БарГУ.by » Учебные материалы » Лекции » История Беларуси » ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ ПАД УЛАДАЙ ПОЛЬШЧЫ (1921—1939 гг.)

ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ ПАД УЛАДАЙ ПОЛЬШЧЫ (1921—1939 гг.)

ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ ПАД УЛАДАЙ ПОЛЬШЧЫ (1921—1939 гг.)

1. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча заходнебеларускіх зямель у складзе Польшчы.
2. Нацыянальна-вызваленчы, рабочы і сялянскі рух у Заходняй Беларусі.
3. Культура і адукацыя ў Заходняй Беларусі.

 

Вы не можете скачивать файлы с нашего сервера

1. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча заходнебеларускіх зямель у складзе Польшчы

У 1921 г. пасля Рыжскіх мірных перамоваў пры дапамозе Антанты да Польшчы была далучана заходняя частка Беларусі (былая Гродзенская, усходнія паветы Віленскай і заходнія Мінскай губерняў).
У большасці выпадкаў польскія дзяржаўныя ўлады называлі яе «Усходнія крэсы (ускраіна) Польшчы». Тэрыторыя Заходняй Беларусі складала 112 995 км2, яна ўваходзіла ў склад 4 ваяводств: Палескага (з цэнтрам у Брэсце-Бужскім) — Навагрудскага і часткова Віленскага і Беластоцкага, якія ў сваю чаргу падзяляліся на паветы і гміны.
У Заходняй Беларусі (на 1931 г.) пражывала 4,6 млн чалавек, з іх 85% — у вёсцы і 15% — у горадзе. Пры гэтым беларусы складалі 65%, палякі — 15, яўрэі — 11, украінцы — 4, літоўцы — 2,5, рускія — 2%.
У эканамічным плане Заходняя Беларусь заставалася аграрным рэгіёнам — у сельскай гаспадарцы краю ў 1921-1939 гг. занята звыш 80% працаздольнага насельніцтва. У 1920-я гг. памешчыкі, якія складалі 1,7% землеўласнікаў, валодалі амаль паловай прыватнаўласніцкай зямлі, значнай заставалася доля латыфундый. На адзін памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыходзілася каля 500 га, на сялянскі двор — 7 га; амаль 55 тысяч сялянскіх гаспадарак мела зямлі менш за 1 га. Каля 90 тысяч парабкаў былі навогул беззямельнымі.
У 1920-х гг. польскі ўрад праводзіць на далучаных землях шэраг аграрных рэформ: парцэляцыю — продаж памешчыкамі праз Дзяржаўны банк часткі сваіх зямель па фіксаваным кошце; камасацыю — аб’яднанне ў адзіны надзел дробных сялянскіх палосак і высяленне сямей на хутары; пераход сервітутаў — сумесных для карыстання памешчыкаў і сялян зямель (сенажаць, лес, месца для рыбнай лоўлі і інш.) — да прыватных уласнікаў.
31 ліпеня 1923 г. Сеймам выдадзены закон аб камасацыі (хутарызацыі) — але масава яна стала праводзіцца толькі з 1927 г. Для правядзення камасацыі ўлады падбіралі толькі вопытных і спрактыкаваных людзей, пераважна з былых афіцэраў-артылерыстаў. Для іх адкрываліся 6-месячныя курсы падрыхтоўкі землямераў, акрамя таго, матэрыяльна заахвочваўся ўдзел у правядзенні камасацыі мясцовых навучэнцаў дарожна-будаўнічых і іншых інжынерных школ. Сяляне павінны былі плаціць за камасацыю гектара зямлі ў залежнасці ад яе якасці ад 14 да 20 злотых, за складанне праектаў меліярацыі, утрыманне землеўпарадчыкаў, перанясенне дарог і г.д., таму неабходна падкрэсліць, што камасацыя першапачаткова праходзіла даволі марудна. З мэтай паскарэння хутарызацыі 14 студзеня 1927 г. прынята сумеснае распараджэнне Міністэрства зямельных (рольных) рэформ і Міністэрства фінансаў аб аказанні дапамогі сялянам, якія выходзілі на хутары. На 15-гадовы тэрмін выдаваўся крэдыт: 1 200 злотых на перанос будынка і 600 злотых на меліярацыю.
Польскія эканамісты таго часу прызнавалі, што для вядзення нармальнай гаспадаркі і выплаты крэдыту, неабходна выдзяляць на хутар па 15—25 га зямлі, а адводзілася па 4—8 га на сям`ю. Больш малазямельнаму або беззямельнаму гаспадару не пад сілу было апрацаваць, бо ў яго не хапала сродкаў і жывёлы для яе апрацоўкі (коней, валоў і г.д.).
Польскія ўлады праводзілі парцэляцыю — продаж дробнымі надзеламі (парцэламі) часткі пустуючых зямель з мэтай насаджэння ў Заходняй Беларусі польскіх вайсковых каланістаў (асаднікаў).
Маёнтак, або частка яго, у прымусовым парадку павінен быць выкуплены ад прыватных уладальнікаў, але прымусоваму выкупу не падлягала прыватная зямельная ўласнасць ад 60 да 180 га, а ва ўсходніх акраінах і былой прускай частцы Полышчы, прыватная зямельная ўласнасць абмяжоўвалася 400 га. Пры правядзенні парцэляцыі паветы падзяляліся па якасці ворнай зямлі на раёны. Так, Пінскі павет падзялілі на чатыры раёны: першы — паблізу Пінскa, 1 га ворнай зямлі IV класа каштаваў 900 злотых, V — 600, VI — 400 злотых; другі раён — сярэдні кошт зямлі IV класа — 600 злотых, V — 450, VI — 350 злотых i г. д. Трэба адзначыць, што кошт зямлі ў Заходняй Беларусі аказаўся самым нізкім на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, што было звязана з нізкай урадлівасцю заходнебеларускай зямлі — таму, кaлi ў Віленскім ваяводстве за 1 га зямлі давалі 450 злотых, у Навагрудскім — 830, то ў Кракаўскім — 3 310, у Варшаўскім — 1 320 злотых, але трэба падкрэсліць, што кошт зямлі для малазямельных і тым больш навогул беззямельных сялян заставаўся занадта высокім. Да 1939 г. па лініі дзяржаўнай і прыватнай парцэляцыі ў чатырох заходнебеларускіх ваяводствах распарцэлявана 675,6 тысяч га зямлі.
Сервітуты былі з аднаго боку перажыткам з часоў паншчыны і феадалізму, з другога — жыццёванеабходнай для мясцовых сялян з’явай — яны давалі ім магчымасць свабодна трымаць на выганах, пашах большую колькасць сельскагаспадарчай жывёлы, а на вадаёмах — вялікую колькасць хатняй птушкі, лавіць рыбу, а таксама такі неабходны лес для пабудовы хаты і іншых неабходных сельскагаспадарчых пабудоў, нарыхтоўкі дроў, магчымасць бесперашкодна збіраць ягады, грыбы, мох. Ліквідацыя сервітутаў мела для сялян цяжкія наступствы — 75% сервітутных зямель перайшло ва ўласнасць памешчыкаў і асаднікаў, таму праходзіла галоўным чынам у прымусовым парадку і стала самым складаным мерапрыемствам аграрнай рэформы. З 1923 г. па 1938 г. 115 700 сялянскіх гаспадарак Заходняй Беларусі страцілі сервітуты, узамен іх сяляне атрымалі каля 189 000 га неапрацаванай зямлі i кампенсацыю ў 127 100 злотых, але гэта была менш страчанага. У барацьбе за свае правы пры захаванні сервітутаў сяляне выкарыстоўвалі як легальныя, так і нелегальныя сродкі барацьбы: суд, Сейм Рэчы Паспалітай, левыя газеты, а калі гэта не дапамагала, то выкарыстоўваліся нелегальныя сродкі барацьбы: прамы супраціў правядзенню ліквідацыі сервітутаў, непрызнанне вынікаў праведзенага зямельнага размеркавання, незаконны выпас жывёлы на землях памешчыкаў, самавольная вырубка лесу і гэтак далей. Яшчэ болей грозныя масштабы набыла барацьба сялян супраць памешчыкаў і асаднікаў у форме падпалу іх маёнткаў і хутароў. Падпалы прыносілі памешчыкам, асаднікам і буржуазіі, а таксама польскай дзяржаве, найбольшы матэрыяльны ўрон.
Спачатку ўзнікалі судовыя працэсы, якія ініцыявалі сяляне супраць сваіх памешчыкаў, патрабуючы поўную перадачу сервітутаў на сваю ўласнасць. Гэтыя працэсы працягваліся па некалькі гадоў. Калі памешчык дабіваўся ва ўлад рашэння аб падзеле сервітута, незадаволеныя сяляне звярталіся ў суд — выбіралі дэлегацыі абараняць іх правы, збіралі грошы, наймалі адвакатаў, але суды, часцей за ўсё, выносілі рашэнне на карысць памешчыка, спасылаючыся на юрыдычнае права ўласнасці паноў на гэтыя землі, існаваўшыя з даўніх часоў і захаваныя пры адмене прыгоннага права. На такія рашэнні сяляне звычайна спрабавалі падаваць апеляцыі, але і яны часта адхіляліся. Пакуль ішло судовае разгляданне справы, сяляне паўсюдна карысталіся севітутамі, нягледзячы на забарону памешчыкаў. Яны часта аказвалі прамое супраціўленне уладам, калі тыя спрабавалі правесці размежаванне сервітутных зямель, пасля таго як суд вынес рашэнне на карысць памешчыка.
Памешчыкі вымушаны былі вызываць паліцыю, каб справіцца з сялянамі. Напрыклад, сяляне вёскі Загор`е Кобрынскага павета на працягу доўгага перыяду дарэмна дабіваліся праз суд прызнання іх правоў на сервітут. Суд вынес рашэнне на карысць памешчыка. Войт патрабаваў ад сялян, каб яны пакарыліся судоваму рашэнню і спыніць далейшае карыстанне сервітутам. У сувязі з гэтым кобрынскі павятовы стараста паведамляў у палескую ваяводскую ўправу, што «сельская грамада вёскі Загор`е катэгарычна і рашуча адмаўляецца падпарадкавацца, заяўляючы, што і надалей будзе пасвіць жывёлу на лугах, бо яны належаць вышэйазначанай вёсцы».
17 снежня 1920 г. польскі Сейм па прапанове ўрада Вінцэнта Вітаса прыняў закон аб вайсковым асадніцтве. У распараджэнні старшыні Галоўнай зямельнай управы Другой Рэчы Паспалітай ад 23 сакавіка 1921 г. тлумачыцца, каго закон разумеў пад салдатамі польскай арміі. Гэта радавыя, афіцэры і генералы, а таксама прыроўненыя да іх служачыя польскай арміі і падраздзяленняў добраахвотнікаў, якія неслі вайсковую службу не менш чатырох месяцаў. Усе яны мелі права на бясплатнае надзяленне зямлёю.
У 1926 г. Сеймам прыняты закон, па якім польскія афіцэры і унтэр-афіцэры (асаднікі) маглі набываць на далучаных да Польшчы землях за невялікія грошы надзелы плошчай ад 15 да 45 гектараў, яны мелі права насіць зброю і карыстацца ёю па сваім жаданні. З мэтаю падтрымкі добрых адносін з асаднікамі, установамі і арганізацыямі, з якімі прыйдзецца супрацоўнічаць пры насаджэнні асадніцтва, Міністэрства вайсковых спраў Польшчы пачынае ствараць грамадскія арганізацыі, у якіх галоўную ролю ігралі вайсковыя асаднікі. Самай буйной з іх стаў «Саюз асаднікаў», якую ўзначальваў Цэнтральны саюз асаднікаў у Варшаве, у кожным заходнебеларускім ваяводстве стваралася яго філія. Членам «Саюза асаднікаў» мог стаць кожны поўнагадовы грамадзянін Другой Рэчы Паспалітай, які атрымаў асаду, члены яго сям`і і адміністрацыйны апарат асады, тыя грамадзяне, чыя дзейнасць магла быць каштоўнай для асаднікаў.
Ва ўладных структурах Другой Рэчы Паспалітай абмяркоўвалася пытанне, як лепш рассяляць асаднікаў — хутарамі ці калоніямі, у глухіх месцах ці паблізу паселішч. Навагрудская ваяводская адміністрацыя лічыла, што асаднікаў «лепш за ўсё было б рассяліць уздоўж важнейшых камунікацый, маючых стратэгічнае значэнне». Фактычна асаднікаў сялілі паўсюдна, дзе меліся для гэтага ўмовы. Большасць асаднікаў атрымлівала на тэрыторыі Заходняй Беларусі па нізкім кошце ці навогул бясплатна па 15-45 га зямлі ў залежнасці ад вайсковых заслуг і звання: па агульнапрынятаму правілу палкоўнік атрымоўваў 30 гектараў зямлі, капітан — 20, паручнік — 15, радавы — каля 9-10 га, але былі і такія асаднікі, якія атрымалі толькі па 3-5 гектараў зямлі, бо не маглі яе больш апрацаваць.
Частка асаднікаў здавала свае землі ў арэнду мясцовым сялянам — гэта давала каланістам магчымасць працягваць несці вайсковую службу, працаваць у банку, на пошце, чыгунцы.
Асаднік павінен быў быў на працягу аднаго года пасяліцца на асадзе і асвоіць яе. Памер аплаты за зямлю прыроўніваўся да 30-100 кг збожжа за 1 га штогод з выплатай дзяржаве на працягу 30 гадоў, пачынаючы з пятага года пасля атрымання зямлі. Вайсковым каланістам для арганізацыі гаспадарак дзяржава перадавала коней, буйную рагатую жывёлу, свіней і іншую маёмасць. Згодна ўставе ад 17 снежня 1920 г. каланісту на абзавядзенне гаспадаркай польскім урадам выдзялялася:
1) Адна пара коней з вупражжу і воз пасля дэмабілізацыі асадніка;
2) 80 кубічных метраў дрэва і іншыя неабходныя матэрыялы для пабудовы хаты і гаспадарчых пабудоў;
3) Крэдыт на 50 000 марак (1921) на стварэнне гаспадаркі;
4) Крэдыт на будаўніцтва па прашэнню асадніка, якое разглядалася павятовым надаўчым камітэтам для вызначэння памераў неабходнай фінансавай дапамогі.
Пры надзяленні асаднікаў заходнебеларускаю зямлёю, польскія ўлады ўлічвалі ў першую чаргу іх вайсковыя заслугі і лаяльнасць да польскага панавання на «Крэсах Усходніх», і толькі ў другую іх здольнасць займацца сельскай гаспадаркаю.
На месцах ствараліся розныя гурткі і арганізацыі — «Кулкі Рольнічэ», «Каса Стэфчыка», «Стшэлец» і іншыя, дзе галоўную ролю ігралі асаднікі. Яны вучылі сялян новым метадам вядзення сельскай гаспадаркі, арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы, тэатральныя і музычныя прадстаўленні, акрамя таго, ствараліся сельскагаспадарчыя гандлёвыя таварыствы і аб`яднанні сельскіх гаспадынь. Сельскагаспадарчыя таварыствы ўтрымоўвалі свае крамы па продажы прадуктаў паляводства, жывёлагадоўлі.
Спецыяльныя аграномы выязджалі ў вёскі з мэтай арганізацыі сельскагаспадарчых таварыстваў. Так, у Луніне Саюзам сельскай моладзі былі арганізаваны спецыяльныя сельскагаспадарчыя курсы, у 1929 г. адна група сялян займалася ў вёсцы Дубай, а другая ездзіла ў Сарны і вывучала здабычу, апрацоўку і выкарыстанне торфу і праходзіла вытворчую практыку.
Нагадайце, што з дапамогаю асаднікаў польскі ўрад імкнуўся стварыць сабе сацыяльную апору ў вёсцы, таму на канферэнцыі ваявод і начальнікаў зямельных аддзелаў у г. Гродна 24 красавіка 1937 г. генерал Янушкевіч казаў: «Мы павінны ясна ўсведамляць, што без умацавання польскага элемента немагчыма весці барацьбу за ўсходнія землі. Найбольш рашучым саюзнікам у гэтай барацьбе будзе вясковы асаднік. Таму трэба як мага больш іх адбіраць з Цэнтральнай Польшчы... Польская культура павінна гаспадарыць на паўночна-ўсходніх ускраінах...». Вызначыць дакладна колькі асаднікаў атрымала зямлю ў Заходняй Беларусі немагчыма, бо гэтая інфармацыя адносілася да кампетэнцыі вайсковага ведамства і мела высокую сакрэтнасць, але па меркаванням даследчыкаў за 1921—1939 гг. на землі Заходняй Беларусі пераселена ад 6 000 да 10 000 вайсковых асаднікаў, якія сталі апорай польскіх улад.
Трэба адзначыць, што ў выніку комплексных мерапрыемстваў у сельскай гаспадарцы ўмацавалася становішча заможных і сярэдніхсялян, паскорыўся працэс сацыяльнага расслаення на вёсцы, актывізавалася канцэнтрацыя сельгасвытворчасці. Аграрная рэформа, праведзеная польскімі ўладамі, садзейнічала ліквідацыі паўпрыгонніцкіх адносін, канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, расчышчала шлях для больш хуткага развіцця капіталізму ў вёсцы. Сельская гаспадарка Заходняй Беларусі ў 1929 г. дасягнула даваеннага ўзроўню развіцця. Паказчыкі прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі ў 1930-я гг. значна выраслі і дасягнулі ўзроўня перадавых краін свету: Францыі і ЗША, а ў некаторых паказчыках нават пераўзыйшлі іх, павялічылася таксама колькасць сельскагаспадарчай жывёлы. Ураджайнасць збожжавых у бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарках у 1930-я гады складала ў сярэднім па 7 цэнтнераў з гектара, а ў памешчыкаў і заможных сялян — па 9 цэнтнераў з гектара.
У адносінах да рабочых прымянялася пашыраная сістэма штрафаў, не развівалася сацыяльнае заканадаўства (рабочы дзень дасягаў 12—14 гадзін, не было шпітальных кас і інш.) — рабочыя працавалі ў антысанітарных умовах. Сярэдняя заработная плата рабочага на заходнебеларускіх прадпрыемствах складала каля 68% ад заработнай платы рабочага ў Цэнтральнай Польшчы. У 1928 г. у Заходняй Беларусі дзейнічала каля 2000 прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала ад 5 да 20 чалавек. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва, удзельная вага прамысловасці Заходняй Беларусі ледзьве перавышала 3%. У сферы прамысловасці ў Заходняй Беларусі было занята каля 100 тысяч рабочых (амаль 5% рабочых Польшчы) — налічвалася 50 тысяч рамеснікаў. Вялікае значэнне ў эканоміцы краю мела мясная і малочная прамысловасць: працавалі чатыры буйныя паўмеханічныя бойні ў Ваўкавыску, Беластоку, Баранавічах, Наваградку, а таксама больш дробныя заводы, якія належалі англійскай фірме «Крэсэкспарт» у Баранавічах, Беластоку і Ваўкавыску. Паспяхова развівалася масларобная вытворчасць.
Падкрэсліце, што стан працоўных значна абвастрыў эканамічны крызіс 1929—1933 гг., у выніку якога спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў і каля 46 % рабочых засталіся без працы. У пошуках лепшай долі працоўныя Заходняй Беларусі выязжалі за мяжу: за 1921—1939 гг. краіну пакінулі каля 120—150 тысяч чалавек; выхадцы з Беларусі эмігравалі ў Канаду, ЗША, краіны Заходняй Еўропы і Лацінскай Амерыкі. Трэба адзначыць, што ў Баранавічах працавала аргентынскае консульства, паслугамі якога скарысталіся многія заходнебеларускія працоўныя. Польская дзяржава не рабіла перашкод людзям, якія ехалі за мяжу на заробкі ці назаўсёды.


2. Нацыянальна-вызваленчы, рабочы і сялянскі рух у Заходняй Беларусі

У Заходняй Беларусі актыўна дзейнічала дэфензіва (вайсковая контрразведка) — паліцыя, шматлікія суды, карныя экспедыцыі і турмы. Падкрэсліце, што рэжым санацыі ставіў сваімі мэтамі «аздараўленне грамадска-палітычнага жыцця» і «недапушчэнне бальшавізму ў Заходнюю Еўропу», таму дзейнічаў аўтарытарнымі метадамі і ўзмацніў сацыяльны, нацыянальны і рэлігійны прыгнёт, што выклікала актывізацыю нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Тэрор, масавыя арышты, здзекі і катаванні былі звычайнай з`явай у Заходняй Беларусі, яны сталі асноўным сродкам зацвярджэння ўлады і метадам праўлення польскіх кіруючых колаў. Усё гэта выклікала беларускі народ на барацьбу за свае сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.
Дзейнічаючы невялікімі атрадамі і групамі, партызаны нападалі на паліцэйскія раз`езды і патрулі, грамілі паліцэйскія ўчасткі, гмінныя управы, палілі памешчыцкія сядзібы і асадніцкія хутары. Вясной 1922 г. некалькі тысяч партызан Брэсцкага, Ваўкавыскага, Пружанскага і іншых паветаў накіравалі польскаму ўраду ўльтыматум, у якім патрабавалі спыніць гвалт над беларускім народам, вызваліць з турмаў зняволеных, забараніць высяканне лясоў і даць Заходняй Беларусі права на самавызначэнне, але у першыя гады партызанская барацьба была стыхійнай. У паўночна-заходнім рэгіёне дзейнічалі беларускія эсэры; яны вызначалі патрабаванні самавызначэння беларускіх зямель і спынення ўрадавых рэпрэсій. 
У 1922 г. ў польскім Сейме пачала сваю працу фракцыя «Беларускі пасольскі клуб», якую стварылі 11 лідэраў розных палітычных сіл Заходняй Беларусі (А. Аўсянік, Б. Тарашкевіч, Ф. Ярэміч, В. Рагуля, С. Рак-Міхайлоўскі і інш.) — галоўнай мэтай клуба было адстойванне інтарэсаў беларускага насельніцтва праз парламенцкую дзейнасць.
З восені 1923 г. ў заходнебеларускім рэгіёне пачынае дзейнічаць Камуністычная партыя (КПЗБ) — якая разам з заходнеўкраінскай, з’яўлялася часткай кампартыі Польшчы (КПП). У склад ЦК КПЗБ абраны С. А. Мертэнс (Скульскі) — С. Т. Міллер, С. А. Дубовік, Тамашэўскі («Стары») і А. Буксгорн. На момант стварэння ў партыйных арганізацыях КПЗБ налічвалася 528 чалавек, у 1928 г. — 3 000, у 1934 г. — 4 000 членаў, акрамя таго каля 3 000 членаў партыі знаходзіліся пастаянна ў турмах.
КПП-КПЗБ паставілі сваёю мэтаю барацьбу за стварэнне ўрада рабочых і сялян, за перадачу сялянам зямлі без выкупу, за самавызначэнне Заходняй Беларусі і яе ўз`яднанне з БССР, таму камуністы сталі актыўнымі арганізатарамі, удзельнікамі і кіраўнікамі барацьбы працоўных за свае нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы.
У 1924 г. створаны Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі (першы сакратар — В. Харужая). З’яўленне новай палітычнай сілы — КПЗБ — спрыяла пашырэнню партызанскага руху, які стаў больш масавым і арганізаваным.
На сваім І з`ездзе (28 чэрвеня — 25 ліпеня 1928 г.) КПЗБ паставіла галоўнымі задачамі:
а) мабілізацыю беднаты на барацьбу супраць памешчыкаў і фашысцкай дыктатуры;
б)арганізацыю мас і кіраўніцтва барацьбою супраць фашыскай дыктатуры, памешчыкаў, капіталістаў, асаднікаў і кулакоў;
в)выкрыццё памешчыцка-капіталістычнага характару фашысцкай палітыкі ў вёсцы;
д) умацаванне і паглыбленне свайго ўплыву сярод асноўных мас сялянства, у першую чаргу сярод бядняцкіх мас».
Асабліва ўпартай і працяглай была барацьба сялян вёскі Баранава Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства, якая ішла пад кіраўніцтвам камуністаў на працягу больш двух гадоў (1930—1932). Члены мясцовай ячэйкі КПЗБ і камсамольцы актыўна агітавалі сялян супраць правядзення ў вёсцы камасацыі (хутарызацыі) — якая па іх словах была накіравана на ўзбагачэнне заможных сялян. Пад уплывам камуністаў сяляне вёскі Баранава вясною 1931 г. не дапусцілі землямера да правядзення патрабуемых работ. Улады паспрабавалі наняць рабочых у навакольных вёсках, але сялянскі камітэт распаўсюдзіў лістоўкі, у якіх заклікаў сялян не ісці на працу ў Баранава. Гродненскі акруговы камітэт КПЗБ заклікаў усіх сялян павета дапамагчы бунтуючым жыхарам Баранава. У выніку ў вёсцы фактычна была ўведзена асаднае становішча, сялянам забаранялася збірацца вечарамі.
4 снежня 1932 г. у Баранава адбыўся мітынг, на які сабралася каля 500 сялян. Паліцыя не асмелілася разагнаць сходку. Член КПЗБ выступіў з прамовай, у якой заклікаў сялян да стойкасці, пасля гэтага сяляне пашыхаваліся ў калону і са спяваннем рэвалюцыйных песен пайшлі ў поле, дзе знішчылі межавыя знакі. На наступны дзень паліцэйскія правялі ў вёсцы «пацыфікацыю» (уціхамірванне) сялян, а таксама арышты членаў мясцовай камуністычнай ячэйкі. 6 снежня 1932 г. на кірмашы ў Індуры выступіў актывіст Янчанюк, які заклікаў сялян ісці да пастарунка і сілай вызваліць арыштаваных. У вёсцы ізноў прайшлі масавыя арышты актывістаў выступлення.
Створаны яшчэ ў 1897 г., ён прадстаўляў галоўным чынам інтарэсы яўрэйскай беднаты і паўпралетарскіх элементаў. У той час як на тэрыторыі БССР дзейнасць Бунда была поўнасцю згорнута, на тэрыторыі Заходняй Беларусі ён працягваў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць: выдаваў у Варшаве штодзённую газету «Фольксцайтунг», пад яго апекай дзейнічалі дзіцячая арганізацыя «Скіф» (Сацыялістычны дзіцячы яўрэйскі саюз) і юнацкая Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд стаяў на пазіцыях легальнай парламенцкай дзейнасці, супрацоўнічаў з ППС і партыяй Паалей-Цыён, якая мела левае і правае крыло. Гэтая партыя прапагандавала неабходнасць стварэння асобай яўрэйскай эканомікі і пабудовы ў перспектыве яўрэйскага сацыялістычнага грамадства ў Палестыне.
У сярэдзіне 20-х гадоў на палітычную сцэну выходзіць яшчэ некалькі сіл, сярод якіх вызначаецца Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ) на чале якой стаяў Браніслаў Тарашкевіч. За два гады існавання (1925—1927 гг.) яна пераўтварылася ў адну з самых масавых палітычных арганізацый сялян Еўропы. У сваёй праграме ад 12 мая 1926 г. БСРГ ставіла мэтаю канфіскацыю памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва, а таксама ўсталяванне рабоча-сялянскай улады, уз`яднанне Заходняй Беларусі з БССР, дэмакратычныя свабоды, нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове. КПЗБ актыўна супрацоўнічала з БСРГ і фактычна ўзяла яе пад свой кантроль, такім чынам па сутнасці БСРГ стала легальнай філіяй КПЗБ.
24 чэрвеня 1925 г. дэпутаты польскага Сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з беларускай нацыянальнай фракцыі Сейма і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся пасольскай недатыкальнасцю, лідэры БСРГ разгарнулі работу па стварэнні масавай арганізацыі працоўных для барацьбы за свае правы. Значны ўплыў на дзейнасць Грамады аказвалі камуністы, якія выкарыстоўвалі яе для сваёй легальнай дзейнасці. БСРГ мела свае друкаваныя органы «Беларуская справа», «Жыццё беларуса», «Народная справа», «Наша воля», «Народны звон», сатырычны часопіс «Маланка». Аб папулярнасці друку БСРГ сведчыць той факт, што многія сяляне-беднякі выпісвалі гэтыя газеты ў складчыну, наладжвалі калектыўныя чыткі. У выніку актыўнай дзейнасці БСРГ не толькі асобныя члены, але і цэлыя арганізацыі ППС і «Вызваленне» выйшлі з гэтых партый і ўступілі ў Грамаду. Дзеячамі БСРГ праведзена актыўная работа па стварэнні Беларускага кааператыўнага банка. У канцы 1926 г. банк базіраваўся ў Вільні, меў аддзелы ў Пінску і Глыбокім, налічваў каля 900 ўкладчыкаў і аказваў дапамогу маламаёмасным сялянам за невялікі працэнт.
У 1927 г., у выніку выбараў у Сейм КПЗБ стварыла сваю дэпутацкую фракцыю «Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых» («Змаганне», І. Гаўрылік, І. Грэцкі, С. Дварчанін, Ф. Валынец, П. Крынчык і інш.). Гэтыя арганізацыі сумесна выступалі супраць аграрнай і падатковай палітыкі польскіх улад, кіравалі забастоўкамі рабочых, выдавалі шматлікія газеты. Клуб «Змаганне» пераўтварыўся ў рэвалюцыйна-дэмакратычную і нацыянальна-вызваленчую арганізацыю, але ўлады не дазволілі ёй стаць масавай. Як і Грамада, пасольскі клуб «Змаганне» патрабаваў канфіскацыі памешчыкіх зямель і падзел іх без выкупу сярод маламаёмасных сялян, перакладанне падаткаў на заможных людзей, стварэнне рабоча-сялянскай улады, уз`яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Клуб «Змаганне» праводзіў палітычную і арганізацыйную працу сярод сялян і сельскагаспадарчых рабочых, арганізоўваў выступленні сялян супраць зямельнай і падатковай палітыкі ўрада, разам з КПЗБ выступаў супраць судовага працэсу над актывістамі Грамады, рыхтаваў правядзенне Еўрапейскага сялянскага кангрэса, арганізоўваў дапамогу галадаючым.
Галоўным палітычным апанентам БСРГ і КПЗБ у барацьбе за ўплыў на сялянскія масы стала Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). На яе чале стаялі ксяндзы Ф. Абрантовіч, А. Станкевіч, В. Гадлеўскі і іншыя. У аснову праграмы БХД пакладзена сцвярджэнне, што беларускі народ з`яўляецца бяскласавым і цалкам працоўным, кіраўнікі БХД выступалі супраць устанаўлення «дыктатуры пралетарыяту» і ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР. Патрабаванні перадачы зямлі без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам ва ўласнасць, дэмакратычных свабод мелі водгук сярод насельніцтва пераважна каталіцкага веравызнання. Цэнтральным друкаваным органам БХД была газета «Беларуская крыніца», якая выдавалася на беларускай мове і спачатку друкавалася лацінскім шрыфтам, а потым — кірыліцай. У 1926 г. БХД стварыла арганізацыю культурна-гаспадарчага характару — Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК) — з дапамогай якога БХД удалося значна пашырыць свой уплыў на бяднейшую частку сялянства і інтэлігенцыю. У пачатку 1936 г. БХД пераіменавана ў Беларускае нацыянальнае аб`яднанне (БНА) — гэта было зроблена для таго каб пашырыць уплыў на праваслаўную частку насельніцтва.
Блізкія да БХД пазіцыі займаў створаны ў лістападзе 1925 г. В. Рагуляй і Ф. Ярэмічам Беларускі сялянскі саюз (БСС). Цэнтральным друкаваным органам БСС стала газета «Сялянская ніва». Праграма БСС прадугледжвала падзел памешчыцкіх зямель і перадача іх ва ўласнасць малазямельных сялян па працоўнай норме; скасаванне асадніцтва. На 2-й канферэнцыі БСС (ліпень 1927 г.) па зямельным пытанні ў праграме запісана, што «ўсе землі: абшарніцкія, дзяржаўныя, касцёльныя, царкоўныя і іншыя павінны перайсці ў рукі беларскіх беззямельных і малазямельных сялян». БСС аказаўся пад агнём крытыкі як з боку БСРГ і КПЗБ, так і польскіх уладаў, таму ён заставаўся нешматлікай грамадска-палітычнай арганізацыяй і на пачатку 1929 г. распаўся.
Канкурэнтам вышэйпералічаных партый і арганізацый у барацьбе за ўплыў на насельніцтва Заходняй Беларусі выступала палітычная групоўка беларускіх буржуазных суполак Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз) — якая насіла неафіцыйную назву «беларуская санацыя» («белсанацыя») — бо лічыла магчымым кампраміс з «санацыйным» рэжымам Ю. Пілсудскага. «Цэнтрасаюз» абапіраўся на беларускіх памешчыкаў, частку інтэлігенцыі і найбольш заможных сялян-беларусаў. Кіраўніцтва гэтай партыяй ажыццяўлялі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, Ф. Акінчыц і інш., выпускаліся газеты «Беларускі звон», «Наперад», «Родны край».
Урад Юзафа Пілсудскага паставіў сваёй задачаю разграміць Грамаду і яе саюзнікаў, таму ў ноч на 15 студзеня 1927 г. адбыліся масавыя арышты яе членаў, камуністаў і іншых прадстаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху: па закліку Косаўскага райкама КПЗБ 3 лютага 1927 г. у Косава (Палескае ваяводства) на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому БСРГ сабралася звыш 1500 сялян, якія пад чырвонымі сцягамі правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая ў адказ адкрыла агонь. Забіта шэсць чалавек (М. Еўтух, І. Ракевіч, П. Гаўрус, М. Таптала, І. Кучук, С. Верабей) — некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых перарасло ў магутную маніфестацыю пратэсту супраць рэжыма «санацыі». У сакавіку 1927 г. БСРГ канчаткова забаранілі, сялян гвалтоўна прымушалі здаваць членскія білеты. Узмацніліся рэпрэсіі супраць іншых беларускіх кааператыўных і культурна-асветніцкіх арганізацый. Над арыштаванымі ў лютым-маі 1928 г. у Вільні адбыўся судовы працэс, у выніку якога Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Валошын і П. Мятла атрымалі па 12 гадоў, М. Бурсевіч — 8, іншыя ад 3 да 6 гадоў турмы, што выклікала масавае незадавальненне грамадскасці.
На выбарах 1928 г. толькі за дэпутатаў ад КПЗБ было аддадзена 26% галасоў. У першай палове 30-х гг. значна зніжаецца колькасць выступленняў пад нацыянальна-вызваленчымі заклікамі. Прычына таму — сусветны эканамічны крызіс 1929—1933 гг., які пацягнуў за сабой значнае пагаршэнне стану жыцця працоўных Заходняй Беларусі — у гэты час прайшло каля 500 сялянскіх выступленняў і 1500—2000 масовак, у іх удзельнічала 140—150 тысяч сялян (па 40—50 тысяч штогод). Многія з гэтых выступленняў ахоплівалі цэлыя гміны і нават паветы і характарызаваліся працягласцю і глыбінёю супрацьстаяння. У рабочым руху адзначаецца паступовы рост забастовачнай барацьбы з перавагай стачак эканамічнага характару.
У сакавіку 1932 г. адбылося ўзброенае выступленне сялян вёскі Асташына Навагрудскага павета, якія спалілі маёнткі памешчыка, сядзібы мясцовага асадніка і гандляра за тое, што яны куплялі на аукцыёне канфіскаваныя ў сялян за нявыплатку падаткаў пажыткі. Паліцыя арыштавала завадатараў выступлення, але сяляне пад кіраўніцтвам свайго камітэта на чале з камуністамі адбілі іх, захапілі зброю і пачалі перастрэлку з паліцыяй. Улады жорстка расправіліся з паўстанцамі: паводле прысуда надзвычайнага суда 5 ліпеня 1932 г. сяляне І. Бахар, А. Гаўраш, А. Малец, В. Стасевіч павешаны, пяць чалавек атрымалі пажыццёвае зняволенне, 44 чалавекі атрымалі па 5—6 гадоў турмы.
25 ліпеня 1933 г. у вёску Ляплёўка Кобрынскага павета прыехаў секвестратар з трыма паліцэйскімі і стаў забіраць за нядоімкі каштоўную маёмасць і жывёлу. Сяляне прагналі паліцэйскіх, але, пакідаючы вёску, тыя адкрылі агонь і смяротна паранілі камуніста Лявона Баганскага. Ноччу ў Ляплёўку прыбыў атрад паліцэйскіх і правёў пацыфікацыю («уціхамірванне сялян»). Брэсцкі акруговы камітэт КПЗБ прыняў рашэнне ў адказ на гэта правесці паход сялян на бліжэйшы маёнтак братоў Марачэўскіх. Вечарам 3 жніўня 1933 г. узброеная група сялян некалькіх вёсак Кобрынскага павета разграміла двары асаднікаў хутара Бельск і захапіла там толькі рэвальвер, наган, вінтоўку, шаблю, сядло — такім чынам чуткі аб небывалым узбраенні асаднікаў аказаліся перабольшанымі. Больш ста ўзброеных сялян рушыла на пастарунак у вёсцы Навасёлкі, дзе на некалькі гадзін завязалася перастрэлка з прадстаўнікамі праваахоўчых органаў. На досвітку падыйшоў атрад паліцыі з Брэста, з дапамогай якога ўлады падавілі паўстанне. Вайскова-палявы суд у Кобрыне прысудзіў 8 сялян да смяротнай кары, а Рэгіну Каплан («Валю», сакратара Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ) трохі пазней да 15 гадоў турэмнага заключэння. З-за масавага пратэсту грамадскасці мера пакарання зменена на пажыццёвае заключэнне.
3 жніўня 1933 г. сяляне вёскі Вялікія Радванічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў, забралі зброю, сапсавалі тэлеграфную сувязь і на працягу некалькі гадзін трымалі ў асадзе пастарунак у Навасёлках. Кобрынскі павет абвешчаны на асадным становішчы, раніцай 4 жніўня паліцыя атрымала падмацаванне з Брэста і разагнала сялян. Завадатары выступлення аддадзены пад вайскова-палявы суд, але ў іх абарону выступілі працоўныя Заходняй Беларусі.
Другая палова 30-х гг. стала цяжкім часам для рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала 19 турмаў і з 1934 г. канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. У Еўропе шырылася фашысцкая пагроза, у 1935 г. у Рэчы Паспалітай адбылася спроба левых сіл стварыць адзіны антыфашысцкі фронт з мэтаю недапушчэння фашыстаў да ўлады ў Польшчы. У першамайскіх дэманстрацыях 1937 г. у многіх заходнебеларускіх гарадах разам з рабочымі ўдзельнічалі беспрацоўныя, рамеснікі, сяляне. Дэманстрацыі праходзілі пад лозунгам адзінага фронту: у іх сумесна ўдзельнічалі члены КПЗБ, ППС-лявіцы, Бунда, Паалей-Цыёна, але ўдзельнікам выступлення не хапала арганізаванасці. У жніўні 1937 г. пачалася агульнапольская забастоўка сялян, якая ахапіла каля 10 мільёнаў чалавек, яе падтрымалі сяляне Бельскага, Гродзенскага і Слонімскага паветаў. Яны перасталі дастаўляць прадукты ў гарады, выходзіць на шарваркі, праводзілі мітынгі салідарнасці з бастуючымі. Жорсткая рэпрэсіўная палітыка польскіх улад прыводзіла да шматлікіх арыштаў лідэраў палітычных арганізацый (арыштавана больш за 30 тысяч чалавек) і забароны іх дзейнасці. У 1938 г. Камінтэрнам была распушчана КПП і яе адгалінаванне — КПЗБ нібыта з-за таго, што дэфензіве ўдалося ўзяць іх пад свой кантроль, а кіраўнікі КПЗБ былі рэпрэсаваны.


3. Культура і адукацыя ў Заходняй Беларусі

Яшчэ адным паказчыкам цяжкага становішча стала нацыянальная палітыка польскага ўрада, якая мела мэтай непрызнанне і далейшае знішчэнне беларускай нацыі.
Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях сталі паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва: зачыняліся беларускамоўныя навучальныя ўстановы, мясцовыя настаўнікі замяняліся палякамі, скарачалася колькасць беларускіх бібліятэк, клубаў, хат-чытальняў, выдавецтваў, а значыцца і выданняў (з 23 беларускіх газет і часопісаў у 1927 г. праз пяць год засталося толькі 8). Беларускую мову забаранялася ўжываць у дзяржаўных установах, няведанне польскай мовы прызнавалася непісьменнасцю і вяло да пазбаўлення выбарчых правоў. Зачыняліся ці ператвараліся ў каталіцкія праваслаўныя храмы.
Дастаткова беларусу было памяняць веравызнанне з праваслаўнага на каталіцкае, як польскія ўлады аўтаматычна адносілі яго да палякаў, але разам з тым у беларуса тады павялічвалася магчымасць атрымаць работу на прадпрыемстве або парабкам у памешчыка ці асадніка.
Супраць апалячвання рэзка выступала Таварыства беларускай школы (ТБШ) — якое дзейнічала на працягу 1921—1937 гг. У розны час яго ўзначальвалі Б. Тарашкевіч, І. Дварчанін, Р. Шырма і інш. Сябры ТБШ арганізоўвалі беларускія школы, рыхтавалі новыя падручнікі, стваралі чытальні, гурткі самаадукацыі. У канцы 20-х гг. пад націскам грамадскасці было адчынена 18 беларускіх школ. Ідэйным кіраўніком ТБШ стаў вучоны-філолаг, літаратар, аўтар «Беларускай граматыкі для школ» (1918) Браніслаў Тарашкевіч. Сапраўднымі асяродкамі беларускай мовы і культуры становяцца Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926—1936) — беларускія гімназіі ў Вільні (1914—1944) — Наваградку, Нясвіжы, Радашковічах, Клецку, Будславе (зачынены ў канцы 20-х—пачатку 30-х гг.). У віленскіх выдавецтвах выходзяць «Хрэстаматыя беларускай літаратуры ХІ век — 1905 год» М. Гарэцкага (1922) — «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І. Дварчаніна (1927) — падручнікі для беларускіх школ С. Рак-Міхайлоўскага, С. Паўлоўскага, беларускамоўныя часопісы і газеты («Маланка», «Шлях моладзі», «Летапіс ТБШ» («Беларускі летапіс») — «Беларуская крыніца» і інш.). У 1921 г. на базе прыватнай калекцыі беларускага археолага і этнографа І. Луцкевіча па ініцыятыве Беларускага навуковага таварыства (1918—1939) быў заснаваны Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей. У навуковай і культурна-асветніцкай рабоце БНТ актыўна ўдзельнічалі В. Ластоўскі, А. Станкевіч, Б. Тарашкевіч, А. Луцкевіч і інш.
Нацыянальны фактар вызначаўся як галоўны ў сацыяльна-палітычнай барацьбе. У канцы 1920 — 1930-я гг. палітыка польскага ўрада канчаткова павярнулася да ліквідацыі беларускіх нацыянальных асяродкаў (выдавецтваў і выданняў, культурна-асветніцкіх арганізацый). На скаргу беларусаў аб тым, што ўсюды закрываюцца беларускія школы, міністр асветы Скульскі адказаў: «Запэўніваю вас, што праз 10 год у Польшчы нават са свечкай не знойдзецца ні аднаго беларуса». Ужо у 1938/39 навучальным годзе у Заходняй Беларусі не было ніводнай беларускамоўнай школы.
Выяўленчае мастацтва Заходняй Беларусі гэтага перыяду адметна касмічнымі, гістарычнымі і сімволіка-алегарычнымі карцінамі Я. Драздовіча («Дух зла» і інш.) — бытавымі палотнамі М. Сеўрука і П. Сергіевіча, партрэтам і пейзажам (Г. Семашкевіч) — карыкатурамі Я. Горыда. Сур’ёзную працу па збіранні і прапагандзе беларускага фальклору праводзілі Р. Шырма, Г. Цітовіч. Утвараліся хоры (адзін з самых папулярных — хор Беларускага саюзу студэнтаў у Вільні) — рэпертуар якіх складаўся пераважна з беларускіх песень. Значны ўнёсак у музычную культуру зроблены кампазітарамі К. Галкоўскім, Л. Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М. Забэйда-Суміцкім.



Обсудить на форуме

Комментарии к статье:

Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Регистрация

Реклама

Последние комментарии