 1521 г. да Русі таксама адышлі Гомель, Чарнігаў і Старадуб. Войны за далучэнне да Расіі беларускіх, украінскіх і рускіх зямель, якія Ўваходзілі ў склад ВКЛ, вяліся ў 1516, 1518, 1519, 1534, 1536 гг. Яны не прывялі да істотных тэрытарыяльных змен, але і не знялі гэту праблему.
Такім чынам, асноўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ
у XIV—XVIстст. змяніліся. У XIVст. галоўную небяспеку прад-стаўлялі нямецкія рыцары і мангола-татары. У канцы XIV—XVстст. ВКЛ вызначала адносіны з Польшчай, рашала праблему літоўска-польскага саюза. Доўгі час ВКЛ знаходзілася ў персанальнай уніі з Польшчай. Галоўным у знешняй палітыцы ВКЛ сталі адносіны з Маскоўскай дзяржавай, якая з’яўлялася канкурэнтам у справе аб’яднання рускіх зямель. У сярэдзіне XVIст. ВКЛ ужо не магло на роўных сапернічаць з Масквой. Гэта пад-штурхнула ВКЛ да больш моцнага саюзу з Польшчай.


3. Дзяржаўны лад, органы ўлады і кіравання ў Вялікім княстве Літоўскім

Палітычны лад Вялікага княства Літоўскага — гэта феадальная манархія на чале з вялікім князем, які ўзначальваў узброеныя сілы, аб’яўляў вайну, заключаў мір, мог уступаць у саюзы з іншымі дзяржавамі. У XIVст. пры ім існавала вялікакняжацкая рада, якая мела дарадчыя функцыі. На першым этапе галоўную ролю адыгрывалі князі, а пасля ліквідацыі Вітаўтам абласных княстваў рада стала складацца з паплечнікаў вялікага князя. Паступова феадалы дамагліся ўсё большых прывілеяў і абмяжоўвалі ўладу вялікага князя. Рада ператваралася ў прадстаўнічы орган — паны-раду.
Гарадзельскі прывілей 1413 г. закрыў праваслаўным феадалам доступ у раду. У ім гаварылася: «У дарадах аб дзяржаўных справах павінны дапускацца толькі католікі на той падставе, што розніца веры параджае несупадзенне і ва ўсім іншым, і інаверцы не трымаюць дзяржаўных сакрэтаў». У склад рады ўваходзілі асобы, якія займалі высокія дзяржаўныя пасады: канцлер (кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі), гетман (камандуючы ўзброенымі сіламі), падскарбій (кіраўнік фінансаў), маршалак (вышэйшы чыноўнік ВКЛ), ваяводы, кашталяны (у службовай іерархіі займалі месца пасля ваяводы), каталіцкія епіскапы і буйныя феадалы. Найбольш прыбліжаныя да вялікага князя паны-рада складалі пярэднюю (тайную) раду, з якой ён рашаў розныя справы.
Прывілей 1492 г. пастанавіў, што толькі рашэнні вялікага князя з панамі-радай мелі моц закона, які вялікі князь не меў права адмяніць. Прывілей 1506 г. яшчэ больш пашырыў правы паноў-рады. У ім было запісана, што ўсе законы павінны выдавацца са згоды паноў-рады. У статуце 1529 г. гаварылася аб неабходнасці выдаваць прывілей толькі на вальным (агульным) сейме.
Вальны сейм пачаў склікацца з XVст. Спачатку на сейм збіраліся толькі паны-рады і буйныя феадалы. Пазней яго склад быў пашыраны за кошт шляхты, якая набывала ўсё большую значнасць у дзяржаве.
У сярэдзіне XVIст. вальны сейм з’яўляецца вышэйшым заканадаўчым і кантралюючым органам у дзяржаве. Сейм выбіраў вялікага князя, вырашаў пытанні вайны і міру. Пасяджэнні вялікага сейма адбываліся як у Вільні, так і ў іншых беларускіх гарадах: Брэсце, Гродна, Мінску, Навагрудку.
Такім чынам, да сярэдзіны XVIст. у ВКЛ склалася прад-стаўнічая, парламенцкая манархія. Вялікі князь выбіраўся на вальным сейме, яго ўлада ў дзяржаве была абмежавана.
Мясцовае самакіраванне ў ВКЛ было разнастайным. Яшчэ ў канцы XIVст. вялікі князь Вітаўт ліквідаваў абласныя княжанні ў Беларусі. У 1413 г. тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад створаных па польскаму ўзору Віленскага і Трокскага ваяводстваў. Большасць удзельных княстваў была ператворана ў намесніцтвы з паветамі і валасцямі. Дзеля кіравання гэтымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі прызначаліся ваяводы, кашталяны, старасты, цівуны, дзяржаўцы. Ніжэйшае звяно мясцовага кіравання складалі валасныя старасты, дзесятнікі, сельскія войты.
Да пэўнага часу вярхоўная ўлада захоўвала некаторую аўтаномію за тымі беларускімі землямі, у якіх былі яшчэ моцныя вечавыя традыцыі. На правах аўтаноміі знаходзіліся Полацкая і Віцебская землі. Тут збіраліся мясцовыя сеймы, што прымалі ўдзел у прызначэнні ваявод і намеснікаў.
Да сярэдзіны XVIст. складанне палітыка-адміністрацыйнай сістэмы ВКЛ завяршылася. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа 1564—1566 гг. замацавала падзел ВКЛ на 13 ваяводстваў,
8 з якіх цалкам ці часткова складаліся з беларускіх зямель. Паветы сталі асноўнымі часткамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. У 1564 г. на Беларусі налічвалася 16 паветаў. Ва ўсіх ваяводствах і паветах збіраліся сеймікі як органы феадальнага кіравання.
Гарады Беларусі з «магдэбургскім правам» мелі сваё самакіраванне — магістрат.
Судовыя органы ВКЛ абаранялі інтарэсы феадалаў. Падсудовыя справы шляхты, князёў і баяр разглядаў земскі суд, зямельныя справы землеўладальнікаў — падкаморскі суд. Агульнасаслоўным судом быў замкавы (гродскі) суд, які разглядаў крымінальныя справы шляхты, мяшчан і сялян.
Прыгонных сялян судзілі па свайму меркаванню феадалы і служ-бовыя асобы мясцовай вялікакняжацкай адміністрацыі — ураднікі.
Унутрысялянскія справы разглядаў копны суд. У гарадах з маг-дэбургскім правам меліся свае войтаўскія і бурмістрскія суды.
Вышэйшай судовай інстанцыяй у ВКЛ быў вялікакняжацкі суд, а таксама суд паноў-рады і сейма. У 1581 г. быў створаны вышэйшы судовы дзяржаўны орган — Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, які разглядаў найбольш значныя дзяржаўныя справы.
Доўгі час ў ВКЛ не было адзінага заканадаўства. Прывілеі, якія прадстаўлялі вялікія князі асобным землям і саслоўям, былі заснаваны на «Рускай праўдзе» і мясцовых звычаях. Судзебнік Казіміра 1468 г. хаця і распаўсюджваўся на ўсю тэрыторыю ВКЛ, закранаў толькі кадыфікацыю феадальнага права. Першым сістэматызаваным агульна-дзяржаўным зборам законаў феадальнага права з’явіўся Статут 1529 г., які меў пасля другую (1566 ) і трэцюю (1588) рэдакцыі.
Нягледзячы на завяршэнне фарміравання палітыка-адміністрацыйнай сістэмы і стварэнне адзінага заканадаўства, ВКЛ не стала цэнтралізаванай дзяржавай у сапраўдным сэнсе гэтага слова. Сур’ёзнай перашкодай на шляху да цэнтралізацыі былі няроўнасць сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця асобных рэгіёнаў дзяржавы, палітычныя супярэчнасці ўнутры пануючага класа ў цэлым, паміж літоўскімі і беларускімі феадаламі, супярэчнасці нацыянальна-рэлігійнага характару.


4. Эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе ВКЛ

Развіццё феадальных адносін на Беларусі адбывалася ў першую чаргу за кошт ліквідацыі супольнай сялянскай уласнасці на зямлю і пераходу зямлі ва ўласнасць феадалаў.
На працягу XIV—XVстст. сяляне Беларусі канчаткова пазбаўляюцца ўласнасці на зямлю і становяцца толькі земле-карыстальнікамі. Увесь зямельны фонд Беларусі аказваецца ва ўласнасці дзяржавы, свецкіх і духоўных феадалаў.
Да сярэдзіны XVIст. сяляне Беларусі ў залежнасці ад таго, на чыёй зямлі яны пражывалі, падзяліліся на дзяржаўных (даннікаў) і прыватнаўласніцкіх.
На дзяржаўных землях асноўнай павіннасцю сялян быў натуральны аброк зернем і сенам («дзякла», «позем»), мясам і яйкамі («мезлева»), мёдам, воскам, футрамі, часткова грашыма («чынш»). Акрамя таго, дзяржаўныя сяляне павінны былі будаваць і рамантаваць замкі, даваць падводы, пасвіць жывёлу вялікага князя, несці вартаўнічую службу.
Прыватнаўласніцкія сяляне адбывалі паншчыну («сахой, касой, сярпом») і выконвалі іншыя павіннасці. Як дзяржаўныя, так і прыватнаўласніцкія сяляне, плацілі царкоўную дзесяціну.
Усе сяляне Беларусі ў адпаведнасці з феадальнай залежнасцю падзяляліся ў сваю чаргу на «людзей пахожых», «людзей непахожых», «чэлядзь нявольную» і некаторыя іншыя катэгорыі. «Пахожыя» ці «прыхожыя» сяляне прыватнаўласніцкіх маёнткаў захоўвалі права пераходу ад аднаго феадала да другога пры ўмове выканання павіннасцяў ці іх грашовай кампенсацыі. Яны не перадаваліся ў спадчыну. Па свайму прававому становішчу да «пахожых» адносіліся і сяляне-даннікі. Асобную разнавіднасць «людзей пахожых» складалі сяляне, якія трапілі ў даўгавую кабалу — закупы.
Катэгорыю цалкам запрыгоненых сялян прадстаўлялі «непахожыя» ці «неадхожыя», «атчызныя» людзі, страціўшыя права пераходу ад аднаго феадала да другога. Яны з’яўляліся ўласнасцю феадала, і ён мог распараджацца імі па свайму меркаванню: закладваць, дараваць, прадаваць разам з зямлёй.
«Чэлядзь нявольная» адносілася да ніжэйшай ступені феадальнай залежнасці сялян. Як правіла, яна не мела зямельных надзелаў і абслугоўвала двор феадала.
У XIV — першай палове XVIст. суадносіна зямельнай уласнасці дзяржавы і розных груп феадалаў змянілася на карысць апошніх. Вялікія зямельныя надзелы аказаліся ў руках невялікай групы буйных федалаў-магнатаў. Магнацкае землекарыстанне ўзрастала за кошт вялікакняжацкіх падараванняў, куплі і захопу («наезда»). Да часу Люблінскай уніі 1569 г. 29 буйных феадалаў Беларусі мелі ва ўласнасці кожны тысячу і больш сялянскіх двароў (дымаў). Па сведчаннях «попіса войска ВКЛ» 1567 г. (акрамя Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяводстваў) магнатам належыла звыш 40% зямельных уладанняў феадалаў і 1/3 усіх прыватнаўласніцкіх сялян. Да магнатаў прымыкала невялікая група феадалаў, кожны з якой валодаў звыш 500 сялянскімі дварамі. Увогуле ў межах рэгіёна, ахопленага «попісам войска», абедзве гэтыя групы валодалі больш 48% сялянскіх двароў.
У канцы ХV — першай палове XVIст. у сувязі з ростам гарадоў павялічыўся попыт на зерне і другія сельскагаспадарчыя прадукты як у ВКЛ, так і ў краінах Заходняй Еўропы, дзе ў той час пачаў развівацца капіталізм. Феадалы імкнуліся атрымаць большы прыбытак і таму пашыралі ворыва, павялічвалі пасевы ў фаль-варках з мэтай паставак сельскагаспадарчай прадукцыі на ўнут-раны і знешні рынак.
Вялікакняжацкая ўлада таксама стаяла перад праблемай павелічэння прыбытку. Скарачэнне дзяржаўнага зямельнага фонду, фінансавы імунітэт прыватнаўласніцкіх сялян дрэнна ўплывалі на прыбытак вялікакняжацкай казны.
Дзяржаўныя расходы паступова павялічваліся, і вяліка-княжацкая ўлада апынулася ў фінансавай залежнасці ад магнатаў.
Выхадам з гэтага становішча, на думку вярхоўнай улады, магло быць павелічэнне прыбыткуbr / дзяржаўных маёнткаў. Дзеля гэтага іх неабходна было рэарганізаваць. З гэтай мэтай у ВКЛ стала праводзіцца аграрная рэформа, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «валочная памера». Згодна «Уставы на валокі», выданай у 1557 г. Жыгімонтам ІІ Аўгастам, усе дзяржаўныя землі належалі абмеру і перадзелу. Яны падзяляліся на валокі (21,3 га). Кожны сялянскі двор атрымаў у карыстанне валоку ці частку яе ў залежнасці ад магчымасцей сям’і і якасці зямлі. Валока лічылася адной падатковай адзінкай. Зямля прадстаўлялася ў трох палях, што ўзаконьвала трохпольны севазварот. Такім чынам сялянская супольнасць разбуралася і ўводзілася падворнае землекарыстанне.
У час аграрнай рэформы лепшыя землі ў сялян забіраліся і адводзіліся пад вялікакняжацкія фальваркі з разліку адна валока на сем сялянскіх валок. Сяляне, якія атрымалі валокі, пры-мацоўваліся да фальварку і гублялі права адыходу з зямлі.
У адпаведнасці з павіннасцямі сяляне падзяляліся на дзве катэгорыі: цяглыя і асадныя. Цяглыя сяляне павінны былі адбываць двухдзённую паншчыну з валокі, даваць натуральны і грашовы аброк, выконваць працоўную павіннасць у вялікакняжацкіх замках, асадныя — плаціць ад 66 да 106 грошаў у год.
Валочная памера на дзяржаўных землях у заходняй і цэнтральнай частцы Беларусі была завершана да канца XVIст., на ўсходзе да сярэдзіны XVIIст. Пры тым на ўсходзе дзяржава абмежавалася толькі памерамі зямлі і вызначэннем павіннасцяў сялян.
Гэта тлумачыцца тым, што ва ўсходняй частцы Беларусі зямля была горшай, і акрамя гэтага, улада асцерагалася незадавальнення сялян, якія пражывалі на мяжы з Расіяй.
Адначасова з правядзеннем «валочнай памеры» на дзяржаўных землях феадалы праводзілі яе і ў сваіх маёнтках. З аднаго боку яна садзейнічала асваенню новых зямель, укараненню трохпольнай сістэмы, з другога — прывяла да скарачэння сялянскіх зямель і панавання феадальна-паншчыннай сістэмы гаспадаркі. Паншчына стала асноўнай павіннасцю сялян, якая дасягнула 46 дзён у нядзелю. Павялічыўся натуральны аброк і павіннасці сялян.
«Валочная памера» паскорыла запрыгоньванне сялян. Пачатак юрыдычнага афармлення прыгоннага права быў пакладзены прывілеем 1447 г. У ім сцвярджалася, што сяляне, якія пражылі на зямлі 10 год, станавіліся «непахожымі», старажыламі. Характэрнай рысай старажыхарства, згодна прывілею, было і спадчыннае ўладанне селяніна зямлёй. Старажыхарства стала асновай для пошуку беглых сялян і вяртанню іх у свае вотчыны. Статут 1529 г. узаконьваў ліквідацыю ў сялян права ўласнасці на зямлю, пастанавіў 10-гадовы тэрмін земскай даўніны, па сканчэнню якога вольны селянін станавіўся прыгонным. «Устава на валокі» 1557 г. распаўсюдзіла прыгоннае становішча на тую частку сялян, якая яшчэ мела права выхаду. Статут 1566 г. пастанавіў 10-гадовы тэрмін пошуку беглых сялян. Юрыдычнае афармленне запры-гоньвання сялян завяршылася Статутам 1588 г. паводле якога ўстанаўліваўся 20-гадовы тэрмін пошуку беглых сялян. Сялян можна стала прадаваць, абменьваць, закладваць. Такая жорсткая форма прыгоннага права праіснавала амаль трыста гадоў.
У XIV—XVIстст. адбываецца рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады сталі цэнтрамі рамяства і гандлю. Большасць з іх былі невялікімі, яны складаліся з некалькіх вуліц і налічвалі ад 2 да 10 тысяч жыхароў. Найбольш буйнымі гарадамі на тэрыторыі Беларусі былі Полацк, Магілёў, Віцебск, Мінск, Брэст, Гродна, Слуцк, Навагрудак. З’явіліся і паселішчы гарадскога тыпу — мястэчкі. Гарады і мястэчкі ўзнікалі як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях. Мястэчкі ў асноўным належылі феадалам. Каля 40% усіх гарадоў таксама былі прыватна-ўласніцкімі. Жыхары гэтых гарадоў выконвалі феадальныя павіннасці на карысць свайго гаспадара.
Насельніцтва гарадоў, размешчаных на дзяржаўных землях, лічылася свабодным. У XVIст. у гэтых гарадах з’явіліся валоданні свецкіх і духоўных феадалаў, якія атрымалі назву «юрыдык».
З умацаваннем эканамічнай ролі гарадоў павялічвалася імкненне іх жыхароў вызваліцца ад феадальнай залежнасці, атрымаць свабоду і права на самакіраванне. З канца XIVст. літоўскія князі сталі дараваць гарадам самакіраванне на падставе Магдэбургскага права. У 1390 г. такое права было дадзена Брэсту, у 1391 г. — Віцебску, у 1426 г. — Гродна, у 1499 г. — Мінску.
Да сярэдзіны XVIст. Магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйныя гарады Беларусі. З атрыманнем Магдэбургскага права насельніцтва гарадоў вызвалялася ад павіннасцяў на карысць феадала ці дзяржавы, яны замяняліся адзіным грашовым падаткам. Гэта дазваляла развіваць гарадскія промыслы і гандаль.
Большасць жыхароў гарадоў займалася рамяством. У Беларусі было вядома больш 100 рамесных спецыяльнасцей. Высокага ўзроўню дасягнулі ювелірная справа, апрацоўка металу, дрэва, косці, каменю і іншыя віды рамёстваў.
У XIV—XVIстст. развіваецца ўнутраны і знешні гандаль гарадоў. Ва ўсіх гарадах меліся рынкі, дзе адзін-два разы ў тыдзень ішоў буйны гандаль. Гарады Беларусі гандлявалі з рускімі, украінскімі, польскімі гарадамі і некаторымі гарадамі Усходу. На знешні рынак Беларусь пастаўляла зерне, сала, лес, футры, скуры, вырабы рамеснікаў. Увозілася жалеза, медзь, олава, свінец, металічныя вырабы, англійскае сукно, галандскія палотны, віны, соль, рэчы роскашы.
Такім чынам, у XIV—XVIстст. развіццё сацыяльна-эканамічнага жыцця характарызуецца пераўтварэннем зямлі ва ўласнасць феадалаў, замацаваннем іх улады над прыгонным, залежным сялянскім насельніцтвам. Ішоў і завяршыўся працэс масавага запрыгоньвання сялян, які знайшоў адлюстраванне ў Літоўскіх Статутах 1529, 1566 і 1588 гг. Цэнтрам культурнага жыцця, рамяства і гандлю станавіліся гарады, якія змагаліся за права на самакіраванне (Магдэбургскае права), што пашырала магчымасці развіцця рамяства і гандлю.


5. Фарміраванне беларускай народнасці

Народнасць — гэта гістарычна сфарміраваная ўстойлівая супольнасць людзей, якая характарызуецца адзінствам тэрыторыі, мовы, культуры, пэўнымі гаспадарчымі сувязямі, наяўнасцю этнічнай свядомасці, саманазвы, асаблівасцямі псіхалагічнага складу.
Беларуская народнасць, як руская і ўкраінская, сфарміравалася на аснове старажытнарускай народнасці ў перыяд XIII—XVIстст. Гэты працэс прайшоў пад уплывам сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, царкоўна-рэлігійнага і іншых фактараў.
Уваходжанне беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага, падпарадкаванне іх адзінай цэнтральнай уладзе паклала пачатак фарміраванню этнічнай тэрыторыі беларусаў. Яна ў асноў-ным адпавядала рассяленню старажытных продкаў беларусаў — дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў, а таксама часткова драўлян, севяран, валынян. Па звестках этнаграфіі фарміраванне тэрыторыі беларускай народнасці адбывалася ў рамках некалькіх дыялектна-этнаграфічных зон: палескай, падзвінска-дняпроўскай і паня-монскай. У выніку славянскай каланізацыі ў склад беларускай народнасці ўвайшла частка літоўцаў, яцвягаў, татараў.
У XIVст. этнічная тэрыторыя беларусаў у асноўным склалася. Яе межы на поўначы прасціраліся да Заходняй Дзвіны, на поўдні — да Прыпяці, на захадзе — да Нёмана, на ўсходзе — да Дняпра і Сожа.
Важную ролю ў фарміраванні беларускай народнасці ігралі палітычныя фактары. Аб’яднанне беларускіх зямель у рамках ВКЛ садзейнічала развіццю рознабаковых сувязей паміж беларускімі землямі, тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва, кансалідацыі іх з другімі народамі ВКЛ. Фарміраванню беларускай народнасці, станаўленню нацыянальнай свядомасці садзейнічала амаль манапольнае становішча беларускай мовы ў палітычным і духоўным жыцці ВКЛ.
Аднак ВКЛ не было цэнтралізаванай дзяржавай. У ім назіралася як аб’яднаныя, так і сепаратысцкія тэндэнцыі. Некаторыя беларускія землі Полацкая, Віцебская, Смаленская да пэўнага часу карысталіся аўтаноміяй. Аднолькавай уладай валодаў і род удзельных княтсваў. Гэта ўскладняла працэс кансалідацыі бела-рускага этнаса, але не магло яго затрымаць.
Станаўленню і развіццю беларускай народнасці садзейнічаў сацыяльна-эканамічны фактар. У той час у эканоміцы Беларусі панавала натуральная гаспадарка, але разам з тым заметна расшыраліся таварна-грашовыя адносіны. Дзякуючы грамадскаму падзелу працы сялянская гаспадарка ўдзельнічала ў гандлёвым абмене з гарадамі.
Вакол вялікіх гарадоў узнікаў лакальны гандаль, складваліся перадумовы для фарміравання адзінага ўнутранага рынку. Эканамічныя сувязі садзейнічалі пераадоленню лакальнай замкнутасці некаторых зямель, нівеліроўцы мясцовых асаблівасцей, палітычнай і эканамічнай інтэграцыі беларускіх абласцей.
У XIV—XVIстст. узрасло значэнне вялікіх гарадоў Беларусі — Полацка, Бярэсця, Магілёва, Гродна, Віцебска у транзітным гандлі. Перыяд хуткага росту мястэчак прыпадае на XVIIст., што сведчыць аб далейшым развіцці таварна-грашовых адносін. У XV—XVIстст. расшырыўся знешні гандаль з Польшчай, Расіяй і некаторымі заходнімі краінамі. З гэтай мэтай стваралася фальваркавая сістэма, арыентаваная ў асноўным на знешні гандаль. Гэта знаёміла беларусаў з новымі краінамі, народамі, расшырала іх кругагляд, патрабавала новых ведаў у розных абласцях.
У Вільні устанавілася адзіная грашовая сістэма. У ВКЛ у XV—XVIстст. дзейнічаў манетны двор, які вырабляў асноўную манету мясцовай вытворчасці — літоўскі паўгрош.
Развіццё таварна-грашовых адносін, эканамічных сувязей паміж землямі і гарадамі садзейнічалі ўзмацненню міжэтнічных, экана-мічных і сацыяльных кантактаў.
Аднак гаспадарчыя сувязі паміж рознымі абласцямі Беларусі не патрэбна перабольшваць. Ва ўмовах феадальнага спосабу вытворчасці рэгіянальныя, саюзныя працэсы панавалі над агульнадзяржаўнымі. Эканамічная і этнічная інтэграцыя ў рамках усяго ВКЛ была яшчэ слабой.
На фарміраванне беларускай народнасці паўплывала таксама і развіццё саслоўна-класавай структуры феадальнага грамадства. Развіццё феадальных адносін, поўнае запрыгоньванне сялян прывяло да завяршэння фарміравання асноўных саслоўяў беларускай народнасці. Да сярэдзіны XVIст. усе саслоўі-класы ВКЛ дасягнулі ўзроўню сталага феадальнага грамадства. Афармленне шляхецкага саслоўя бало замацавана ў Статутах 1529, 1566, 1588 гадоў. Да пануючых слаёў грамадства адносілі каталіцкае і праваслаўнае духавенства, заможных рамеснікаў і купцоў. Сялянства пераў-тваралася ў адзінае падпарадкаванае саслоўе-клас.
У кансалідацыі беларускага этнасу вялікую ролю адыграў канфесійны фактар. Большасць беларусаў была праваслаўнымі і гэта было адметнай рысай народа. Распаўсюджванне каталіцызму пасля Крэўскай уніі 1385 г., пануючае становішча каталіцкай царквы ў ВКЛ, пераход большай часткі беларускай шляхты ў каталіцызм і адыход да польскай культуры адмоўна ўплывалі на развіццё беларускага этнасу. Аднак асноўная маса насельніцтва зберагла вернасць праваслаўю, а пасля заключэння ў 1596 г. Брэсцкай царкоўнай уніі стала ўніятамі. Праваслаўная і ўніяцкая цэрквы садзейнічалі аб’яднанню насель-ніцтва на рэлігіёзнай аснове, захаванню і развіццю культуры, мовы, нацыянальнай самасвядомасці.
У працэсе станаўлення эканамічнай і культурнай грамадскасці беларускага этнасу расшыраліся сувязі паміж асобнымі тэрыторыямі, знікалі моўныя асаблівасці, адбывалася фарміраванне беларускай мовы. У XIV—XVстст. сфарміраваліся такія характэр-ныя рысы беларускай мовы як «дзеканне», «цеканне», «аканне», цвёрдае «р». Гэтыя асаблівасці замацаваліся ў вуснай народнай творчасці, помніках літаратуры, дзяржаўных дакументах.
Кансалідацыя беларускай народнасці праявілася таксама і ў фар-міраванні менталітэту беларусаў. Галоўнымі рысамі характару якіх з’яўляліся талерантнасць, працавітасць, гасціннасць, дабрыня, любоў да сям’і, прыроды і інш. Яны складваліся пад уплывам палітычных умоў, навакольнага асяроддзя, царкоўна-рэлігійнага ўздзеяння і знайшлі адбіццё ў звычаях, абрадах, вуснай народнай творчасці.
Як вынік і паказчык сталасці аб’яднаўчых этнічных працэсаў выступае этнічная самасвядомасць — усведамленне людзьмі прыналежнасці да свайго народа, да гістарычных каранёў, традыцый і звычаяў. Знешняй формай праяўлення самасвядомасці з’яўляецца назва народа — этнонім.
У XIII—XVстст. склаліся абагульняючыя назвы праваслаўнага насельніцтва ВКЛ: «Русь», «рускія», «русіны». Пры гэтым яны лічылі сябе сапраўднай «руссю», а сваіх усходніх суседзяў называлі «масквой», «маскавітамі», «маскалямі». А тыя ў сваю чаргу называлі жыхароў ВКЛ «літвой», «ліцвінамі», «літоўцамі».
З пачатку XVIIст. за ўсходнімі беларускімі землямі стала замацоўвацца назва «Белая Русь», а іх насельніцтва называлі «беларусамі». За жыхарамі цэнтральнай і заходняй частак Беларусі замацавалася назва «ліцвіны». Іншаземцы называлі беларусаў «ліцвінамі» як жыхароў ВКЛ, а іх мову літоўска-рускай. Распаўсюджванне назваў «Беларусь» і «беларусы» на ўсе этнічныя землі і іх жыхароў узнікла пазней, у другой палове XIX — пачатку XXстст.
У гістарычнай літаратуры прыводзіцца мноства канцэпцый узнікнення назвы «Белая Русь». Яе звязваюць з кліматычнымі, геаграфічнымі ўмовамі (белы снег, вада) і фізічнымі рысамі жыхароў (светлы колер скуры, русыя валасы, шэрыя вочы), рэлігіёзнымі, сацыяльнымі, палітычнымі асаблівасцямі. «Белая» азначае свабодная Русь, незалежная ад Літвы і мангола-татараў.
Існуе гіпотэза, якая ўлічвае аўтаномны статус Полацкай і Віцебскай зямель у складзе ВКЛ. Ёсць таксама думка, што назва «Чорная Русь» і «Белая Русь» былі дадзены балтамі. Чорны колер у балтаў сімвалізуе Захад, а белы — Усход. У адпаведнасці з гэтай традыцыяй Верхняе Панямонне сталі называць «Чорнай Руссю», а Падняпроўе — «Белай Руссю». У сувязі з раздзеламі Рэчы Паспалітай у канцы XVIIIст. і далучэннем беларускіх зямель да Расіі назва «Чорная Русь» перастала ўжывацца, а «Белай Руссю» сталі называць усю этнічную тэрыторыю беларусаў.
Аднак ні адна з канцэпцый узнікнення назвы «Белая Русь» не атрымала грамадскага прызнання, не стала агульнапрынятай. Гэтае пытанне ў наш час з’яўляецца дыскусійным.
Такім чынам, у другой палове XIII—XVIстст. ішоў працэс фарміравання беларускай народнасці, склаліся і вызначыліся яе асноўныя прыкметы: этнічная тэрыторыя, агульнасць культуры і мовы, некаторыя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць.


6. Культура Беларусі ў другой палове XIII — першай палове XVIст.

У працэсе фарміравання беларускай народнасці складвалася
і развівалася яе культура. Беларуская культура пад ўплывам візантыйскай і старажытнарускай культур, гуманістычных ідэй Адраджэння, на аснове мясцовых умоў, сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага ладу ВКЛ, набыла арыгінальныя рысы. Яны праявіліся ў народнай творчасці, літаратуры, летапісанні, кніга-друкаванні, архітэктуры, выяўленчым мастацтве. Важнай крыніцай фарміравання беларускай культуры была вусная народная творчасць. У фальклоры адлюстроўваліся важнейшыя падзеі жыцця народа, гістарычныя і культурныя традыцыі, якія атрымалі выяўленне ў мастацкай форме. Хаця беларускі фальклор захаваў сувязь з вуснай паэзіяй рускіх і ўкраінскіх народаў, ён у гэты перыяд набыў істотныя адметныя рысы, якія надавалі яму нацыянальны характар.
У XIV — першай палове XVIст. у Беларусі яшчэ захаваліся быліны, прысвечаныя абароне Русі. У гэты перыяд з’явіліся гістарычныя песні, паданні, легенды, у якіх паказвалася барацьба з нямецкімі крыжакамі, мангола-татарамі, крымскімі татарамі.
Шырокае распаўсюджванне атрымала абрадавая паэзія, у якой знайшла адлюстраванне вера чалавека ў розныя магічныя заклінанні і дзеянні. Развіта была і сямейна-абрадавая паэзія, прысвечаная важнейшым падзеям у жыцці чалавека: нараджэнню, шлюбу, смерці. Разам з абрадавымі песнямі вядомы былі таксама лірычныя песні на сацыяльна-бытавыя тэмы. Мудрасць народа, яго жыццёвы вопыт знайшлі сваё адлюстраванне ў казках, шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках. У іх людзі выказвалі сваё ўяўленне пра дабро і зло, жыццё і смерць, гістарычнае мінулае, мары аб будучым.
Вядучым жанрам літаратуры XIV—XVIстст. былі летапісы.
Летапісы ў асноўным захавалі традыцыі летапісання Старажытнай Русі, аднак ва ўмовах Вялікага княства Літоўскага штогадовае выкладанне падзей было заменена звязнымі аповедамі, у якіх раскрывалася гістарычнае мінулае ВКЛ. Галоўная ўвага ўдзялялася тым палітычным фактам, якія адыгралі галоўную ролю ў станаўленні і ўзвышэнні ВКЛ. Паколькі Вітаўт пакінуў яркі след у гісторыі ВКЛ, то ён стаў галоўным персанажам літоўска-беларускіх летапісаў. Асноўнымі творамі гэтага жанра з’яўляюцца: «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца».
З другой паловы XVIст. летапісы, як форма духоўнай культуры, сталі ўступаць месца іншым літаратурным жанрам: гістарычным аглядам, дзённікам, мемуарам. Да такой літаратуры адносяцца «Барколабаўскія хронікі», «Дзённік Фёдара Еўлашоўскага», «Допісы» Філона Кміты-Чарнобыльскага і інш.
У XIII—XVIстст. у Беларусі ствараецца перакладная і ары-гінальная літаратура рэлігіёзнага і свецкага характару. З царкоўнай літаратуры пераказваліся жыцці святых, апокрыфы, хранографы, прытчы. Сярод свецкай перакладной літаратуры найбольш распаўсюджанымі былі «Александрыя», «Аповесць пра Трою», «Трыстан і Ізольда» і інш.
Канец XVст. адзначаўся новым перыядам у развіцці гісторыі і культуры краін Заходняй Еўропы, і атрымаў назву Адраджэння, або Рэнесансу — эпохі станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры. Ён з’явіўся рэзультатам разлажэння феадалізму і зара-джэння капіталістычнага спосабу вытворчасці. Фарміраванне буржуазных адносін у нетрах феадалізму, вялікія гістарычныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі — усё гэта спрыяла з’яўленню свецкай, гуманістычнай культуры, новага светапогляду гуманізму (ад лац. humanus — чалавечы, чалавечны). Калі царква разглядала чалавека як нікчэмнае і гра-хоўнае стварэнне, то еўрапейскія гуманісты прызнавалі неабмежаваныя магчымасці чалавечага розуму, узвялічвалі чалавека, ставілі яго ў цэнтр сусвету, аб’яўлялі радасць і асалоду жыццём мэтай чалавечага існавання. Гуманізм стаў філасофіяй і ідэалогіяй еўрапейскага Адраджэння.
Да пачатку XVIст. у Вялікім княстве Літоўскім склаліся эканамічныя, палітычныя і ідэалагічныя перадумовы для ўзнік-нення культуры Рэнесансу: рост гарадоў, развіццё таварна-грашо-вых адносін, фарміраванне беларускай народнасці, сацыяльна-кла-савая барацьба, пашырэнне сувязей з краінамі Заходняй Еўропы.
Аднак эканамічнае адставанне ВКЛ ад перадавых краін Еўропы, панаванне феадальна-рэлігійнай ідэалогіі, палітычная нясталасць мяшчанскага саслоўя стрымлівалі пераход да культуры новага часу. Хаця ідэі Адраджэння Беларусі атрымалі шырокае распаўсюджанне, працэс фарміравання рэнесанай культуры застаўся незавершаным.
Тым не менш, у эпоху Адраджэння беларускі народ дасягнуў высокага ўзроўню развіцця літаратуры, мастацтва, філасофскай і грамадска-палітычнай думкі.
Яркім прадстаўніком культуры Беларусі эпохі Адраджэння быў Францыск Скарына — першадрукар, гуманіст і асветнік. Ён нарадзіўся ў Полацку ў 1490 г. у сям’і купца. Першапачатковую адукацыю атрымаў у родным горадзе, потым вучыўся ў Вільні і Кракаве. У Кракаўскім універсітэце ён атрымаў вучоную ступень бакалаўра філасофіі. У краінах Заходняй Еўропы ён пашыраў свае веды ў многіх галінах навукі. Неўзабаве ён стаў доктарам свабодных навук. У 1512 г. у Падуанскім універсітэце Ф. Скарына бліскуча здаў экзамены на атрыманне вучонай ступені доктара медыцынскіх навук.
Вялікай заслугай Ф. Скарыны было выданне ім у 1517—1519 гг. у Празе, а потым у 1522—1525 гг. у Вільні 23 кніг «Бібліі», «Малой падарожнай кніжыцы» і «Апостала». Усяго ім было выдадзена 42 кнігі. Выбар кніг «Бібліі» для выдання быў абумоўлены тым, што гуманісты лічылі Біблію ўніверсальным падручнікам, крыніцай ведаў па гісторыі, геаграфіі, астраноміі. Таму Ф. Скарына прысвячаў свае кнігі «людем посполитым к доброму научению».
Шматгранная дзейнасць Ф. Скарыны сыграла выключна важную ролю ў стварэнні беларускай культуры, развіцці арыгінальнай літаратуры, асветы і грамадска-палітычнай думкі.
Прадаўжальнікам традыцый Ф. Скарыны быў гуманіст і асветнік, рэфармацыйны дзеяч Сымон Будны (1530—1593). Ён пераклаў на беларускую мову «Катэхізіс» і надрукаваў яго ў 1562 г. у Няс-віжы. Гэта была першая кніга на роднай мове, выдадзеная на тэрыторыі Беларусі.
Працягваючы традыцыю Ф. Скарыны, выдаваў кнігі рэфарма-цыйны дзеяч, гуманіст і асветнік Васіль Цяпінскі (1540—1604). Ён пераклаў на беларускую мову Евангелле і надрукаваў яго на беларускай і царкоўнаславянскай мовах.
Буйнейшым дзеячам беларускай культуры эпохі Адраджэння быў паэт-лацініст Мікола Гусоўскі (1480—1533). Яго творчасць, як і творчасць Ф. Скарыны абагаціла культуру славянскіх народаў выдатнымі творамі. Самым вядомым яго творам з’яўляецца «Песня пра зубра». Твор быў напісаны ў Рыме ў 1520 г. У ім М. Гусоўскі паказаў прыгажосць прыроды Беларусі, заняткі і звычаі насельніцтва, апяваў воінскія і працоўныя подзвігі народа. Аўтар выступае супраць міжусобных феадальных войнаў, ад якіх пакутуе народ.
Такім чынам, у беларускай літаратуры другой паловы ХІІІ — першай паловы XIVст. адбыліся істотныя перамены. Сярэднявечныя традыцыйныя формы і жанры, прасякнутыя рэлігіёзнай ідэалогіяй, паступова пад уплывам Рэнесансу саступалі месца творам свецкага характару.
Важным напрамкам развіцця культуры Беларусі ў XIV—XVIстст. была архітэктура. Яна была заснавана на традыцыях старажытнарускага дойлідства, але і адчуваўся ўплыў заходне-еўрапейскіх архітэктурных стыляў: раманскага, гатычнага, рэнесан-су. Готыка прыйшла на змену раманскаму стылю ў Беларусі і была прадстаўлена моцнымі каменнымі збудаваннямі абарончага тыпу. У XIV — пачатку XVстст. старажытныя драўляныя абарончыя дзядзінцы ў Гродна і Навагрудку перабудоўваюцца ў мураваныя. Будуюцца новыя мураваныя замкі ў Лідзе і Крэве. Разам з замкамі на тэрыторыі Літвы яны ствараюць абарончую лінію на заходняй мяжы ВКЛ. Да абароны прыстасоўвалі і культавыя будынкі. У стыле беларускай готыкі пабудаваны многія касцёлы і цэрквы абарончага характару ў Малым Мажэйкаве, Сынкавічах, Заслаўі, Смаргоні. З мэтай абароны ад знешніх ворагаў і выступленняў сваіх падданых вялікія князі літоўскія, буйныя феадалы ўзводзілі новыя палаца-замкавыя комплексы. Найбольш значнымі з іх былі замкі ў Міры, Нясвіжы, Гальшанах, Любчы і іншых месцах. У су-вязі з атрыманнем гарадамі Беларусі права на самакіраванне сталі ўзводзіцца будынкі магістратаў-ратушы, ставарацца ансамблі гандлёвых радоў. Характэрныя рысы беларускага манументальнага дойлідства праявіліся ў шматлікіх культавых і грамадскіх збудаваннях. Беларускія майстры, творча перапрацоўваючы мясцо-выя і замежныя архітэктурныя формы, стварылі арыгінальныя і непаўторныя помнікі архітэктуры.
У выяўленчым мастацтве трэба адзначыць насценныя роспісы, станкавы жывапіс (іконы), фрэскі, гравюры, драўляныя (дэкаратыўныя) скульптуры, народна-прыкладное мастацтва. Пад уплывам ідэй Адраджэння развіваўся свецкі жывапіс, з’явіліся партрэты гістарычных дзеячаў, развівалася і скульптура. Творы гэтага жанра ўпрыгожвалі дварцы феадалаў, касцёлы.
Такім чынам, у другой палове XIII — першай палове XVIст. ішло фарміраванне самабытнай арыгінальнай беларускай куль-туры, якая на аснове сінтэзу духоўных традыцый усходніх славян, культурнай спадчыны папярэдніх стагоддзяў і заходня-еўрапейскага ўплыву дасягнула высокага ўзроўню развіцця і ўключылася ў агульнаеўрапейскі культурна-гістарычны працэс.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии