БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » История Беларуси » БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ І ЗАМЕЖНАЙ ВАЕННАЙ ІНТЭРВЕНЦЫІ (КАСТРЫЧНІК 1917 — САКАВІК 1921 гг.)

БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ І ЗАМЕЖНАЙ ВАЕННАЙ ІНТЭРВЕНЦЫІ (КАСТРЫЧНІК 1917 — САКАВІК 1921 гг.)

БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД КАСТРЫЧНІЦКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ І ЗАМЕЖНАЙ ВАЕННАЙ ІНТЭРВЕНЦЫІ (КАСТРЫЧНІК 1917 — САКАВІК 1921 гг.).

1. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі.
2. Нацыянальнае пытанне і беларускі нацыянальны рух пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.
3. Германская ваенная інтэрвенцыя ў лютым 1918 года. Абвяшчэнне БНР і дзейнасць яе ўрадавых структур.
4. Абвяшчэнне ССРБ, ЛітБел у ходзе бальшавіцка-польскай вайны 1919—1921 гг. Рыжскі мірны Дагавор у гістарычным лёсе Беларусі.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі

Лютаўская рэвалюцыя на Беларусі прынесла разруху, анархію цэнтральнай сістэмы ўлады,голад, масавы рух бежанцаў з беларускіх зямель. Паражэнні расійскай арміі на Заходнім і Паўднёва-Заходнім франтах Расійскага фронту і заклік Часовага ўрада весці вайну да пераможнага канца выклікалі масавае незадавальненне сярод насельніцтва Расіі і змову сярод генералітэту расійскай арміі супраць А. Керанскага, так званы «карнілаўскі мяцеж». Непаслядоўнасць урада А. Керанскага ў барацьбе з А. Карнілавым, палітычныя разнагалоссі сярод дэмакратычных партый, якія ўваходзілі ў склад урада А. Керанскага, немагчымасць вырашэння эканамічнага крызісу, які прывеў да массавага голаду і разрухі ў цэнтральнай часцы Расіі, прывялі да масавай папулярызацыі партыі бальшавікоў, якая выкарыстоўваючы папулісцкія лозунгі і замежную фінансавую дапамогу прыйшла да ўлады ў кастрычніку 1917 года.
Кіраўніцтва паўстаннем ажыццяўляла партыя бальшавікоў. 25 кастрычніка 1917 года ў выніку ўзброенага паўстання рабочых, салдат і матросаў Часовы ўрад быў звергнуты. Улада перайшла да Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які аб’явіў аб трыумфальным шэсці Савецкай улады па былой Расійскай імперыі. На з’ездзе былі прыняты два папулісцкія Дэкрэты аб міры і аб зямлі. Расія аб’явіла аб сваім выхадзе з вайны і пачатку сепаратных(здрадніцкіх) перагавораў з Германіяй, гэтым яна прызнавала сваё паражэнне ў вайне. Дэкрэт аб зямлі аб’яўляў аб перадачы ўсёй зямлі сялянам, аднак рэквізаваная памешчыцкая зямля перадавалася камітэтам беднаты, якія пачалі ствараць камуны і арцелі — будучыя калгасы. Быў сфарміраваны рабоча-сялянскі ўрад — Савет Народных Камісараў(СНК), куды ўвайшлі прастаўнікі партый бальшавікоў і левых эсэраў на чале з У. Леніным. З Петраграда пачаўся экспарт рэвалюцыі па ўсёй краіне.
Вестка аб перамозе ўзброенага паўстання ў Петраградзе прыйшла ў Мінск у той жа дзень. Выканкам Мінскага Савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў выдаў загад №1, у якім абвясціў ўсталяванне ў Мінску ўлады Саветаў. З палітычных зняволеных Мінскай турмы быў сфарміраваны першы рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета. Мінскі Савет арганізаваў ахову і кантроль над важнейшымі аб’ектамі горада: поштай, тэлеграфам, штабам Заходняга фронту, радыёстанцыяй. У хуткім часе быў утвораны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняй вобласці і фронту. Старшынёй камітэта быў зацвержаны К. Ландар. Па аналагічным сцэнарыі адбылося ўстанаўленне Савецкай улады ў іншых гарадах Беларусі.
18 лістапада 1917 года ў Мінску адбыўся з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці. З’езд абраў выканаўчы камітэт Абласнога Савета ў складзе 35 чалавек. У той жа дзень у Мінску адкрыўся III з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў. З’езд прызнаў новую ўладу і абавязаўся праводзіць у жыццё яе дэкрэты. Было абрана 35 чалавек у склад выканкама сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў і прынята рашэнне аб’яднаць выканкам Савета сялянскіх дэпутатаў і выканкам Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў. 20 лістапада 1917 года пачаў работу II з’езд армій Заходняга фронту, які ў прынятай рэзалюцыі выказаў поўны давер СНК. З’езд абраў Франтавы камітэт у складзе 100 чалавек. 27 лістапада 1917 года выканаўчыя камітэты, абраныя з’ездамі Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці, Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, Заходняга фронту аб’ядналіся і ўтварылі Абласны выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах). Яго старшынёй быў абраны бальшавік М. Рагазінскі. Для кіравання Заходняй вобласцю і фронтам быў абраны Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з бальшавіком К.Ландарам. Трэба адзначыць, што ў склад гэтых органаў улады не ўваходзілі беларусы і таму там адразу ж выявіліся абыякавыя адносіны да пытанняў нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння беларускага народа, яго нацыянальна-культурнага адраджэння. Першымі пераўтварэннямі гэтых органаў улады стала ўвядзенне рабочага кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем прадукцыі. Былі нацыяналізаваны: фабрыка «Вязувій» у Новабеліцы, суконная фабрыка ў маёнтку Якаўлевічы, друкарня Кагана ў Магілёве, лесапільныя заводы ў Аршанскім, Полацкім, Быхаўскім паветах і іншыя прадпрыемствы. На гэтых прадпрыемствах органы рабочага кантролю прымалі ўдзел у вырашэнні пытанняў найму і звальнення рабочых, уводзілі новыя расцэнкі, змагаліся з сабатажам. Да сярэдзіны лютага 1918 года на Беларусі былі ў асноўным завершаны канфіскацыя прыватных гаспадарак і ўлік маёмасці ў памешчыцкіх маёнтках. Можна зрабіць высновы, што ваенныя органы улады фактычна праводзілі палітыку «ваеннага камунізму», якая прывядзе да масавага супраціўлення насельніцтва.


2. Нацыянальнае пытанне і беларускі нацыянальны рух пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі

Кастрычніцкая рэвалюцыя стала тым водападзелам, які падзяліў беларускі нацыянальны рух на дзве плыні: нацыянальна-дэмакратычную і рэвалюцыйна-класавую. Нацыянальна-дэмакратычныя сілы аб’ядноўвалі сярэдняе і заможнае сялянства, частку дэмакратычнай інтэлігенцыі, зямельную і прамысловую алігархію. Па колькаснаму складу яны пераўзыходзілі рэвалюцыйна-класавыя сілы і ўжо да рэвалюцыі былі аб’яднаны ў свае палітычныя структуры( БСГ, БПНС, БХД, ВБР). Сваімі мэтамі нацыянальныя дэмакраты ставілі спачатку да Кастрычніцкага паўстання дасягнення аўтаномнага статусу Беларусі ў складзе Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі, а пасля Кастрычніцкага перавароту, убачыўшы таталітарны характар новай улады, выступілі за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку (БНР) з парламенцкай формай кіравання і дэмакратычнымі дзяржаўнымі інстытутамі. Рэвалюцыйна-класавая плынь беларускага нацыянальнага руху абапіралася на бяднейшае сялянства, гарадскія нізы, беларусаў-бежанцаў. Свае арганізацыйна-палітычныя адзінкі яны сфарміравалі за межамі Беларусі: у Петраградзе і Маскве, таму шта на беларускай зямлі іх ніхто не падтрымліваў. Іх падтрымала партыя бальшавікоў, якая затым выкарыстае іх правадніком свае палітыкі. Там былі: 1. Філіялы БСГ у Маскве, Петраградзе, Нарве, Кранштаце. Потым яны ператварыліся ў Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю; 2. Беларускі Абласны Камітэт (БАК), які ўзнік у Петраградзе з дэпутатаў беларусаў на Усерасійскім сялянскім з’ездзе; 3. Беларускі Нацыянальны Камісарыят (Белнацкам), які быў утвораны ў Маскве з камуністаў-беларусаў, як аддзел Камісарыяту па справах нацыянальнасцей РСФСР; 4. Беларускія секцыі РКП(б) — Палітычны аддзел у Белнацкаме за наглядам палітычных настроеў камуністаў-беларусаў.
27 кастрычніка 1917 года нацыянальна-дэмакратычныя сілы беларускага нацыянальнага руху апублікавалі адозву пад назвай «Грамата да беларускага народу!», у якой заклікалі ўсе дэмакратычныясілы аб’яднацца вакол Вялікай Беларускай Рады(ВБР), каб пакончыць з бязладдзем і анархіяй. 30 лістапада 1917 года была выдадзена другая адозва «Да ўсяго народа беларускага», у якой была абвешчана палітычная праграма нацыянальных дэмакратаў. Планавалася абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і стварэнне Краёвай Рады. Для ажыццяўлення гэтых планаў аб’яўлялася скліканне на 5-е снежня 1917 г. Усебеларускага з’езду прадстаўнікоў усяго беларускага народу.
З першага дня работы з’езда пачалася барацьба паміж двумя плынямі беларускага нацыянальнага руху па пытанню будучай беларускай дзяржаўнасці. Агульным было тое, што абодва цэнтры нацыянальнага руху на з’ездзе выступалі супраць улады бальшавікоў на Беларусі. У рэзалюцыях гучала ідэя сацыяльнай справядлівасці, сцвярджалася неабходнасць забяспечыць роўнасць паміж індывідамі, групамі насельніцтва і народамі.
Бальшавікі, у якіх была ваенная ўлада на Беларусі, пільна сачылі за ўсім, што адбывалася на з’ездзе і не перашкаджалі яму. Аднак, калі у ноч з 17 на 18 снежня 1917 года, быў прыняты першы пункт рэзалюцыі, у якім гаварылася, што ствараецца Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова да склікання Беларускага Устаноўчага Сходу, становіцца на чале кіравання краем, і тым самым яны становяцца па-за ўладай, бальшавікі разагналі з’езд.
Пра значэнне, якое меў тады Усебеларускі з’езд, яўрэйскі пісьменнік З.Бядуля ў газеце «Вольная Беларусь»пісаў: «Беларус спаў, спаў цяжкім летаргічным сном, але вось кончыліся чары…ён задумаў адбудаваць сваю нацыянальную…будыніну, першую цагліну якой палажылі за апошнія сто гадоў лепшыя сыны Бацькаўшчыны, свядомыя піянеры беларускага нацыянальнага руху, ахвяраўшы жыццё сваё за свій родны край… І беларуская нацыянальная будыніна, абгорнутая густымі хмарамі, за апошні час волі ўсё рэльефней і выдатней пачала вызначацца пад нашым родным небам…Беларус пачаў разумець, што самабытнасць нацыі — гэта вялікі скарб у агульналюдскім прагрэсе.»
У момант разгону з’езд утварыў выканаўчы орган — Раду Усебеларускага з’езда ў складзе 43 чалавек. Ёй было паручана рэалізаваць рашэнне з’езда склікаць у бліжэйшы час Другі Усебеларускі з’езд. Для ажыццяўлення арганізацыйнай дзейнасці Рада з’езда абрала Выканаўчы камітэт з 27 членаў на чале з Т. Грыбам. У сувязі з адступленнем савецкіх войск і эвакуацыяй савецкіх органаў улады з Мінска ў Смаленск, Выканкам Рады Усебеларускага з’езда узяў уладу ў свае рукі ў Мінску. 19 лютага 1918 года ён выдае загад №1, у якім гаворыцца, што да яго пераходзіць улада ў горадзе і ён прызначае каменданта горада. 21 лютага 1918 года Выканкам Усебеларускага з’езда выдае Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, у якой ён сябе абвяшчае часовай уладай на Беларусі і стварае свой орган улады — Народны Сакратарыят. Яго узначальвае Я. Варонка.


3. Германская ваенная інтэрвенцыя ў лютым 1918 года. Абвяшчэнне БНР і дзейнасць яе ўрадавых структур

3 сакавіка 1918 года паміж Савецкай Расіяй і Германіяй быў заключаны сепаратны Брэсцкі мірны дагавор, якім Расія прызнавала свае паражэнне ў Першай сусветнай вайне. Цаной за гэтае паражэнне Расіі сталі беларускія землі, якія сталі кантрыбуцыяй для Германіі. Такая непавага да беларусаў стаў выбухам незалежніцкіх настрояў сярод беларускай грамадскасці. У выніку 9 сакавіка 1918 года Другой Устаўной граматай была аб’яўлена Беларуская Народная Рэспубліка(БНР). Выканкам Усебеларускага з’езда быў пераіменаваны ў Раду БНР. Геапалітычная сітуацыя для беларусаў яшчэ ўскладнялася і тым, што ў сакавіку 1918 года ў Берліне адбылася сустрэча прадстаўнікоў кіруючых партый рэйхстагу з кіраўнікамі польскіх арганізацый. Там разглядалася пытанне пра магчымасць перадачы Германіяй Польшчы беларускіх зямель Гродзеншчыны і часткі Міншчыны ў якасці кампенсацыі за адказ палякаў ад прэтэнзій на Пазнаншчыну. Менавіты гэты факт, побач з заключэннем Брэсцкага міру, і абумовіў прыняцце Трэцяй Устаўной граматы. 25 сакавіка 1918 г. на паседжанні Рады БНР была абвешчана незалежнасць БНР. Брэсцкі мірны дагавор страціў сваю сілу. Зыходзяючы з гэтага, урад Беларусі звярнуўся да зацікаўленых бакоў з прапановай пераглядзець умовы Брэскага міру. Гэта быў лагічны адказ на суровыя выклікі таго часу. Дзейнасць урадавых структур — Народнага Сакратарыята і Рады БНР сведчыла аб сапраўднай незалежнасці БНР. На працягу 1918 года незалежнасць БНР прызналі УНР, Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Чэхаславакія, Турцыя, дзе дзейнічалі пасольствы БНР. Консульствы БНР дзейнічалі ў Германіі.
Утварэнне БНР стала рэалізацыяй на практыцы беларускай ідэі, што ўзнікла ў канцы XIXст., сукупнасці ўсіх трох яе асноўных элементаў — нацыянальнай свядомасці, нацыянальна-культурнага адраджэння і нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэта было сведчаннем таго, што беларускі нацыянальны рух у той час набыў такую моц і размах, што аказаўся здоль ным паспрабаваць здзейсніць жаданую ідэю.
Беларуская Народная Рэспубліка з’яўляецца першай гістарычнай спробай стварэння беларускай дзяржаўнасці ў XX ст. БНР нарадзілася ў цяжкіх знешнепалітычных умовах, калі тэрыторыя Беларусі была акупіравана германскімі вайскамі, усе суседнія дзяржавы прэтэндавалі на беларускія землі, а найбольш моцныя з іх — Савецкая Расія і Польшча не жадалі стварэння самастойнай беларускай дзяржавы. Абвяшчэнне БНР, яе ўнутраная і знешняя палітыка мелі важнае гістарычнае значэнне. Прыняцце акта незалежнасці 25 сакавіка 1918 года азначала, што беларуская нацыянальная ідэя знайшла свае ўвасабленне ў легітымным акце стварэння новай незалежнай дзяржавы. Канстытуяванне БНР адбылося на ўсіх беларускіх этнічных землях у форме дэмакратычнай парламенцкай рэспублікі. Фактам абвяшчэння незалежнасці Беларусі, наступнай палітычнай дзейнасці БНР, яе «бацькі-заснавальнікі» даказалі, што беларускі народ мае тыя ж правы на ўласнасць, што і іншыя народы Усходняй Еўропы, якія атрымалі свабоду ў выніку спынення існавання Расійскай, Германскай і Аўстра-Венгерскай імперый.
Знешняя палітыка і дыпламатыя БНР былі накіраваны на міжнароднае прызнанне, умацаванне незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. Дыпламатыя БНР мела све дасягненні і недахопы. Да першых трэба аднесці інстытуалізацыю міжнародных кантактаў беларускай дзяржавы, ажыццяўленне двухбаковай і шматбаковай дыпламатыі, знешняй культурнай палітыкі і прапаганды. Дзякуючы дыпламатыі БНР «беларускае пытанне» было выведзена на міжнародную арэну, а незалежнасць БНР была прызнана шэрагам еўрапейскіх краін. Да недахопаў дыпламатычнай дзейнасці БНР трэба аднесці перш за ўсё некаторыя суб’ектыўныя абставіны. Членам урада і Рады БНР не хапала ведаў, вопыту ў галіне дзяржаўнага кіравання і дыпламатыі. Адчуваўся значны недахоп кваліфікаваных дыпламатычных кадраў. Яшчэ больш вострай была праблема фінансавага забяспячэння знешнепалітычнай дзейнасці. Дыпламатычныя мерапрыемствы не заўседы рыхтаваліся і праводзіліся на патрэбным прафесійным узроўні. У кіраўніцтве БНР не было адзінства па асноўных пытаннях дзяржаўнага будаўніцтва і знешнепалітычнай арыентацыі.


4. Абвяшчэнне ССРБ, ЛітБел у ходзе бальшавіцка-польскай вайны 1919—1921 гг. Рыжскі мірны Дагавор у гістарычным лёсе Беларусі

Гэта заканчэнне Першай Сусветнай вайны, ліквідацыя Брэсцкага Мірнага дагавору, эвакуацыя германскіх войск з Беларусі, наступленне Чырвонай Арміі на беларускія землі і экспарт Савецкай улады, ліквідацыя БНР. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны адрадзілася Польская Рэспубліка, якая аб’явіла аб сваіх прэтэнзіях на беларускія землі ў межах 1772 года. Нежаданне Савецкай Расіі вывесці свае войскі з тэрыторыі Беларусі прывяло да ваеннай пагрозы з боку Польшчы і пачатку савецка-польскай вайны. Бачанне лідэрамі Савецкай Расіі сітуацыі таго, што далей беларускіх зямель перакінуць пажар сусветнай пралетарскай рэвалюцыі не ўдасца, як хацелася ў прамысловыя раёны Польшчы і Германіі, дзе быў пралетарыят, прывяло да таго, што ў момант растучай ваеннай агрэсіі з боку Польшчы, самім патрэбна было ствараць савецкія марыянетачныя рэспублікі Беларусі, Украіны, Літвы для абароны самой расійскай тэрыторыі, гэтак званы «санітарны кардон». У такіх умовах расійскімі кіраўнікамі быў дадзены дазвол мясцовым беларускім «таварышам» на стварэнне беларускай савецкай дзяржавы.
Усю практычную работу па стварэнню савецкай беларускай дзяржаўнасці ажыццяўлялі створаныя ў Маскве Беларускі нацыянальны камісарыят(Белнацкам) і беларускія секцыі РКП(б). У мясцовых беларускіх бальшавікоў не было адзінага меркавання па пытанню савецкага ўладкавання Беларусі. А. Чарвякоў, Д. Жылуновіч і іх аднадумцы выступалі за стварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі(ССРБ) і ўваход яе ў склад РСФСР ў якасці аўтаномнай адзінкі. К. Ландар, У. Кнорын, А. Мяснікоў выступалі за захаванне Заходняй вобласці і знаходжання там беларускіх зямель у якасці адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкі. Паміж гэтымі групамі бальшавікоў часта шлі палемічныя дыскусіі ў перыядычным друку. Каб спыніць гэтыя разнагалоссі, старшыня СНК РСФСР У. Ленін даў указанне Пленуму ЦК РКП(б) адобрыць стварэнне ССРБ. Пры падтрымцы Масквы ў Смаленску з 30 па 31 снежня 1918 г. праходзіла VI Паўночна-Заходняя партыйная канферэнцыя. Яна аб’явіла аб стварэнні Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі (КПБ(б), Часовага рабоча-сялянскага ўрада на чале з Д. Жылуновічам, вызначыла тэарэтычна межы рэспублікі і сталіцу рэспублікі — горад Мінск.
10 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэнне вывесці са складу рэспублікі Віцебскую, Магілёўскую, Смаленскую губерні, пакінуўшы толькі Гродзенскую і Мінскую. Планавалася, што калі Гродзенская і Мінская губерні будуць захоплены Польшчай, то Віцебская, Магілёўская і Смаленская, якія ўключаны ў склад РСФСР, могуць стаць асновай для аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. З такім рашэннем не былі згодны ні ЦК КПБ(б), ні ўрад рэспублікі. Пазіцыя ўрада ССРБ была выказана ў лісце на імя прадстаўніка ЦК РКП(б) у Беларусі А. Іофе(копіі — У. Леніну, Я. Свярдлову, І. Сталіну). У ім гаварылася, што Савецкі ўрад парушае абвешчаныя рэвалюцыяй прынцыпы самавызнвчэння народаў, і гэта адаб’ецца на жыццёвых інтарэсах беларускага пралетарыяту і сялянства. Аўтары паслання прасілі пераглядзець прынятае рашэнне. Аднак гэтая просьба засталася без увагі. Наадварот, яна была выкарыстана ЦК РКП(б) для таго, каб вывесці Д. Жылуновіча, І. Дылу і іншых са складу урада ССРБ і арыштаваць іх. Ва ўрадзе засталіся мясцовыя прыхільнікі «цэнтра» на чале з А. Мясніковым. 16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб’яднаць ССРБ з Літоўскай ССР у адну буферную рэспубліку — Літоўска-Беларускую ССР(Літбел). Гэта рашэнне заканадаўча аформіў I Усебеларускі з’езд Саветаў, які праходзіў 2—3 лютага 1919 г. Ён ухваліў першую Канстытуцыю ССРБ і прыняў Дэкларацыю аб утварэнні Літбел. Такім чынам, на пэўны час было спынена нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі. ССРБ праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці і ўтварэння сваёй дзяржаўнасці, страціла гэтыя дасягненні, не захаваўшы нават права на аўтаномію. Штучна створанае аб’яднанне Літбел праіснавала нядоўга. Акупацыя восенню 1919 г. большай часткі Беларусі войскамі Польшчы спыніла існаванне Літбел.
Сутнасць ваеннага камунізму заключалася:
1. У галіне сельскай гаспадаркі — арганізацыя вясковых камітэтаў беднаты як надзвычайных органаў Савецкай улады ў вёсцы; увядзенне там харчразвёрсткі; стварэнне сельскагаспадарчых камунаў.
2. У галіне прамысловасці — нацыяналізацыя не толькі буйных, але і сярэдніхі дробных прадпрыемстваў.
3. У галіне арганізацыі працы — увядзенне ўсеагульнай працоўнай павіннасці. Усе грамадзяне ад 16 да 50 гадоў павінны былі займацца грамадскай працай. Ствараліся працоўныя арміі. Укаранялася ўраўнілаўка.
4. У галіне кіравання эканомікай — звышцэнтралізацыя, загадны стыль эканомікі.
5. У галіне гандлю і размеркавання — забарона прыватнага гандлю, згортванне таварна-грошавых адносін, карткавая сістэма размеркавання хлеба і харчавання.
Як шлях будаўніцтва новага грамадства «ваенны камунізм»сябе не апраўдаў. Краіна апынулася ў стане глыбокага ўсеагульнага крызісу. На палітычным узроўні палітыка «ваеннага камунізму» выклікала: Стракапытаўскае паўстанне (24—29 сакавіка 1919 г.); Палескі паход генерала С. Булак-Булаховіча(6—26 лістапада 1919 г.); Слуцкае паўстанне (14—31 снежня 1920 г.).



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии