БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » История Беларуси » БЕЛАРУСЬ НА ШЛЯХУ ДА НОВАЙ МАДЭЛІ ГРАМАДСКАГА ЛАДУ (1985—1990)

БЕЛАРУСЬ НА ШЛЯХУ ДА НОВАЙ МАДЭЛІ ГРАМАДСКАГА ЛАДУ (1985—1990)

БЕЛАРУСЬ НА ШЛЯХУ ДА НОВАЙ МАДЭЛІ ГРАМАДСКАГА ЛАДУ (1985—1990)

1. Абвяшчэнне палітыкі перабудовы ў СССР.
2. Пачатак працэсу дэмакратызацыі ў БССР.
3. Змены ў культурным жыцці Беларусі ў гады перабудовы.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Абвяшчэнне палітыкі перабудовы ў СССР

Цяжкая эканамічная сітуацыя ў СССР, маральны крызіс грамадства, разбуральная гонка ўзбраенняў, рост міжнароднай напружанасці прывялі да таго, што савецкая мадэль сацыялізму поўнасцю сябе вычарпала. Патрабаваліся тэрміновыя меры па мадэрнізацыі сістэмы.
У першы перыяд сваёй дзейнасці галоўную сваю задачу М. Гарбачоў бачыў ва «ўдасканаленні развітога сацыялізму». Адпаведна гэтаму ў красавіку 1985 г. быў узяты курс на «паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця». Пад паскарэннем сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР тады разумелася павышэнне тэмпаў эканамічнага развіцця на аснове інтэн-сіфікацыі вытворчасці, развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу, структурнай перабудовы эканомікі, новых форм арганізацыі, кіравання і стымулявання працы.
Адначасова вызначаліся меры па карэннай, як тады спадзяваліся, перабудове гаспадарчага механізму, а менавіта:
1) пашыраліся правы прадпрыемстваў, іх самастойнасць;
2) укараняўся гасразлік і эканамічныя нарматывы;
3) спрашчалася структура кіравання.
Першыя крокі ў ажыццяўленні курсу на паскарэнне прывялі да некаторага ажыўлення эканамічнага жыцця. Аднак у далейшым адміністрацыйна-камандная сістэма стала галоўнай перашкодай на шляху радыкальных пераўтварэнняў, аплотам кансерватыўных сіл і бюракратызму. Народная гаспадарка СССР, у тым ліку і Беларусі, працягвала працаваць па старых схемах, выкарыстоўваючы загады, штурмаўшчыну, карэкціроўку ў бок памяншэння планаў, выбіванне ўсё новых рэсурсаў, сродкаў і г. д. Механізм паскарэння і перабудовы гаспадаркі ніяк не мог зламаць механізм тармажэння, перасталі выконвацца планы, апусцелі паліцы магазінаў.
Гэта сведчыла аб тым, што не было зроблена аналізу мінулых правалаў.
Разам з тым у ходзе ажыццяўлення курсу на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны рабіліся першыя крокі ў напрамку рыначных адносін. Было ўведзена самафінансаванне прадпрыемстваў і зменены механізм размеркавання прыбытку. Калі раней большая частка прыбытку ішла ў бюджэт, то цяпер прадпрыемствы, пераведзеныя на самафінансаванне, большую частку прыбытку пакідалі сабе і маглі ёю распараджацца.
Аднак да восені 1986 г. стала відавочна, што значных змен у ажыццяўленні курсу на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны дабіцца не ўдаецца. Адмоўна адбіліся і непрадуманасць канцэпцыі паскарэння, а таксама катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, землетрасенне ў Арменіі і Таджыкістане, спад сусветных цэн на нафту і газ, спешная і эканамічна не пралічаная супрацьалкагольная кампанія.
У гэты ж час у вышэйшых эшалонах улады пачалася «кадравая рэвалюцыя».
Таксама былі зроблены першыя крокі па лібералізацыі палітычнага рэжыму. Прывядзіце прыклады.
Няўдачы ў эканамічнай сферы падштурхнулі палітычнае кіраўніцтва СССР да рэфармавання палітычнага ладу краіны. «Больш дэмакратыі! Больш сацыялізму! Галоснасць!» — становяцца галоўнымі лозунгамі перабудовы. Мэтай гэтай ліберальнай палітычнай рэформы было наданне сацыялізму «чалавечага твару».
Рэзка была аслаблена цэнзура, што прывяло да пераасэнсавання савецкай гісторыі. Публікуюцца творы, забароненыя цэнзурай.
Вострымі сталі тэлеперадачы, рэпертуар тэатраў і кінафільмы.
Насельніцтва СССР было ў тыя гады самай чытаючай краінай свету. Газеты і часопісы ішлі нарасхват. Публікацыі абмяркоўваліся ўсюды: дома, на працы, у транспарце, выклікалі неадназначную ацэнку.
Была створана камісія па рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій, прызнаны незаконнымі рэпрэсіі супраць сялян у перыяд калектывізацыі, злачыннымі і незаконнымі — супраць народаў, якія былі насільна пераселены ў гады сталінізму. Працэс дэсталінізацыі быў завершаны, што стала важнейшай заслугай перабудовы.
Пачынаючы лібералізацыю палітычнага рэжыму, улада разлічвала, што ёй удасца захаваць кантроль над грамадствам. Аднак «галоснасць і дэмакратызацыя» выліліся ў пераасэнсаванне ўсёй савецкай гісторыі, дыскрэдытацыю камуністычнай ідэі.
Калі рэфармаванне палітычнага ладу краіны хоць і ішло з цяжкасцю, але ішло, то ў эканоміцы сітуацыя не паляпшалася. Яна заставалася самым слабым месцам у рэформах М. Гарбачова. У чэрвені 1987 г. у гэтым напрамку быў зроблены яшчэ адзін крок: ад курсу на паскарэнне было вырашана перайсці да так званай «радыкальнай эканамічнай рэформы».
Пакажыце, што рэформай прадугледжвалася: 1) замяніць існуючую сістэму планавання і перайсці да дзяржзаказу, спачатку абавязковаму, а затым добраахвотнаму, які не павінен быў ахопліваць 100 % магутнасцей прадпрыемства; 2) планавалася паступова перайсці ад размеркавання рэсурсаў па фондах і нарадах да аптовага гандлю сродкамі вытворчасці; 3) увесці дагаворныя і самастойна вызначаемыя цэны; 4) перавесці прадпрыемствы на самастойнасць, самафінансаванне, самакіраўніцтва і самаакупнасць.
Аднак гэта «радыкальная» эканамічная рэформа не прывяла да чаканых змен у народнай гаспадарцы, якая працягвала спаўзаць да крызісу. Мэты рэформы ніяк не ператвараліся ў рэальныя справы і ў выніку патрэбная і, здаецца, нядрэнна прадуманая рэформа фактычна была сарвана. Зноў праявіўся разрыў паміж словам і справай.
Пачаліся канфлікты паміж цэнтральнымі і мясцовымі ўладамі, калі апошнія забаранялі вывозіць прадукцыю мясцовай прамысловасці, праводзілі ўласную цэнавую палітыку, адмаўляліся выконваць абавязацельствы па дзяржаўных дагаворах. Пачалі парушацца старыя гаспадарчыя сувязі, адзіная эканамічная прастора СССР, стаў відавочным параліч улады.
Таму КПСС прыняла рашэнне аб стварэнні «сацыялістычнай прававой дзяржавы», у якой уся ўлада павінна належаць саветам, а вышэйшым органам улады стане з’езд народных дэпутатаў.
Першы з’езд народных дэпутатаў СССР у маі 1989 г. выклікаў вялікую грамадскую цікавасць. Вярхоўны Савет стаў пастаянна працуючым парламентам, а М. Гарбачоў — старшынёй Прэзідыума. Трэці, нечарговы з’езд народных дэпутатаў у сакавіку 1990 г. выбраў М. Гарбачова Прэзідэнтам СССР і адмяніў артыкул 6 Канстытуцыі СССР, які заканадаўча замацоўваў кіруючую ролю КПСС у жыцці краіны. Акрамя таго, на з’ездах быў прыняты шэраг новых законаў, якія паклалі пачатак фарміраванню розных форм уласнасці, радыкальнай перабудове эканамічных і сацыяльных адносін у краіне.
Тым часам ў эканоміцы пачаўся глыбокі і востры крызіс, які можна аднесці да самага працяглага ў гісторыі сусветнай гаспадаркі. Летам 1990 г. быў аб’яўлены пераход да рынку.
Рэзка абвастрыліся нацыянальныя адносіны.
У канцы 80 — пачатку 90-х гг. па краінах сацыялістычнага лагера прайшла рэвалюцыйная хваля ў форме масавых антытаталітарных рухаў, якія прывялі да падзення старых партыйна-дзяржаўых правячых структур. Галоўным лозунгам гэтых рухаў стала адраджэнне дэмакратычных свабод і правоў чалавека.
М. Гарбачоў адмовіўся ад традыцыі падаўляць сілай антыкамуністычныя масавыя выступленні ў краінах Усходняй Еўропы. Крызіс у СССР, паслабленне пазіцый КПСС зрабілі немагчымым імперскія дзеянні ў адносінах да краін сацыялізму. Менавіта гэты аспект стаў асноўным пры прысуджэнні М. Гарбачову Нобелеўскай прэміі міра за 1990 г.
У кожнай з краін рух за адраджэнне працякаў не заўсёды аднолькава: у адных ён ішоў мірна, у другіх — у форме ўзброенага паўстання. Авангардную ролю адыгралі інтэлігенцыя і студэнцкая моладзь. Мірны характар меў дэмантаж сацыялізму ў Польшчы, Чэхаславакіі. У ГДР, насельніцтва якой востра перажывала раскол Германіі, ў лістападзе 1989 г. была разбурана і ліквідавана «Берлінская сцяна» як сімвал падзелу краіны. Крывавы характар набылі падзеі ў Румыніі і Югаславіі. Толькі Куба і Паўночная Карэя засталіся на пазіцыях савецкай мадэлі сацыялізму.


2. Пачатак працэсу дэмакратызацыі ў БССР

На старонках рэспубліканскіх часопісаў і газет, у тэлевізійных і радыёперадачах спачатку нясмела, а затым усё больш актыўна пачала весціся палеміка аб умовах жыцця грамадства, шляхах аднаўлення сацыялізму і яго рэфармавання.
На хвалі галоснасці ў рэспубліцы рэзка вырасла цікавасць беларускага народа да праблем нацыянальнай гісторыі і культуры. Сталі ўзнікаць шматлікія нефармальныя клубы і аб’яднанні па вывучэнню літаратурнай і гістарычнай спадчыны, краязнаўства.
Вялікую зацікаўленасць у рэспубліцы выклікалі працэсы дэсталінізацыі савецкага грамадства. Урадавая камісія расследавала месца масавага расстрэлу на працягу 1937—1941 гг. не менш чым 30 тыс. чалавек у лясным масіве Курапаты пад Мінскам. Былі выяўлены месцы масавых расстрэлаў савецкіх грамадзян у гады сталінскіх рэпрэсій у Гомелі, Віцебску, Барысаве, Оршы, Мазыры і іншых месцах Беларусі. Быў рэабілітаваны першы старшыня рабоча-сялянскага ўрада Беларусі Д. Жылуновіч. Усяго да пачатку 1993 г. у рэспубліцы было рэабілітавана 130 тыс. чалавек. Былі прыняты меры па забеспячэнню праў рэабілітаваных і іх родных, кампенсацыі матэрыяльных страт.
Першыя за многія дзесяцігоддзі свабодныя дэмакратычныя выбары, калі грамадзяне атрымалі магчымасць вылучаць і выбіраць на альтэрнатыўнай аснове ў вышэйшы орган дзяржаўнай улады сваіх прадстаўнікоў, былі выбары народных дэпутатаў СССР у сакавіку 1989 г. Як і па ўсёй краіне, яны прайшлі пры вялікай актыўнасці насельніцтва, у адкрытай і напружанай барацьбе. Усяго ад Беларусі на з’езд было выбрана 60 народных дэпутатаў.
У кастрычніку 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР і народных дэпутатаў мясцовых саветаў. Выбары па-новаму ў Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя саветы прайшлі 4 сакавіка 1990 г. На 310 месц у беларускім парламенце прэтэндавала 1769 кандыдатаў, але толькі 98 народных дэпутатаў было выбрана пасля першага тура галасавання, у тым ліку і будучы прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка. Выбарчая камісія ператварылася ў сапраўдны марафон і нават пасля некалькіх паўторных выбараў у канцы 1991 г. у Вярхоўным Савеце БССР заставалася 11 вакантных месц. Такая ж сітуацыя назіралася і ў мясцовых саветах. Тым не менш у выніку выбараў значна абнавіліся і Вярхоўны Савет БССР, і мясцовыя саветы, ажывілася іх работа. Пасля выбараў былі сфарміраваны кіруючыя органы саветаў. Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР стаў М. Дземянцей Вярхоўны Савет БССР ва ўмовах галоснасці, барацьбы розных поглядаў і пазіцый, плюралізму думак разгарнуў заканадаўчую дзейнасць па падрыхтоўцы новай Канстытуцыі БССР, рэфармаванню палітычнай сістэмы, эканомікі, усяго грамадскага ладу. Вострай праблемай для рэспублікі стала ліквідацыя вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Вярхоўны Савет прыняў некалькі законаў па сацыяльнай падтрымцы людзей, якія пацярпелі ў выніку гэтай найбуйнейшай у свеце тэхнагеннай аварыі. Аднак дэпутатам у іх працы не заўсёды хапала прафесіяналізму.
У адпаведнасці з законам СССР «Аб грамадскіх арганізацыях», прынятым у 1990 г. і накіраваным на рэфармаванне палітычнай сістэмы, савецкія людзі атрымалі права на стварэнне аб’яднанняў і таварыстваў, а таксама палітычных партый. Аднак у рэспубліцы нефармальныя аб’яднанні сталі ўзнікаць значна раней. У чэрвені 1989 г. на з’ездзе ў Вільнюсе арганізацыйна аформіўся Беларускі народны фронт. У праграмнай заяве падкрэслівалася, што БНФ выступае за перабудову грамадства на прынцыпах дэмакратыі і сацыяльнай справядлівасці, прававую дзяржаву, рэальны суверэнітэт Беларусі. БНФ стварыў у Вярхоўным Савеце парламенцкую апазіцыю.
У чэрвені 1990 г. была створана Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі. Мэта партыі — стварэнне незалежнай дэмакратычнай беларускай дзяржавы, аднаўленне гістарычнай памяці, мовы і культуры, нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Згодна ўставу гэтай партыі, яе членам можа быць любы грамадзянін рэспублікі, які валодае беларускай мовай і ўсведамляе сябе беларусам.
У лістападзе 1990 г. прайшоў устаноўчы з’езд Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі. Галоўнай мэтай гэтай партыі з’яўляецца будаўніцтва дэмакратычнага грамадства з прыярытэтам агульначалавечых каштоўнасцей. Па сваёй арыентацыі АДПБ стала арганізацыяй агульнадэмакратычнай накіраванасці, выступаючы за свабоду асобы, прыватную ўласнасць, сямейныя традыцыі.
У наступныя гады былі створаны Беларуская сялянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Партыя народнай згоды, Беларускае хрысціянска-дэмакратычнае аб’яднанне, шэраг незалежных прафсаюзных і маладзёжных арганізацый.
Пад уздзеяннем гэтых працэсаў сталі выказвацца ідэі аб неабходнасці рэфармавання правячай Камуністычнай партыі, яе дэмакратызацыі і пераўтварэнні ў партыю парламенцкага тыпу. Пасля жнівеньскага путчу 1991 г. некалі адзіная КПБ раскалолася на дзве самастойныя партыі — Партыю камуністаў Беларусі і Камуністычную партыю Беларусі.
Нягледзячы на невялікі колькасны састаў, палітычныя партыі садзейнічалі ўзнікненню ў рэспубліцы парламенцкай апазіцыі, расшырэнню правоў грамадзян, плюралізму думак, новым падыходам да рашэння складаных праблем грамадскага жыцця. Шматпартыйнасць азначала канец манаполіі камуністаў на ўладу.


3. Змены ў культурным жыцці Беларусі ў гады перабудовы

У другой палове 80-х гг. у рэспубліцы асаблівую актуальнасць набыла моўная праблема, якая з культурна-этнічнай ператварылася ў палітычную. 3 пытаннем аб мове ўсё больш звязваліся праблемы суверэнітэту, нацыянальнага развіцця Беларусі, захавання беларускай нацыі, яе светапогляду, духоўнасці, культуры. Аднак палітычнае кіраўніцтва СССР лічыла, што ў нацыянальным пытанні, у тым ліку і ў пытанні аб нацыянальнай мове, няма ніякіх праблем. Падобнай думкі прытрымлівалася і кіраўніцтва КПБ.
У 1986 г. прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі, у тым ліку В. Быкаў, Я. Брыль, Р. Барадулін і іншыя, напісалі адкрытае пісьмо М. Гарбачову з прапановамі па паляпшэнню становішча беларускай мовы. Рэакцыі на гэта пісьмо не адбылося.
У наступным пісьме (1987) на імя М. Гарбачова ўпершыню нацыянальная палітыка савецкай улады ў Беларусі была названа яе сапраўдным імем — русіфікацыя.
3 лета 1988 г. у сродках масавай інфармацыі Беларусі пачынаецца кампанія за наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай. Асабліва актыўна ў гэтай справе ўдзельнічала газета «Літаратура і мастацтва».
Важнае значэнне ў пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы мела стварэнне ў 1989 г. Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.
Закон абвясціў беларускую мову дзяржаўнай мовай рэспублікі.
У тым жа годдзе была зацверджана Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў. Так была створана заканадаўчая база адраджэння беларускай мовы.
У фарміраванні духоўнасці кожнага народа важнейшае месца належыць адукацыі. У другой палове 80-х гг. сталі ажыццяўляцца новыя падыходы, а менавіта: 1) курс на фарміраванне нацыянальнай сістэмы адукацыі; 2) дэмакратызацыя, павышэнне самастойнасці навучальных устаноў; 3) інтэграцыя адукацыі з навукай, вытворчасцю і культурай.
Прынцып плюралізму ў адукацыі прывёў да стварэння побач з сярэднімі адукацыйнымі школамі навучальных устаноў новага тыпу — гімназій, ліцэяў, каледжаў і інш.
Характэрная рыса гімназіі — прыярытэт гуманітарнага кампанента, г. зн. глыбокае вывучэнне моў, літаратуры, гісторыі, логікі, рыторыкі, асноў эканомікі, філасофіі, права, рэлігіязнаўства і іншых псіхолага-педагагічных і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. У 1990/1991 навучальным годзе ў Мінску адкрылася першая гімназія.
Калі гімназіі ствараліся на базе сярэдніх школ, то ліцэі, як правіла, пры ВНУ. Іх задача — падрыхтаваць здольных вучняў да працягвання вучобы ў вышэйшых навучальных установах.
У працэсе аднаўлення вышэйшай школы галоўная задача бачылася ў адпаведнасці яе стандартам вышэйшай адукацыі развітых краін. Улічваючы, што ў свеце найболыш распаўсюджаны універсітэты і акадэміі, у БССР пачаўся паўсюдны пераход на новыя формы вышэйшых навучальных устаноў. Інстытуты былі пераўтвораны ва універсітэты і акадэміі.
У ВНУ рэспублікі пачаўся пераход да многаўзроўневай сістэмы падрыхтоўкі бакалаўр — магістр, уводзіліся новыя вучэбныя курсы, узмацнілася гуманітарызацыя вышэйшай адукацыі. Адным з момантаў гуманітарызацыі з’яўляецца вывучэнне айчыннай і сусветнай гісторыі, на якое ва ўсіх ВНУ рэспублікі павялічылася колькасць гадзін.
Аднак мелі месца і праблемы. Гэта і не да канца пралічаныя суадносіны паміж адукацыйнымі і спецыяльнымі дысцыплінамі, і патрабаванні звязваць навучальны працэс з навукова-даследчай працай студэнтаў, і адказнасць ВНУ за іх працаўладкаванне і шмат іншых.
На хвалі галоснасці грамадству вярталіся творы «забытых» паэтаў і пісьменнікаў. Са сховішчаў і архіваў былі забраны і апублікаваны творы М. Гарэцкага, А. Гаруна, П. Галавача, У. Ластоўскага, вершы і паэмы Л. Геніюш, Я. Чачота, Я. Лучыны, I. Дварчаніна і інш.
У паэзію ў канцы 80-х — пачатку 90-х гг. прыйшло новае пакаленне беларускіх паэтаў:, Л. Рублеўская, М. Скобля, Л. Дранько-Майсюк, А. Сыс, I. Багдановіч, У. Марук і інш.
Новымі дасягненнямі ў гэты час была адзначана беларуская драматургія. А. Дудараў напісаў чатыры п’есы, у тым ліку «Ізлом» аб людзях «дна», «Песня пра зубра» па М. Гусоўскаму і інш. З’явіліся новыя імёны: А. Асташонак, У. Бутрамееў, М. Арэхоўскі і інш.
Нягледзячы на складанасці эканамічнага жыцця, расла сетка тэатраў. Яны фінансаваліся за кошт рэспубліканскага, абласнога і гарадскога бюджэтаў. Упершыню пачалі працаваць тэатры ў Слоніме, Мазыры і Маладзечне.
Таксама з’явіліся прыватныя тэатры.
Аднак у развіцці тэатра Беларусі ў гады перабудовы існавала нямала праблем. Слабой заставалася сацыяльная абароненасць акцёраў і рэжысёраў, нізкай была заработная плата. Тэатры былі дрэнна забяспечаны памяшканнямі, транспартам, матэрыяламі. Асабліва негатыўна гэта адбілася на тэатрах у абласных і раённых цэнтрах. У гэтыя гады былі рэзка абмежаваны гастролі. Да адмены жорсткай цэнзуры, да магчымасці жыць па законах самаразвіцця, да неспадзяванай свабоды многія тэатры аказаліся проста не падрыхтаваны, паколькі самастойнасць — гэта яшчэ і адказнасць. У сувязі з гэтым кожны тэатр перажываў дадзены перыяд па-свойму. Адны кінуліся ставіць раней забароненыя спектаклі, якія прыносілі добрыя зборы, але не заўсёды былі высокамастацкімі, другія працягвалі паказваць стары рэпертуар, трэція — шукалі новыя крытэрыі для асэнсавання сучаснасці.
Менавіта па гэтаму шляху пайшоў Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы. Мастацкі кіраўнік тэатра У. Раеўскі ў 1989 г. паставіў п’есу В. Бутрамеева «Страсці па Аўдзею», якая мела вялікі поспех. Рэжысёр гэтага ж тэатра М. Пінігін паставіў спектакль «Тутэйшыя» па п’есе Я. Купалы, за які ў 1992 г. рэжысер М. Пінігін, кампазітар В. Кур’ян, акцёры В. Кін-Камінскі і У. Манаеў атрымалі Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Сёння гэты тэатр па праву носіць назву — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы.
Шырокай папулярнасцю ў аматараў тэатра карысталіся спектаклі акадэмічнага тэатра ім. Я. Коласа ў Віцебску, рэспубліканскага тэатра-лабараторыі «Вольная сцэна», Альтэрнатыўнага тэатра, тэатра драмы, тэатра-студыі (Мінск), а таксама абласных драматычных тэатраў у Гомелі, Магілёве, Гродне і Брэсце.
Дастаткова плённа працавалі і музыкальныя тэатры. Гэта перш за ўсё Дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі, балетная група якога пад кіраўніцтвам В. Елізар’ева па праву з’яўляецца адной з лепшых у СНД, Тэатр музычнай камедыі.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии