БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » История Беларуси » САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ. БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ (1945—1985)

САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ. БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ (1945—1985)

САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ. БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ (1945—1985)

1. Аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны.
2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 50-я — першай палове 80-х гадоў ХХст.
3. Грамадска-палітычнае жыццё БССР.
4. Культура Беларусі.
5. Беларусь на міжнароднай арэне.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны

Вялікая Айчынная вайна і фашысцкая акупацыя прынесла БССР велізарныя страты. Пераканаўча аб гэтым гавораць лічбы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, загінула больш за 2 млн 200 тыс. жыхароў. Захопнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў і райцэнтраў, 9 200 сёл і вёсак. Былі разбураны амаль усе прамысловыя прадпрыемствы і электрастанцыі, абсталяванне вывезена ў Германію альбо знішчана. Гітлераўцы разрабавалі маёмасць калгасаў і саўгасаў. Моцна пацярпелі транспартныя магістралі, было разбурана амаль тры чвэрці жылога фонду гарадоў, поўнасцю знішчана матэрыяльная база адукацыі, навукі, культуры. Па агульным ўзроўні развіцця эканомікі рэспубліка была адкінута да 1928 г., а па некатарых галінах — да 1913 г.
Аднаўленне народнай гаспадаркі праводзілася ў два этапы. Першы этап ахопліваў 1943—1945 гг.
Неабходна засяродзіць увагу на шэрагу фактараў, галоўнымі з якіх з’яўляліся дапамога, аказаная Беларусі з боку саюзных рэспублік, перш за ўсё, з боку Расійскай Федэрацыі, а таксама арганізацыйныя меры, прынятыя на ўзроўні партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва як СССР, так і БССР. Асаблівай увагі заслугоўвае працоўны гераізм людзей.
Другі этап аднаўлення гаспадаркі ўключаў у сябе 1946—1950 гг. Яго можна ахарактарызаваць у якасці асноўнага этапу. У 1946 г. Вярхоўны Савет прыняў закон аб пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі БССР. Найбольш важнай асаблівасцю гэтага этапу з’яўлялася арыентацыя на будаўніцтва новых прадпрыемстваў, якія павінны былі побач з адноўленымі забяспечваць развіццё вытворчасці ў Беларусі. Такім чынам, гады чацвёртай пяцігодкі ў пэўным сэнсе можна разглядаць у якасці другога этапу індустрыялізацыі ў БССР.
Заданні чацвёртай пяцігодкі выконваліся ва ўмовах павелічэння капіталаўкладанняў (інвестыцый) — пераважна з агульнасаюзнага бюджэту, росту прадукцыйнасці працы, сацыялістычнага спаборніцтва. Пэўную дапамогу БССР атрымлівала па лініі Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб’яднаных Нацый (ЮНРРА), а таксама за кошт рэпарацыйных паставак з Германіі і з тэрыторыі яе былых саюзнікаў.
Характэрнай асаблівасцю працэсу аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі было стварэнне буйных прадпрыемстваў цяжкай прамысловасці, у першую чаргу, машынабудавання, такіх, як МАЗ і МТЗ.
Зразумела, функцыянаванне гэтых прадпрыемстваў было магчымае толькі пры ўмове паставак металургічнай прадукцыі з іншых рэгіёнаў СССР, паколькі на тэрыторыі Беларусі не было сыравіны для машынабудавання. Арыентацыя на пераважнае развіццё цяжкай прамысловасці ў БССР стала галоўнай асаблівасцю развіцця яе гаспадаркі ў пасляваенны перыяд.
Дзякуючы самаадданай працы беларускага народа, дапамозе іншых саюзных рэспублік і сусветнага супольніцтва ўжо ў 1949 г. быў дасягнуты, а ў 1950 г. перавышаны даваенны узровень развіцця прамысловасці ў БССР.
Аднаўленне і развіццё сельскай гаспадаркі адбывалася ва ўмовах вострага недахопу працоўнай сілы, тэхнікі, грашовых сродкаў. Можна сцвярджаць, што, як і ў даваенны час, развіцццё прамысловасці ішло за кошт аграрнага сектара эканомікі, які, адпаведным чынам, адставаў па тэмпах развіцця. Працягвала існаваць сістэма пераразмеркавання сродкаў на карысць прамысловасці і ва ўрон сельскай гаспадарцы.
У Заходняй Беларусі з 1949 г. пачалася масавая калектывізацыя, якая суправаджалася гвалтоўнымі мерамі рэпрэсіўнага характару. Былі ліквідаваны заможныя гаспадаркі і большасць хутароў.
Родныя мясціны былі вымушаны пакінуць тысячы сем’яў, якія, паводле афіцыйнай ідэалогіі, залічваліся да кулацкіх.
Большасць калгасаў заставаліся нерэнтабельнымі. У адрозненне ад прамысловасці, у сельскай гаспадарцы да 1950 г. так і не быў дасягнуты даваенны узровень ні па пасяўных плошчах, ні па пагалоўі свойскай жывёлы. Адставанне сельскай гаспадаркі набыло характар адной з асноўных праблем савецкай эканомікі.
У снежні 1947 г. у СССР адбылася адмена карткавай сістэмы забеспячэння насельніцтва харчовымі і прамысловымі таварамі і ажыццёўлены пераход да іх продажу ў дзяржаўных гандлёвых установах без картак па адзіных дзяржаўных цэнах. У найбольшай ступені гэта спрыяла паляпшэнню сацыяльнага становішча гараджан.
Разам з тым кошт тавараў шырокага спажывання, у тым ліку тавараў першай неабходнасці быў значна вышэйшы за даваенны. Дадатковым цяжарам на плечы грамадзян клаўся рост падаткаў, а таксама штогадовыя, фактычна абавязковыя дзяржаўныя пазыкі (падпіска на аблігацыі дзяржаўнай пазыкі вельмі часта праводзілася прымусова). Да таго ж у 1947 г. была праведзена грашовая рэформа, якая мела мэтай памяншэнне велізарнай грашовай масы, якая накапілася ў грамадзян за гады вайны.
Гэтая мера істотна «ударыла па кішэні» значнай часткі савецкіх людзей.


2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 50-я — першай палове 80-х гадоў ХХст.

У дадзены перыяд эканоміка Беларусі развівалася ў тым самым накірунку, які быў вызначаны яшчэ да вайны. Як і раней, існавала адміністрацыйна-камандная сістэма.
Далейшае развіццё атрымалі тэндэнцыі, што выявіліся на працягу першай пасляваеннай пяцігодкі. Беларусь з аграрна-індустрыяльнай краіны канчаткова пераўтварылася ў індустрыяльна-аграрную.
Структура прамысловасці, якая склалася ў дадзены перыяд, у асноўных сваіх рысах захоўваецца дагэтуль. Яна набыла шматпрофільны характар.
Працягвала развівацца цяжкая прамысловасць, сведчаннем чаго стаў увод у эксплуатацыю прадпрыемстваў, якія можна назваць сапраўднымі гігантамі індустрыі.
Пры іх узвядзенні ўлічваліся наступныя фактары: дастатковы ўзровень забяспечанасці Беларусі высокакваліфікаванай рабочай сілай, а таксама наяўнасць даволі разгалінаванай сеткі шляхоў зносін, перш за ўсё, чыгунак, а таксама шашэйных дарог. Гэтыя фактары, па меркаванні савецкага палітычнага і гаспадарчага кіраўніцтва, павінны былі звесці амаль на нішто адносны, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі СССР, недахоп мінеральнай сыравіны. Таму на многіх беларускіх прадпрыемствах ажыццяўлялася зборка вырабаў з камплектуючых, якія пастаўляліся з іншых саюзных рэспублік. Такая сістэма арганізацыі эканомікі магла існаваць толькі пры ўмове выкарыстання фактычна неабсяжных рэсурсаў таннай сыравіны.
Пачынаючы з 60-х гг. у Беларусі развіваліся навукаёмкія галіны прамысловасці, у першую чаргу, прыборабудаванне і электроніка.
І ў дадзеным выпадку адыграў значную ролю фактар наяўнасці высокакваліфікаванай рабочай сілы.
Развіццё навукаёмкай вытворчасці у шмат з чым было звязана з патрэбамі абароннай вытворчасці, аднак выпускаліся і тавары народнага спажывання. І ўсё ж так званыя «высокія тэхналогіі» прымяняліся ў асноўным у ваенна-прамысловай сферы. Укараненню іх у іншых сферах эканомікі перашкаджаў затратны прынцып арганізацыі і жыццядзейнасці вытворчасці, паводле якога вытворца арыентаваўся не на спажыўца, а на выкананне плана па выпуску не заўжды патрэбнай грамадзянам прадукцыі. Таму дасягненні навукова-тэхнічнай рэвалюцыі знаходзілі абмежаванае прымяненне ў беларускай эканоміцы.
Традыцыйна адставала па тэмпах развіцця сельская гаспадарка. Становішча ў гэтай галіне эканомікі неаднаразова абмяркоўвалася на пленумах ЦК КПСС і ЦК КПБ. Сярод іх можна вылучыць пленумы, якія адбыліся ў 1953 і 1965 гг. Сярод мерапрыемстваў, што праводзіліся для паляпшэння становішча ў аграрным сектары, неабходна таксама назваць рэарганізацыю МТС у 1958 г.
Трэба адзначыць, што па ўзроўні развіцця сельскай гаспадаркі Беларусь займала перадавыя пазіцыі ў Савецкім Саюзе. У дадзены перыяд асноўнай галіной спецыялізацыі аграпрамысловага комплекса БССР стала мяса-малочная жывёлагадоўля.
Аднак, пачынаючы з 70-х гг., у аграрным сектары БССР таксама, як і па ўсім СССР, нарасталі крызісныя з’явы, і да сярэдзіны 80-х гг. узнікла рэальная пагроза недахопу харчовай прадукцыі.
Выйсце з надыходзячага крызісу савецкае палітычнае кіраўніцтва, як і шмат разоў раней, шукала ў рэарганізацыі структуры сельскай гаспадаркі. У 1982 г. быў створаны Аграрна-прамысловы комплекс СССР, які ўключаў у сябе як сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (калгасы і саўгасы), так і прадпрыемствы перапрацоўваючай прамысловасці. Адпаведным чынам, былі ўтвораны і рэгіянальныя АПК, у тым ліку і «Белаграпром». Была прынятая Харчовая праграма СССР на перыяд да 1990 г. Аднак усе гэтыя меры не выходзілі за межы існавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы і не змаглі кардынальна змяніць сітуацыю да лепшага.
Такім чынам, эканоміка Беларусі ў 50-я — 80-я гг. ХХст. развівалася пераважна па экстэнсіўным шляху. Прыкладам экстэнсіўнага шляху развіцця прамысловасці з’яўляецца будаўніцтва новых прадпрыемстваў, а ў аграрным сектары эканомікі — увядзенне ў сельскагаспадарчы абарот зямель, на якіх з 60-х гг. праводзіліся меліярацыйныя работы.
Палітычнае кіраўніцтва СССР у 50-я — 60-я гг. рабіла спробы рэфармаваць народную гаспадарку. Вызначыліся два асноўныя накірункі рэфармавання. Першы з іх прадугледжваў змены ў структуры кіравання эканомікай. Прыкладам рэалізацыі такога прынцыпу рэфармавання стала ўтварэнне ў 1957 г. Саветаў народнай гаспадаркі (саўнаргасаў), сярод якіх быў і Савет народнай гаспадаркі БССР.
Гэтая рэформа ў сярэдзіне 60-х гг. была прызнана няўдалай. Яна амаль не закранала асноў адміністрацыйна-каманднай сістэмы.
Другі накірунак прадугледжваў шэраг мерапрыемстваў па эканамічным стымуляванні як прамысловай, так і, у пэўнай ступені, сельскагаспадарчай вытворчасці. Адпаведная рэформа пачала праводзіцца з 1965 г.
У ходзе рэформы высветлілася фактычная немагчымасць сумяшчэння гаспадарчай самастойнасці прадпрыемстваў з планавай эканомікай, для якой характэрнае цэнтралізаванае дзяржаўнае кіраванне і размеркаванне рэсурсаў, а таксама вырабленай прадукцыі.
У 70-я — першай палове 80-х гг. палітычнае кіраўніцтва Савецкага Саюза фактычна адмовілася ад спробаў рэфармавання гаспадаркі. Разам з тым паступова страчваўся дынамізм у развіцці эканомікі.
У непарыўнай сувязі з эканомікай знаходзілася і развіццё сацыяльнай сферы жыцця грамадства.
Звычайна паспяховае развіццё эканомікі вядзе да прагрэсу ў сацыяльнай сферы, паколькі з’яўляюцца сродкі, якія можна выкарыстаць ў мэтах забяспячэння дабрабыту грамадзян. Аднак здараюцца выпадкі, калі незбалансаванае развіццё гаспадаркі прыводзіць да ўзнікнення новых сацыяльных праблем. У якасці прыкладу будзе дарэчы згадка пра пагаршэнне экалагічнай сітуацыі ў выніку занадта імклівага развіцця хімічнай прамысловасці.
Сярод галоўных асаблівасцей развіцця сацыяльнай сферы ў Беларусі як частцы Савецкага Саюза ў разгляданы прамежак часу можна вылучыць паступовае павышэнне жыццёвага ўзроўню грамадзян, паляпшэнне становішча калгаснага сялянства пры захаванні істотных адрозненняў паміж вёскай і горадам, масавае жыллёвае будаўніцтва, якое, аднак, не вырашыла «кватэрнага пытання», перыядычны, часам даволі востры, дэфіцыт тавараў першай неабходнасці, у тым ліку харчовых прадуктаў. Апошні ў шмат чым быў выкліканы апераджальным ростам заработнай платы ў параўнанні з вытворчасцю тавараў народнага спажывання ў 1971—1985 гг.
Такім чынам, сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 50-я — першай палове 80-х гадоў ХХст. было даволі супярэчлівым. Побач з відавочнымі дасягненнямі існавалі і хранічныя, так дв канца не вырашаныя праблемы.


3. Грамадска-палітычнае жыццё БССР

Найбольш характэрнай асаблівасцю грамадска-палітычнага жыцця БССР у 1945—1985 гг. была адсутнасць істотных адметнасцей ў параўнанні з агульнай грамадска-палітычнай сітуацыяй у СССР. Гэты парадокс тлумачыцца характарам савецкага палітычнага рэжыму, якому было ўласцівае імкненне да уніфікацыі розных сфер грамадскага жыцця і, перш за ўсё, палітычнай сферы. Не дапускалася ніякай самастойнасці саюзных рэспублік у вызначэнні накірунку палітычнага развіцця. Дэмакратычныя нормы існавалі толькі на паперы, выбары не былі альтэрнатыўнымі і, па сутнасці, не з’яўляліся выбарамі.
У такіх умовах палітычны курс дзяржавы шмат у чым залежаў ад асобы яе кіраўніка.
У апошні перыяд праўлення І. В. Сталіна (да 1953 г.) у СССР захоўваўся таталітарны рэжым.
Савецкае палітычнае кіраўніцтва было заклапочана становішчам у Заходняй Беларусі, якая да вайны не паспела стаць поўнасцю савецкай. Акрамя згаданай вышэй высылкі так званых «кулакоў», у гэтым рэгіёне быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, якія мелі мэтай ліквідацыю ўсялякай рэальнай і патэнцыяльнай апазіцыі існуючаму ладу. Сярод іх можна адзначыць канчатковы разгром узброеных фарміраванняў Арміі Краёвай.
Былі таксама разгромлены падпольныя арганізацыі, у склад якіх уваходзілі маладыя людзі, якія выступалі ў абарону беларускай мова і культуры. Гэтыя арганізацыі існавалі ў навучальных установах Заходняй Беларусі.
Як вы лічыце: ці ўяўлялі яны рэальную небяспеку для савецкай улады? Сваю думку аргументуйце.
Увогуле, адносіны да насельніцтва Беларусі, якое ў гады вайны апынулася на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі, з боку ўлад было выразна недаверлівае.
Не абмінулі рэпрэсіі прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
Таталітарны рэжым імкнуўся не дапусціць узнікнення ў грамадзян нават і думкі аб магчымым супраціўленні.
Як вядома, наступны перыяд звязаны з дзейнасцю М. С. Хрушчова ў якасці савецкага палітычнага лідэра (1953—1964). Ён атрымаў вобразную і трапную назву «хрушчоўскай адлігі».
Гэты перыяд, як і асоба, што яго ўвасабляла, вызначаўся надзвычайнай супярэчлівасцю.
Нельга лічыць, што адбылася дэмакратызацыя грамадства. Хутчэй за ўсё, гаворка можа ісці аб лібералізацыі, непаслядоўнай і абмежаванай. Можна, аднак, сцвярджаць, што ў гэты перыяд быў зроблены першы крок да замены таталітарнага палітычнага рэжыму на аўтарытарны.
Сярод унутрыпалітычных мерапрыемстваў, праведзеных у 50-я гг., на першае месца па важнасці, безумоўна, трэба паставіць рэабілітацыю ахвяр палітычных рэпрэсій, што праводзіліся ў гады, калі ўлада ў СССР належала Сталіну.
У Беларусі было рэабілітавана каля 30 тыс. чалавек. У межах барацьбы з наступствамі культу асобы прымаліся меры па ўмацаванні законнасці і правапарадку.
У пэўнай ступені была аслаблена жорсткая цэнтралізацыя ўлады. Былі пашыраны правы саюзных рэспублік, у тым ліку і БССР. Яны атрымалі магчымасць самастойна вызначаць адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне, прымаць грамадзянскі, крымінальны і крымінальна-працэсуальны кодэксы.
Саветы ўсіх узроўняў (у адносінах да Беларусі гэта Вярхоўны Савет рэспублікі, абласныя, раённыя, гарадскія, пасялковыя і сельскія Саветы) набылі магчымасць размяркоўваць сродкі на сацыяльную сферу, у тым ліку на жыллёвае будаўніцтва і на камунальную гаспадарку. Тут дарэчы будзе ўзгадаць славутыя «хрушчоўкі».
Аднак рэальная ўлада ў Беларусі па-ранейшаму належала партыйным органам, і Беларусь фактычна ўзначальваў не Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета і не Старшыня Савета Міністраў, а Першы сакратар ЦК КПБ. У 1956—1965 гг. гэтую пасаду займаў К. Т. Мазураў.
Ва ўмовах існавання аднапартыйнай сістэмы грамадская актыўнасць была абмежавана. І тым не менш у дадзены перыяд пашырыліся магчымасці прафсаюзаў. Са згоды прафсаюзных камітэтаў на прадпрыемствах і ўстановах вырашаліся працоўныя і жыллёвыя пытанні, размяркоўваліся пуцёўкі ў дамы адпачынку, санаторыі і на курорты. У той жа час прафсаюзы, як і раней, не мелі рэальнай магчымасці аказваць уплыў на правядзенне сацыяльна-эканамічнай палітыкі.
Традыцыйным было стаўленне партыйных органаў да камсамола. У савецкай палітычнай сістэме перад ім ставіліся задачы камуністычнага выхавання моладзі, мабілізацыі юнакоў і дзяўчат на працоўныя здзяйсненні і падрыхтоўкі кадраў, якія ў будучым павінны былі скласць кіруючую палітычную эліту савецкага грамадства.
Як вядома, бурная рэфарматарская дзейнасць М. Хрушчова была не заўсёды прадуманай, часам мела рысы авантурызму і валюнтарызму.
Як прыклад далёкай ад рэальнасці ацэнкі стану савецкага грамадства можна прывесці абяцанне М. Хрушчова за 20 гадоў пабудаваць камунізм — своеасаблівы «рай на зямлі». Урэшце яго палітычная кар’ера скончылася вымушанай адстаўкай з кіруючых пасадаў у кастрычніку 1964 г. Першым (а потым і Генеральным) сакратаром ЦК КПСС і палітычным лідэрам Савецкай дзяржавы стаў Л. І. Брэжнеў, які кіраваў ёю аж да сваёй смерці ў лістападзе 1982 г. Пры ім адбыўся відавочны паварот да кансерватызму ў палітыцы.
Усталявалася выразная арыентацыя на захаванне існуючага становішча ў грамадска-палітычным жыцці. Савецкае палітычнае кіраўніцтва адмовілася ад рэформаў у гэтай сферы жыцця, ды і сацыяльна-эканамічныя рэформы, як ужо было адзначана пры разглядзе папярэдняга пытання тэмы, характарызаваліся абмежаванасцю і незавершанасцю. Затое яно паклапацілася пра захаванне і юрыдычнае замацаванне свайго высокага палітычнага статусу. Палітычная эліта, якая пазней у публіцыстыцы атрымала назву «наменклатура», усё больш аддалялася і станавілася закрытай ад граммадства.
У новую Канстытуцыю СССР 1977 г. быў уключаны артыкул аб кіруючай ролі Камуністычнай партыі. Дарэчы, у 1978 г. была прынята новая Канстытуцыя БССР, складзеная па ўзору агульнасаюзнай.
Узмацнілася барацьба з іншадумствам, хаця яна вялася не такімі жорсткімі метадамі, як пры Сталіне. Праўда, у Беларусі ў той час не было адзначана выпадкаў адкрытага пратэсту з боку незадаволеных палітычным курсам кіраўніцтва (так званых дысідэнтаў). Аднак некаторыя дзеячы культуры адчулі на сабе негатыўнае стаўленне да іх з боку ўлады і зазналі непрыемнасці з гэтай нагоды.
У той жа час усё больш відавочным станавілася разыходжанне паміж карцінай бесперапынных поспехаў, якую малявала афіцыйная прапаганда, і рэальным жыццём. Усё гэта садзейнічала распаўсюджанню ў грамадстве недаверу да ўлады, крывадушша, цынізму і абыякавасці. Выспявалі сацыяльна-псіхалагічныя перадумовы для распаду савецкай палітычнай сістэмы, што і адбылося пазней. Прэстыж палітычнага кіраўніцтва СССР быў моцна падарваны фактам удзелу савецкіх войск у вайне, што вялася на тэрыторыі Афганістана і каштавала жыццяў многім савецкім салдатам і афіцэрам.
Палітычным лідэрам БССР у 1965—1985 гг. з’яўляўся П. М. Машэраў. Яго роля ў гісторыі Беларусі па-рознаму ацэньваецца рознымі аўтарамі навукова-гістарычнах публікацый і мемуараў. Адныя звяртаюць увагу на яго дэмакратызм у паводзінах і значны ўклад у развіццё рэспублікі, другія лічаць, што ён з’яўляўся ўсяго толькі правадніком палітыкі кіраўніцтва КПСС ў адносінах да Беларусі, якая не ва ўсім адпавядала інтарэсам беларускага народа.
Такім чынам, ва ўмовах існавання аднапартыйнай сістэмы былі вельмі абмежаваныя магчымасці ўдзелу жыхароў Беларусі ў грамадска-палітычным жыцці.


4. Культура Беларусі

Развіццё культуры Беларусі ў першыя пасляваенныя гады праходзіла ў вельмі складаных умовах. За гады вайны матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі, адукацыі і культуры была амаль поўнасцю знішчана, многія навуковыя работнікі загінулі, не хапала выкладчыкаў. У школах вучылся чытаць па старых газетах, яны ж выкарыстоўваліся ў якасці сшыткаў, звычайныя вуглі замянялі крэйду, а чарніла рабілі з сажы. Неабходна было будаваць новыя будынкі школ у горадзе і на вёсцы, наладжваць выпуск школьнага абсталявання, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, рашаць праблему падрыхтоўкі настаўнікаў. На аднаўленне ўстаноў адукацыі кіраўніцтвам СССР і БССР накіроўваліся вялікія сродкі. Ужо ў 1946—1947 навучальным годзе ў Беларусі працавала 11300 школ, у 1950—1951 гг. — 12 тысяч. Дзяржава прымала меры на ўдасканальванне ссістэмы народнай адукацыі. У 1949—1950 вучэбным годзе пачаўся пераход да ўсеагульнай абавязковай сямігадовай адукацыі, якая ў асноўным была завершана да сярэдзіны 50-х гадоў. Была ўведзена абвязковая здача ў 4 і 7 класах экзаменаў, а ў 10 класе — экзаменаў на атэстат сталасці. За поспехі для лепшых вучняў былі заснаваны залаты і сярэбраны медалі.
Асаблівыя цяжкасці прыйшлосяя пераадолець у заходніх абласцях БССР, дзе па сутнасці нанава стваралася сетка беларускіх навучальных устаноў.
З кожным годам з бюджэту рэспублікі павялічваліся асігнаванні на патрэбы адукацыі, што садзейнічала пашырэнню сеткі школ з сямігадавой адукацыяй. Паляпшалася падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў. У школах павялічылася колькасць настаўнікаў з вышэйшай і няпоўнай вышэйшай адукацыяй.
Аднак у развіцці агульнаадукацыйных школ за пасляваеннае дзесяцігоддзе меліся значныя недахопы: амаль палова школ працавала ў дзе змены, на нізкім узроўні выкладаліся многія школьныя прадметы, слаба была пастаўлена вучэбна-выхаваўчая работа. Вялікі ўрон выхаванню дзяцей нанесла рэзкае скарачэнне беларускіх школ як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Адначасова павялічвалася колькасць рускамоўных школ і прадметаў. У Мінску ў 1945/1946 навучальным годзе з 28 школ 14 былі беларускамоўнымі, а ўжо ў 1952/1953 навучальным годзе з 46 школ беларускіх налічвалася толькі 9. У гэты час у Бресце з 14 школ толькі адна з’яўлялася беларускамоўнай, ды і ў ёй не быў зроблены набор у першы клас. Аналагічнае становішча складвалася ў Віцебску, Гродне, Пінску і іншых бцйных гарадах Беларусі. Набірала моц і такая трывожная тэндэнцыя, як скарачэнне беларускамоўных школ у раёнах і нават у сельскай мясцовасці. У 1952/1953 навучальным годзе 29 раённых цэнтраў Заходняй Беларусі не мелі беларускіх школ.
Не прымала дзейсных мер па захаванню роднай мовы ў школах Міністэрства асветы БССР. Дастаткова прыгадаць загад, выданы ў красавіку 1951 г., якім яно адмяніла пераводныя экзамены і экзамены на атэстат сталасці па беларускай мове ў рускіх школах. Аднак галоўным правадніком русіфікатарскай палітыкі ў Беларусі з’яўлялася ЦК КП(б)Б. Яго лінія была яскрава выражана, у прыватнасці, у пастанове «Аб ходзе выкладання расійскай і беларускай моў у школах БССР у святле вучэння таварыша Сталіна аб мовазнаўстве», прынятай ў чэрвені 1952 г.
Удзялялася ўвага ўзнаўленню і развіццю сярэдняй спецыяльнай школы — тэхнікумаў і вучылішчаў. У 1955 г. іх налічвалася 123, а ў 1925 г. працавала толькі 66. У 1946—1955 гг. тэхнікумы і вучылішчы падрыхтавалі 89,2 тыс. спецыялістаў сярэдняга звяна, што значна перавышала даваенны ўзровень.
Узнаўлялася і вышэйшая школа рэспублікі. У 1945 г. з 25 даваенных ВНУ працавала 22. адкрываліся новыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, у іх ліку — Мінскі інстытут замежных моў, Брэсцкі, Полацкі педагагічныя і Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытуты, адчыняліся новыя факультэты ў існуючых ВНУ. Аднак работа ВНУ праходзіла ў складаных умовах:
недахоп спецыяльнай і дапаможнай літаратуры, лабараторый, вучэбных аўдыторый;
нездавальняючая забячпечанасць выкладчыцкімі кадрамі з вучонымі ступенямі — дактароў, кандыдатаў навук;
навучанне насіла палітызаваны характар;
скарачалася вывучэнне нацыянальнай гісторыі і культуры (у БДУ нават была закрыта кафедра гісторыі Беларусі) і згортвалася выкладанне на беларускай мове.
Але нягледзячы на цяжкасці, вышэйшай школай за пасляваеннае дзесяцігоддзе было падрыхтавана каля 50 тысяч спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для родных галін народнай гаспадаркі БССР.
Пасля вызвалення Мінска ўзнавілі сваю дзейнасць навукова-даследчыя інстытуты Акадэміі навук БССР (НДІ). Ужо ў 1945 г. дзейнчала 8 акадэмічных інстытутаў, а да пачатку 50-х гадоў — 20 НДІ, якія налічвалі каля 500 супрацоўнікаў, у тым ліку 51 доктара і 139 кандыдатаў навук.
У другой палове 40-х — пачатку 50-х гг. развіццё культуры апынулася пад жорсткім прэсам. Ва ўмовах узмацнення супрацьстаяння дзвюх супердзяржаў — СССР і ЗША, а таксама недаверу да насельніцтва вызваленай тэрыторы (асабліва інтэлігенцыі) пачалася далейшая ідэалагізацыя ўсіх сфер жыцця. На ўсіх узроўнях вялася барацьба з уплывам Захаду, з «перажыткамі капіталізму» ў свядомасці людзей. Партыя вызначала змест савецкага мастацтва, бічавала безідэйнасць і апалітычнасць асобных творчых работнікаў і калектываў. На гэта ўказвалася ў пастановах ЦК ВКП(б) «Аб часопісах «Звязда» і «Ленінград» (1946 г.) — «Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па іх паляпшэнню» (1946 г.) і інш.
Ва ўмовах таталітарнага палітычнага рэжыму ў жыцці грамадства насаджаецца класавая нецярпімасць і падазронасць, культ Сталіна як вялікага правадыра савецкага народа. КПСС-КПБ груба ўмешвалася ў творчы пошук, навязвала зверху аднадумства і аднастайнасць, імкненне да уніфікацыі жыцця людзей, што адмоўна адлюстравалася на развіцці літаратуры і мастацтва, інтэлектуальным патэнцыяле грамадства.
У БССР, як і ў СССР, з 1946 г. разгарнулася барацьба «нізкапаклонства перад Захадам», супраць «беларускага нацыяналізму» і «бязроднага касмапалітызму». Для кантролю над культурным жыццём Беларусі на пачатку 1947 г. у ЦК КП(б)Б быў утвораны аддзел культуры. Ён пільна сачыў за выкананнем дырэктыў цэнтральных партыйных органаў па ідыялагічных пытаннях.
Але, нягледзячы на партыйны ўціск, беларуская літаратура ў тыя гады папоўнілася такімі яркімі і значнымі імёнамі, як Янка Брыль, Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Анатоль Вялюгін, Мікола Аўрамчык, Аляксей Пысін. Плённа працавалі, як і да вайны, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Пятро Глебка і інш.
Для развіцця беларускай культуры Беларусі ў пасляваеннае дзесяцігоддзе быў характэрны манументалізм, які заўважны ў кампазіцыі Прывакзальнай плошчы, сучаснага праспекту Незалежнасці. Будынкі ўзводзліся пераважна па індывідуальных праектах, упрыгожваліся дэкорам, скульптурамі, прысутнічалі элементы ілжэкласіцызму (Галоўпаштамт, Палац культуры Белсаўпрафа і інш.)
Адраджаецца на Беларусі тэатр. Ужо ў 1945 г. у рэспубліцы працавалі 12 тэатраў. Вядучымі тэатрамі рэспублікі былі Беларускі драматычны тэатр імя Я. Купалы, Рускі драматычны тэатр БССР, Дзяржаўны тэатр імя Я. Коласа. Ідэалагічны дыктат не перашкодзіў творчасці такіх выдатных акцёраў, як Г. Глебаў, Б. Платонаў, С. Станюта і інш.
У выяўленчым мастацтве галоўнай была героіка-патрыятычная тэматыка. Да творчай дзейнасці прыступілі мастакі І. Ахрэмчык, Я. Зайцаў, У. Сухаверхаў, У. Цвірка і інш. Многія палотны і скульптурныя творы ўвайшлі ў залаты фонд беларускага мастацтва. У іх ліку — «Абарона Брэсцкай крэпасці» І. Ахрэмчыка, «Мінск, 3 ліпеня 1944 года» В. Волкава, «Палонных вядуць» А. Шыбнёва, «Маці» Г. Давідавіча і інш.
Музычная культура рэспублікі была прадстаўлена творчасцю кампазітараў М. Аладава, П. Падкавырава, А. Багатырова, Д. Лукаса, Ю. Семянякі, У. Алоўнікава і інш.
Такім чынам, разбурэнні, нанесеныя вайной, ідэалагічны дыктат абмяжоўвалі магчымасць развіцця беларускай культуры ў паслеваеннае дзесяцігоддзе, але спыніць гэты працэс цалкам не змаглі.
Развіццё культуры ў БССР у 1954—1964 гг. адбывалася пад уздзеяннем «хрушчоўскай адлігі». Пасля смерці І. Сталіна, ва ўмовах ажыццяўлення «курса XX з’езда» КПСС на дэмакратызацыю ў краіне разгарнулася шырокая дыскусія аб ролі і месцы інтэлігенцыі ў грамадстве, пераадоленні адмоўнага ўплыву культа асобы. Крытыкаваўся метад сацыялістынага рэалізму, які патрабаваў адлюстравання ў літаратуры і мастацтве тых рэалій жыцця, якія былі звязаны з дасягненнямі савецкага сацыялістычнага ладу.
У 1964—1985 гг. умовы развіцця культуры БССР былі звязаны з грамадска-палітычным жыццём у гады «застою». У гэты час узмацняецца кіраўніцтва культурай з боку КПБ. Узмацняецца ідэалагізацыя культурнага жыцця. Сістэма адукацыі павінна была забяспечыць выхаванне новага чалавека з камуністычным светапоглядам. У 1971 г. быў зроблены вывад аб тым, што ў СССР узнікла новая гістарычная супольнасць людзей — савецкі народ. Гэта прывяло да аслаблення ўвагі да адлюстравання ў літаратуры і мастацтве нацыянальна-культурных асаблівасцей беларускага народа.
Развіццё народнай адукацыі ў БССР у другой палове 50-х — першай палове 80-х было адзначана вялікімі дасягненнямі, а таксама спробамі шматлікіх рэформаў і рэарганізацый. З 1959 г. уводзіцца абавязковая васьмігадовая адукацыя. Ствараліся сярэднія агульнаадукацыйныя школы з вытворчым навучаннем. У іх вучні, атрымліваючы адукацыю, адначасова рыхтаваліся да прадукцыйнай працы ў розных абласцях народнай гаспадаркі. Было ўведзена сумеснае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак. Ствараліся школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот і дзяцей, бацькі якіх не мелі магчымасці забяспечыць ім неабходныя ўмовы. У 1977 г. адбыўся пераход да ўсеагульнай дзесяцігадовай адукацыі. Школы перайшлі на кабінетную сістэму, паступова пашыралася выкарыстанне тэхнічных сродкаў навучання. Аднак скарачэнне фінансавых сродкаў вызвала адставанне ў развіцці вучэбна-матэрыяльнай базы школы, асабліва ў яе камп’ютэрызацыі. Звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі садзейнічала фарміраванню ў школьнікаў нацыянальнага нігілізму, пагарлівых адносін да нацыянальнай гісторыі і культуры.
Па меры развіцця эканомікі павялічылася патрэба ў прафесійных кадрах. Іх падрыхтоўку ажыццяўлялі ПТВ, ССНУ, ВНУ. У 1985 г. у параўнанні з 1965 г. больш чым у тры разы павялічылася колькасць навучэнцаў ПТВ. Яны перайшлі на падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых з сярэдняй адукацыяй. Разгортвалая сістэма вышэйшай адукацыі. Да 1985 г. у БССР налічвалася 23 вышэйшыя навучальныя ўстановы, буйнейшай з якіх быў Белдзяржуніверсітэт. Выпуск спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй павялічыўся ў рэспубліцы з 1960 па 1985 гг. больш чым у тры разы.
Значныя крокі наперад у сваім развіцці зрабіла беларуская навука. Вядучым навуковым цэнтрам заставалася Акадэмія навук БССР і яе галіновыя інстытуты.
Другая палова 50-х гг. і далейшы час вызначаліся актывізацыяй культурнага, у першую чаргу літаратурнага жыцця, што было звязана з палітыкай «адлігі», выкрыццём культа асобы Сталіна. Пачаўся працэс пасмяротнай рэабілітацыі работнікаў культуры, вярталася іх творчая спадчына. Са сталінскіх засценкаў да творчай працы вярнуліся С. Грахоўскі, У. Дубоўка, А. Звонак, А. Пальчэўскі і інш. Крытычнае пераасэнсаванне складаных праблем гісторыі і сучаснасці прынесла з сабой новае пакаленне літаратараў: А. Адамовіч, Б. Сачанка, В. Быкаў, Р. Барадулін, У. Караткевіч, І. Навуменка і інш. У ваеннай прозе галоўнай тэмай становіцца чалавек на вайне (псіхалагізм).
У мастацтве прадаўжалі сваю творчую дзейнасць мастакі І. Ахрэмчык, В. Волкаў, В. Цвірка, М. Савіцкі, А. Шыбнёў і інш. Беларускія мастакі развівалі традыцыі рускага класічнага рэалізма і лепшыя дасягненні савецкага мастацтва.
Новы этап з сярэдзіны 50-х г. пачаўся ў музычным мастацтве. Ва ўсіх жанрах знайшла адлюстраванне тэма сучаснасці. Плённа працавалі на ніве музычнай культуры А. Багатыроў, Я. Глебка, Ю. Смольскі, У. Алоўнікаў і інш.
У архітэктуры і скульптуры ў другой палове 50-х — 80-х гг. вядучай становіцца такая тэндэнцыя як з’яўленне мемарыяльных комплексаў: «Хатынь», «Прарыў», «Брэсцкая крэпасць-герой», «Курган Славы Савецкай Арміі» і інш.
Пэўных поспехаў дасягнулі кінематаграфісты Беларусі. Кінастудыя «Беларусьфільм» штогод выпускала каля 70 фільмаў (мастацкіх, навукова-папулярных, дакументальных). У скарбонку беларускага кінамастацтва ўвайшлі фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку», «Альпійская балада», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Людзі на балоце», «Дзікая паляванне караля Стаха», «Белыя росы» і інш.
Такім чынам, дасягненні беларускага народа ў развіцці культуры другой паловы 50-х — першай паловы 80-х гг. з’яўляюцца значнымі. На развіццё культуры выдзяляліся нязначныя сродкі, а гэта не садзейнічала стварэнню матэрыяльнай базы. У большасці вёсак наогул не было ўстаноў культуры (бібліятэк, клубаў і г.д.). адмоўныя следствы мелі ўстаноўкі на інтэрнацыяналізацыю культуры, гэта значыць, стварэнне уніфікаванай савецкай сацыялістычнай культуры. Па сутнасці, ігнараваўся нацыянальны характар культуры беларускага народа, яе гістарычныя карані і традыцыі, нацыянальная мова. Творчасць многіх дзеячаў культуры знаходзілася пад кантролем партыйна-дзяржаўных структур.


5. Беларусь на міжнароднай арэне

Значнай з’явай грамадска-палітычнага жыцця БССР пасля Другой сусветнай вайны стаў выхад на міжнародную арэну ў якасці самастойнага суб’екта міжнародных зносін. Як вядома, пасля ўтварэння СССР у 1922 г. міжнародная дзейнасць была аднесена да кампетэнцыі Саюза і ажыццяўлялася яго цэнтральнымі органамі.
На заключным этапе Другой сусветнай вайны вызначыўся істотны рост міжнароднага аўтарытэту і ваенна-эканамічнай магутнасці СССР. Урад СССР імкнуўся захаваць свой уплыў на рашэнне важнейшых пытанняў сусветнай супольнасці і ў пасляваенны час праз удзел усіх саюзных рэспублік у новай міжнароднай арганізацыі — ААН. Рашэнне аб стварэнні ААН на прынцыпах суверэнітэту і роўнасці ўсіх краін-удзельніц было прынята яшчэ ў кастрычніку 1943 г. на Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Англіі, а праз месяц было зацверджана главамі гэтых трох дзяржаў на Тэгеранскай канферэнцыі. Пачалася распрацоўка адпаведных дакументаў, у прыватнасці праекта Статута ААН.
Напярэдадні канферэнцыі ў Думбартон-Оксе (прыгарад Вашынгтона, восень 1944 г.) — дзе меркавалася абмеркаваць праект Статута ААН, кіраўніцтва СССР тэрмінова стварае канстытуцыйныя асновы для міжнароднай дзейнасці савецкіх рэспублік. З мэтаю прадэманстраваць самастойнасць савецкіх рэспублік СССР у галіне знешняй палітыкі 1 лютага 1944 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон «Аб наданні саюзным рэспублікам паўнамоцтваў ў галіне знешніх зносін і аб пераўтварэнні ў сувязі з гэтым народнага камісарыята замежных спраў з агульнасаюзнага ў саюзна-рэспубліканскі народны сакратарыят». Канстытуцыя СССР карэктуецца, у яе ўносяцца палажэнні аб тым, што саюзныя рэспублікі маюць права: «уступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі прадстаўнікамі».
У сакавіку 1944 г. Вярхоўны Савет БССР унёс адпаведныя змены ў Канстытуцыю БССР 1937 г. і прыняў Закон аб стварэнні Народнага камісарыята замежных спраў (з 1946 г. — Міністэрства замежных спраў) БССР. У структуры Вярхоўнага Савета БССР з’явілася пастаянная камісія па замежных справах. Першым міністрам замежных спраў Беларусі стаў К.В. Кісялёў. Цікава ведаць, што Кузьма Венядзіктавіч — урач па адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук, раней працаваў народным камісарам аховы здароўя, а новую пасаду займаў больш за 20 гадоў (1944—1966 гг.).
На канферэнцыі ў Думбартон-Оксе (жнівень-кастрычнік 1944 г.) кіраўнік савецкай дэлегацыі, міністр замежных спраў СССР А. Грамыка прапанаваў уключыць існуючыя ў той час 16 савецкіх рэспублік у склад першапачатковых членаў ААН. Супраць гэтага выступілі ЗША і Велікабрытанія.
Праблема была перанесена на Крымскую канферэнцыю кіраўніукоў Велікабрытаніі, ЗША і СССР, якая адбылася ў лютым 1945 г. у Ялце. У выніку напружаных перагавораў і ўзаемных кампрамісаў стала рашэнне аб тым, што СССР адмаўляецца ад членства 16 рэспублік і прапануе 2—3 рэспублікі, сярод якіх БССР і УССР. Прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт і прэм’ер-міністр Велікабрытаніі У. Чэрчыль далі згоду на ўключэнне ў склад заснавальніц ААН дзвюх савецкіх рэспублік — Беларусі і Украіны. Саюзнікамі былі ўлічаны ўклад гэтых рэспублік у перамогу над фашызмам, а таксама іх велізарныя чалавечыя і матэрыяльныя страты ў вайне.
Канчатковае рашэнне аб членстве Беларусі і Украіны ў ААН прыняла міжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска, якая праходзіла ў красавіку-чэрвені 1945 г. 27 красавіка 1945 г. БССР і УССР разам з СССР увайшлі ў лік краін-заснавальніц ААН.
6 мая 1945 г. урадавыя дэлегацыі Беларусі і Украіны прыбылі ў Сан-Францыска і ўключыліся ў працу канферэнцыі. У склад дэлегацыі БССР уваходзілі : К. В. Кісялёў, нарком замежных спраў (кіраўнік), А. Р. Жэбрак (беларускі генетык і селекцыянер, акадэмік АН БССР), У. М. Перцаў (беларускі гісторык і грамадскі дзеяч, доктар гістарычных навук), Ф. П. Шмыгаў (беларускі гісторык, прафесар). 26 чэрвеня 1945 г. Беларусь у ліку іншых краін-заснавальніц падпісала Статут ААН, які Вярхоўны Савет БССР ратыфікаваў 30 жніўня 1945 г. Так Беларусь заняла годнае месца сярод краін — заснавальніц ААН.
Членства БССР у ААН мела вялікае гістарычнае значэнне і цалкам адпавядала інтарэсам беларускага народа. Рэспубліка атрымала права мець прадстаўніцтва ў кіруючых органах ААН, даводзіць сваю пазіцыю да міжнароднай супольнасці, уносіць на яе разгляд свае прапановы і заўвагі.
У жніўні 1945 г. Беларусь пачала атрымліваць дапамогу з боку ААН у рамках праграмы дапамогі краінам, якія пацярпелі ад акупацыі. Гэта былі харчовыя (мяса, малочныя прадукты, алей, тлушчы і інш.) і прамысловыя тавары (электрастанцыі з Англіі, амерыканскія грузавікі, трактары і інш.). Дапамога дала магчымасць выжыць многім жыхарам Беларусі ў цяжкія пасляваенныя гады.
Знешнепалітычная дзейнасць і міжнародныя сувязі БССР у 1944—1985 гг. развіваліся ў рэчышчы скаардынаванай знешняй палітыкі СССР. У межах гэтага перыяду можна выдзеліць 2 этапы:
1) 1944—1953 гг. — выхад БССР на міжнародную арэну як суб’екта міжнароднага права, уваход у склад краін-заснавальніц ААН. Фарміраванне асноўных кіраўнікоў дыпламатынай актыўнасці, станаўленне дыпламатычнай школы савецкай Беларусі.
2) 1953—1985 гг. — пашырэнне ўдзелу Беларусі ў знешнепалітычнай, знешнеэканамічнай дзейнасці, гуманітарным супрацоўніцтве ў рэчышчы агульнадзяржаўнай палітыкі СССР, галоўным чынам па лініі ААН.
Знешнепалітычная дзейнасць БССР у гэты час ажыццяўлялася па наступных напрамках:
дзейнасць Беларусі ў ААН і яе спецыялізаваных арганізацыях;
удзел у рабоце Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 г., дзе былі выпрацаваны тэксты мірных дагавораў з былымі саюзнікамі нацыскай Германіі — Італіяй, Румыніяй, Венгрыяй;
заключэнне дагавораў, пагадненняў, канвенцый на двух і шматбаковай аснове і інш.
Дзейнасць БССР у ААН з пачатку 1946 г. праходзіла ва ўмовах «халоднай вайны» — жорсткага ваенна-палітычнага і эканамічнага супрацьстаяння краін Захаду і СССР. ААН выкарыстоўвалася супрацьдзеючымі бакамі як трыбуна для ўзаемных абвінавачванняў. Дэлегацыя БССР ва ўсіх выпадках падтрымлівала пазіцыю дэлегацыі СССР. Больш за тое, ва ўмовах татальнай цэнтралізацыі грамадска-палітычнага жыцця ў СССР, нават аўтары выступленняў у напрамку «абвінавачвання імперыялізма», калі яны не зацвярджаліся зверху, маглі быць пакараны.
Ва ўмовах дыктатарскага сталінскага рэжыму адсутнічала рэальная самастойнасць савецкіх рэспублік — БССР, УССР — у міжнародных справах. Аб гэтым сведчаць наступныя падзеі. Калі ў снежні 1948 г. Генеральная Асамблея ААН вырашала пытанне аб прыняцці Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, то БССР была ў ліку тых дэлегацый, якія ўстрымаліся пры галасаванні. Сталінскаму рэжыму, пры якім масава нарушаліся правы чалавека, не патрэбны быў міжнародны акт, які зафіксаваў бы падыходы міжнароднага супольніцтва ў дадзенай сферы. Другая падзея, якая сведчыла аб адсутнасці рэальнай самастойнасці БССР у міжнародных справах, тычылася дагавора аб савецка-польскай мяжы, які быў заключаны 16 снежня 1945 г. без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў БССР. У выніку рэспубліка страціла 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з Беластокам і тры раёны Брэсцкай вобласці і атрымала ўзамен з польскага боку 15 вёсак, якія былі населены пераважна беларусамі. Такім чынам, савецка-польская граніца ў адпаведнасці з рашэннем Крымскай канферэнцыі прайшла прыкладна «па лініі Керзана» з адхіленнямі на карысць Польшчы да 30 км.
З другой паловы 50-х г. ХХст., пасля смерці Сталіна, складваюцца больш спрыяльныя магчымасці для ажыццяўлення міжнароднай дзейнасці БССР. Гэтаму спрыяла змякчэннне міжнароднай напружанасці ў выніку адмаўлення савецкага кіраўніцтва ад тэзіса аб непазбежнасці войнаў з капіталістычнымі краінамі, ад палітыкі жорсткай ізаляцыі ад астатняга свету, абвяшчэнню прынцыпу мірнага суіснавання дзяржаў з супрацьлеглымі грамадзянскімі сістэмамі. Разам з тым, да пачатку «перабудовы» працягвалася «халодная вайна» паміж сацыялістычнымі і капіталістычнымі краінамі.
Такім чынам, выхад БССР на міжнародную арэну абумовіў некаторую актывізацыю яе знешнепалітычнай дзейнасці. Удзел Беларусі ў рабоце ААН аб’ектыўна меў станоўчае значэнне. Ён садзейнічаў росту цікавасці ў свеце да гісторыі і культуры беларускага народа, ўстанаўленню і развіццю кантактаў з іншымі краінамі, набыццю дыпламатычнага вопыту. Разам з тым, ва ўмовах адсутнасці рэальнага суверэнітэту рэспубліка не мела самастойнай пазіцыі ў міжнародных зносінах. Яе роля ў гэтай сферы зводзілася цэнтральным партыйна-дзяржаўным кіраўніцтвам СССР да падтрымання саюзных ініцыятыў.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии