БССР У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД

БССР У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД

1. Утварэнне СССР. Палітыка беларусізацыі.
2. Новая эканамічная палітыка ў БССР.
3. Калектывізацыя ў БССР.
4. Індустрыялізацыя ў БССР. Вынікі першых пяцігодак.
5. Фарміраванне адміністрацыйна-каманднай сістэмы, усталяванне таталітарнага рэжыму і палітычныя рэпрэсіі на Беларусі.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Утварэнне СССР. Палітыка беларусізацыі

Утварэнне СССР з’явілася вынікам палітычнай, ваеннай, эканамічнай і культурнай інтэграцыі савецкіх рэспублік. Яны ўзніклі на тэрыторыі Расійскай імперыі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. — гэта РСФСР (кастрычнік 1917 г.), Украінская ССР (снежань 1917 г.), Беларуская ССР (1 студзеня 1919 г.), Азербайджанская ССР (красавік 1920 г.), Армянская ССР (лістапад 1920 г.) і Грузінская ССР (люты 1921 г.). Тры апошнія ў сакавіку 1922 г. увайшлі ў Закаўказскую Федэрацыю (ЗСФСР).
Неабходнасць умацавання ўласнай абароназдольнасці, задачы хуткага аднаўлення і сацыялістычнай рэканструкцыі эканомікі патрабавалі аб’яднання намаганняў савецкіх рэспублік. Перадумовай інтэграцыі выступалі: 1) адзіная палітычная аснова — Савецкая ўлада; 2) адзіная эканамічная аснова, калі асноўныя сродкі вытворчасці (зямля, прамысловасць, банкі, сродкі сувязі, знешні гандаль) знаходзіліся ў руках дзяржавы; 3) гістарычна працяглы тэрмін агульнага суіснавання ў межах Расійскай імперыі.
Цэнтралізацыя ўлады у савецкіх рэспубліках праз адзіную партыю дапамагла бальшавікам перамагчы ў грамадзянскай вайне 1918—1920 гг. Але задачы мірнага часу не маглі быць вырашаны ў рамках так званага ваенна-палітычнага аб’яднання савецкіх рэспублік. Фармальна рэспублікі былі незалежныя і роўныя, на самой жа справе паўнамоцтвы РСФСР перавышалі паўнамоцтвы іншых савецкіх рэспублік. Іншы раз гэта прыводзіла да непаразуменняў. Паўстала пытанне ўдасканалення дагаворных адносін.
У ходзе спрэчак пра тое, якім быць новаму саюзу, выявіліся два асноўныя пункты гледжання на тое, якім быць новаму Саюзу:
1. Сталін прапанаваў ажыццявіць «аўтанамізацыю» савецкіх рэспублік, г. зн. уключыць іх у склад РСФСР. Павінна была ўзнікнуць моцная, цэнтралізаваная дзяржава з адзінымі органамі кіравання, а рэспублікі надзяляюцца няпоўным суверэнітэтам.
2. Ленін выдвінуў ідэю ўтварэння федэрацыі — аб’яднання суверэнных дзяржаў, кожная з якіх мае свае органы ўлады, але ёсць і агульнасаюзныя ўпраўленні.
Трэба адзначыць, што ў любым варыянце дзяржаўная ўлада павінна была належаць камуністычнай партыі, якая кантралявала ўсе сферы грамадскага жыцця. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, пераважная большасць партыйных і савецкіх дзеячаў выказалася за ленінскі план.
На Беларусі ідэя стварэння СССР была падтрымана на партыйных канферэнцыях, павятовых і валасных з’ездах Саветаў. IV Усебеларускі з’езд Саветаў (1—18 снежня 1922 г.) аднагалосна выказаўся за своечасовасць аб’яднання. Для ўдзелу ў Х Усерасійскім з’езде Саветаў, дзе меркавалася разгледзець пытанне ўтварэння СССР, Усебеларускі з’езд абраў прадстаўнічую дэлегацыю з 33 чалавек на чале з А. Чарвяковым. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Саветаў УССР і ЗСФСР.
30 снежня 1922 г. І з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР, у якой былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і дабраахвотнасць уваходжання іх у СССР, права свабоднага выхаду з Саюзу і доступ у яго новым савецкім сацыялістычным рэспублікам. Дагавор аб утварэнні СССР прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў і Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўленне (служба бяспекі).
Быў абраны вярхоўны орган улады Саюза ССР — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК). Старшынямі ЦВК былі выбраны старшыні ЦВК рэспублік, а кіраўніком урада (СНК) — У. Ленін. У снежні 1922 г. у СССР увайшлі РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР. Беларусь заняла месца самай невялікай шасціпавятовай рэспублікі з насельніцтвам 1,5 млн чалавек. Тэарытычна стварэнне Савецкага Саюза давала магчымасць хуткага эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця народаў саюзных рэспублік. Аднак з канца 20-х гг. у СССР перавага ўсё боьш стала надавацца цэнтралізму, скараціліся правы і магчымасці рэспублік. Фактычна пачала здзяйсняцца сталінская ідэя «аўтанамізацыі». БССР у складзе СССР фактычна карысталася толькі правамі нацыянальна-культурнай аўтаноміі тэрытарыяльнага самакіравання. Тым не менш, фармальна-прававы статус рэспублікі ўмацаваўся. Узрос шанец на вяртанне ўсходніх раёнаў.
У сакавіку 1923 г. VII з’езд КП(б)Б і Другая сесія ЦВК БССР чацвёртага склікання паставілі перад саюзнымі ўладамі праблему далучэння до БССР аднародных у гаспадарчым развіцці і этнічных адносінах раёнаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў.
У сакавіку 1924 г. па прапановах і хадайніцтвах беларускага кіраўніцтва Прэзідыум ЦВК СССР прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. вернуты яшчэ два паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. Усяго ў выніку «узбуйненняў» насельніцтва савецкай Беларусі павялічылася з 1,5 да амаль 5 млн чалавек, а тэрыторыя з 52 да 125 тыс. кв. кіламетраў.
Тэрытарыяльныя ўзбуйненні 1924 і 1926 гг. садзейнічалі кансалідацыі беларускай нацыі, стваралі новыя магчымасці для далейшага гаспадарчага і сацыяльна-культурнага рзвіцця БССР. Вялікую ролю ў гэтых працэсах адыграла палітыка беларусізацыі.
Правядзенне палітыкі беларусізацыі прыпадае на 20-я гады ХХст. Згодна з партыйнымі дакументамі мэтай беларусізацыі было «дзяржаўнае, эканамічнае і культурнае адраджэнне Беларусі на савецкай аснове». Акцэнт рабіўся на двух момантах: неабходнасці «адказных адносін» да нацыянальнай інтэлігенцыі і «выключнай важнасці» авалодання беларускай мовай «усёй партыяй». Гэта палітыка была цесна ўвязана з правядзеннем у жыццё каранізацыі — палітыкі вылучэння і ўцягвання ў кіруючую працу работнікаў усіх мясцовых, карэнных нацыянальнасцей (беларусаў, яўрэяў, палякаў, рускіх) пры умове, што «каранізацыя ёсць вылучэнне беларускіх работнікаў у першую чаргу».
У ліпені 1923 г. на пашыраным паседжанні ЦБ КП(б)Б была прынята «Платформа па нацыянальным пытанні». Прапанавалася вырашыць шэраг задач. У першую чаргу — правядзенне чысткі дзяржаўнага і партыйнага апарату ад «нацыяналістычных» элементаў. Другая задача — перавод дзяржаўных і партыйных устаноў на мясцовыя мовы з абавязковым вывучэннем гэтых моў усімі супрацоўнікамі. Мясцовымі мовамі прызнаваліся беларуская, яўрэйская, руская і польская. Дзяржаўныя мовы, у першую чаргу беларуская, падлягалі ўвядзенню ў справаводства перш за ўсё ў Наркамасветы, Наркамземе, міліцыі, судовых інстанцыях, на пошце і тэлеграфе. Ва ўсіх школах беларуская мова ўводзілася як абавязковая. Планавалася таксама арганізацыя нацыянальных вайсковых злучэнняў, перавод на беларускую мову партыйнай работы.
Нацыянальны прынцып улічваўся пры правядзенні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублікі ў 1922—1929 гг. З мэтай уліку нацыянальных інтарэсаў і патрэб нацыянальных меншасцей у месцах іх кампактнага пражывання былі утвораны нацыянальныя Саветы. У 1928 г. ў БССР налічвалася 28 яўрэйскіх, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 татарскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія сельскія саветы. У 1932 г. быў утвораны польскі раён з цэнтрам у Дзяржынску.
Да пачатку 1928 г. на беларускую мову выкладання перайшло да 80% школ. Беларуская мова стала асноўнай мовай у сельскагаспадарчых, педагагічных тэхнікумах, у школах рабочай і сялянскай моладзі.
У 1921 г. адкрыўся Беларускі дзяржаўны універсітэт. Яго першым рэктарам стаў гісторык У. І. Пічэта. У 1922 г. пачала працаваць сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках, а ў Віцебску — ветэрэнарны інстытут.
У межах палітыкі беларусізацыі арганізоўвалася навукова-даследчая дзейнасць па ўсебаковым вывучэнні Беларусі. У 1922 г. адкрываецца Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), ператвораны ў 1929 г. у Беларускую акадэмію навук. Узначаіў Інбелкульт гісторык У. М. Ігнатоўскі. Першымі акадэмікамі сталі Якуб Колас, Янка Купала і Цішка Гартны.
У 1928 г. у цэнтральных партыйных, дзяржаўных, прафсаюзных органах, грамадскіх арганізацыях беларускай мовай валодала 80% служачых, на акруговым і раённым узроўнях — 70%. Сярод работнікаў кіруючых структур павялічылася колькасць беларусаў. У часцях Чырвонай Арміі была сфарміравана 2-я тэрытарыяльная дывізія, створана Аб’яднаная беларуская школа камандзіраў. З 11 газет, якія выдаваліся ў рэспубліцы ў 1927 г., 3 выходзілі на беларускай мове, 4 — на рускай, па 2 — на яўрэйскай і польскай мовах. У акруговых газетах частка матэрыялу друкавалася на рускай, частка на беларускай мовах.
Аднак у восень 1929 г. пачаліся карэнныя перамены ў кірунках нацыянальнай дзейнасці КП(б)Б. Прычыны гэтых перамен у першую чаргу звязаны з агульным становішчам у краіне — з адмовай ад палітыкі нэпа, з пабудаванай на сілавых метадах палітыкай калектывізацыі, фарміраваннем адміністрацыйна-камандных метадаў кіравання і складваннем культу асобы, рэжыму асабістай улады І. Сталіна.
Беларусізацыя была згорнута. Пачалася кампанія супраць «нацыянал-дэмакратызму», яго прыраўнялі да нацыяналістычнай плыні і пачалі граміць. Гэта падмацоўвалася жорсткай рэпрэсіўнай палітыкай, накіраванай супраць арганізатараў і праваднікоў палітыкі беларусізацыі, прадстаўнікоў беларускай культуры, навукі, літаратуры. Менавіта тады па нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі быў нанесены ўдар такой сілы, што вынікі яго адчуваюцца і сёння.


2. Новая эканамічная палітыка ў БССР

Першая сусветная вайна і грамадзянская вайна прывялі да велізарных разбурэнняў у Расіі і на Беларусі. За час ваеннага ліхалецця беларускія землі (у сучасных межах) не далічыліся 1,4 млн. чалавек, у тым ліку 107 тыс. эмігрантаў і 246 тыс. бежанцаў, якія не вярнуліся дадому. Шасцігадовая вайна канчаткова зруйнавала гаспадарку. Панавала разруха, востра паўстала пытанне збяднення большай часткі насельніцтва. Па ўсёй Савецкай краіне галадала каля 40 млн. чалавек. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала 50% ад 1913 г. Не ў лепшым стане знаходзілася прамысловасць, агульны аб’ём валавай прадукцыі якой складаў 15—20% ад даваеннага ўзроўню.
«Ваенны камунізм» пасля заканчэння грамадзянскай вайны страціў усе аргументы на сваю карысць. Сяляне сталі патрабаваць права свабодна распараджацца зямлёй і прадукцыяй сваёй працы, выказваць незадаволенасць харчразвёрсткай. У розных раёнах успыхвалі паўстанні. Так у БССР у 1921 г., па афіцыйных звестках савецкага кіраўніцтва, дзейнічала каля 3,5 тыс. паўстанцаў. Іх баявымі дзеяннямі кіраваў створаны ў 1920 г. Галоўны штаб партызанскіх атрадаў «Беларускай сялянскай партыі Зялёнага дуба». Моцны партызанскі рух беларускага насельніцтва назіраўся ў Барысаўскім, Слуцкім, Ігуменскім паветах і нават у Віцебскай і Гомельскай губернях, якія тады ўваходзілі ў склад Расійскай Федэрацыі.
Улады лічылі, што ўціхамірыць сялян толькі армія. Толькі ў Тамбоўскую губерню было паслана да 50 тыс. чырвонаармейцаў на чале з М. Тухачэўскім. 1 сакавіка 1921 г. паўсталі маракі Кранштата. Яны патрабавалі свабоды слова, друку, шматпартыйнасці, ліквідацыі харчразвёрсткі, свабоды гандлю. Падаўленнем мяцежу кіраваў старшыня Рэўваенсавета Л. Троцкі сумесна з дэлегатам Х з’езда РКП(б).
Фактычна гэта быў крызіс канцэпцыі сацыялізму, якую прапаноўвалі К. Маркс і У. Ленін. «Ваенны камунізм», або эксперымент па стварэнню камуністычнага грамадства, з’явіўся сацыяльнай утопіяй. Кіраўніцтва расійскай кампартыі ўжо на пачатку 20-х гадоў зразумела, што, каб захаваць сваю ўладу, трэба рэзка змяніць палітычны курс.
Крызіс «ваеннага камунізму» пераадольваўся новай эканамічнай палітыкай (НЭП). Яе сутнасць заключалася ў абмежаваным аднаўленні прыватнага сектара і рыначных адносін пры зберажэнні камандных вышынь эканомікі, палітыкі, ідэалогіі ў руках Савецкай дзяржавы. Тактычнай мэтай НЭПа быў вывад краіны з крызісу, стратэгічнай — пабудова сацыялізму.
НЭП праводзіўся з 1921 па 1929 гг. Вылучаюць два перыяды: 1) 1921—1925 гг., калі эканоміка развівалася ў бок адраджэння прыватнага прадпрымальніцтва і прыстасавання да рыначных адносін сацыялістычнага (дзяржаўнага) сектара; 2) 1926—1929 гг. — пераход да паступовага выцяснення прыватнага капіталу.
Першым крокам да ўвядзення НЭПа стала рашэнне Х з’езда РКП(б), які працаваў 8—16 сакавіка 1921 г., пра замену харчразвёрсткі натуральным харчпадаткам. Натуральны падатак быў менш развёрсткі, аб’яўляўся перад пасяўной, не мог быць павялічаны на працягу года. Падатак першапачаткова складаў 20% ад чыстага прадукту, затым быў зменшаны да 10%, а з 1924 г. стаў збірацца грашыма. Усе лішкі прадукцыі пасля выканання падатку заставаліся ў селяніна. Харчпадатак рэстаўрыраваў рынак, тавараабарот паміж горадам і вёскай. Першых уступак аказалася дастаткова, каб збіць хвалю масавых антысавецкіх выступленняў.
НЭП даў сялянам права свабоднага выбару форм землекарыстання. У верасні 1922 г. Прэзідыум ЦВК БССР прыняў закон аб працоўным землекарыстанні. У ім аднолькава законнымі прызнаваліся арцелі, абшчыны, прыватнае ўладанне ў выглядзе водрубаў ці хутароў. У Беларусі на хутары і адрубы перасялілася звыш 25% гаспадароў (каля 20% зямлі). Дазвалялася здача зямлі ў арэнду і выкарыстанне наёмнай працы, праўда калі працуюць і члены сям’і.
З усіх рэспублік СССР Беларусь з’яўлялася найбольш сельскагаспадарчай: у 1920—1923 гг. тут налічвалася 89% сельскага насельніцтва. У 1921 г. сялянства павялічыла сваё землекарыстанне на 11,4% коштам былых уладанняў памешчыкаў. Але гэта была нязначная прырэзка. Забяспечанасць сялян зямлёй у БССР была ніжэй сярэдняй па СССР на 41%.
Зямельны крызіс можна было пераадолець толькі інтэнсіфікацыяй вядзення сялянскай гаспадаркі. Наркамат земляробства БССР на чале з Д. Прышчэпавым распрацаваў курс на замену трохполля шматполлем, на развіццё жывёлагадоўлі і кааперацыі. Ліквідацыя цераспалосіцы дазваляла павялічваць прадукцыйнасць працы, змяншаць выдаткі на апрацоўку зямлі, паляпшаць культуру земляробства. Заахвочвалася сялянская кааперацыя. Да пачатку 1927 г. у Беларусі налічвалася каля 400 вытворчых сельскагаспадарчых кааператываў. Гэтыя вышэйшыя формы кааперацыі існавалі ў выглядзе камун, таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлі, арцелей (абагульняліся толькі асноўныя сродкі вытворчасці: зямля, інвентар, цяглавая жывёла). Дзейнічала 213 саўгасаў — дзяржаўных сельскіх вытворчых гаспадарак. Грамадскі сектар Беларусі даваў каля 2% усёй сельскгаспадарчай вытворчасці. А разнастайнымі формамі спажывецкай кааперацыі (крэдытнай, меліярацыйнай, насенняводчай, машыннай і інш.) было аб’яднана 20,9% сялянскіх гаспадарак. Такім чынам, вяскоўцы аддавалі перавагу прасцейшым спажывецкім формам кааперацыі.
З адменай дэкрэта аб нацыяналізацыі ўсёй прамысловасці ажыццяўлялася дэнацыяналізацыя дробнай і часткі сярэдняй прамысловасці. Каля 300 прадпрыемстваў было аддадзена ў арэнду. Кожны грамадзянін мог сам арганізаваць саматужную або прамысловую вытворчасць з наймам рабочых: да 10 пры рухавіку, да 20 без рухавіка. Былі зняты абмежаванні на іх дзейнасць і дадзены правы юрыдычных асоб.
Аднаўленне прыватнага сектара закранула сельскую гаспадарку, здабываючую, лёгкую і харчовую прамысловасці, сферу паслуг. Камандныя вышыні эканомікі (зямля, буйная прамысловасць, знешні і аптовы гандаль, транспарт, банкаўская сістэма) заставаліся ў непадзельным уладанні дзяржавы. З’явілася змешаная эканоміка — спалучэнне прыватнага прадпрымальніцтва і нацыяналізаванай гаспадаркі.
Пераўтварэнні закранулі і прадпрыемствы дзяржаўнага сектара. У Беларусі на базе дзяржаўных прадпрыемстваў ствараліся групавыя кіраўніцтвы. Яны аб’ядноўвалі рознапрофільныя прадпрыемствы аднаго рэгіёну. Пасля ўзбуйнення Беларусі ўзніклі трэсты — аб’яднанні прадпрыемстваў, звязаных аднароднай прадукцыяй ці рознымі стадыямі пераапрацоўкі сыравіны.
Дзяржаўныя прадпрыемствы пераводзіліся на гаспадарчы разлік, атрымалі права гаспадарыць самастойна. Асноўны капітал (будынкі, абсталяванне) яны атрымоўвалі ад дзяржавы, а затым павінны былі самастойна рэалізоўваць сваю прадукцыю і за кошт атрыманага прыбытку пакрываць выдаткі вытворчасці, рабіць прамысловае назапашванне.
У 1922 г. з выпуска новай грашовай адзінкі — савецкага чырвонца — пачалася грашовая рэформа. Чырвонцы абменьваліся на золата: 1 чырвонец раўняўся 7,74 г. чыстага золата або 5,14 доларам ЗША. Ствараліся камерцыйныя банкі, таварыствы ўзаемнага крэдыту. У ашчадных касах былі адменены абмежаванні на сумы прыватных асоб і арганізацый.
Партыя была вымушана пайсці на дазвол прыватнага, кааператыўнага і дзяржаўнага гандлю. У адрозненні ад іншых савецкіх рэспублік у БССР вядучае месца займаў прыватны гандаль.
Была адноўлена грашовая аплата, уведзены тарыфы зарплаты, зняты абмежаванні на яе рост. Арганізацыя працы стала будавацца на прынцыпах матэрыяльнага стымулявання. Укараненне гаспадарчага разліку дазволіла пазбавіцца ад ураўнілаўкі. У зарплату ўключаўся кошт камунальных паслуг для сем’яў рабочых і служачых. Вынікам стаў рост прадукцыйнасці працы, якая ў 1927 г. перавысіла даваенны ўзровень у 1,8 раза.
Нэп меў спрыяльныя вынікі для эканомікі Беларусі. Да 1927 г. была поўнасцю адноўлена сельская гаспадарка, прамысловасць дасягнула даваеннага ўзроўню. Пры гэтым на долю дзяржаўнага сектара прыходзілася амаль ¾ усёй прадукцыі.
Партыйны і дзяржаўны апарат не мог прыняць новы эканамічны курс, таму што той адмаўляў камандныя метады кіравання: таварна-грашовыя адносіны патрабавалі гнуткай прафесійнай палітыкі, ведаў і вопыту. Нэпам былі незадаволены таксама малакваліфікаваныя рабочыя, беспрацоўныя, беднякі, батракі. Яны склалі тую сацыяльную глебу, якая падтрымала дзеянні партапарату па ліквідацыі новай эканамічнай палітыкі.


3. Калектывізацыя ў БССР

У канцы 20-х гадоў групоўка Сталіна распачала адыход ад нэпа і рэпрэсіі супраць «непралетарскіх элементаў». На вёсцы галоўным ворагам быў аб’яўлены «кулак», г. зн. заможны селянін. У 1927 г. на Беларусі такіх налічвалася 4,1% ад усяго вясковага насельніцтва. Узмацненне «антыкулацкай лініі» прывяло да таго, што заможныя сяляне перасталі пашыраць вытворчасць збожжа. Узімку 1927—1928 гг. у СССР выбухнуў збожжанарыхтоўчы крызіс. Экспарт збожжа прыпыніўся, грошы на індустрыялізацыю не паступалі.
З другога боку, рэзка павялічыўся попыт на збожжа ўнутры краіны. У ходзе індустрыялізацыі гарадам патрабавалася ўсё больш і больш прадуктаў харчавання. Невыкананне дзяржаўнага плана нарыхтовак збожжа прывяло да ўвядзення ў гарадах прадуктовых картак.
Сталін заявіў, што прычынай хлебанарыхтоўчых цяжкасцяў з’яўляецца «кулацкая стачка». Партыйна-савецкім органам было прапанавана сілай забіраць «лішкі» хлеба ў сялян. Акрамя таго быў вызначаны курс на масавую калектывізацыю сельскай гаспадаркі.
Мэтай суцэльнай калектывізацыі было вырашэнне чатырох асноўных задач. Па-першае, хуткімі тэмпамі стварыць магутную аграрную базу, здольную забяспечыць патрэбы індустрылізацыі. Па-другое, ліквідаваць сельскія капіталістычныя элементы — праціўнікаў сацыялістычных пераўтварэнняў вёскі. Па-трэцяе, маёмасць кулацкіх гаспадарак пакласці ў аснову калгаснай уласнасці. Па-чацвёртае, раскулачаных выкарыстоўваць на новабудоўлях краіны.
Прадугледжвалася завяршыць калектывізацыю ў збожжавых раёнах вясной 1932 г. Тэрмін заканчэння калектывізацыі для Беларусі прадугледжваўся ў 1932—1933 гг. Але кіраўніцтва БССР вырашыла фарсіраваць тэмпы калектывізацыі, закончыць працэс да 1931 г. Каб забяспечыць высокія тэмпы калектывізацыі, у вёску паслалі тысячы ўпаўнаважаных. У пачатку лютага 1930 г. яны выехалі на месцы прызначэння, працавалі старшынямі і членамі праўлення калгасаў. Слабадасведчаныя ў асаблівасцях сялянскага жыцця, яны дзейнічалі метадам загадаў і прымусаў.
Працэс кааперавання быў падменены «раскулачваннем». У БССР раскулачванню падлягала 34 тыс. гаспадарак. Да мая 1930 г. пад рэпрэсіі падпала 15,6 тыс. сямей. Пры гэтым адну частку сялян нацкоўвалі на другую, заахвочвалі падзелам маёмасці кулакоў. ЦК КП(б)Б у лютым 1930 г. даў класіфікацыю кулацтва па трох катэгорыях: 1) актыўныя праціўнікі калектывізацыі; 2) найбольш заможныя; 3) усе астатнія. Тых, каго адносілі да першай катэгорыі, без суда і следства арыштоўвалі і накіроўвалі ў месцы зняволення або растрэльвалі. Сялян, аднесеных да другой катэгорыі, высылалі на Поўнач. «Кулакоў» трэцяй катэгорыі пазбаўлялі права на зямельны надзел у сваёй вёсцы і давалі ім участак за межамі калгасаў.
Нават сераднякоў і беднякоў маглі абвясціць класавымі ворагамі. У выніку ў вёсцы абвастрылася палітычнае становішча, сталі нарастаць сялянскія хваляванні. У студзені — красавіку 1930 г. у БССР было зарэгістравана 520 сялянскіх выступленняў. Масавы характар набыў забой жывёлы. Сяляне лічылі за лепшае з’есці ці прадаць мяса, чым аддаць жывёлу ў калгасны фонд. Пра масштабы забою жывёлы гаворыць той факт, што яе пагалоўе ўдалося аднавіць толькі к 1959 г. Але асноўнай формай непрымання калектывізацыі ў Беларусі была пасіўнасць (бяздзейнасць) вясковых жыхароў.
Кіраўніцтва краіны вырашыла прыняць меры па ліквідацыі «перагібаў». 2 сакавіка 1930 г. на старонках «Праўды» быў надрукаваны артыкул І. Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў», дзе ўпершыню асуджалася практыка прымусовай калектывізацыі, давалася ўказанне весці работу ў адпаведнасці з мясцовымі ўмовамі, не абагульняць прысядзібныя землі, агароды і г. д. Адразу адбыўся адток сялян з калгасаў. Да 1 чэрвеня 1930 г. працэнт калектывізацыі паменшыўся з 58% да 11,1%. Аднак восенню 1930 г. палітыка суцэльнай калектывізацыі была зноў адноўлена. Кастрычніцкі (1930) Пленум ЦК КП(б)Б прызнаў неабходным «паскорыць» тэмпы калектывізацыі. З мэтай прыцягнення сялян у калгасы працягвалася раскулачванне. Па ранейшаму прымусова абагульваліся жылыя памяшканні і жывёлы, аплата працадзён праводзілася па астаткаваму прынцыпу — пасля выканання дзяржаўных паставак, якія паглыналі ўсе даходы. Зберагаць зерне ў калгасах забаранілі, ураджай ў абавязковым парадку вывозіўся на дзяржаўныя элеватары.
Адным з наступстваў калектывізацыі стала вострая нястача харчавання на сяле. Адсюль меў месца крадзеж зерня, выстрыганне каласоў на палях. Барацьба з кражамі вялася экстрымальнымі сродкамі. У 1932 г. быў прыняты закон «Пра ахову маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацый і ўмацаванне грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці». Закон прызнаваў грамадскую ўласнасць асновай савецкага ладу. Адпаведна людзі, якія рабілі замах на сацыялістычную ўласнасць, разглядаліся як ворагі народа. У якасці пакарання для іх прадугледжвалася смяротная кара ці 10 гадоў пазбаўлення волі.
У 1932—1933 гг. голад ахапіў самыя ўрадлівыя раёны СССР — Украіну, Паволжа, Паўночны Каўказ. Ён быў выкліканы неўраджаем і жорсткай нарыхтоўчай палітыкай. Па розных падліках ад 2 да 7 млн чалавек памерлі галоднай смерцю. Даходзіла нават да людаедства. Не абышоў голад і паўднёвыя раёны Беларусі, але дзякуючы намаганням кіраўніцтва рэспублікі ён не набыў такіх катастрафічных маштабаў. Адбыўся новы адток сялян з калгасаў. Калі на пачатку года калектывізацыя складала 50,4% двароў, то вясной — паменшылася да 43,7%: распалася звыш 1 000 калгасаў.
Нестабільнасць у вёсцы парадзіла масавую міграцыю сялян у горад. Каб замацаваць працоўную сілу ў калгасах і саўгасах у снежні 1932 г. была адноўлена (адмененная ў 1917 г.) пашпартная сістэма для насельніцтва краіны. Пашпарты выдаваліся толькі гарадскому насельніцтву, якое абавязкова прапісвалася па месцы жыхарства ў тэрытарыяльных органах міліцыі. Сялянам пашпарты не выдаваліся. Для паездкі ў горад, не гаворачы пра паступленне на вучобу ці працу, патрэбна было атрымаць даведку-дазвол ад праўлення калгаса. Пакінуўшыя вёску без дазволу аўтаматычна атрымлівалі турэмны тэрмін за валацужніцтва. Сельскае насельніцтва аказалася прымацаваным да зямлі, да сваіх калгасаў і саўгасаў.
Адначасова партыйнае кіраўніцтва краіны было вымушана дазволіць калгасны гандль, паменшыць падатак на гандаль сельскагаспадарчымі прадуктамі. Былі намечаны канкрэтныя мерапрыемствы па арганізацыі, уліку і аплаце працы, умацаванні грамадскай гаспадаркі, аб размеркаванні ўраджаю і даходаў калгасаў, па забяспячэнні асабістай жывёлы калгаснікаў кармамі.
Актыўную ролю ў правядзенні калектывізацыі сталі адыгрываць машынна-трактарныя станцыі. Яны павінны былі пераканаць сялянскія масы ў перавазе сацыялістычнага спосабу вытворчасці. У пачатку 1929 г. пачалася арганізацыя МТС. Першая МТС у БССР пачала дзейнічаць у Койданаве (Дзяржынску). У 1932 г. налічвалася ўжо 57 МТС, якія мелі 1 500 трактароў і абслугоўвалі 33% калгасаў.
У МТС былі створаны палітычныя аддзелы, якія дзейнічалі камандна-загаднымі метадамі і з’яўляліся органамі «дыктатуры пралетарыяту» у вёсцы. Палітаддзелы кіравалі дзейнасцю МТС, а таксама павінны былі кантраляваць калгасы, саўгасы і мясцовыя партыйныя арганізацыі. Толькі за год сваёй работы яны «выкрылі» і звольнілі з калгасаў 2 700 «кулакоў-шкоднікаў», знялі з работы за «варожую» дзейнасць 1 544 работнікі.
Галоўнымі метадамі калектывізацыі былі гвалтоўныя: запалохванне, прымус, раскулачванне, спецпасяленні, расстрэлы. За 30-я гады беларуская вёска страціла каля мільёна сваіх жыхароў. Калгаснікі поўнасцю залежалі ад свайго старшыні. Старшыня ў сваю чаргу падпарадковаўся райкому партыі, ад якога залежаў яго лёс. Напрыклад, толькі ў 1936 г. у БССР было заменена 1 500 старшынь калгасаў.
На канец 1940 г. мелася 10 165 калгасаў і 92 саўгасы. Дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную, сацыялістычную. Аднак узровень сельскагаспадарчай вытворчасці заставаўся нізкім, а планы яе павышэння не былі выкананы. У 1938 г. прысядзібныя ўчасткі калгаснікаў складалі 4% плошчы, а давалі 45% усёй сельгаспрадукцыі, у т.л. 70% мяса. Да таго ж калгаснікі не мелі адпачынку, выхадных дзён, ім не аплачваліся водпускі па цяжарнасці і родах, не прадстаўлялася пенсія.
Калектывізацыя прывяла да адчужэння былых уладальнікаў зямлі ад асноўнага сродку вытворчасці — зямлі. Знік цэлы пласт найбольш гаспадарлівых і таленавітых земляробаў. Фактычна сяляне ператвараліся ў наёмных дзяржаўных работнікаў. Пачала ўсталёўвацца нявольніцкая псіхалогія калгасніка: безыніцыятыўнасць, чаканне загадаў начальства, абыякавасць да грамадскага жыцця, схільнасць да ўжывання гарэлкі. Адначасова таталітарны рэжым атрымаў сродкі для правядзенне фарсіраванай індустрылізацыі і стварыў эфектыўны механізм кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем харчавання ва ўсёй дзяржаве.


4. Індустрыялізацыя ў БССР. Вынікі першых пяцігодак

Пераход да новай эканамічнай палітыкі дазволіў у сціслыя тэрміны аднавіць дарэвалюцыйны ўзровень эканомікі і нават пераўзыйсці яго. БССР заставалася пераважна сялянскай, з перавагай сельскай гаспадаркі, лесапераапрацоўчай і лёгкай прамысловасці. Займаючы 0,6% тэрыторыі (3,4% насельніцтва) СССР, Беларусь давала ўсяго 1,6% прамысловай прадукцыі краіны. Неразвітасць індустрыі стварала востры таварны дэфіцыт. На тэрыторыі Беларусі ўдзельная вага прамысловасці ў народнай гаспадарцы складала ў 1925 г. толькі 22%. Пераважалі дробныя і саматужныя прадпрыемствы. Цяжкай прамысловасці не было зусім. Нізкім быў адукацыйны і культурны ўзровень працуючых.
Ужо ў снежні 1925 г. ХІV з’езд ВКП(б) абвясціў праграму індустрыалізацыі СССР. Праз два гады ХV з’езд партыі прыняў рэзалюцыю «Пра дырэктывы па складанні пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі».
СССР, на думку камуністаў, павінен быў быць арганізацыйнай і ваенна-тэхнічнай базай сусветнай рэвалюцыі. Таму кампартыя ўзяла курс на індустрыялізацыю. Асновай плана першай пяцігодкі (1 кастрычніка 1928 — 31 снежня 1932 г.) была ідэя пабудовы фундаменту сацыялістычнай эканомікі. Для дасягнення гэтага планавалася рэалізваць наступныя задачы: прыярытэтнае развіццё цяжкай прамысловасці (металургіі, энергетыкі, машынабудавання) і рэканструкцыя на гэтай аснове усёй народнай гаспадаркі, умацаванне абароназдольнасці і эканамічеай незалежнасці СССР; калектывізацыя сельскай гаспадаркі і ліквідацыя кулака як класа; выцясненне нэпманаў; ліквідацыя беспрацоўя і непісьменнасці насельніцтва.
Індустрыялізацыя павінна была ажыццяўляцца за кошт унутраных рэзерваў. Асноўнымі крыніцамі сродкаў былі: 1) даходы дзяржаўнай прамысловасці, калгасаў і саўгасаў; 2) даходы ад манаполіі на знешні гандаль; 3) значна ўзросшыя падаткі на нэпманаў; 4) павелічэнне падаходнага падатку; 5) павышэнне працоўнай актыўнасці насельніцтва (саыялістычнае спаборніцтва); 6) выкарыстанне працы зняволенных праз сістэму выпраўленча-працоўных лагераў; 7) пераразмеркаванне сродкаў з аграрнага сектара ў індустрыяльны.
Індустрыялізацыя ў БССР праходзіла як састаўная частка адзінага працэсу індустрыялізацыі ўсяго СССР, але мела і свае адметнасці. Развіццё народнай гаспадаркі БССР, як вызначалася ў плане, павінна ажыцяўляцца больш хуткімі тэмпамі, чым па СССР. Так, напрыклад рост вытворчасці электраэнергіі планаваўся ў БССР 570%, а ў цэлым па СССР — 340%. Лічылася, што такім чынам будзе ліквідавана эканамічнае адставанне Беларусі. Таксама пагранічнае становішча рэспублікі рабіла немэтазгодным размяшчэнне на яе тэрыторыі прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці, ваенна-прамысловага комплексу. У БССР адсутнічалі разведаныя радовішчы нафты, вугалю, металаў. Таму асноўная ўвага тут аддавалася развіццю не цяжкай прамысловасці, а лёгкай, мясцовай. Таксама аказваў уплыў і недахоп кваліфікаваных кадраў.
Мясцовыя рэсурсы і асігнаванні з саюзнага бюджэту дазволілі вырашыць праблему назапашвання сродкаў для прамысловага будаўніцтва. Важнай крыніцай былі накапленні працоўных, унутраныя пазыкі і ашчадныя касы. Трэба таксама ўлічваць і так званы «звышпадатак» у выглядзе розніцы ад завышэння цэн, якія плаціла сялянства за прамысловыя тавары, і заніжаных цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю. Амаль 1/3 сродкаў, укладзеных у прамысловасць БССР за гады 1-й пяцігодкі, паступіла з саюзнага бюджэту.
Па волі партыйнага кіраўніцтва краіна паступова стала ўцягвацца ў «індустрыяльны скачок», фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі. Гэта прывяло да перагляду планаў пяцігодкі. Пачалі адкідацца зацверджаныя раней нормы выпрацоўкі. Вынікам сталі разбалансаванасць вытворчасці, паломкі і прастоі абсталявання, павялічэнне выпуску бракаванай прадукцыі. Узніклі фінансавыя і матэрыяльныя цяжкасці. Да гэтага дадалося падзенне ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасці, што з’явілася вынікам калектывізацыі. Пагоршылася харчовае забяспячэнне краіны, што прымусіла увесці харчовыя карткі.
Былі узмоцнены камандныя метады кіраўніцтва эканомікай. Была праведзена перабудова кіравання народнагаспадарчым комплексам. У студзені 1932 г. Беларускі саўнаргас быў рэарганізаваны ў Наркамат лёгкай прамысловасці БССР. Прадпыемствы цяжкай і лясной прамысловасці пераходзілі ў распараджэнне саюзных наркаматаў. Фінансаванне індустрыяльнага будаўніцтва грашовымі сродкамі было ўскладзена на Наркамат фінансаў. Непасрэднай крыніцай фінансавання капітальнага будаўніцтва станавілася не вытворчасць, а сфера размеркавання і абарачэння (падатак з абароту і пазык). У партыйных органах з’явіліся новыя падраздзяленні — галіновыя аддзелы па прамысловасці. Такім чынам была створана камандна-размеркавальная сістэма эканомікі.
Цэнтральныя органы кіравання пачалі рэгламентаваць усе асноўныя паказчыкі развіцця рэспубліканскай прамысловасці. Перавага аддавалася колькасным паказчыкам. За першую пяцігодку (1928—1932) БССР атрымала капіталаўкладанняў у 5,4 разоў больш, чым за папярэднія 10 гадоў. Большая іх частка была ўукладзена ў цяжкую індустрыю. Было пабудавана 538 прамысловых прадпрыемстваў. У тым ліку БелДРЭС, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Магілёўскі завод штучнага валакна, Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання. У строй дзеючых таксама увайшлі швейныя фабрыкі ў Магілёве, Мінску і Віцебску, абутковая фабрыка ў Гомелі, запалкавая ў Барысаве. Аб’ём буйной прамысловасці вырас амаль у 4,3 раза. У рэспубліцы з’явілася машынабудаўнічая, хімічная і іншыя галіны вытворчасці. Колькасць спецыялістаў з тэхнічнай адукацыяй у народнай гаспадарцы ў параўнанні з 1929 г. вырасла больш чым у 40 разоў. Важным сацыяльным вынікам стала ліквідацыя ўжо ў 1931 г. беспрацоўя. Фундамент сацыялістычнай эканомікі быў пабудаваны.
XVII з’езд ВКП(б) у студзені 1934 г. прыняў другі пяцігадовы план (1933—1937 гг.). Заданні працягвалі заставацца напружанымі. Іх выкананне сутыкнулася з велізарнымі цяжкасцямі. Аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў 1,9 раза, замест запланаваных 3,8 раза. За другую пяцігодку ў 2,5 разы павялічылася выпрацоўка электраэнергіі. Прадукцыйнасць працы на прадпрыемствах, падпарадкаваных наркаматам, узрасла на 65,5%. На Беларусі першую прадукцыю далі Магілёўскі трубаліцейны і аўтарамонтны заводы, Гомельскі завод шкляных вырабаў, Крычаўскі цэментны завод і іншыя прадпрыемствы. Буйная прамысловасць стала аказваць вырашальны ўплыў на ўсю гаспадарку.
Значнай з’явай у гады другой пяцігодкі стала сацыялістычнае спаборніцтва. Асаблівае распаўсюджванне атрымаў стаханаўскі рух. Пачынальнікам яго стаў А. Р. Стаханаў. У ноч на 31 жніўня 1935 г. на данецкай шахце «Цэнтральная—Ірміно» ён здабыў за змену 102 т. Вугалю, замест 7 т. па плане. Пачынанне Стаханава ахапіла ўсе галіны прамысловасці, транспарт, будаўніцтва, сельскую гаспадарку. Але ў арганізацыі спаборніцтва меліся і відавочныя недахопы. Спаборніцтва часта набывала характар кампаній, нормай станавіўся фармалізм, прыпіскі, заарганізаванасць.
З 1938 г. пачаў выконвацца трэці пяцігадовы план. Ён прадугледжваў будаўніцтва ў рэспубліцы новых буйных прадпрыемстваў, аснашчэнне прамысловасці і сельскай гаспадаркі высокапрадукцыйнай тэхнікай. Павелічэнне агульнага аб’ёму валавай прадукцыі прамысловасці планавалася ў 3,5 раза. Да вайны былі пабудаваны Мінскі радыёзавод, Рагачоўскі кансервавы і інш.
У выніку індустрыялізацыі коштам велізарных высілкаў народа ў БССР была створана сучасная матэрыяльна-тэхнічная база народнай гаспадаркі. У 1929—1940 гг. у рэспубліцы ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% яе прамысловай прадукцыі. Вырасла ўдзельная вага прадукцыі беларускай прамысловасці ў агульнасаюзнай вытворчасці і яе вываз за межы рэспублікі. Да канца другой пяцігодкі рэспубліка давала ўжо 2,2% усёй валавай прадукцыі прамысловасці СССР. Прамысловасць Беларусі выпускала 1,2% металарэзных станкоў, 10,3% — торфу, 28,7% — фанеры, 6,9% — паперы, 2,0% — цэменту, 16,0% — ільновалакна і трыкатажных вырабаў, 3,8% — абутку ад агульнасаюзнай вытворчасці. Грунтоўныя змены адбыліся ў структуры прамысловасці. З’явіліся галіны, якія ўвасаблялі значны крок наперад у тэхнічным прагрэсе, напрыклад, станкабудаванне.
Індустрыялізацыя прынесла значныя змены ў сацыяльную структуру насельніцтва, садзейнічала росту рабочага класа і тэхнічнай інтэлігенцыі, рэзка скарацілася колькасць сялянства. Як сведчылі даныя Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1939 г. доля рабочага класа ў складзе насельніцтва БССР дасягнула 21,9%, доля інтэлігенцыі — да 14,5%.
Галоўным жа вынікам індустрыялізацыі для СССР было стварэнне ваенна-прамысловага комплексу, больш-менш адэкватнага патрабаванням вялікай вайны ў Еўропе. Для Беларусі ў будучай вайне адводзілася роля прыфрантавой тэрыторыі і гэтым прадвызначаліся мясцовыя адметнасці індустрыялізацыі.


5. Фарміраванне адміністрацыйна-каманднай сістэмы, усталяванне таталітарнага рэжыму і палітычныя рэпрэсіі на Беларусі

Сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё СССР прыняло пад канец 20-х гг. і асабліва ў пачатку 30-х гг. выразна акрэсленыя камандна-адміністрацыйныя рысы, якія ў рэшце рэшт прывялі да ўсталявання таталітарнага рэжыму. Гэта быў даволі супярэчны час, калі спалучаліся працоўны энтузіязм народа і яго страх перад уладай і беззаконнем, узмоцненым рэпрэсіямі.
Першая прычына, што прывяла да ўсталявання таталітарнай сістэмы, каранілася ў прынцыповых палажэннях марксізму: ідэі дыктатуры пралетарыяту, разуменні сацыялізму як абагульненне ўсіх сродкаў вытворчасці, стварэнні моцнай улады, пры якой усялякае разважанне наконт дэмакратыі разглядалася як хітрыкі буржуазіі.
Другая прычына звязана з трагізмам Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая ўскалыхнула значную масу маргінальных нізоў. Спроба пабудаваць новае грамадства на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці і калектывізму пераўтварылася ў фарміраванне дыктатуры партыйна-дзяржаўных структур, аснову якіх складалі выхдцы з тых жа самых нізоў. Да таго ж узровень пісьменнасці, агульнай культуры ўвогуле членаў кіруючай партыі доўгі час заставаўся нізкім. Напрыклад, на 1 студзеня 1938 г. у СССР камуністаў з вышэйшай адукацыяй было толькі 4,5%, з сярэдняй — 8,6%, з пачатковай — 49,0%, без адукацыі — 22,9%.
Трэцяя прычына заключаецца ва ўнутрыпартыйнай барацьбе, што вялася ў 20-я гады паміж рознымі групоўкамі. У першую чаргу трэба адзначыць саперніцтва Сталіна і Троцкага. У адрозненне ад Сталіна Троцкі не хаваў свае аўтарытарныя падыходы да сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны, як і асабістыя дыктатарскія памкненні. Самым надзейным сродкам спыніць Троцкага ў той час з’яўлялася падтрымка Сталіна, што і было зроблена большасцю партыйных дзеячоў у 20-я гг. Але гэта ўзмацніла пазіцыі Сталіна, садзейнічала стварэнню глебы для яго ўзвышэння і стварэння культу яго асобы.
Пераход да таталітарызму праяўляўся ў далейшым паніжэнні ролі і ўдзелу ў справах грамадства дэмакратычных, прадстаўнічых органаў, поўным іх падпарадкаванні партыйнаму апарату. Саветы ў 30-я гг. ўжо толькі стваралі бачнасць улады працоўных. Іх фарміраванне і дзейнасць адбываліся на падставе дырэктыўных указанняў, якія выключалі крытыку партыйна-дзяржаўных органаў, спаборнасць кандыдатур, плюралізм думак. Гэта датычылася дзейнасці не толькі Саветаў, але і прафсаюзаў, камсамола, якія канчаткова страцілі нават мізэрныя рэшткі самастойнасці.
Канстытуцыя Беларускай ССР 1927 г. замацоўвала палажэнне аб тым, што БССР з’яўляецца «сацыялістычнай дзяржавай дыктатуры пралетарыяту», у якой ад імя пралетарыяту дыктатуру ажыццяўляе Камуністычная партыя. Таму ўсе дзяржаўныя органы былі падпарадкаваны партыйным установам і павінны былі выконваць дырэктывы і пастановы партыйных з’ездаў, канферэнцый і іх выканаўчых органаў.
З прыняццем Канстытуцыі СССР 1936 г. была праведзена больш жорсткая цэнтралізацыя дзяржаўнага апарату, абмяжоўваліся правы саюзных рэспублік. У лютым 1937 г. была прынята новая Канстытуцыя БССР. Яна была падрыхтавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР і паўтарала ўсе асноўныя палажэнні саюзнай Канстытуцыі. У ёй пацвярджалася ўсёўладзе камуністычных партыйных кіруючых органаў.
На першы погляд, карэнныя змены былі ўнесены ў выбарчую сістэму. Абвяшчалася, што выбары дэпутатаў ва ўсе Саветы дэпутатаў праводзяцца выбаршчыкамі на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Але права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты замацоўвалася толькі за камуністычнымі арганізацыямі. У Канстытуцыі абвяшчалася свабода слова, свабода друку, свабода сходаў і мітынгаў, свабода вулічных шэсцяў і дэманстрацый, але толькі на паперы, бо ў той жа час праходзілі масавыя рэпрэсіі, калі людзей знішчалі без усялякай віны з іх боку.
Яшчэ ў 1927 г. Асобаму дзяржаўнаму палітычнаму ўпраўленню давалася права разглядаць у пазасудовым парадку, аж да прымянення вышэйшай меры пакарання, справы аб дыверсіях, падпалах і г.д. У 1934 г. быў утвораны НКУС. Вядучая роля ў правядзенні рэпрэсій належыла падраздзяленням наркамата. У рэспубліках, краях, абласцях, гарадах стваралася сістэма «троек», падначаленых Асобай нарадзе пры НКУС СССР. У іх склад уваходзілі начальнікі ўпраўленняў НКУС, сакратары партыйных камітэтаў і пракуроры.
Першай ахвярай масавых рэпрэсій стала беларускае сялянства у час калектывізацыі. За асуджэнне лініі партыі на калектывізацыю калгаснікаў судзілі і высылалі следам за «кулакамі». «Контррэвалюцыйныя арганізацыі» фабрыкаваліся спецыяльна, каб патрымліваць у калгаснікаў «працоўную дысцыпліну», а ўсе правалы калгаснага гаспадарання спісваць на «ворагаў народа».
У канцы 20-х — пачатку 30-х гг. пачалася барацьба з нацыянальнай інтэлігенцыяй, якую абвінавачвалі ў нацыянал-дэмакратызме, імкненні адарваць БССР ад СССР. Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стаў надуманы судовы працэс над членамі ўяўнай контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ). У 1931 г. за належнасць да яе пастановай калегіі АДПУ было асуджана 90 работнікаў навукі, мастацтва, савецка-партыйнага апарата. 80 з іх прыгаварылі да высылкі з Беларусі, а дзесяць чалавек — да дзесяцігадовага тэрміну ў канцлагеры. Сярод пакараных былі наркам асветы А. Баліцкі, наркам земляробства Д. Прышчэпаў, акадэмікі В. Ластоўскі, Я. Лёсік, А. Смоліч і інш. Самагубства У. Ігнатоўскага і спроба самагубства Я. Купалы не дазволілі карнікам арганізаваць паказальны працэс і пашырыць рэпрэсіі. Але ў 1937 г. усе, хто праходзіў па справе СВБ, былі асуджаны паўторна — да вышэйшай меры пакарання, расстрэлу.
У 1933—1934 гг. прайшла другая хваля рэпрэсій. Разглядалася справа таксама ўяўнага «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Былі сфабрыкаваны палітычныя судовыя справы на вядомых дзеячоў заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху (С. Рак-Міхайлоўскі, І. Дварчанін і інш.), якіх абвінавачвалі як польскіх шпіёнаў. Вялася барацьба з «засмечваннем» нацдэмамі дзяржаўных устаноў.
Ужо на пачатку 1933 г. прапускныя магчымасці турмаў БССР былі вычарпаныя. За кратамі апынулася больш за 25 тыс. чалавек. Арышт азначаў тады высылку або смерць. Караліся «беларускія нацыянал-фашысты», «праватрацкісты», «польскія шпіёны». У турмах былі растраляны былыя лідэры БНР (В. Ластоўскі ў Саратаве ў 1938 г., А. Смоліч тады ж у Омску).
У перадваенныя гады (1936—1941) рэпрэсіі зведалі каля 40 тыс. камандзіраў Чырвонай Арміі, у тым ліку і камандны склад Беларускай вайсковай акругі. Беларускія камуністы страцілі 40% свайго складу. Пачаліся рэпрэсіі супраць кіраўніцтва рэспублікі. 16 чэрвеня 1937г. застрэліўся А. Чарвякоў, у тым жа месяцы з 5-га паверха будынка НКУС БССР выкінуўся арыштаваны М. Галадзед, які ў 1927—1937 гг. працаваў старшынёй СНК БССР. У магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы загінуў З. Жылуновіч. З сярэдзіны 1937 г. да ліпеня 1938 г. было арыштавана 40 наркомаў і іх намеснікаў, 170 кіруючых работнікаў савецкага і гаспадарчага апарату, 1 акадэмік, 25 навукоўцаў, 41 выкладчык ВНУ, 23 супрацоўнікі ЦК КП(б)Б, 16 супрацоўнікаў Саўнаркома. У 1938 г. рэпрэсіі пайшлі на спад, пачалося вынішчэнне тых, хто іх праводзіў. Былі растраляны старшыні АДПУ-НКУС Б. Берман, Л. Закоўскі, І. Ляплеўскі, А. Наседкін, П. Рапапорт.
Падчас масавага тэрору ў Беларусі было неабгрунтавана рэпрэсіравана ў адміністрацыйным парадку звыш 349 тыс. чалавек, а агульная колькасць ахвяр палітычных рэпрэсій склала каля 600 тыс. чалавек. Рэпрэсіі суправаджаліся масавымі расстрэламі. 29 кастрычніка 1937 г. адбыўся першы растрэл ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Усяго ў Курапатах было знішчана (па афіцыйных дадзеных) 30 тыс. чалавек.
Рэпрэсіі моцна знявечылі беларускую нацыю, знішчылі яе інтэлектуальны патэнцыял. З-за «вялікага тэрору» краіна пазбавілася найбольш кваліфікаваных кадраў. Воля ўсходніх беларусаў да самастойнага, незалежнага жыцця была надламаная. У БССР усталявалася жорсткая форма савецкага таталітарызму. Вядома, што ў разглядаемы перыяд перад савецкай дзяржавай стаяла задача пераадолець адсталасць і стварыць індустрыяльную базу. Аднак метады вырашэння гэтай задачы павінны быць іншымі, у большай ступені ўлічваць сацыяльна-эканамічныя працэсы, жыццёвыя ўмовы людзей, быць сбалансаванымі, без перагібаў і масавых рэпрэсій.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии