БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » История Беларуси » УТВАРЭННЕ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ Ў СКЛАДЗЕ РЭСПУБЛІКІ. КРЫЗІС І ПАДЗЕЛЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

УТВАРЭННЕ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ Ў СКЛАДЗЕ РЭСПУБЛІКІ. КРЫЗІС І ПАДЗЕЛЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

Автор: Maxvel 8-05-2013, 15:10

УТВАРЭННЕ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ. БЕЛАРУСКІЯ ЗЕМЛІ Ў СКЛАДЗЕ РЭСПУБЛІКІ. КРЫЗІС І ПАДЗЕЛЫ РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ

1. Прычыны і вынікі Люблінскай уніі. Месца ВКЛ у Рэчы Паспалітай.
2. Рэлігійнае жыццё ў Рэчы Паспалітай: рэфармацыя, контррэфармацыя, уніяцтва.
3. Войны на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII — пачатку ХVІІІст.
4. Сацыяльна-эканамічны крызіс на Беларусі ў другой палове XVII — пачатку XVIIIcт. і шляхі выхаду з яго.
5. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай у ХVІІІст. і яе першы падзел.
6. Спробы рэформ. Прыняцце Канстытуцыі. Другі падзел Рэчы Паспалітай.
7. Паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай.
8. Культура Беларусі ў другой палове ХVІІ—ХVІІІстст.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Прычыны і вынікі Люблінскай уніі. Месца ВКЛ у Рэчы Паспалітай

Цяжар Лівонскай вайны стаў галоўнай знешнепалітычнай прычы-най, якая падштурхнула шляхту ВКЛ да дзяржаўнай уніі з Польшчай. Дваццаціпяцігадовая Лівонская вайна (1558—1583) вялася Маскоўскай дзяржавай з Лівоніяй, Вялікім княствам Літоўскім, Швецыяй і Польшчай за заваяванне выхаду ў Балтыйскае мора. Супрацьстаянне ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, якое з канца ХVст. ператварылася ў паста-янныя войны, дасягае апагея. 
Маскоўскі цар Іван IV (Грозны) лічыў беларускія землі сваёй вотчынай і імкнуўся ўключыць іх у склад Маскоўскай дзяржавы. Лівонская вайна падзяляецца на два этапы: 1558—1570 гг. і 1577—1583 гг.
Віленскім пагадненнем 1561 г. польскi кароль i вялiкi лiтоўскi князь Жыгiмонт ІІ Аўгуст узяў Лівонію пад сваю апеку і запатрабаваў ад Iвана IV вывесцi адтуль свае войскi. Цар катэгарычна адмовiўся. Тады ВКЛ уступіла ў вайну i паслала на абарону Лiвонii сваё войска.
У адказ на ўступленне ў вайну ВКЛ Iван Грозны накiраваў свае асноўныя сiлы на тэрыторыю Беларусi, якая стала асноўным тэатрам вайны.
15 лютага 1563 г. пасля двухтыднёвай аблогі 60-тысячнае маскоўскае войска на чале з самім Iванам IV захапіла і разрабавала Полацк. Амаль уся паўночная Беларусь трапіла пад 16-гадовую акупацыю. Рускi цар узмацнiў свае пазiцыi на заваяванай тэрыторыi, пабудаваў у раёне Полацка шэраг крэпасцей.
Аслабленню ВКЛ садзейнічалі частыя набегі крымскіх татараў, якім сплачвалася ардыншчына — падатак, каб адкупіцца ад іх набегаў. Аднак гэты падатак быў не вельмі дзейсны і беларускія землі штогод цярпелі ад татарскага гвалту. Дзяржава аказалася на грані палітычнага краху і ваеннай катастрофы, пад пагрозу было пастаўлена само яе існаванне. Вайна прывяла да заключэння Люблінскай уніі ў 1569 г., пасля чаго Маскоўская дзяржава мусіла ўжо мець справу з Рэччу Паспалітай. Гэтае аб’яднанне дазволiла новаму каралю Стэфану Баторыю сабраць новае літвінска-польскае войска, падмацаваць яго атрадамi венграў i наёмнiкаў-немцаў.
30 жніўня 1579 г. 40-тысячная армiя адваявала Полацк. Наступную кампанiю 1580 г. Баторый праводзiў ужо на маскоўскай тэрыторыi. Сiлы абедзвюх дзяржаў (Рэчы Паспалiтай i Масковii) былi на мяжы магчымага. Ваенная кампанія скончылася Ям-Запольскім перамір’ем, згодна з якім тэрыторыя Беларусі разам з крэпасцямі засталася ў складзе ВКЛ. Рэч Паспалiтая вяртала Масковіі крэпасцi на яе тэрыторыi. Дзяржаўная мяжа практычна не змянялася.
Люблінская унія 1569 г. уяўляла сабой пагадненне аб дзяржаўна-палітычным саюзе Вялікага княства Літоўскага з Поль-шчай, у адпаведнасці з якім утварылася новая дзяржава — Рэч Паспалітая (назва паходзіць ад тэрміна «рэспубліка»).
Шлях да уніі быў марудны і складаны.
Акрамя цяжкай знешнепалітычнай сітуацыі (Лівонская вайна), у ВКЛ абвастрыліся ўнутрыкласавыя супярэчнасці ў пануючым саслоўі.
Перамовы аб заключэнні уніі праходзілі на сейме ў Любліне шэсць драматычных месяцаў: са студзеня па ліпень 1569 г.
Супраціўленне магнатаў ВКЛ польскі бок зламаў, выкарыстаўшы катастрафічнае становішча княства ў Лівонскай вайне. Значная частка тэрыторыі ВКЛ (украінскія землі) увайшлі ў склад Кароны.
У такіх умовах пануючыя колы ВКЛ вымушаны былі пайсці на заключэнне Люблінскай уніі 1 ліпеня 1569 г.
З гэтага вынікае, што Рэч Паспалітая аб’яўлялася адзіным дзяржаўным арганізмам, дзе ў выніку пэўных палітычных, эканамічных і іншых акалічнасцей польскі бок атрымаў лепшыя шансы для правядзення выгаднай для сябе палітыкі.
Характэрна, што неўзабаве пасля заканчэння Лівонскай вайны (1583 г.) ВКЛ здолела часткова дыстылявацца ад нязручных для сябе ўмоў Люблінскай уніі. Яскравым прыкладам такога адчужэння з’явіліся рэгулярныя сеймы, стварэнне ў 1588 г. вышэйшай судовай інстанцыі — Трыбунала, што прадэманстравала жыццястойкасць княства. А прыняты ў 1588 годзе Статут ВКЛ увогуле не ўзгадваў Люблінскай уніі і, больш таго, нават касаваў многія яе палажэнні, у тым ліку самае прынцыповае з іх — дазвол набываць зямлю ў ВКЛ іншаземцам, да якіх адносіліся і польскія грамадзяне. Гэты выдатны помнік прававой культуры не меў роўных у еўрапейскай юрыдычнай думцы таго часу. Ён замацаваў суверэнітэт ВКЛ насуперак акту уніі і гарантаваў яго эканамічную, палітычную і культурную незалежнасць. 
Унесеныя жыццём карэктывы ва ўмовы Люблінскай уніі зрабілі Рэч Паспалітую федэрацыяй.
З утварэннем Рэчы Паспалітай геапалітычная сітуацыя на еўрапейскім кантыненце змянілася — на яе карце з’явілася новая і магутная дзяржава.
Вынікі Люблінскай уніі сказаліся ў так званай паланізацыі.
Такім чынам, Люблінская унія прадвызначала лёс беларускага і іншых народаў, якія насялялі Рэч Паспалітую. 


2. Рэлігійнае жыццё ў Рэчы Паспалітай: рэфармацыя, контррэфармацыя, уніяцтва

Да канца XIIст. у Еўропе склаліся дзве вялікія, выразна размежаваныя рэлігійныя зоны: усходняя — праваслаўна-візантыйская і заходняя — рымска-каталіцкая, кожная са сваёй ідэалогіяй і культурай. Беларусь з прычыны свайго геапалітычнага становішча апынулася на памежжы двух хрысціянскіх веравызнанняў і стала месцам сустрэчы, сутыкнення і ўзаема-дзеяння гэтых цывілізацый. Гэта вызначала яе шмат у чым унікальнае гістарычнае становішча ў Еўропе, абумовіла індыві-дуальнасць яе духоўнай культуры і канфесійную своеасаблівасць. Вагаючыся паміж Захадам і Усходам, яна стварыла свае арыгінальныя нацыянальныя каштоўнасці.
Важна ведаць, што суадносіны розных хрысціянскіх плыняў на Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды змяняліся. У XI—XIIстст. яна стала амаль цалкам праваслаўнай, і яе нацыянальна-культурнае разві-ццё праходзіла пад дабратворным уплывам культуры Візантыі, якая знаходзілася тады на больш высокім узроўні ў параўнанні з заходне-еўрапейскай. З другой паловы XIIIст. за духоўны ўплыў на беларускіх землях пачаў змагацца каталіцкі Рым. Крэўская унія парушыла манаполію праваслаўнай царквы ў духоўным жыцці Беларусі.
У канцы XIV — сярэдзіне XVIст. хоць і пашыраецца сфера ўплыву каталіцызму, аднак тон у грамадскім і культурным жыцці, ідэалогіі задавала праваслаўная царква, а ўсходне- і заходне-хрысціянскія ўплывы ўраўнаважвалі адзін аднаго. Гэты перыяд гісторыі ВКЛ характарызуецца рэлігійнай верацярпімасцю.
У другой палове XVIст. ВКЛ апынулася перад выбарам працягу старажытнай візантыйска-ўсходнеславянскай традыцыі ці звароту да Захаду. Кульмінацыяй стала заключэнне Люблінскай уніі 1569 г. і ўтварэнне супольнай з палякамі Рэчы Паспалітай.
У XVIст. хрысціянства аказалася ў крызісе: у каталіцызме ён праявіўся праз Рэфармацыю, а ў праваслаўі — праз ерась.
Аб’ектыўна рэфармацыйны рух меў антыфеадальны характар. Iнiцыятарам i авангардам руху была буржуазiя, якая выступiла супраць феадалiзму i яго апоры — каталiцкай царквы. Галоўнай мэтай руху была рэформа светапогляду грамадства, стварэнне спрыяльных маральных i прававых умоў для дзейнасцi i быту класа буржуазii. Вось чаму Рэфармацыя з самага пачатку ўвасаблялася ў форму рэлiгiйнай барацьбы, якая па-рознаму праяўлялася ў розных краiнах.
У вузка канфесiянальным сэнсе Рэфармацыя азначала перагляд дагматаў каталiцызму i рэлiгiйныя пераўтварэннi, што прывялi да ўзнiкнення новага кiрунку ў хрысцiянстве — пратэстантызму. Адным з асноўных патрабаванняў дзеячаў Рэфармацыi было стварэнне новай, дэцэнтралiзаванай, больш дэмакратычнай i таннай царквы.
Праграму выхаду з рэфармацыйнага крызісу Ватыкан распрацаваў на Трыдэнцкім саборы. Стаўку на выратаванне каталіцкай царквы ён зрабіў на Ордэн езуітаў, створаны ў 1534 г. Езуіты з’явіліся ў ВКЛ у 1570 г. Ідэолагам Контррэфармацыі тут стаў Пётр Скарга. Кіраўніцтва Рэчы Паспалітай аказала каталіцкай царкве моцную падтрымку. Езуіты пакінулі след у гістарычных лёсах некалькіх пакаленняў беларусаў. Іх першачарговай задачай было вяртанне ў лона рымскай царквы спакушаных пратэстанствам вышэйшых слаёў і распаўсюджанне каталіцтва сярод права-слаўнага насельніцтва Беларусі. Галоўнымі сродкамі ажыц-цяўлення гэтых мэтаў былі палітыка, школа, літаратура, про-паведзь, набажэнства.
Сучасная еўрапейская гiстарыяграфiя адмовілася ад трактоўкі контррэфармацыі як феадальна-каталіцкай рэакцыі, а бачыць у ёй рух, якому Еўропа ХVIст. у аднолькавай з Рэфармацыяй меры абавязана сваім духоўна-культурным уздымам. Гэта дае падставу адмовіцца ад ранейшага погляду на контррэфармацыю на Беларусі як на сістэму толькі рэпрэсіўных мер і ўбачыць яе шматзначную духоўна-культурную функцыю і на нашай зямлі.
Балансаванне Беларусі паміж Усходам і Захадам вызначыла неабходнасць пошуку кампрамісаў і зрабіла жывучай ідэю царкоўна-рэлігійнай уніі.
З’яўленне уніяцтва — неадзначны па сваіх выніках феномен беларускай гісторыі. Ён патрабуе аналізу як еўрапейскіх рэлігійна-палітычных адносін 60—90-х гг. XVIст., так і ўнутраных абставін у ВКЛ. У канцы XVIст. у канфесійным саюзе былі зацікаўлены тры сілы: Ватыкан, кіруючыя колы Рэчы Паспалітай і лідэры беларуска-ўкраінскага праваслаўя.
Акрамя гэтага, прэтэнзіі Маскоўскага патрыярхату, створанага ў 1589 г., на духоўную ўладу над беларуска-ўкраінскімі землямі Рэчы Паспалітай штурхалі іх у бок каталіцкага Захаду, які даў узор выхаду з крызісу і аздараўлення касцёла. У 1590 г. імі было прынята рашэнне выйсці з царкоўнай і культурнай арбіты Канстанцінопаля, чый духоўны і палітычны аўтарытэт упаў, і пе-райсці пад уладу другога хрысціянскага цэнтра — Ватыкана.
Падрыхтоўка уніі працягвалася пяць гадоў. Ініцыятыва з боку каталіцкай царквы была падтрымана многімі кіраўнікамі праваслаўнай царквы ў ВКЛ, у прыватнасці епіскапам Іпаціем Пацеем, які стаў адным з арганізатараў уніі. Унія была зацверджана на Берасцейскім царкоўным саборы ў 1596 г. Такім чынам, на аснове беларуска-ўкраінскага праваслаўя быў аформлены новы напрамак у хрысціянстве — уніяцтва. Яно захоўвала былую абраднасць і царкоўна-славянскую мову богаслужэння, юліянскі каляндар і традыцыйныя святы, але прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкае веравучэнне. Так пачалася буйная царкоўная рэформа, якая садзейнічала пераарыентацыі духоўнага жыцця Беларусі з Усходу на Захад.
На рубяжы XVII—XVIIIстст. колькасць уніятаў на Беларусі перавысіла лік праваслаўных, а да канца XVIIIст. дасягнула 2/3 усяго насельніцтва. Асноўную сацыяльную базу гэтай веры складалі сяляне.
Берасцейская унія была ліквідавана на Беларусі ў 1839 г. шляхам з’яднання уніятаў з праваслаўнымі.


3. Войны на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVII — пачатку ХVІІІст.

У сярэдзіне XVIIст. барацьба насельніцтва Беларусі і Украіны супраць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту вылілася ў вызваленчую барацьбу, якая цягнулася на Беларусі з 1648 г. па 1651 г. Пачатак ёй быў пакладзены паўстаннем на Украіне пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага. У вызваленчай барацьбе ўкраінскага народа Б. Хмяльніцкі і яго казацкая старшына, імкнучыся стварыць асабістую дзяржаву, мела планы ўключэння ў яе зямель паўднёва-ўсходняй Беларусі — Падняпроўя і Палесся. Ужо вясной 1648 г. у гэтыя раёны накіроўваюцца агітатары, а затым і казацкія атрады з Украіны, якія ініцыявалі вызваленчы рух мясцовых жыхароў. 
Прыняцце Украіны пад царскую «высокую руку» і абвяшчэнне гэтага рашэння на Пераяслаўскай Радзе 8 студзеня 1654 г. азначала пачатак новай вайны Рэчы Паспалітай супраць Расіі. Чарговая вайна перапляталася з вайной Швецыі супраць Рэчы Паспалітай (1655—1660) і з вайной Расіі супраць Швецыі (1656—1661).
У 1654—1667 гг. Беларусь аказалася ў самым цэнтры вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. Цар Аляксей Міхайлавіч рашыў аказаць дапамогу казацкаму войску Б. Хмяльніцкага ў барацьбе з Польшчай. 
У маі 1654 г. тры вялікія групоўкі маскоўскай арміі колькасцю 100 тыс. чалавек з Вялікіх Лукаў, Масквы і Бранска рушылі да Беларусі. У час ваеннай кампаніі 1654 г. войска цара авалодала ўсёй тэрыторыяй Беларусі па Дняпры і Заходняй Дзвіне, а ў 1655 г. захапіла Мінск і сталіцу ВКЛ Вільню, заняла фактычна ўсю Беларусь. 
Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» шляхецкую групоўку ВКЛ на чале з вялікім гетманам Янушам Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655 г., паводле якога ВКЛ парывала дзяржаўную унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. Аднак большасць шляхты Беларусі не падтрымала гэтай ініцыятывы, і Рэч Паспалітая захавалася.
У канцы года раптоўна памёр Я. Радзівіл.
У 1656 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай было заключана перамір’е на два гады.
Часовае перамір’е мала што змяніла ў становішчы мірнага насельніцтва Беларусі, акупіраванай царскімі войскамі. Занятыя царскімі войскамі беларускія землі ператварыліся ў правінцыі Маскоўскай дзяржавы, улада ў якіх перадавалася ваяводам.
У выніку баявых дзеянняў і гаспадарання чужога войска землі Беларусі былі ператвораны ў пустэчу.
Значнай з’явай вайны 1654—1667 гг. было разгортванне на тэрыторыі Беларусі партызанскага руху, які зрабіў важкі ўклад у вызваленне сваёй Радзімы ад захопнікаў.
З 1659 г. зноў узнавіліся ваенныя дзеянні рэгулярных войскаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі, якія паступова пачалі адваёўваць страчаныя тэрыторыі. Летам 1660 г. корпус П. Сапегі і С. Чарнецкага разбіў пад Ляхавічамі групоўку царскага ваяводы І. Хаванскага. У тым жа годзе восенню на Магілёўшчыне каля р. Басі была разгромлена армія Ю. Даўгарукава. У 1663 г. была вызвалена сталіца ВКЛ Вільня. Між іншым абодва бакі да гэтага часу знясілелі і, практычна перапыніўшы ваенныя дзеянні, прыступілі да перагавораў аб міры.
У снежні 1667 г. у в. Андрусава каля Мсціслаўля было падпісана мірнае пагадненне на 13 з паловай гадоў.
Вайна 1654—1667 гг. — найбольш катастрафічная для эканомікі і дэмаграфічнай сітуацыі на Беларусі. У час вайны ад голаду, эпідэмій загінула палова насельніцтва Беларусі.
У жаданнi вярнуць Лiвонiю, страчаную Рэччу Паспалiтай паводле Алiўскага мiру 1660 г. на карысць Швецыi, кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст II, які быў адначасова і курфюрстам Саксоніі, у 1700 г. у саюзе з Данiяй i Расiяй выступiў супраць Швецыi. Вайна пачалася няўдала для саюзнiкаў. Шведская армiя з Карлам ХІІ на чале, атрымаўшы шэраг перамог, ужо пачатку 1702 г. уступiла на тэрыторыю ВКЛ. Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. Падчас Паўночнай вайны ВКЛ, бадай, у апошнi раз выступiла ў якасцi самастойнага фактару еўрапейскай палiтыкi. У 1702—1703 гг. памiж княствам i Расiяй былі падпiсаны тры мiждзяржаўныя пагадненнi аб сумесных дзеяннях супраць Швецыi.
Грамадства ВКЛ раскалолася на працiўнiкаў i прыхiльнiкаў шведаў. У гэты ж час у дзяржаве разгарэлася «магнацкая» вайна за ўладу памiж Сапегамi, Агiнскiмi, Вiшнявецкiмi i Радзiвiламi. Сапегi шукалi падтрымкі ў Карла XII, а прадстаўнiкi анты-сапегаўскай шляхецкай партыi (Агiнскiя i Вiшнявецкiя) дамаў-лялiся з Пятром I.
Унутраная канфрантацыя вяла да прыцягнення знешнiх сiл для вырашэння ўнутраных супярэчнасцяў. Па беларускай зямлi пачаў гуляць смерч спусташэння. Рэч Паспалiтая ператварылася «у заез-джы двор i карчму» для чужаземных войскаў, якiя зводзiлi рахункi памiж сабою i нiшчылi край.
Разгром шведаў пад Палтавай (27 чэрвеня 1709) рэзка памяняў палiтычную сiтуацыю ў краiне. Расiйскае і польскае войскі ачысцiлi ад шведаў i iх прыхiльнiкаў Беларусь, Жамойцію i Поль-шчу. Ваенныя дзеяннi перакiнулiся на тэрыторыю Швецыi. Трон Рэчы Паспалiтай пры падтрымцы саксонскага войска зноў заняў Аўгуст II, прыхiльнiк цара Пятра, якi разам з прускiм каралём устанавiў над Рэччу Паспалiтай палiтычны кантроль. межы Рэчы Паспалiтай пасля Паўночнай вайны засталiся некранутымi, але яна згубiла свой суверэнiтэт i ўсё больш пападала ў залежнасць ад палiтыкi расiйскага манарха.
Паўночная вайна эканамічна зруйнавала Рэч Паспалiтую, асаблiва яе ўсходнiя рэгiёны. Яна была адной з найбольш драматычных старонак беларускай гiсторыi. Вялiкае княства Лiтоўскае зноў было адкiнута на дзесяткi гадоў назад у сваiм гаспадарчым развiццi. Агульныя страты насельнiцтва склалi каля 30%, а гэта больш за 700 тыс. чалавек (за гады вайны яго колькасць знiзiлася з 2,2 млн. да 1,5 млн. чалавек).


4. Сацыяльна-эканамічны крызіс на Беларусі ў другой палове XVII — пачатку XVIIIcт. і шляхі выхаду з яго

У другой палове XVII—пачатку XVIIIстст. шляхецкая Рэч Паспалітая, у тым ліку Беларусь, якая ўваходзіла ў яе склад, знахо-дзілася ў стане глыбокага эканамічнага крызісу. Неабходна высвет-ліць важнейшыя прычыны гаспадарчага заняпаду беларускіх зямель.
Па-першае, шматлікія войны: з сярэдзіны XVIIст. Рэч Паспа-літая ўступіла ў паласу разбуральных войнаў і ўнутраных міжусобіц.
З 68 гадоў яе гісторыі (1648—1716 гг.) на ваенныя падзеі прыходзіцца 65. Яны з велізарнай разбуральнай сілай пракаціліся па беларускіх землях.
У выніку ваенных дзеянняў многія вёскі і гарады Беларусі былі разрабаваны і спалены, частка насельніцтва памерла ад голаду і эпідэмій. Значная колькасць насельніцтва, у асноўным сялянства і рамеснікі, былі захоплены ў палон і вывезены ў Рускую дзяржаву.
Па-другое, рэзкае скарачэнне колькасці насельніцтва ў выніку войнаў і выкліканых імі неўраджаяў, эпідэмій і хвароб. Калі ў 1650 г. на Беларусі жыло 2,9 млн чалавек, то ў 1667—1673 гг. не больш чым 1,4 млн. Да 1700 г. колькасць насельніцтва ўзрасла да 2,6 млн, але пасля Паўночнай вайны зноў зменшылася да 1,5 млн чалавек. Чалавечыя страты былі такімі вялікімі, што запатрабавалася 120 га-доў, каб па ліку жыхароў беларускія землі дасягнулі ўзроўню сярэдзіны XVIIст.
Па-трэцяе, вялікае змяншэнне колькасці ворыўных зямель з-за таго, што мноства людзей загінула ў гады ваеннага ліхалецця і не было каму апрацоўваць палі. Войны нанеслі гарадам і мястэчкам Беларусі яшчэ большую страту, чым сельскай мясцовасці.
Па-чацвёртае, узмацненне феадальнай эксплуатацыі сялянства.
Па-пятае, няўстойлівыя палітычныя абставіны, барацьба магнатаў паміж сабой за ўладу.
Пасля эканамічнага заняпаду другой паловы ХVII — пачатку ХVІІІст., выкліканага паласой разбуральных войнаў і ўнутраных міжусобіц, з сярэдзіны ХVIIIст. пачалася нармалізацыя гаспадарчага жыцця. Яна знайшла адлюстраванне ў павелічэнні колькасці насельніцтва: з 1,5 млн у 1717 г. да 3,6 млн у 1791 г. Аднаўляецца цэхавае рамяство, але ў гэты перыяд узмацняюцца прыкметы яго разлажэння. Асобныя феадалы з мэтай павелічэння прыбытковасці сваіх уладанняў сталі на шлях радыкальнай перабудовы вядзення сваёй гаспадаркі, ліквідавалі паншчыну і за-мянілі яе чыншам. Працай і самаабмежаваннем сялян да 60-х гг. ХVIІІст. сельская гаспадарка была ў асноўным адноўлена: павялічылася плошча ворных зямель, пагалоўе прадукцыйнай жывёлы, з’явілася тэндэнцыя да параённай спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. Многія феадалы пачалі ствараць у сваіх уладаннях прадпрыемствы мануфактурнага тыпу.
На гаспадарчую дзейнасць станоўча паўплывалі рэформы 60—70-х гг.: стварэнне дзяржаўнай Скарбовай (казначэйскай) камісіі, якая сканцэнтравала ў сваіх руках кіраванне фінансамі, нагляд за гандлем і шляхамі зносін; увядзенне ў 1766 г. адзіных для ВКЛ мер вагі, аб’ёму, даўжыні; увядзенне адзінага, абавязковага для ўсіх (у тым ліку шляхты і духавенства, якія раней не плацілі) падатку і адмена ўнутраных мытных падаткаў; абмежаванне ліхвярства. Усё ж развіццё рамесна-прамысловай вытворчасці на фоне працэсу індустрыялізацыі краін Заходняй Еўропы выглядала вельмі сціпла.


5. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай у ХVІІІст. і яе першы падзел

У канцы XVIIIст. адбыліся падзеі, якія значна змянілі лёс беларускага народа. Прыйшла да заняпаду Рэч Паспалітая, і ў вы-ніку трох яе падзелаў паміж Расіяй, Аўстрыяй, Прусіяй некалі магутная дзяржава перастала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расіі.
У канцы XVII — першай палове XVIIIст. Рэч Паспалітая знаходзі-лася ў стане палітычнага крызісу або безуладдзя. Такі стан стаў вынікам злоўжывання «шляхецкімі вольнасцямі». На пасяджэннях сейма яшчэ з другой паловы XVIст. дзейнічала права «ліберум вета».
Усталяванню палітычнай анархіі перш за ўсё спрыяла адсутнасць моцнай цэнтралізаванай улады. Дзяржаўнае кіраванне характарызавалася ўсяўладдзем магнатаў і шляхты і слабасцю каралеўскай улады ў асобе апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764—1795). Пасада караля была выбарнай і цалкам залежала ад волі магнатаў і шляхты.
Аб слабасці цэнтральнай дзяржаўнай улады сведчыла і тое, што мясцовыя органы кіравання — павятовыя і ваяводскія сеймікі — не выконвалі рашэнняў сейма і прымалі свае заканадаўчыя акты. Шляхта, аб’яднаная ў саюзы (канфедэрацыі), магла адхіліць любое рашэнне і караля, і сейма.
Да таго ж федэральная арыстакратыя дэмаралізавалася, вяла паразітычны лад жыцця, не клапацілася аб лёсе краіны, траціла велізарныя сродкі на ўсялякія гулянні і балі.
Такое ўнутрыпалітычнае становішча ўскладнялася знешне-палітычнымі абставінамі, звязанымі ў пачатку XVIIIст. з баявымі дзеяннямі ў гады Паўночнай вайны.
З часу Паўночнай вайны Расія паступова бярэ пад свой пратэктарат знешнюю і ўнутраную палітыку Рэчы Паспалітай. Больш моцным суседзям была выгадна яе слабасць. Таму яны імкнуліся захаваць у ёй безуладдзе і анархію пад прыкрыццём аховы і гарантавання «шляхецкіх вольнасцяў». У 1720 г. пра гэта дамовіліся Расія і Прусія. У 1726 г. да іх далучылася Аўстрыя.
Крызісныя з’явы ў грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай абвастрылі нявырашанасць рэлігійнага пытання. Ні адно з існаваўшых веравызнанняў фактычна тут не было забаронена. Але практычна толькі прадстаўнікі каталіцкай шляхты і святарства маглі займаць дзяржаўныя пасады, удзельнічаць у працы сейма.
Праваслаўнае духавенства традыцыйна шукала падтрымкі
ў Масквы, што садзейнічала пашырэнню яе палітычнага ўплыву на Рэч Паспалітую. У 1764 г. Кацярыне II удалося ўзвесці на каралеўскі трон свайго стаўленніка — Станіслава Панятоўскага.
З другой паловы XVIIIст. быў прадпрыняты цэлы шэраг рэформ, накіраваных на ўзмацненне Рэчы Паспалітай.
Спробы абмежаваць уладу магнатаў прывялі да выбуху незадаволенасці з іх боку. Незадаволены былі і суседнія дзяржавы. Расія і Прусія выкарысталі для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай адмову на сейме 1766 г. надаць роўныя правы некаталікам: пратэстантам і праваслаўным. Яны пры дапамозе Расіі і Прусіі ствараюць дзве канфедэрацыі ў Слуцку і Торуні (1767). Праціўнікі ўраўнавання дысідэнтаў з каталікамі і наогул праціўнікі Расіі арганізавалі ў Бары (на Украіне) канфедэрацыю, якая пачала ўзброеную барацьбу. Штуршком да іх выступлення з’явілася прыняцце на сейме 1767—1768 гг. пад прымусам расійскіх войск пастановы, згодна з якой некаталікам надавалася свабода веравызнання і палітычныя правы, роўныя з каталікамі. Гарантам выканання гэтых рашэнняў сейм назваў Расійскую імперыю.
Знясіленая анархіяй і чарговай грамадзянскай вайной, Рэч Паспалітая стала ахвярай больш моцных абсалютных манархій Расіі, Прусіі, Аўстрыі. У жніўні 1772 г. у Пецярбургу паміж гэтымі краінамі была падпісана канвенцыя аб падзеле Рэчы Паспалітай.


6. Спробы рэформ. Прыняцце Канстытуцыі. Другі падзел Рэчы Паспалітай

Пасля першага падзелу палітычнае становішча Рэчы Паспалітай змянілася нязначна. У ёй, як і раней, працягвалася барацьба паміж рознымі магнацкімі групоўкамі. Нарастаў сялянскі рух, які асабліва ўзмацніўся ў 80-я гады. Страх перад рэвалюцыйнымі выступленнямі народных мас і імкненне захаваць дзяржаўную незалежнасць Рэчы Паспалітай прымусілі шляхецка-буржуазныя колы паспрабаваць правесці некаторыя рэформы. У канцы 80-х гг. XVIIIст. склаліся больш спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэфарматараў. Гэтаму не ў апошнюю чаргу садзейнічалі змены
ў міжнародным становішчы (руска-шведская вайна 1788—1790 гг., руска-турэцкая вайна 1789—1792), супярэчнасці паміж дзяржавамі, якія дзялілі Рэч Паспалітую.
Партыя рэфарматараў змагла згуртавацца падчас працы Вялікага сейма (1788—1792) і пачала дзейнічаць па ўдасканаленні дзяржавы. Важна адзначыць вялікі ўплыў на іх працу буржуазнай рэвалюцыі ў Францыі.
Нягледзячы на шляхецкую абмежаванасць, Канстытуцыя насіла прагрэсіўны характар. Яна ліквідавала феадальную анархію ў краі-не і стварыла больш спрыяльныя ўмовы для развіцця капіта-лістычных адносін.
Рашэнне сейма выклікала пратэсты кансерватыўнай часткі магнатаў і шляхты. Каб ліквідаваць Канстытуцыю, яны стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю і пайшлі на змову з суседнімі дзяржавамі, рыхтуючы тым самым новы падзел Рэчы Паспалітай.
Прыход да ўлады канфедэратаў і наступныя палітычныя падзеі прывялі да другога падзелу Рэчы Паспалітай.

7. Паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Трэці падзел Рэчы Паспалітай

Прагрэсіўныя колы польскай шляхты, прадстаўнікі буржуазіі, якая тады толькі нараджалася, паспрабавалі захаваць дзяржаўную самастойнасць Рэчы Паспалітай. У сакавіку 1794 г. яны паднялі паўстанне. Цэнтрам яго стаў г. Кракаў, а кіраўніком — генерал Тадэвуш Касцюшка (1746—1817), ураджэнец Беларусі.
Праз месяц пасля вызвалення Вільні паўстанне ахапіла Літву і Заходнюю Беларусь. Тут яго ўзначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі.
Акрамя таго, паўстанцкае войска не змагло супрацьстаяць аб’яднаным сілам Прусіі, Расіі і Аўстрыі. Кацярына II накіравала на барацьбу з паўстанцамі лепшых военаначальнікаў разам з А. Суворавым. У лістападзе паўстанне было задушана, але яно мела вялікае значэнне і ўвайшло ў гісторыю як яркая старонка ў бараць-бе польскага народа за незалежнасць. Менавіта за актыўны ўдзел у падаўленні паўстання Сувораў атрымаў званне фельдмаршала.
У 1795 г. было падпісана пагадненне аб трэцім, канчатковым падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй.
Такім чынам, у выніку трох падзелаў Рэч Паспалітая, якая існавала больш за 200 гадоў, знікла як дзяржава з карты Еўропы, а яе тэрыторыі адышлі да Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Тэрыторыя Беларусі з насельніцтвам больш за 3 млн чалавек была ўключана ў склад Расіі. Заняпад і знікненне гэтай некалі магутнай дзяржавы былі абумоўлены шэрагам прычын, частка з якіх была закладзена ўжо на самым пачатку стварэння Рэчы Паспалітай. Шляхецкая анархія, слабыя сувязі паміж рознымі часткамі дзяржавы, рэзкія сацыяльныя канфлікты, канфесійная і этнічная стракатасць — усё гэта знясіліла Рэч Паспа-літую і зрабіла яе лёгкай здабычай для суседзяў.


8. Культура Беларусі ў другой палове ХVІІ—ХVІІІстст.

Развіццё культуры Беларусі ў другой палове XVII—XVIIIстст. праходзіла ў надзвычай складаных умовах. Па-першае, гэта шматлікія войны. У выніку войнаў другой паловы XVIIст. значная частка беларускага насельніцтва, галоўным чынам майстры-рамеснікі, прымусова перасялілася ў Расійскую дзяржаву. Вялікая колькасць жыхароў беларускіх зямель апынулася ў Маскве, дзе пасялілася ў Мяшчанскай слабадзе. Майстры з Беларусі на чале са шклоўскім разьбяром Клімам Міхайлавым стварылі сапраўдны шэдэўр XVIIст. — пяціярусны разьбяны пазалочаны іканастас у Смаленскім саборы Маскоўскага Новадзявочага манастыра.
Гістарычныя ўмовы развіцця культуры Беларусі былі звязаны з узмацненнем працэсу акаталічвання. У XVII—XVIIIстст. Гаспа-дарыла ў ВКЛ цалкам апалячаная беларуская шляхта.
Беларуская мова паступова выцяснялася з дзяржаўнага справаводства і афіцыйнага ўжытку. Гэтая сітуацыя знайшла сваё завяршэнне ў пастановах сейма 1696—1697 гг. Дзяржаўнымі мова-мі ў Рэчы Паспалітай былі абвешчаны толькі польская і лацінская. Беларускамоўнай заставалася пераважна народная культура.
Уздым часоў Рэнесансу і Рэфармацыі змяніўся ўпадкам. Актывізаваліся сілы контррэфармацыі на чале з ордэнам езуітаў. Выконваючы рашэнні Трыдэнцкага сабору, яны жорстка праследвалі праваслаўе і пратэстантызм. Навуковыя веды аб’яўляліся грэшнымі і несумяшчальнымі з хрысціянствам.
Інтэлектуальнае жыццё ў другой палове XVII — пачатку XVIII стст. характарызавалася рухам назад. Асабліва ярка гэта можна было ўбачыць, прааналізаваўшы стан навук: філасофіі, матэматыкі, медыцыны і інш. Аднак скрозь рэлігійную схаластыку пра-біваюцца іскры свабоднага мыслення і матэрыялізму. Прыкладам з’яўляецца твор «Аб неіснаванні бога» К. Лышчынскага.
Галоўным мастацкім напрамкам у XVII — сярэдзіне XVIII стст. было барока, якое знайшло адлюстраванне, перш за ўсё, у развіцці архітэктуры і выяўленчага мастацтва.
У другой палове XVIIIст. на тэрыторыю Беларусі з Еўропы пачынаюць пранікаць ідэі Асветніцтва.
У час распаўсюджвання ідэй Асветніцтва асаблівае значэнне было нададзена развіццю асветы і навукі.
Беларуская літаратура XVII—XVIIIстст. знаходзілася на этапе пераходу ад сярэдневяковых ідэй і мастацкіх формаў да ідэй і форм Новага часу.
Важна засвоіць, што літаратура Беларусі другой паловы XVIIIст. адрознівалася яшчэ большым полілінгвізмам, чым у папя-рэднюю эпоху.
Тэатральнае жыццё Беларусі на рубяжы XVII—XVIIIстст. было прадстаўлена школьным тэатрам і народным лялечным — батлейкай. Самай галоўнай з’явай беларускай культуры другой паловы XVIIIст. стаў прыгонны тэатр.
У XVIIIст. музыка выйшла на першы план сярод мастацтваў, заняла пануючае становішча ў палацах і замках магнатаў.
У жывапісе папулярным заставаўся партрэтны жанр. У тагачасным беларускім мастацтве склалася некалькі яго тыпаў. Пры двары польскіх каралёў працавалі прафесійныя еўрапейскія майстры, палотны якіх сталі своеасаблівай школай для мясцовых мастакоў.
Высокага росквіту ў другой палове XVII—XVIIIстст. на Беларусі дасягнула народна-прыкладное мастацтва. Вялікую мастацкую каштоўнасць маюць слуцкія паясы, створаныя ў 50—60 - я гг. XVIIIст. пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага.
Такім чынам, трэба адзначыць, што культура другой паловы XVII—XVIIIстст. развівалася ў вельмі складаных умовах, але тым не менш дасягнула высокага ўзроўню.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии